Спадчына

У Гродне паставяць спектакль пра Вітаўта на старабеларускай мове

Вітаўт і Ягайла ў выкананні студэнтаў і актораў-аматараў прамовяць са сцэны на старабеларускай і польскай мовах. Пастаноўку пра канфлік паміж уладарамі, дзяцінства Вітаўта і яго каханне падрыхтуюць у Гродне да канца зімы 2018 года.

Спектакль пачнецца са… смерці Вітаўта

Пастаноўка будзе рэтраспектыўнай. Вітаўт памірае, не дачакаўшыся кароны, і яго душа ўзгадвае асноўныя моманты жыцця. Спектакль пакажа няпростую гісторыю князя, яго талент і складаны вопыт, які дапамог пабудаваць моцную дзяржаву, а таксама духоўнасць і ментальнасць жыхароў княства.

— Вітаўт будзе паказаны з дзяцінства: як яны сябравалі з Ягайлам, як дзіцячае сяброўства з цягам часу ў непрастых палітычных абставінах пераўтварылася ў канфрантацыю, — кажа стваральнік п’есы Максім Пархамчук, загадчык лабараторыі вучэбнай тэлестудыяй ГрДУ. — У гісторыі Беларусі мала прыкладаў, калі барацьба братоў такая моцная, што адзін з іх забівае бацькоў іншага. Затым крыжакі забіваюць першую жонку Вітаўта і двух яго сыноў. Як Вітаўт знаходзіць сілы, каб прымірыцца з Ягайлам? Вядома, у яго былі палітычныя амбіцыі, але ўсё ж ён змог пераадолець гэтую нянавісць.

Максім Пархамчук

Язычніцкая духоўнасць

Максім Пархамчук лічыць, што прабачыць брату забойства дарагіх людзей Вітаўту магло дапамагчы старажытная вера — паганства. Але і хрысціянства па-свойму паўплывала на князя. Аўтар у пастаноўцы паспрабуе зразумець гэты момант узаемаўплыву рэлігій у той час.

— Вітаўт быў язычнікам, як і яго маці. Ён верыў багоў, якія давалі моцную энергію і сілы і вучылі з павагай адносіцца да прыроды. Пазней Вітаўт быў і праваслаўным, і католікам, але гэта было больш дзеля палітыкі. Аднак, хацелася б насамрэч паказаць Вітаўта веруючым чалавекам, які змог прабачыць за ўсё брату і прымірыцца з ім дзеля ўмацавання краіны. Спадзяюся, што спектакль дасць людзям магутны глыток духоўнасці і любові, — кажа Максім.

Навуковая дакладнасць у тэатры

Будзе ў спектаклі і некалькі ліній кахання: Вітаўта, Ягайлы і простых людзей. Прагучыць легенда пра дзяўчыну, якая выратавала Вітаўта са зняволення ў Крэўскім замку. Гісторыкам невядома, загінула яна тады ці не, але Максім у п’есе пакіне яе жывой. Бо, як ён кажа, каханне заўсёды перамагае.

Максім плануе зрабіць п’есу навукова дакладнай. Ён, гісторык паводле адукацыі, піша яе на аснове архіўных матэрыялаў і гістарычных кніг. А таксама кансультуецца ў Алеся Краўцэвіча і гісторыкаў з факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ, якія займаюцца гэтай эпохай.

— Мне хацелася б паказаць Вітаўта неадназначным і загадкавым. Пра такіх палітычных лідараў нельга казаць адназначна. Вітаўт быў і жорсткім, яму даводзілася забіваць людзей. Ён быў рыцарам з палітычнымі амбіцыямі. Яму не хацелася саступаць Ягайлу, ён таксама хацеў быць каралём. Калі б ён зрабіў Вялікае Княства Літоўскае каралеўствам, гэта, магчыма, і не паўплывала б моцна на далейшую гісторыю, але ўсё ж дало б краіне больш сур’ёзны юрыдычны статус. Вялікае княства Літоўскае фактычна ўжо было каралеўствам, заставалася адна фармальнасць — каранаваць Вітаўта.

Каб зрабіць спектакль больш атмасферным, Максім плануе выкарыстоўваць старабеларускую мову, а таксама даўнюю музыку. Некаторыя рэплікі Ягайлы будуць гучаць па-польску. Як кажа аўтар, гэта будзе цяжэй для актораў, але зробіць успрыманне эпохі больш натуральным.

У марах — мастацкі фільм пра Вітаўта

— Як жыхара Гродна, які часта прагульваўся вакол замку, мяне штосьці зачаравала, — расказвае Максім пра выбар героя для сваёй п’есы. — Яшчэ калі вучыўся на гістфаку, мне быў цікавы гэты перыяд. Да таго ж, Вітаўт у Гродне жыў, тут была яго рэзідэнцыя. Шмат маршрутаў звязана з яго дзейнасцю, а ў нас няма нават вуліцы Вітаўта.

Стрыт-арт з Вітаўтам у Гродне
Граць у спектаклі будуць студэнты і, магчыма, вопытныя акторы. Максім Пархамчук плануе паўдзельнічаць і ў якасці пастаноўшчыка, і ў якасці актора. Вопыт у яго ёсць: калісці ў гарадскім камсамольскім штабе «Каравелла» Максім яшчэ студэнтам ставіў тэатральныя гумарыстычныя пастаноўкі, удзельнічаў у вечарах бардаўскай песні. Зараз ён прымае ўдзел ва ўніверсітэцкіх літаратурных і музычных вечарынах кафедры і факультэта.

Марай Максіма застаецца калі-небудзь зняць фільм пра князя Вітаўта, але пакуль-што гэта вельмі складана. Максім піша п’есу пра князя, будзе ставіць спяктакль і спадзяецца, што некалі хтосьці падхопіць яго ідэю — зняць мастацка-гістарычны фільм пра Вітаўта і яго эпоху.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024