Горад

«Усё проста зафарбавалі». Захаваць гродзенскія графіці ўдалося толькі на фотаздымках

Святлана Несцярэнка фатаграфуе горад больш за 20 гадоў і прыглядаецца да яго вельмі ўважліва. «Здымаю кожны квадратны сантыметр, — тлумачыць яна. — Проста для памяці, для гісторыі. Горад жа змяняецца». Для тэлеграм-канала «Тётя Ира разрешила» Святлана расказала пра сваю фотакалекцыю самых зменлівых элементаў гарадскога асяроддзя — графіці.

Гэтыя малюнкі з’яўляюцца на сценах без спросу і ўзгаднення з кім бы тое ні было. І праз тое часта не захоўваюцца доўга. Нейкія малюнкі знікаюць пад пэндзлямі супрацоўнікаў ЖКГ, ішыя — у выніку працы рамонтнікаў ці будаўнікоў.

Графіці на сцяне дома на вул. Вялікай Траецкай, 51. Малюнак існаваў у 2013 годзе. Зараз будынак адрамантаваны. Там месціцца крама чаю і кавы
Графіці на сцяне дома на вул. Вялікай Траецкай, 51. Малюнак існаваў у 2013 годзе. Зараз будынак адрамантаваны. Там месціцца крама чаю і кавы
Графіці з аленем, што нясе на сабе гродзенскі сусвет, існавала на тарцы жылога дома № 4 на праспекце Янкі Купалы, у 2014 годзе

Чытайце таксама: «Тут быў…» і лічыльнік малітваў. Пра што рабілі старажытныя графіці і як іх знайсці ў Каложскай царкве

Графіці - гарадская навігацыя ў часе і прасторы

Для жыхароў горада графіці робяцца часткай «разметкі» раёнаў. Пад імі прызначаюць сустрэчы ці выкарыстоўваюць як абазначэнні адметных кропак маршруту. Тыя малюнкі, якія ўжо зніклі, робяцца «засечкамі» на шкале часу. Калі ж сабраць іх разам, як зрабіла Святлана Несцярэнка, атрымаецца галерэя па-за часам і прасторай.

Графіці з воранам было намалявана на трансфарматарнай будцы у двары паміж дамамі № 4 і № 6 па вуліцы Парыжскай камуны. Фота 2018 года

«Вельмі мне падабаўся воран. Было крыўдна, калі яго зафарбавалі. Вось проста зафарбавалі!» — расказвае Святлана.

У каментах да гэтага здымка гродзенцы выклалі і больш рані варыянт графіці. Так высветлілася, што Каложа на плячах ворана — больш позняя дамалёўка.

Больш ранні (альбо няскончаны) варыянт графіці з воранам

«Птушка [ў выкананні аўтара з нікам] „Контра“ і двое ў чоўне былі намаляваныя на сцяне ў пераходзе на вуліцы Касманаўтаў. Там моладзь спявала песні пад гітару, — узгадвае Святлана. — Гэтыя малюнкі таксама зафарбавалі».

Графіці ў падземным пераходзе на вуліцы Касманаўтаў, 2014 год

Чытайце яшчэ: «Хірург ходнікаў» ці «свой Бэнксі»? Невядомы майстар у Гродне стварае стрыт-арт пад нагамі

Аліса, якая вярнулася на неба

Большую частку графіці Святлана заўважала ў горадзе мімаходзь, калі ішла па ўласных справах.

«А вось на дзяўчынку з лесвіцай заходзіла паглядзець спецыяльна. Кожны раз, калі апыналася блізка. Вельмі ўжо яна была незвычайная. Нібы з неба спусцілася. Я назвала яе Алісаю. Было крыўдна, калі малюнак збілі разам з атынкоўкай. Вось яна была і … няма. На неба вярнулася».

Двор дома № 5 па вул. Карла Маркса, фота 2018 года: «Яна там даволі доўга была. Потым зафарбавалі»

Чытайце яшчэ: У Гродне адкрылася выстава стрыт-арту ў кавярні. Яе падрыхтавалі за чатыры дні

Графіці - часовае мастацтва

Лёс падобных графіці, якімі б дарагімі яны не былі для месцічаў, перадвызначаны, лічыць архітэктар і мастак Юрый Таўбкін:

«Тут усё проста. Па першае, любое графіці - гэта часовае мастацтва. Яно адмыслова існуе год-два, максімум пяць. Звычайна гэта трэндавае мастацтва і паспявае састарыцца сумесна з трэндам. Таму і матэрыялы выкарыстоўвае недаўгавечныя і танныя.

Па другое, графіці заўсёды маргіналізаваны ва ўсім свеце. Не трэба іх блытаць з мураламі. Апошнія — гэта жанр манументальнага выяўленчага мастацтва. Робіцца па замове і з абавязковым узгадненнем з адміністрацыямі".

Чытайце яшчэ: Рэжысёр Максім Швед — пра карціну «Чыстае мастацтва», у якой работнікі камунальных службаў зафарбоўваюць надпісы на сценах

Ці можна прымірыць горад і графіці

Адна з магчымасцяў вывесці графіці з маргіналізаванага і забароннага поля — адвесці ў гарадской прасторы спецыяльнае месца для аматараў такога мастацтва. У Гродне для мастакоў насценнага жывапісу выдзелілі сцяну пры былым Палацы піянераў.

Фрагмент графіці на сцяне, дзе дазволена было рабіць малюнкі

Чытайце яшчэ: Сцяна з графіці ля Палаца піянераў знікне? Яе чакае добраўпарадкаванне

Але зараз такой магчымасці ў графіцістаў няма:

«На сцяне каля лесвіцы, што вядзе да Палаца творчасці моладзі, шмат гадоў красаваліся розныя графіці. Я іх шмат гадоў здымала. А зараз — усё! Рабілі рэмонт і на гэту сцяну навесілі парэнчы. Не зразумела, для каго і для чаго. У гродзенскіх графіцістаў больш не будзе афіцыйна дазволенага месца для сваіх прац. Сумна».

Фрагмент графіці на сцяне, дзе дазволена было рабіць малюнкі

Меркаваннем Юрыя Таўбкіна, спалучыць роспіс сценаў з легалізацыяй прац і дазволам на творчасць магчыма, але ў большай ступені для муралаў, чым для графіці: «Гэта залежыць ад палітычнай наменклатуры. Шэраг муралаў былі ўзгоднены адміністрацыямі нават у апошнія часы».

«Можа і шпацыруюць там, палохаюць чыноўнікаў»

Пакуль жа графіці існуюць у горадзе ў асноўным на птушына-прывідных правах.

Гэтая пара была намалявана на былым жылым доме, дзе зараз месціцца «нейкая дзяржкантора»

«Пра малюнак, дзе мужчына і жанчына намаляваны, [пры]думала, што яны тут, у гэтым доме, раней жылі. Я называла іх прывідамі. І вось іх зафарбавалі. Маім меркаваннем, яны ў гэтым доме і засталіся, як належыць прывідам. Можа і зараз шпацыруюць там, палохаюць чыноўнікаў, якія на працы затрымліваюцца».

Апошнія запісы

«Усё, што заўгодна, каб выратаваць чалавечыя жыцці». Музыкі гурта Irdorath далі першае інтэрв'ю пасля вызвалення

Музыкі гурта Irdorath Уладзімір і Надзея Калач далі першае інтэрв'ю пасля свайго вызвалення вясной 2023…

7 мая 2024

Штраф за сцяг, спекуляцыі малаком і сарваны канцэрт — што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з…

5 мая 2024

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024