hrodna.life
Бачыш соль? А яна ёсць
Як зімовыя антыгалалёдныя рэагенты ўплываюць на гарадское асяроддзе цэлы год і ці маюць яны альтэрнатыву
Кожную зіму ў Гродне змагаюцца з галалёдам. Каб дарогі і тратуары не былі слізкімі, іх пасыпаюць соллю ці пясчана–салянай сумессю. Плюс солі – у таннасці. Мінус – у шкоднасці. Снег растае і знікае, а куды дзяецца соль? Яна трапляе ў глебу, дрэвы, ваду і наш арганізм. Hrodnа.life высвятляе, ці таннасць "салёнага" спосабу апраўдвае далейшае ўжыванне і ці трэба шукаць яму альтэрнатывы.
Што за соль?
Гэта мінерал галіт, або каменная соль для тэхнічнага прымянення. Крыніца паходжання тэхнічнай солі - адходы вытворчасці «Беларуськалія». У яе аснове - хларыд натрыю (NaCl), знаёмы ўсім як харчовая соль.

Пад уздзеяннем солі снег і лёд растаюць, бо салявыя растворы маюць больш нізкую тэмпературу крысталізацыі. Калі вада замярзае пры 0, то раствор з утрыманнем солі 30 грамы на 100 грамаў вады ператворыцца ў лёд пры мінус 21. Праз тое норма апрацоўкі соллю нармуецца ў залежнасці ад тэмпературы.
Бачыш соль? А яна ёсць. Як антыгалалёдныя рэагенты ўплываюць на асяроддзе цэлы год і ці ёсць альтэрнатыва
У залежнасці ад тэмпературы паветра змяняюцца нормы апрацоўкі соллю. Па словах дырэктара "Спецаўтагаспадаркі" Гродна Франца Пачобута, пры тэмпературы паветра ад нуля да мінус 5 градусаў на адзін квадратны метр дарожнага пакрыцця высыпаецца 25 грамаў, да мінус дзесяці градусаў - 30, пры моцных маразах – 40 грамаў.

Апрацоўку дарог пачынаюць у лістападзе і вядуць штосутачна. Соллю пасыпаюць цэнтральную частку горада, а дарогі ў спальных раёнах і на ўскраінах - пясчана-салянай сумессю рознай канцэнтрацыі.

Да пачатку кожнай зімы ў Гродне нарыхтоўваюць каля 2000 тон рэагента. Па меры расходвання закупаюцца новыя партыі. Колькасць размеркаванай за зімовы перыяд тэхнічнай солі складае каля 2 кілаграмаў на квадратны метр дарожнага пакрыцця.
Чым небяспечна соль для глебы, вады і раслін
Соль назапашваецца на паверхні глебы і дарожнага пакрыцця. Пасля разам з пяском яна ўздымаецца ў выглядзе пылу, асядае на раслінах - можа быць закаркаванне пораў. Падчас дажджу соль трапляе ў глебу і грунтавыя вады. Калі гэта адбываецца з году ў год, яе назапашванне прыводзіць да засалення глебы, азёр, рэк.

"Засаленне - гэта павышэнне канцэнтрацыі соляў у глебе. Ёсць паняцце «глебавы раствор», там ёсць пэўная колькасць розных мінеральных соляў. Пры вялікай колькасці аднаго віду солі іх становіцца больш. Гэтак жа і ў вадаёмах", - кажа аграном Вольга.

Саляныя растворы ў першую чаргу ўплываюць на каранёвую сістэму. Яны датыкаюцца да каранёвай сістэмай і выклікаюць яе пашкоджанні. Большасць раслін не вытрымлівае высокай канцэнтрацыі солі. Найбольш солевынослівыя - гэта вяз драбналісты, ясень зялёны, бяроза кіргізская, з кустоў - парэчка залацістая. Таксама маюць добрую ўстойлівасць да засалення дуб, груша лясная, вяз гладкі, клён палявы і татарскі, акацыя белая, глог, крушына. Аднак для любых раслінаў надыходзіць момант крытычнага накаплення солі ў глебе, калі нават яны не могуць расці, а глеба ператвараецца ў саланчакі.

"Уплыў соляў на рост раслін у гарадскім асяроддзі трэба вывучаць. Сказаць, што ўсе праблемы ад солі ў вадзе, цяжка. Магчыма, гэта комплексны ўплыў на расліны ўсіх шкодных фактараў - загазаванасці, запыленасці, спёкі, шкоднікаў, абмежаванняў карнявой сістэмы бетонам".

Аўтамабільныя дарогі праходзяць праз сельскагаспадарчыя ўгоддзі, і калі дарогі апрацоўваюцца салянымі растворамі, сумесь пры праездзе разлятаецца на ўскраіны поля і трапляе ў грунтовыя воды. Гэта можа змяншаць ураджайнасць. "Усё вельмі ўзаемазвязана. Памяншэнне колькасці раслін уплывае на здароўе чалавека. Пры высокай тэмпературы расліны даюць цень і асвяжаюць. Заўсёды дыхаецца лягчэй там, дзе шмат зялёных насаджэнняў. Пры тым старое дрэва больш прадуктыўнае, чым маладое. У тым ліку ёсць і эстэтычнае ўздзеянне", - кажа Вольга.

На думку загадчыка сектара маніторынгу расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Аляксандра Судніка, выкарыстанне адходаў вытворчасці "Беларуськалія" для раслін небяспечна: "Пры руху транспарту ўтвараецца завісь, трапляе на дрэвы, газоны. Увесну солі назапашваюцца ў глебе. А пакуль не пройдуць дажджы або спецыяльная машына не змые з дрэў соль, яна адмоўна дзейнічае яшчэ і на паверхню".

Навукоўцы правялі даследаванні ліп і глебы пад імі ў Мінску на праспекце Незалежнасці ад цырка да ГУМа. Перавышэнне іёнаў хлору - у дзясяткі разоў, іёнаў натрыю - у сотні. З-за гэтага, нават калі глеба вільготная, расліны не могуць увабраць ваду, атрымліваецца свайго роду засуха.
Як танная соль псуе дарагі абутак
У адной з майстэрняў па рамонту абутку расказалі, што на абутку, які прыносяць у рамонт зімой, бываюць зацёкі ад вады і солі - ён бялее. Але ў майстэрні не бяруцца сказаць, што вінаватыя менавіта рэагенты.

"Людзі не ўмеюць даглядаць абутак, - кажуць майстры. – Многія не апрацоўваюць яго крэмам. Былі б апрацаваныя – разводаў не было б. Машыны ржавеюць, што вы ад абутку хочаце".

Дома абутак трэба пачысціць вільготнай анучай. Калі ён высахне, трэба нанесці крэм. Калі крэм упітаецца, напаліраваць. Ёсць памятка па догляду за абуткам, яе варта чытаць і выконваць правілы. Тады рэагент не будзе прыставаць да абутку і наслайвацца.

Асабліва пакутуе ад солі абутак з натуральнай скуры. "Скура мае поры. Менавіта ў іх трапляе саляны раствор, які пры высыханні праяўляецца белымі плямамі. Каб гэтага не дапусціць, неабходна перад кожным выхадам на вуліцу апрацоўваць боты водаўстойлівымі сродкамі. Такія крэмы, як правіла, утрымліваюць высокамалекулярныя прадукты перапрацоўкі нафты. Разам з тым адным «памазаннем» не абысціся. Вяртаючыся дадому, абавязкова праходзяць па ботах вільготнай анучкай. А вось ад абутку з нубуком або замшу зімой лепш наогул адмовіцца", - раіць Віталь Кондраў, хімік, старшы выкладчык кафедры аналітычнай хіміі хімфака БДУ.
Ці шкодзіць соль лапам жывёлаў? Яны ж ходзяць басанож
Праблема ўплыву рэагентаў на жывёлаў больш актуальна для ўладальнікаў сабак. Дзмітрый Воранаў з факультэта ветэрынарнай медыцыны ГГАУ кажа - складана даказаць, што менавіта рэагенты негатыўна ўплываюць на скуру лапаў жывёл. "Мы бачым, што абутак у нас пашкоджваецца, становіцца дрэннага выгляду. І можам выказаць здагадку, што гэта паўплывае на здароўе скуры лапаў, але пацвердзіць гэта адназначна не можам", - кажа Дзмітрый.

Меркаваннем спецыялістаў, найбольш адчувальная скура падэшваў у бульдогаў і мопсаў, а таксама ў сабак дробных парод. Але ў клініках сустракаецца не так шмат сабак, у якіх з'явіліся праблемы з лапамі менавіта ў момант, калі начынаюць актыўна ўносіць рэагент. Уладальнікі ў большасці не выгульваю сваіх гадаванцаў уздоўж дарог, дзе канцэнтруецца найбольшая колькасць солі.

Папярэдзіць пашкоджанні дапамагаюць простыя правілы – каб скура, у тым ліку на падэшвах лапаў, была здаровая, сабака мае атрымліваць добрае харчаванне. Лапы жывёлаў трэба часцей аглядаць, а пасля шпацыраў мыць са спецыяльным шампунем. Для прафілактыкі можна таксама наносіць на падэшвы адмысловыя гелі, крэмы, аэразолі ці адзяваць чаравічкі для сабак, калі ён да іх прывыкне.

"Вядома, мы можам памарыць пра тое, каб выкарыстоўваць іншы рэагент, але пры нашых зімах нестабільных, калі ёсць галалёд, ніхто не пойдзе на прымяненне ніякіх іншых рэагентаў, акрамя саляных. Але прымяняць іх трэба рацыянальна. Будзе ісці бабуля, паслізнецца і ўпадзе, а мы будзем радавацца, што менш насыпалі, бо баімся, што сабакі будуць пакутаваць. Лепш усё ў меру і па нормах выкарыстоўваць", - кажа Дзмітрый Воранаў.
Бачыш соль? А яна ёсць. Як антыгалалёдныя рэагенты ўплываюць на асяроддзе цэлы год і ці ёсць альтэрнатыва
Чаму зімой гніюць аўтамабілі?
Аўтамабілі і грамадскі транспарт ад солі актыўна іржавеюць. Найбольшую небяспеку прадстаўляе карозія элементаў паліўнай і тармазной сістэм. Апроч гэтага, соль можа пашкодзіць шматлікія датчыкі, электраабсталяванне аўтамабіля. Менш небяспечна, але таксама непрыемна, што ржавеюць парогі, ланжэроны, падрамнікі. Як мінімум, транспарт ад гэтага губляе таварны выгляд.

Спецыялісты раяць як мінімум мыць машыну часцей і выкарыстоўваць сродкі для выдалення солі. А яшчэ лепш – рабіць антыкаразійную апрацоўку перад зімовым сезонам.
Ці кожны ровар перажыве зіму?
"Катацца зімой на ровары можна і трэба, нічога баяцца не варта. Канешне, даглядаць веласіпед давядзецца больш і часцей. Пакрышкі – гума – не разбураюцца ад солі. Можа з'явіцца белы налёт, але нічога страшнага няма. Больш за ўсё соль шкодзіць трансмісіі і металічным часткам, якія труцца. Педалі, ланцуг, зорачкі, задні пераключацель іржавеюць хутчэй. А калі веласіпед пачатковага ўзроўню і абарона слабая, соль можа патрапіць ва ўтулкі і падшыпнікі, дзе адбываюцца ўсе асноўныя нагрузкі і кручэнне. Зношвацца будзе тое, ад чаго залежаць хуткасныя характарыстыкі. Ровар будзе прыкметна павольней ехаць", - расказалі у веласервісе "Ігуана".

Калі веласіпед недарагі, трэба кожны дзень змываць з яго соль і змазваць. Калі дарагі і мае абарону, дастаткова адзін раз пасля зімы разабраць яго і зрабіць комплекснае абслугоўванне.

Соль есць жалеза і бетон
Да нядаўняга часу салявымі рэагентамі апрацоўвалі масты і пуцеправоды, кальцавыя развязкі, галоўныя магістральныя вуліцы. Пасля таго як зімой 2017 выявіўся аварыйны стан адразу некалькіх буйных мастоў у краіне, сітуацыя змянілася. Тады экспертыза ўсталявала, што найбольш верагоднай галоўнай прычынай разбурэння канструкцый было ўздзеянне на іх пясчана-саляных сумесяў і рэагентаў. Прычым гэта тычылася і металу, і жалезабетону. У Гродне ад таго часу вырашылі адмовіцца ад апрацоўкі соллю мастоў і пуцеправодаў, а таксама прылягаючых да іх участкаў дарог па 300 метраў з абодвух бакоў.

Як у Беларусі хацелі адмовіцца ад солі
Надзея прыбраць з дарог Мінска соль і пясок з'явілася ў 2013 годзе, калі камунальнікі і дарожныя службы пачалі ўкараняць рэагент на аснове адходаў цукровай вытворчасці. Ён быў дарагі, пасыпалі ім толькі цэнтральныя вуліцы і некаторыя двары. Эфект апынуўся добрым, але потым размовы пра салодкія пасыпкі сціхлі. Пісалі, што салодкі рэагент прыйшоўся не да спадобы ці то з-за цаны, ці то з-за сваёй ліпкасці.

Як аналаг у краіне разглядалі расолы з азёр пад Мазыром. Па сутнасці, гэта - канцэнтраваны солевы раствор. Ён эфектыўна плавіць лёд і снег. Але праблема ў іншым. Каб выкарыстоўваць новы рэагент, трэба было б перааснасціць усё тэхнічнае абсталяванне ў краіне.

Таксама разглядалі варыянт выкарыстання шчэбню. Але Сяргей Кабак з «БелдарНДІ» кажа, што і гэта не самая ўдалая прапанова: «У краінах Скандынавіі пасля некалькіх гадоў выкарыстання ад яго адмовіліся з-за праблем з каналізацыяй і ліўневай сістэмай. Акрамя таго, трэба ўлічваць нюанс: выкарыстанне шчэбню прадугледжвае шматразовае выкарыстанне матэрыялу. У гэтым выпадку сабраць яго з дарожнага пакрыцця, дзе ёсць бардзюр, яшчэ магчыма, чаго не скажаш пра загарадныя аўтамабільныя дарогі з грунтавымі абочынамі».

ГП «БелдарНДІ» рэгулярна праводзіць доследы па ацэнцы эфектыўнасці прымянення розных супрацьгалалёдных матэрыялаў.

- Адбывалася выпрабаванне матэрыялу на аснове адходаў віцебскага даламітавага камбіната, з дапамогай апрацоўкі кіслатой, - кажа прадстаўнік «Гаррамаўтадара» Алег Лукашэнка пра беларускія эксперыменты. - Але там шмат паўстала скаргаў у людзей. Па-першае, пры раскладанні ўтворыцца крэйда і псуецца абутак. І спецыфічны пах стаяў пры вырабе. Ды і кошт там...

Было выпрабаванне з ужываннем меласы. Гэта калі дадаецца рэагент ў галіт маркі А, парадку 5%. Здольнасць растапіць снег павышалася ў 1,5 разы, пры гэтым кошт матэрыялу з даданнем меласы ў 5 разоў перавышае кошт галіту. Прыйшлося адмовіцца, - канстатуе суразмоўца. У лісце з міністэрства транспарту і камунікацый гаворыцца, што меласа паказала нязначны антыкаразійны эфект і значны рост выдаткаў.

Ці соляць дарогі суседзі?
У некаторых краінах Еўропы выкарыстоўваецца фрыкцыённы метад барацьбы са слізкімі дарогамі. Іх пасыпаюць пяском і каменнай крошкай. Такі матэрыял першапачаткова абыходзіцца даражэй солі, але цана адбіваецца за кошт паўторнага выкарыстання. Увесну крошку збіраюць адмысловымі апаратамі,

У Швецыі выкарыстоўваюць метад Торгейра Ваа.Паводле такога спосаба, дробны пясок у прапорцыі 7 да 3 змешваюць з гарачай вадой 90-95 градусаў і распырскваюць на вуліцах. Гарачы пясок уплаўляецца ў снег і робіць паверхню шурпатай. Апрацоўкі хапае на 3-7 дзён на дарогах са штодзённым трафікам каля 1 500 аўтамабіляў. Або пакуль не пройдзе новы снегапад. Плюсы – эканамічнасць і доўгатэрміновы вынік. Мінусы – патрэбна спецыяльная дарагая тэхніка.

А ў Японіі не выкарыстоўваюць хімікаты наогул, толькі счышчаюць снег. А жыхары ходзяць у ботах з тоўстай рыфлёнай падэшвай.
Колькі каштуе выкарыстанне солі?
Кошт - відавочна галоўны фактар выкарыстання солі на дарогах. Прадстаўнік мінскага «Гаррамаўтадара» параўнаў кошты на некаторыя супрацьгалалёдныя матэрыялы. Цана галіту маркі А (тэхнічнай солі) - 20,64 за тону з улікам падатку на дададзеную вартасць. Кошт ХФА-50 (сумесь пяску і галіту ў суадносінах 50/50) - 23,93 за тону. Такім чынам, зразумела, як палічыць кошты рэагентаў. А вось метадаў уліку магчымых шкодаў ад солі ў гарадскім асяроддзі пакуль няма. Дарожнікі кажуць, што іх задача - утрыманне вулічна-дарожнай сістэмы і запэўніванне бяспекі. А па іншых пытаннях раяць звяртацца да навукоўцаў.

"Мы ўздымалі гэтую праблему перад дарожнікамі і гарадскімі ўладамі, - кажа Аляксандр Суднік з Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі. - Нам адказалі, што бяспека руху важней, будзем сыпаць соль. Тады давайце зімой знізім хуткасны рэжым на МКАД, не 90 - 100 км у гадзіну, а 60, слізка ж! І вышыня ўзняцця салянай завісі не будзе такой вялікай, перастане выкідвацца так далёка. Але на гэта ўлады таксама не пагадзіліся".

Што да уплыву супрацьлёдавых рэагентаў на арганізм чалавека, то ў Навукова-практычным цэнтры гігіены паведамілі - такіх даследаванняў не праводзілася.

Над праектам працавалі
Тэкст: Алена Кавальчук і Ірына Новік
Графічны дызайн і вэб-вёрстка: Воля Новік
Фота: Руслан Кулнвіч