«Заробак па 1000 баксаў? Такога даўно няма». Успамінаем найноўшую гісторыю гродзенскіх таксі

HRODNA.LIFE
«Заробак па 1000 баксаў? Такога даўно няма». Успамінаем найноўшую гісторыю гродзенскіх таксі

Сёння яно стала даступным, як ніколі, а выбар у пасажыраў — шырэй няма куды. Разам з таксі «Бертэль» і некалькімі іншымі ветэранамі руля мы ўспамінаем гісторыю гродзенскіх пасажырскіх перавозак: ад першых прыватнікаў і залатых гадоў да сённяшняга дня з яго жорсткай канкурэнцыяй.
Канец 80-х: патэнт, стаж тры гады і першы кааператыў
Першыя прыватныя таксі ў СССР з'явіліся ў 1987 годзе. У тым жа годзе гродзенец Аляксандр вярнуўся з войска.

"Хацеў працаваць і добра зарабляць, таму вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі таксіста".

Каб стаць таксістам ў 1987 годзе трэба было мець патэнт, вадзіцельскае пасведчанне і аўтамабіль. Патэнты выдавалі мясцовыя выканкамы тым, у каго стаж быў не менш за тры гады. Каштаваў патэнт каля 53 рублёў у месяц. Гэта амаль палова сярэдняга заробку ў той час.

Першыя прыватныя машыны таксі адрозніваліся ад звычайных толькі шашачкамі або зялёным агеньчыкам, якія таксісты ўсталёўвалі, калі жадалі.

Акрамя адзінкавых прыватных перавозчыкаў у 1987 з'явіўся і першы кааператыў "Arizon". Яго стварылі 20-гадовыя хлопцы-аднакласнікі, якія толькі вярнуліся з радоў Савецкай Арміі. Адным з заснавальнікаў кааператыва быў Сяргей Бертэль - заснавальнік самай старой і адной з найбуйнейшых фірмаў таксі ў Гродне.

Акрамя адзінкавых прыватных перавозчыкаў у 1987 з'явіўся і першы кааператыў "Arizon". Яго стварылі 20-гадовыя хлопцы-аднакласнікі, якія толькі вярнуліся з радоў Савецкай Арміі. Адным з заснавальнікаў кааператыва быў Сяргей Бертэль — заснавальнік самай старой і адной з найбуйнейшых фірмаў таксі ў Гродне.
Жнівень 1978 г.
Да з'яўлення першых прыватных таксі яшчэ 9 год.
Жнівень 1978 г.
Да з'яўлення першых прыватных таксі яшчэ 9 год.
Больш працы і больш грошай
У тыя часы сярэдняя паездка на таксі па Гродна каштавала 1 рубель: 20 капеек за пасадку і па 20 капеек за кіламетр. Літр бензіна каштаваў 40 капеек.

Аляксандр пачаў працаваць у жніўні і за першы месяц накатаў 10 000 км. Чыстымі ён зарабіў каля 1000 рублёў. Сярэдні заробак у горадзе ў той час быў 120 рублёў.

"Увосень працы стала трохі менш, але заробкі ўсё роўна былі непараўнальныя з заробкамі большасці гараджан. Праўда, і працаваць для гэтага даводзілася ў разы больш чым на дзяржпрацы".

З сярэдзіны восені сярэднямесячны прабег ўпаў да 7000 км, а заробкі чыстымі да 600-700 рублёў у месяц.
Канкурэнцыя, прастоі і падзенне заробку
Канкурэнцыя расла і калі ў першыя месяцы пасля з'яўлення прыватных кіроўцаў можна было працаваць практычна без перапынку, то праз некалькі гадоў з'явіліся прастоі.

Першым аўтамабілем, на якім Аляксандр таксаваў, былі бацькавы "Жыгулі" ВАЗ 21011 1975 года выпуску. Такі аўтамабіль у тыя часы каштаваў каля 5000 рублёў. Адпрацаваўшы на ім тры месяцы, Аляксандр купіў уласны ВАЗ 2105 1982 года за 7500 рублёў. Пры куплі прабег у пяцігадовых «Жыгулёў» быў усяго 18 000 км, а ўжо праз год пераваліў за 100 000 км.

"Канкурэнцыя расла, заробкі патроху падалі, але ўсё роўна заставаліся высокімі", — узгадвае Аляксандр.
На таксі да Мінска і Вільнюса
Спачатку прыватныя таксі ў Гродне працавалі выключна «ад бардзюра». Толькі ў канцы 80-х з'явілася магчымасць браць заказы па рацыі.

У СССР не рэдкасцю былі паездкі на далёкія адлегласці. "Дзякуючы ім і атрымлівалася добра зарабляць", — кажа Аляксандр. Паездка па маршруце Гродна-Мінск каштавала 100-120 рублёў, Гродна-ВільняКоўна — 80-90 рублёў.

"У 1990 годзе вёз салдата тэрміновай службы з гродзенскага аўтавакзала прама ў вайсковую частку ў Мінск. Хлопец спазніўся на аўтобус, а да канца звальнення заставалася 4 гадзіны. Адзіным выхадам было ехаць на таксі".

У тым жа 1990 годзе было адкрыта прадпрыемства са звыклай нам сёння назвай "Бертэль". Спачатку фірма прадавала і рамантавала аўтамабілі.

Дэфіцыт запчастак і паліва
У часы СССР адной з асноўных праблем гродзенскіх таксістаў быў дэфіцыт запчастак, кажа Аляксандр. Напрыклад, у чарзе па акумулятар трэба было чакаць паўгода. "Тагачасныя акумулятары пры вялікіх прабегах спраўна працавалі не больш за 2 гады", — удакладняе Аляксандр. Адчуваўся востры недахоп шын: даводзілася ездзіць наварваць іх у Літву.

З развалам СССР да дэфіцыту запчастак дадаўся недахоп паліва. "На адной АЗС аднаму аўтамабілю адпускалі не больш за 20 літраў. Даводзілася выкручвацца і запраўляцца на розных запраўках".

За 2 гады працы ў таксі Аляксандру ўдалося зарабіць на новы «Масквіч» 2141.

Ужо да 1992-1993 гадоў праца ў таксі для Аляксандра перастала быць асноўнай крыніцай даходу. Канкурэнцыя расла, працы станавілася менш, і да 1993-1994 гадоў у Гродне толькі афіцыйна працавала больш за 500 машын таксі.
Першая дыспетчарская
1995 год стаў адметным у гісторыі пасажырскіх перавозак у Гродне: з'явілася "Таксі Bertel" з нумарам дыспетчарскай 078.

"Да нас звярнуліся сябры — прыватныя кіроўцы таксі, у тым ліку мой аднакласнік Ігар Пятровіч, з просьбай адкрыць дыспетчарскую ў горадзе і арганізаваць службу замовы таксі. Гэтаму спрыяла выгаднае размяшчэнне офіса ў высокім будынку ў самым цэнтры горада", — распавядае заснавальнік фірмы Сяргей Бертэль.

Першы заказ быў 7 чэрвеня 1995 году — ён і лічыцца днём афіцыйнага адкрыцця Таксі Bertel.

Сяргей: працаваў у таксі з 1996 па 2017 год
Вадзіцель Сяргей прыйшоў у таксі ў 1996 годзе. Гэта быў не першы досвед працы на сябе. Да гэтага Сяргей гандляваў на рынку: спачатку на "Скідзельскім", пазней на "Паўднёвым".

У той час рынкі перажывалі не лепшы час. "Сітуацыя ўскладнялася: з'яўляліся новыя бар'еры і перашкоды ад дзяржавы, а гандлёвыя цэнтры з захаду Беларусі перамясціліся ў Маскву».

У Сяргея быў салідны па тых часах аўтамабіль — пяцігадовы Opel Omega за 6000 долараў. Сябры-таксісты прапанавалі змяніць прафесію. Сказалі, можна нядрэнна зарабляць. Сярэдні заробак у Беларусі ў сярэдзіне 90-х быў каля 50$, зарабляць "сотку" лічылася крута. Пры тым, што ў 1996 годзе аднаму можна было сціпла пражыць месяц на 20 долараў.

"Нельга сказаць, што ў 90-х таксісты зараблялі нейкія казачныя грошы, але заробак заўсёды быў вышэй за сярэдні па краіне".

Уваход у прафесію быў простым: у 1996 годзе не было нават таксометраў. За адзін-два дні можна было атрымаць ліцэнзію ў выканкаме і пачынаць працаваць.

У сярэдзіне 90-х навігатараў і смартфонаў не было, таму таксіст павінен быў добра ведаць горад. "Думаў, ведаю Гродна, але аказалася, што гэта не зусім так. Давялося купіць карту, заліць поўны бак і ехаць вывучаць вулачкі і размяшчэнне дамоў".
Бандыцкія 90-я
У пачатку 1997 года ў «Бертэль» адбыўся няшчасны выпадак: забілі кіроўцу.
У пачатку 1997 года ў «Бертэль» адбыўся няшчасны выпадак: забілі кіроўцу.
"Людзі замовілі машыну. Гэта былі пастаянныя кліенты — прадпрымальнікі з рынку. Кіроўца, як заўсёды, павінен быў адвезці іх за таварам у Мінск. Прыехаў па адрасе, доўга чакаў, але пасажыры не выходзілі. Малады чалавек вырашыў падняцца да іх у кватэру. Як толькі ліфт прыехаў на патрэбны паверх і дзверы адкрыліся, яго расстралялі.

Гэта былі бандыты ў масках, якія ў гэты час рабавалі кватэру прадпрымальнікаў. Тых таксама застрэлілі. Міліцыя знайшла забойцаў, а ў кіроўцы засталася жонка і малое дзіця».

З тых часоў 18-ы пазыўны ў таксі "Бертэль" (нумар пад якім працаваў забіты) нікому не прысвойваюць. Таксама вольны 13-ы пазыўны, але гэты нумар не прысвойвалі ніколі зыходзячы з забабонаў.

У ліхія 90-я з бандытамі даводзілася сутыкацца і самому Сяргею Бертэлю.

"Аднойчы позна ўвечары да мяне на разборкі прыехалі бандыты з пытаннем: чаму мой кіроўца ўзяў больш грошай, чым яны разлічвалі. Я выйшаў з газавым пісталетам у кішэні, гэта заўважыў бандыт і папрасіў свайго кіроўцу паказаць, што ў іх ёсць. Той дастаў аўтамат Узі.

Да перастрэлкі, дзякуй Богу, справа не дайшла. У выніку мы нармальна пагутарылі, а хлопцы з аўтаматам яшчэ і дамовіліся са мной пра машыны на вяселле.

Дарэчы, мода на добрыя машыны на вяселле ідзе яшчэ з 90-х. А вось лімузіны і картэжы з аднолькавых машын аднаго колеру з'явіліся пазней, дзесьці ў сярэдзіне 2000-х".
Прастытуткі на ўсю ноч
Нярэдка ў 90-я таксістам даводзілася вазіць прастытутак. Яны звычайна загадзя дамаўляліся з таксістам на ўсю ноч, каб той вазіў ад "базы" да кліентаў.
Нярэдка ў 90-я таксістам даводзілася вазіць прастытутак. Яны звычайна загадзя дамаўляліся з таксістам на ўсю ноч, каб той вазіў ад "базы" да кліентаў.
"Аднойчы быў выпадак, калі давялося ехаць двойчы па адным адрасе. Забраў дзяўчыну, паехалі "на базу", а яна вярнулася з нейкімі хлопцамі і мы зноў адправіліся па тым жа маршруце. Аказваецца, кліент не разлічыўся".
Барацьба з плафонамі і жоўтыя палосы
Паступова пачалі з'яўляцца ўсё новыя і новыя патрабаванні да таксі. Калісьці можна было карыстацца таксометрам польскай вытворчасці, пазней ён апынуўся па-за законам. Патрабавалі беларускі, які каштаваў значна даражэй.

У пачатку 2000-х таксістаў абавязалі ўсталяваць плафоны адзінага ўзору. На аўтамабілях таксі «Бертэль» тады былі ўсталяваныя вялікія плафоны папярок усяго даху: машыну было відаць здалёк. Але іх забаранілі.

Чаму яны апынуліся пад забаронай - невядома, але сярод таксістаў папулярныя два варыянты. Першы падобны да легенды: маўляў, здалёк цяжка было зразумець, таксі гэта ці міліцыя. Кажуць, адбылося гэта пасля таго, як нейкі вялікі міліцэйскі начальнік, нападпітку, спыніў на дарозе таксі з упэўненасцю, што едуць "свае". Планаваў бясплатна дабрацца да дома, але таксіст запатрабаваў грошай.

Паводле іншай версіі, гэта былі інтрыгі канкурэнтаў. Нібыта, у дырэктара іншай фірмы сваяк працаваў у ДАІ на высокай пасадзе і папрасіў падняць гэтае пытанне. Усё для таго, каб машыны канкурэнта не так вылучаліся.

Пазней з'явіліся і іншыя патрабаванні. У 2000-х улады ўсур'ёз загаварылі пра тое, што ўсе аўтамабілі таксі ў Беларусі павінны быць толькі жоўтага колеру. Але гэтая ідэя настолькі не спадабалася таксістам, што ў выніку вырашылі спыніцца толькі на абавязковых палосах жоўтага колеру па баках аўтамабіля. Гэтую норму ўвялі ў 2003 годзе.
600 званкоў у дзень
Да з'яўлення мабільных тэлефонаў таксі выклікалі са стацыянарных, а дыспетчары перадавалі інфармацыю кіроўцам па рацыі. З развіццём мабільнай сувязі радыёстанцыі паступова сталі сыходзіць у мінулае, а на сталах у дыспетчараў таксі 107 "Бертэль" быў дзясятак тэлефонных трубак.

А калі з'явіліся смартфоны з убудаванай GPS навігацыяй і хуткі інтэрнэт, з'явілася новая праграма — сістэмa выкліку таксі Bertel. Цяпер на стале ў дыспетчараў толькі камп'ютар і навушнікі з мікрафонам.

Дыспетчары працуюць пазменна па 12 гадзін. У буднія апрацоўваюць каля 600 званкоў, у выхадныя — удвая больш.

Пік званкоў прыходзіцца на 6-7 гадзін раніцай і 18-20 ўвечары. Самы спакойны час у дыспетчараў — з дзвюх ночы да пяці раніцы ў буднія дні. На кароткім нумары 107 працуе 9 ліній, плюс некалькі мабільных і стацыянарны нумар, але ўсё аб'ядноўваецца і прымаецца праз камп'ютар.

Ёсць і пустыя званкі: некаторыя проста выклікаюць адразу 2-3 фірмы і з'язджаюць на той машыне, якая прыедзе першай. Так рабіць непрыгожа, але так робяць, не задумваючыся пра бессэнсоўную для вадзіцеля паездку.

Нярэдка кліенты тэлефануюць у такім стане, што не могуць растлумачыць дзе знаходзяцца: просяць знайсці іх па сігнале мабільнага.

Пасажыры забываюць у аўто дакументы, кашалькі, але часцей за ўсё мабільнікі. Аднойчы ў дыспетчарскую патэлефанавала дзяўчына і сказала, што згубіла ў машыне спадніцу! "Падумалі — жарт, але звязаліся з кіроўцам і сапраўды аказалася, што спадніца была ў машыне".
"Вось так трэба сваіх людзей вучыць працаваць"
Дыспетчарам аднойчы ў 90-я таксама прыйшлося сустрэцца з бандытамі.
"Прыехалі да мяне ўначы дадому, пасадзілі ў машыну і паехалі на офіс, было гэта ў 3 гадзіны ночы, — узгадвае Сяргей Бертэль. — Дзверы ў офіс выбілі нагой. Зайшлі і спыталі: "Хто са мной размаўляў?". Дыспетчар устала і сказала, што гэта была яна. Адмарозак ударыў яе нагой у жывот з такой сілай, што яна паляцела ў сцяну. І сказаў мне: "Вось так трэба сваіх людзей вучыць працаваць". Гэта яго так зачапіла тое, што дыспетчар яму нібыта нахаміла".
У 2013 годзе ў Гродне запусцілі першае ў горадзе мотатаксі —пад маркай «Бертэль» яно працуе ўжо шосты год.
Лепшыя гады ў таксі скончыліся 4-5 гадоў таму
З канца "нулявых" за змену можна было зарабіць 50$ — 70$, у выхадныя нават 100. У тыя часы сярэдняя паездка па Гродне каштавала каля 5$ у эквіваленце.

Сёння сярэдняя паездка не каштуе і двух долараў — 3.50 - 3.70 руб. Таму, каб зарабіць у таксі хоць бы "папяццот", трэба пастаянна працаваць больш за 12 гадзін.

"У тое, што таксісты зарабляюць па 1000 баксаў, не верце. Гэтага ўжо даўно няма".

"Сёння даражэе ўсё, акрамя таксі. Усе дэмпінгуюць, тарыфы вельмі нізкія. Нярэдка сустракаеш кліентаў, якія раней ездзілі з таксі 107, а потым перайшлі да канкурэнтаў, але ў выніку зноў вяртаюцца да нас. Людзі скардзяцца, што чакаюць машыну па 30-40 хвілін, а часам атрымліваюць смс з інфармацыяй аб адмове. У нас такога не бывае".

Магчыма, гэта таму, што ў таксі «Бертэль» заўсёды было складана патрапіць, асабліва ў лепшыя гады для гэтага бізнэсу. Бралі толькі з вялікім вопытам і па рэкамендацыі.

Над праектам працавалі
Тэкст: Уладзімір Аплевіч
Графічны дызайн і вэб-вёрстка: Воля Новік
Фота: Уладзімір Аплевіч
УНН 500386070
УНИТАРНОЕ ЧАСТНОЕ СЕРВИСНОЕ ПРЕДПРИЯТИЕ «БЕРТЕЛЬ»
Падзяліцца
Меткі: рэклама

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024