Каля дзясятка актывістаў 13 кастрычніка ў Гродне збіралі подпісы супраць прапаганды аднаполых адносін. Гэта адбывалася каля Фарнага касцёла. Пасля ранішняй службы ў храме прыхаджане актыўна ставілі подпісы за традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці. Але былі і тыя, хто асуджаў пазіцыю каталіцкага касцёла.
У верасні 2019 каталіцкі касцёл Беларусі абвясціў пра агульнанацыянальны збор подпісаў пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі ў абарону традыцыйнай сям'і і за прыняцце закона супраць прапаганды аднаполых адносін. Католікі хочуць дамагчыся прыняцця асобнага закона, які забароніць ЛГБТ-прапаганду ў Беларусі.
«Паглядзіце, што ў Польшчы нядаўна было. Вы хочаце, каб у нас праходзілі гэтыя гей-парады? Мы — не, і таму выступаем супраць такога. Ксёндз на службе казаў, што касцёл супраць прапаганды аднаполых адносін. Хрысціяне за сямейныя каштоўнасці. Калі не ўвесці адказнасць за такую прапаганду ў нашай краіне, то праз пару гадоў і ў нас могуць быць сур’ёзныя змены ў сямейных каштоўнасцях», — распавяла адна з актывістак.
Гараджане актыўна падыходзілі да актывістаў і ставілі свае подпісы. Хтосьці дзякаваў за тое, што падтрымалі ініцыятыву мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Актывісты ў Гродне сябе называюць звычайнымі вернікамі, якія абараняюць традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці.
«Мы супраць ЛГБТ-прапаганды, гэта не па-хрысціянску. І таму ставім свой подпіс, — кажа гродзенка Алена. — Вы паглядзіце, гэтыя вясёлкавыя сцяжкі ужо і на дзіцячых цацках з’яўляюцца. Нельга дапусціць распаўсюджвання такой прапаганды. Трэба гэта забараняць».
Актывісты адзначаюць, што здолелі сабраць амаль 25 000 подпісаў па ўсёй краіне. Да 1 лістапада яны плануюць сабраць 50 000 подпісаў і перадаць іх у адміністрацыю прэзідэнта. Збор ідзе строга на падпісных лістах.
Гродзенка Таццяна не згодна з такой агрэсіўнай пазіцыяй касцёла. Дзяўчына адзначае, што сёння ў Беларусі ёсць і больш сур’ёзныя і важныя праблемы.
«Па-першае, у Беларусі як такой прапаганды ЛГБТ-супольнасці няма. Большасць людзей у нашай краіне баяцца ўсяго, у тым ліку і публічна заяўляць пра свае сэксуальныя перавагі. Закон аб легалізацыі аднаполых саюзаў у нас яшчэ не хутка будзе разглядацца. Так што гэты збор подпісаў - проста лухта бессэнсоўная. Па-другое, асабіста я не бачу нічога дрэннага ў ЛГБТ. Яны былі, ёсць і будуць. Праяўляць цікавасць да таго, з кім спіць чалавек — як мінімум дзіўна. Я лічу, што гэта асабістая справа кожнага, каго любіць і з кім займацца сэксам. Калі вам не падабаецца, то вас ніхто і не прымушае ў гэтым удзельнічаць. Але праявіце хоць кроплю талерантнасці!»
Дзяўчына не бачыць сувязі паміж традыцыйнымі сямейнымі каштоўнасцямі і дэмаграфічнай сітуацыяй у краіне.
«Звязаць прапаганду ЛГБТ, якую я не назіраю ў нашай краіне, з гэтымі пытаннямі - проста глупства. Нараджальнасць памяншаецца, таму што мець дзяцей у нашай краіне эканамічна нявыгадна. Выхоўваць адно дзіця дорага, а калі іх трое і больш?
У мяне ёсць шмат знаёмых, у якіх заробак не вышэй за 1000 рублёў у месяц на дваіх, а яшчэ дзіця і здымная кватэра. І як жыць на гэтыя грошы? А традыцыйныя сямейныя каштоўнасці што пад сабой маюць на ўвазе? Калі жонка працуе не толькі на працы, але яшчэ і дома, а муж валяецца на канапе перад тэлевізарам і перыядычна б’е жонку і дзяцей? На двары 21 стагоддзе, неабходна развівацца, падарожнічаць, быць адкрытым для ўсяго новага.
Паглядзіце на скандынаўскія краіны, дзе аднаполыя шлюбы прызнаныя даўно, дзе царква не лічыць такія адносіны грахоўнымі і амаральнымі. Калі вы хоць раз былі ў Даніі, то ведаеце, што людзі там жывуць вельмі добра. Сёння ў свеце і ў краіне ёсць больш важныя праблемы. Калі царкве больш няма чым заняцца, то хай зоймецца рашэннем адной з іх. А гамафобіі ў нашай краіне і так хапае".
У Наталлі і Арцёма маленькія дзеці. Маладая сям’я выступае за традыцыйную сям’ю ў Беларусі, але яны не супраць людзей, якія аддаюць перавагу аднаполым адносінам. Для іх галоўнае, каб яны не папулярызавалі іх.
«У кожнага сваё жыццё і ў кожнага свае адхіленні. Мы не супраць таго, каб людзі аднаго полу былі разам, але галоўнае каб яны гэта не навязвалі ў нас. Не хацелася б, каб гэта ўсё стала, як многія кажуць сёння, „традыцыйнай еўрапейскай сям’ёй“. У рамках іх сям'і, калі ласка. Калі ім падабаецца так жыць, то без праблем. Але мы супраць папулярызацыі такога. Усё ж такі мы народжаныя ад разнаполых людзей, таму для працягу роду патрэбна традыцыйная сям’я».
Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…
Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…
Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…
Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…
У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…
Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…