Спадчына

Шэсць гадзін літаратуры, філасофіі і музыкі: у «Цудоўні» ўрачыста адкрылі кніжную секцыю

Праца кніжнай секцыі ў этнакраме «Цудоўня» распачалася 19 лістапада шасцігадзіннай імпрэзай з удзелам пісьменнікаў Андрэя Хадановіча і Паўла Касцюкевіча, філосафа Уладзіміра Мацкевіча, а таксама гродзенскіх музыкаў.

Адкрыццё будучыні

Згадваючы пра нагоду імпрэзы, Павел Касцюкевіч адзначыў: «Сёння фактычна адкрыццё будучыні. Мне здаецца, так будуць выглядаць кнігарні праз дзесяць гадоў. Я думаю, будучыня за такімі крэатыўнымі пляцоўкамі, калі кнігарня — гэта не толькі месца, дзе прадаюцца кніжкі, але і месца кантакту, месца сустрэчы творчых людзей, чытачоў з аўтарамі».

У чым адметнасць новай кнігарні і якія кнігі там можна будзе набыць, расказалі Hrodna.life уладальнікі «Цудоўні» Надзея і Андрэй.

Надзея: «Мы плануем прадстаўляць якасную беларускую літаратуру і пераклады на беларускую мову. Мы не прыхільнікі пазіцыі „абы па-беларуску“: кнігі, як і рамесныя вырабы, адбіраем па прынцыпе „даваць людзям найлепшае“. То бок лаўрэаты прэмій сярод мастацкай літаратуры, добрая дзіцячая і краязнаўчая, пераклады лепшых замежных твораў і класікі.

Для спецыялізаванай, філасофскай і навуковай літаратуры таксама ёсць месца, але акцэнт робім усё ж на звычайнага чалавека, які любіць чытаць сам і жадае прывіць любоў да чытання сваім дзецям».

Андрэй: «Я не люблю слова „кліент“. У нас няма кліентаў, кожны наведнік „Цудоўні“ — госць, катораму мы хочам дапамагчы стаць крышачку шчаслівейшым. Кола гасцей-наведвальнікаў абмежаванае толькі іх цікавасцямі.

Спецыфіка крамы — беларуская культура. Літаратура — яе частка. Цікаўным да беларускай літаратуры тут заўсёды знойдзецца што пачытаць. Адно што прапагандысцкай літаратуры тут не будзе, незалежна ад мовы напісання. Культура і культурныя пляцоўкі - не месца для палітычных разборак. Наогул, вельмі хочацца, каб мова перастала быць палітычным маркерам».

Дылан, Качмарскі і Бадлер

Андрэй Хадановіч парадаваў аўдыторыю сваімі вершамі, а яшчэ — песнямі Боба Дылана, Сержа Генсбура і Яцка Качмарскага ва ўласных перакладах на беларускую мову. Пісьменнік прэзентаваў некалькі сваіх кніг: «Нататкі таткі» — «лёгкі дзіцячы панк», прызнаны кнігай года-2015; зборнік выбраных вершаў «Дэжа вю»; кішэнную кнігу перакладаў з Шарля Бадлера — бацькі французскага дэкадансу, ад якога пайшоў вобраз маргінальнага, незразумелага, адрынутага паэта.

Найбольшую ўвагу Андрэй Хадановіч прысвяціў кнізе «Цягнік Чыкага-Токіа», якая ўключае ў сябе вершы з Францыі, Ісландыі, Карэі і іншых краін, а да таго ж тэксты замежных бардаў у перакладзе на беларускую мову, малюнкі і акорды.

Баба Роза і рэвалюцыя

Празаік Павел Касцюкевіч зачытаў урыўкі са свайго новага рамана «План Бабарозы» і расказаў пра задуму гэтага твора: «У нашай краіне кожная звычайная людская сям’я стала маленькая дзяржавай. У яе ёсць свая тэрыторыя (кватэра), свая мова (тэрміны, якія ведаюць толькі жыхары гэтай краіны), свая калектыўная памяць (гісторыя і сямейныя сагі, якія аб’ядноўваюць) і, натуральна, свае патрыярхі (прабабулі, бабулі, дзядулі, якія фактычна і стварылі гэтыя маленькія краіны і запраграмавалі іх будучыню).

І менавіта пра такога патрыярха раман — пра бабу Розу, мінскую 109-гадовую бабульку, якая ўсяляк умешваецца ў жыццё сваёй дачкі, сваёй унучкі, свайго праўнука».

Ёсць у рамане і рэвалюцыя. Уздымае яе праўнук бабы Розы, 35-гадовы псіхолаг, які, маючы сваю тэорыю, вырашае паўстаць.

Анталогія як анталагічны доказ

Пасля літаратараў выступіў філосаф Уладзімір Мацкевіч, які падзяліўся сваімі развагамі пра тое, ці існуе беларуская філасофія і беларускае мысленне. У якасці доказу станоўчага адказу на гэтае пытанне ён прадэманстраваў другое выданне анталогіі беларускай думкі «Код прысутнасці», у якім змешчаны ўзоры беларускага мыслення апошніх пятнаццаці гадоў. Кніга атрымала сваю назву ў супрацьвагу зборніку эсэ Валянціна Акудовіча «Код адсутнасці». «Код прысутнасці» — сведчанне прысутнасці беларускага мыслення і беларускіх філосафаў.

Уладзімір Мацкевіч звярнуў увагу на гульню словаў, якая, напэўна, не магчымая ні ў адной іншай мове. У беларускай мове слова «анталогія» мае два розныя значэнні: анталогія як філасофская дысцыпліна, што вывучае карціну свету, наша ўяўленне пра свет, і анталогія як зборнік тэкстаў. «Атрымоўваецца такая гульня словаў: гэтая анталогія — ёсць анталагічны доказ існавання беларускага мыслення».

Гродзенцы актыўна ўключыліся ў размову на філасофскія тэмы. А тыя, хто задаў Уладзіміру Мацкевічу найбольш цікавыя пытанні, атрымалі ў падарунак зборнік «Цытуй сваё», у які ўвайшлі цытаты выбітных беларусаў ад 16 да 21 стагоддзя.

Завяршылі вечарыну выступы гродзенскіх музыкаў. Спявалі Юры Дубовік, Іван Пачывалаў, Андрэй Несцяровіч і Алесь Дзянісаў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024

Кінуў амерыканскі футбол, каб займацца рэслінгам. Гродзенец Мікалай пачаў у Швецыі выступаць на рынгу і нават «змяніў імя»

Гродзенца Мікалая Лапкоўскага на вуліцах Стакгольма могуць назваць Дзімам - і ён адгукнецца. Менавіта пад…

12 красавіка 2024

Топ-7 касмічных вуліц Гродна: куды пайсці на шпацыр у Дзень Касманаўтыкі

Сусветны дзень касманаўтыкі адзначаюць 12 красавіка. У Гродне пра яго нагадваюць касмічныя тапонімы - турфірма…

12 красавіка 2024

«Адвакат мяне заблакаваў». За што завочна судзяць беларускіх актывістаў і чым гэта пагражае

У Telegram-канале беларускага Следчага камітэта "Спецпроизводство", акрамя публічных дзеячаў, пачалі з'яўляцца актывісты з рэгіёнаў і…

11 красавіка 2024