Людзі і справы

«Пітон не прадаецца». Дзе ў Гродне набыць змяю і як яе ўтрымліваць?

У гродзенскай заакраме з’явіўся пітон. Аднак апынулася, што набыць сабе экзатычнага гадаванца не так проста. Дзе ў Гродне можна купіць змей, па якім кошце і што патрэбна для іх утрымання дома?

Пітона паказваюць, як экспанат

У рэдакцыю Hrodna.life звярнулася чытачка з пытаннем:

«У заакраме гандлёвага цэнтра OldCity ў тэрарыуме сярод хамячкоў і пакункаў корму для коцікаў стаіць тэрарыум з тлустай змяёй. Ці можна там трымаць і прадаваць змей?»

Сапраўды, у заакраме на бачным месцы ў празрыстай скрыні, скруціўшыся, ляжыць тоўстая змяя — пітон. Яго бачна нават з праходу, не заходзячы ўнутр.

Дырэктар заакрамы Дзяніс Казловіч расказаў, што пітон не прадаецца. Ён атрымаў яго ў падарунак і вырашыў выставіць як экспанат.

— Чаму нельга трымаць змей? — адказвае пытаннем на пытанне дырэктар. — Дазволу, каб яе трымаць, не патрэбна. Гэта ж выставачны экзэмляр, не на продаж.

Ён патлумачыў, што пітон патрабуе адмысловых умоваў: тэрарыум, тэмпература +26 градусаў, харчаванне з вызначанай перыядычнасцю. Дарэчы, харч у змей жывы: мышы і пацукі.

Раней Дацэнт выступаў на вяселлях

Былы ўласнік змяі, які папрасіў не называць яго імя, расказаў пра мінулае гадаванца. Яго клічуць Дацэнт. Ён адносіцца да кароткахвостых пітонаў. Пяць год таму яго, яшчэ малым, набылі ў мінскага заводчыка, які мае дазвол на развядзенне змей. З таго часу дацэнт выступаў на вяселлях, фатаграфаваўся з гасцямі.

— Ён ніколі нікога не напалохаў, не ўкусіў. Такія пітоны не нападаюць на людзей. Ён спачатку спрабуе, ці можа з’есці здабычу, і толькі тады яе душыць. Таму харчуецца мышкамі. А ўжо сяміметровы пітон можа напасці і на чалавека, — кажа суразмоўца.

Былы ўласнік перажывае, што ў яго гадаванца замала месца, каб рухацца. Раней Дацэнт жыў у большым тэрарыуме. Цяпер з-за патрэбы ўвесь час скручвацца ў яго можа наступіць заварот кішак.

Удава прадаюць, але набыць яго цяжка

Дзе ж набыць змяю? Пэўна, адзінае прыдатнае месца ў горадзе, — гэта заапарк. Цяпер там прадаюць толькі адну змяю — іерагліфічнага ўдава. Цана 300 рублёў, распавёў загадчык секцыяй «Тэрарыум» Цімафей Чупракоў.

Аднак удава наўрад ці зможа набыць чалавек-аматар. Хутчэй разглядаецца варыянт абмяняць яго на іншы экзэмпляр ў другім заапарку. У Гродне прыдбалі ўдава некалькі год таму. Тады на мяжы яго затрымалі, як кантрабанду.

Усяго ў гродзенскім заапарку 35 відаў змеяў і каля ста экзэмпляраў. Ёсць ужо маляты, якія тут нарадзіліся. Аднак пакуль іх не плануюць прадаваць: узровень размнажэння невысокі, а рэптыліі не надта дарагія, каб на іх зарабляць. Зрэшты, змей ніколі раней у заапарку не прадавалі.

Зрабіць дакументы на продаж амаль немагчыма

У іншых заакрамах продаж змей амаль немагчымы, таму што цяжка зрабіць дакументы-дазволы.

— Калі, напрыклад, набываюць жывёлу ў Расіі, яна месяц знаходзіцца на каранціне, ёй робяць прышчэпкі. Толькі пасля гэтага яна накіроўваецца ў Беларусь. Ветэрынарная служба на мытні правярае дакументы, што жывёла здаровая. На месцы месяц гадаванец зноў знаходзіцца на каранціне, — распавчядае пра працэдуру Цімафей Чупракоў. — Прыватнікі часта не могуць зрабіць гэтыя дакументы, бо гэта цяжка, доўга, дорага. Дадатковыя складанасці з’яўляюцца, калі патэнцыйны тавар уваходзіць у міжнародны спіс рэдкіх жывёлаў.

За боа просяць 460 рублёў, а за цігровага пітона 400 долараў

Аднак не сакрэт, што гродзенцы ўсё ж трымаюць дома змеяў, хоць і не афішуюць экзатычных гадаванцаў. Людзі трымаюць не толькі вужоў, але і вялікіх небяспечных змеяў, як альбіносы або каліфарнійскія папярочнапаласатыя змеі.

Такога ўдава боа можна набыць праз інтэрнэт у Мінску
Апынулася, прасцей за усё набыць змяю праз інтэрнэт. У сеціве багата такіх абвестак.

Так, каралеўскі пітон каштуе 300 рублёў, імператарскія ўдавы боа ад 340 да 460 рублёў. Цігровы пітон — 400 долараў. Можна набыць нават ужа ўсяго за 5 рублёў. Адзінае, што за імі прыйдзецца ехаць у Мінск. Падобных гродзенскіх абвестак не ўдалося знайсці.

Удава боа прадаюць праз інтэрнэт. Фота з абвесткі.
Па апісаннях і фотаздымках у абвестках становіцца зразумела, што набываюць змей аматары вострых адчуванняў: «Спакойны, здаровы, ідзе на рукі», «Дам кантакт на амаль дармовую крыніцу харчавання (мышэй)».

Рэптылій можна трымаць дома без рэгістрацыі

Цікава, што ў Правілах утрымання хатніх гадаванцаў у Беларусі, зацверджаных пастанаўленнем Савета міністраў, гаворка ідзе толькі пра сабак і котак. Пра экзатычных істотаў, як змеі, няма ўзгадак. Атрымліваецца, калі сабаку ці ката ўласнік абавязаны зарэгістраваць, то пітона можа трымаць без дазволу.

Намеснік галоўнага ветэрынарнага ўрача Гродна Дзмітрый Гайда патлумачыў, што ў Беларусі не дзейнічаюць ветэрынарныя нормы і правілы па ўтрыманні змей дома. Адзінае, што экзэмпляры з Чырвонай кнігі або з міжнароднага спісу рэдкіх відаў абмежаваныя ў транспарціроўцы. Гэта звычайна адсочваецца на мяжы.

— У нашую кампетэнцыю хутчэй уваходзіць лячэнне або прафілактыка. З такімі гадаванцамі да нас звярталіся некалькі разоў.

Гадаванцы без «пашпартоў»

Што датычыць продажу змеяў, то ветстанцыя можа выдаць гандлярам адмысловыя дакументы, дзе пазначана, што змяя здаровая і што яна нарадзілася ў Беларусі. Калі змяю прывозяць аднекуль, то пры ёй мусяць быць ветэрынарныя дакументы: пасведчанне, сертыфікат або пашпарт.

Як распавёў Дзмітрый Гайда, каля дзесяці гродзенцаў прынеслі ў клініку малых чарапашак, якіх людзі набылі падчас святкавання дня горада. А потым у іх узніклі праблемы з гадаванцамі. Відаць, чарапашкі папярэдне не мелі дакументаў аб стане здароўя.

Атрымліваецца, аматарам экзатычных жывёлаў застаецца або любавацца імі ў заапарку або рызыкаваць ды набываць гадаванцаў без «пашпарта».

Дарэчы, месяц таму на мяжы затрымалі двух варанаў, якіх спрабавалі правезці кантрабандай у Беларусь у цягніку Калінінград — Масква. Іх накіравалі ў гродзенскі заапарк.

[irp posts="40 579″ name="Канфіскаваных мытняй варанаў перадалі Гродзенскаму заапарку (+відэа)"]

Падзяліцца
Меткі: жывёлы

Апошнія запісы

Гродна ў чамадане: мастак Яраслаў Кірвель стварыў макет горада з 200 вінных коркаў

Калі б давялося здабываць 200 вінных коркаў уласнымі высілкамі, то ні часу, ні грошай не хапіла…

17 мая 2024

Першая сусветная ў Крэўскім замку, вогненны фэст у Лідзе. Што будзе на Ноч музеяў 2024 у Гродзенскай вобласці: праграма

Сёлета на міжнародную акцыю Ноч музеяў у Лідзе рыхтуюць вогненны вечар, а ў сядзібе-музеі Агінскіх…

15 мая 2024

«Разумею, што магу камусьці дапамагчы». Як у Польшчы ўладкавана донарства яйцаклетак

Калі ў вас добры запас яйцаклетак для апладнення, вы можаце дапамагчы зацяжарыць іншым дзяўчатам, якім…

15 мая 2024

«Стаім у чарзе з вясны 2023 года». Беларусы спрабуюць прышчапіцца ад ВПЧ, але вакцыны няма

Доступ да прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека можа выратаваць многіх жанчын ад анкалогіі. У Беларусі…

14 мая 2024

Як атрымаць задавальненне і папулярызаваць беларускую мову размовамі пра гісторыю і сэкс — расказала журналістка з Гродна

Калі ў 2021 годзе некаторыя плакалі ад горычы паразы ці збіралі з аскепкаў разбітага “я”…

14 мая 2024

Хворы выкінуўся праз акно, скарга на асенізатараў, гадавіна смерці Ажэшкі: чым жыў Гродна 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты…

12 мая 2024