Людзі і справы

«Тут загінулі яўрэі». Сям’я з Англіі ездзіць па Беларусі і ставіць мемарыялы ахвярам Халакосту

Сям’я Лазарус з Лондана ўжо амаль 14 гадоў усталёўвае ў Беларусі мемарыялы на месцы масавага забойства яўрэяў. У нас у іх няма ні сваякоў, ні каранёў. Іх сюды прывёў лёс. Свой 111-ы і 112-ы памятныя знакі Лазарусы адкрылі 30 ліпеня ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці.

У 2003 годзе Даяна і Майкл Лазарусы заснавалі Фонд імя Саймана Марка Лазаруса, каб захаваць памяць ахвяраў Халакосту ў Беларусі. Сёння ў гарадах, пасёлках і вёсках па ўсёй краіне стаіць 112 помнікаў. Іх распрацаваў беларускі архітэктар Леанід Левін.

«У пачатку 2000-х я прыехала ў Беларусь з дабрачыннай місіяй, ніяк не звязанай з устаноўкай мемарыяльных знакаў, — распавядае Даяна. — У адзін з дзён хтосьці з мінскай сінагогі патлумачыў мне, што ў Беларусі мноства месцаў, дзе забівалі яўрэяў у час вайны, але яны ніяк не пазначаныя і на гэта ў мясцовых яўрэяў няма сродкаў. Калі я вярнулася дадому, я пачала распытваць людзей, хто б мог дапамагчы ў гэтым праекце, але ўсе адмаўляліся. І тады мой муж Майкл сказаў: а чаму ж мы не можам гэта зрабіць? Так мы і пачалі».

Майкл Лазарус ідзе па лесе да мемарыяла. Магчыма, менавіта гэтай сцежкай у 1942 годзе і вялі яўрэяў на смерць

Загінулі, бо былі яўрэямі

Неўзабаве сям’я Лазарус прыехала ў Мінск ізноў ды сустрэлася там з кіраўніком амерыканскага яўрэйскага размеркавальнага камітэта ў Беларусі Марынай Фруман. Жанчына расказала англічанам, якія ім трэба атрымаць дазволы.

«Мы звярнуліся да ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і абмеркавалі гэтае пытанне, — распавядае Майкл. — Нам сказалі, што ідэя добрая, але спыталіся, што будзе напісана на мемарыялах. Мы адказалі: „Тут загінулі яўрэі“. У адказ нам прапанавалі пісаць на мемарыялах, што загінулі беларускія патрыёты. Але гэтыя людзі былі забітыя не як беларускія патрыёты, а менавіта як яўрэі».

Адзін з помнікаў адкрыты паблізу Свіслачы. Тут ва ўрочышчы Вішэвнік у гады Другой сусветнай вайны былі расстраляныя звыш 1,5 тыс. яўрэяў. Мясцовыя кажуць, што ў дні расстрэлу з зямлі доўга было чуваць стогны.

Замежныя мовы не хацелі ўзгадняць

Пасля доўгага абмеркавання чыноўнікі і інцыятары прыйшлі да згоды. На кожным помніку пазначана месца гібелі і колькасць загінуўшых, усе надпісы на трох мовах: беларускай, англійскай і іўрыце.

«Замежныя мовы на помніках спачатку прадстаўнікі ўлады не хацелі ўзгадняць, але праз нейкі час усе нашы ўмовы былі прынятыя. Перад рэалізацыяй праекта ў нас была просьба да мінскай яўрэйскай абшчыны: каб у мемарыяльную камісію ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх яўрэйскіх арганізацый Беларусі», — дадаў Майкл.

Майкл Лазарус ля мемарыялу. Па ўспамінах мясцовых старажылаў, тут у 1942 годзе выкапалі тры вялікія яміны і некалькі дзён звозілі сюды яўрэяў са Свіслацкага раёна.

З вялікай ямы смерці выбраўся адзін яўрэй

Менавіта гэта ўмова — удзел усіх арганізацый — дапамагла многім маленькім мястэчкам атрымаць мемарыял. Напрыклад, у Свіслачы шмат гадоў збіраў інфармацыю пра загінуўшых яўрэяў прадстаўнік праграмы яўрэя-хрысціянскага дыялогу «Шомэр Інтэрнэшнл» Валер Якута. Тое, што ў гэтым месцы ўсталявалі мемарыял, гэта і яго асабістая заслуга.

«На месцы, дзе спачывае больш за 1500 ні ў чым не вінаватых чалавек, доўгі час быў савецкі помнік з зоркай. Але сёння ўсталявалі правільны мемарыял, які паказвае, што тут загінулі менавіта яўрэі. Гэтыя людзі былі асуджаныя на смерць, бо былі не той нацыянальнасці, — распавядае Валер. — Мне ўдалося адшукаць сведак тых падзей. З трох велізарных рвоў, дзе сёння калгаснае поле, удалося выбрацца толькі аднаму чалавеку. Гэта быў мясцовы футбаліст, ён змог дабрацца да знаёмых і хаваўся ўсю вайну».

Цікава, што Валер сёння жыве менавіта ў тым доме, дзе хаваўся гэты яўрэйскі футбаліст.

Мемарыял ля сінагогі ў Поразаве. У час Другой сусветнай загінула каля 300 мясцовых яўрэяў

Мемарыялы будуць усталёўваць і далей

На адкрыццё мемарыялаў у Свіслач і Поразава прыехала шмат гасцей, сярод іх пасол Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар, рабіны з Беларусі і ЗША, прадстаўнікі розных яўрэйскіх арганізацый і іншыя.

Сям’я Лазарус адзначыла, што мемарыялы будуць усталёўвацца ў Беларусі да таго моманту, пакуль усе месцы масавай гібелі яўрэяў не будуць ушанаваныя. Са слоў прадстаўнікоў яўрэйскіх арганізацый, у Беларусі яшчэ каля 500 месцаў, дзе адбываліся масавыя забойствы яўрэяў.

Вядома, што да праекту англічан далучыліся інвестары з ЗША.

Мінскі рабін Рыгор Абрамовіч чытае малітву ля мемарыяла ва ўрочышчы Вішэвік

Падзяліцца

Апошнія запісы

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024