Горад

Пачалі капаць — знайшлі косткі. Што рабіць з закінутай падземнай прыбіральняй на месцы яўрэйскіх могілак

У цэнтры Гродна, на скрыжаванні Вялікай Траецкай і Дамініканскай, ёсць аўтастаянка, а побач — закінутая падземная прыбіральня. А яшчэ тут ёсць куча камення, каля якой рэгулярна з’яўляюцца кветкі. Толькі гэта нагадвае, што некалькі стагоддзяў тут былі найстарэйшыя яўрэйскія могілкі горада.

Могілкi знішчылі ў час Другой Сусветнай

Упершыню пра яўрэйскія могілкі згадваюць у дакументах пачатку XVI стагоддзя. Могілкі зачынілі на пачатку ХІХ стагодзя, тут ужо не хавалі, але месца беражліва ахоўвалi. У час Другой Сусветнай вайны могiлкi ўваходзілi ў склад гета № 1. Тады там пахавалі некалькі дзясяткаў, а можа і сотняў забітых вязняў.

Тады ж, пасля вывазу яўрэяў у лагеры смерці, камяні з могілак гараджане расцягнулі на будаўнічыя патрэбы. Гэтак, гродзенскiя краязнаўцы лiчаць, што з магільных пліт была зробленая лесвіца на Завяршчызну.

Сучасная вуліца Вялікая Траецкая. За ёй старажытныя могілкі (цяпер аўтастаянка). 1930-я г.

Будавалі прыбіральню — знайшлі масавыя пахаванні

Побач з могілкамі знаходзіўся рынак, таксама вельмі старадаўні. Пасля вайны тут сталі з’яўляцца розныя аб’екты: пабудавалі дзіцячы садок і некалькi баракаў з кватэрамі для рабочых.

Адзіная ацалелая мацэва са старых яўрэйскіх могілак па вул. Траецкай. Доўгiя гады яна ляжала каля прыбіральні. Зараз гэтая плiта знаходзiцца каля сiнагогi.
Жыхары такіх дамоў мелі патрэбу ў прыбіральнях. У пачатку 1970-х гадоў для іх пабудавалі бетонны агульны туалет на некалькі кабінак. У час прац будаўнікі натыкнуліся на масавыя пахаваннi.

З успамінаў старшыні Савета ветэранаў-удзельнікаў першых баёў 1941 года на Гродзенскай зямлі Іраіды Макеевай. Запісала гродзенская журналiстка Наталля Макушына, студзень 2004 года:

«Дачка аднойчы прыбегла, кажа „Мама, пайшлі хутчэй, там яму капаюць і косці ў зямлі ляжаць, шмат“. Мы тут жа жылі на Савецкай, я падхапілася, гэта ж побач, дзе крама на Кашавога. Экскаватар там капнуў і спыніўся, стаянку аўтамабільную там будавалі, а ў зямлі, божа мой, косці бачныя, пластамі ляжаць з зямлёй перамяшаныя. Адзенне яшчэ цэлае, кавалкі, анучкі нейкія каляровыя. У гарошак мне запомніўся такі кавалачак, лялька ці што была, ручкі маленькія.

Я дачцы кажу, ідзі дамой, няма чаго тут глядзець. А сама ў выканкам, што ж такое робіцца, трэба ж спыніць гэта неяк. Няма нікога ў кабінетах, нікога не знайшла. Пакуль хадзіла, вярнулася, а там ужо ўсё засыпалі. Так усё і засталося пад зямлёй, што там было, хто пахаваны? Могілкi там былш яўрэйскiя, але казалі, што яны зачынены даўно. Асфальт паклалі, і прыйшло камусьці ў галаву туалет там паставіць».

Прыбіральню тую зачынілі адразу ж як і адкрылі. Магчыма, паўплывала сведка тых падзей Iраiда Макеева. Цяпер ад той прыбіральні застаўся толькі бетонны падмурак.

Новую прыбіральню «забіў капіталізм»

З часам знеслі ўсе баракі і закаталі ўсё асфальтам — цяпер тут вялікая стаянка. Зноў пачалі казаць пра неабходнасць грамадскай прыбіральні. Яе збудавалі і стаіць яна тут дагэтуль.

Вытрымка з рашэння гарвыканкама ад 16.04.1986 года:

«Адвесці вытворчаму аб’яднанню жыллёва-камунальнай гаспадаркі пры гарвыканкаме пад будаўніцтва падземнага туалета зямельны ўчастак па вул. Алега Кашавога плошчай 0,1 га».

Прыбіральню адкрылі ў тым жа годзе, а спыніла яна сваё існаванне ў пачатку 1990-х гадоў, калі перайшла з дзяржаўнай уланасці ў прыватныя рукі.

На стаянцы ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў выстаўляліся палаткі для гандлю, выязджалі аўталаўкі ад крам. Быў гэтакі міні-рынак для выязнога гандлю. Прадаўцам і пакупнікам патрэбна была прыбіральня. Але гродзенцы часта ездзілі ў Польшчу, гандаль са стаянкі перамясціўся на калгасныя рынкі: Скідзельскі і Грандзіцкі.

Месца апынулася пустым, прыбіральня стала незапатрабаванай і закрылася.

Так выглядае стаянка сёння

Закрыць туалет запатрабавалі яўрэі

Нямногія ведаюць, чаму прыбіральню канчаткова зачынілі. У пачатку 1990-х у Гродне пачала нанова фармавацца яўрэйская абшчына. Аднойчы да нейкай памятнай даты прыехалі замежнікі. Для гасцей запланавалі падрабязную экскурсію па памятных месцах. Было б няправільна паказваць працоўны туалет на месцы старых могілак, палічылі ў абшчыне.

Старшыня іўдзейскай абшчыны Гродна Барыс Квяткоўскі кажа, што менавіта мясцовая абшчына і запатрабавала ў гарадскіх уладаў у 1993 годзе каб прыбіральню на месцы могілак канчаткова зачынілі.

«Менавіта з таго моманту ў абшчыну сталі звяртацца людзі, у якіх па розных прычынах каля дома аказваліся яўрэйскія пліты з тых самых могілак. Менавіта з таго часу свядомасць гродзенцаў змянялася, людзі сталі больш патрыятычна адносiцца да гісторыі свайго горада i лепш да яўрэяў».

Тая самая прыбіральня сёння

Можа, ужо час выкарыстаць закiнуты туалет па-іншаму?

Ужо больш за 20 гадоў каля стаянкі знаходзяцца закінуты туалет. Там часам можна пабачыць то нейкія ганучы ад бамжоў, то шпрыцы ад наркаманаў. Некалькі метраў далей — куча камення з кветкамі. Можа, прыйшоў час выкарыстаць закінуты туалет па-новаму? Напрыклад, зрабіць у памяшканні чарговы музей багатай гісторыі яўрэяў Гродзеншчыны?

Толькі адна праблема: людзі, якія сёння сядзяць у кабінетах, нават не ведаюць пра існаванне гэтай прыбіральні.


Аўтар дзякуе Віктару Саяпіну, Вiктару Какарэка i Наталлі Макушынай за прадстаўленую інфармацыю.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024