Спадчына

Праз танец — змяніць свядомасць. Чаму навучаць гродзенцаў у Школе побытавых танцаў

Школа побытавых танцаў можа стаць своеасаблівым фітнэсам для гродзенцаў. А студэнтам і моладзі дапаможа прывіць любоў да беларускай традыцыйнай культуры. Так лічаць стваральнікі школы — Антось Янкоўскі і Таццяна Мікелевіч з Суполкі традыцыйнай культуры.

Чаму навучаць у Школе побытавых танцаў

Школа паўстала як развіццё этнавечарын, якія ладзіла Суполка традыцыйнай культуры. Два гады таму праходзілі «Этнавечарыны ў яблыневым садзе», сёлета — «Этнавечарыны ў Шэкспіра». Калі ж надыйшла восень і на вуліцы танцаваць стала холадна, Антось і Таццяна задумаліся пра стварэнне школы. Тут больш грунтоўна вучаць асаблівасцям танцаў, каб потым танцаваць з асалодай, а не ўспрымаць гэта як практыкаванне.

— Танцы — добры від фітнэса і адпачынку. Адзін танец доўжыцца шэсць-сем хвілін, а запар танцуецца іх некалькі. Да таго ж, нарошчваецца тэмп. Калі добра патанцаваць, то дома на вагах убачыш прыемную лічбу, — кажа Антось.

— Жанчыны, якія займаюцца любымі танцамі, падчас цяжарнасці не пакутуюць ад болеў у нагах, спіне, бо ўсе натрэнірована, — дадае Таццяна.

Адзін танец у школе развучваюць 30−40 хвілін. За занятак праходзяць адзін-два танцы. У Школу ходзіць як моладзь, так і людзі ва ўзросце. Пакуль на занятках было шэсць параў - каля 12 чалавек. Стваральнікі кажуць, што гэта аптымальная колькасць, бо так прасцей працаваць і ўсім прыдзяліць увагу.

За што жанчыну маглі публічна зняважыць

Побытавыя танцы гэта тыя, якія танцавала сялянства ў 19−20 ст. На вечарыны ў хаце збіралася ўся моладзь, каб «на другіх паглядзець і сябе паказаць». Часам туды прыходзілі бацькі маладога ці маладой, каб выбраць для іх пару. Старэйшыя людзі сачылі, каб не было заляцанняў.

— Танцы раней былі важным момантам зносінаў паміж дзяўчынай і хлопцам, — наперабой расказваюць Антось і Таццяна. — Гэта быў ці не адзіны момант, калі жанчыну можна было абняць і камунікаваць на блізкай алегласці. Гэта адзін з сімвалічных этапаў збліжэння двух асоб.

У побытавых танцах была свая культура зносін. Дзяўчына мела права адмовіць хлопцу ў запрашэнні танцаваць у двух выпадках: калі ён быў жанаты і калі ён быў п’яны. Калі яна адмаўляла раз, другі, трэці, музыкі спынялі танцы. Яны гралі марш, а дзяўчына атрымоўвала публічную знявагу і пад марш выходзіла з хаты.

Падчас танцаў хлопцу нельга было дакранацца да спадніцы, да калена — спадніца лічылася сакральным месцам. Калі ў дзяўчыны задзерся падол спадніцы, гэта была апошняя дзеўка на вёсцы. У той час гэта было тым жа самым, што стаяць «на Ленинградке».

У побытавых танцах няма вялікага крока, скока. Танцуюць усёй стапой, не цягнуць насок. Танец адбываецца на невялікай адлегласці. Гэта вынікае з некалькіх момантаў. Па-першае, эканомія сваіх сілаў пасля дзённай працы. Па-другое, пар было шмат, а хата невялікая. Па-трэцяе, калі цягнулі наскі, маглі парваць абутак. А гэта было сорамна. Да таго ж, маглі быць розныя ўмовы, якія трансфармавалі танец у той ці іншай вёсцы. У вялікай вёсцы адзін танец маглі па-рознаму танцаваць у розных яе канцах.

Беларускія танцы стрыманыя, лёгкія і накіраваныя на парнае ўзаемадзеянне. Ад рускіх танцаў яны адрозніваюцца адсутнасцю красавання, сольных танцаў, ад польскіх і літоўскіх — больш багатай харэаграфіяй.

Танцаваць, каб адчуць сябе беларусам

Чаму зніклі побытавыя танцы?

— Народ пераўтвараецца ў спажыўца, — расказвае Антось. — З Савецкім Саюзам, Дамамі культуры з’явілася сцэна, дзе выступаюць артысты, і зал, дзе сядзіш ты. А ў танцы ты павінен быць удзельнікам. Зараз тэндэнцыя ідзе ў іншы бок: людзі ходзяць на флэшмобы, танцы, фітнэс, бо хочуць чымсьці займацца. Людзі шукаюць, дзе сябе рэалізаваць. Некаторым падабаюцца ірландскія танцы, капаэйра, сальса. А ёсць беларусы, якія шукаюць штосьці адметнае, традыцыйнае. Каму цікавы мова, культура, традыцыі продкаў - запрашаем!

Антось і Таццяна кажуць, што найбольш чакаюць студэнтаў.

— Для студэнтаў гэта можа быць момантам змены свядомасці і адпраўной кропкай любові да традыцыйнай культуры, Беларусі і мовы. І дарослае жыццё яны пабудуюць адносна традыцый. Нам усім прывілі любоў да традыцый на этапе студэнцтва.

Заняткі праводзяць па-беларуску, таму гэта можа быць дадатковай моўнай практыкай. Школа побытавых танцаў захоўвае важную традыцыю: аматары вучаць іншых таму, што вывучылі самі.

Заняткі праходзяць кожную пятніцу з 19.00 да 21.00 у памяшканні № 1 ў корпусе ГрДУ на Леніна, 32. У планах — майстар-клас па любаньскім танцам з Сяргеем Выскваркам, кіраўніком узорнага фальклорнага танцавальнага калектыву «Верабейкі», і адкрытая этнавечарына.

Сяргей Выскварка ў Гродне ў час фестывалю нацыянальных культур

Падзяліцца

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024