Людзі і справы

«Памперсы — класна, толькі чалавечых зносін імі не заменіш». Валанцёрка Ірэна Лабачэўская знаёміць выхаванцаў дзіцячага дома з прафесіяй цырульніка

Валанцёрства Ірэны Лабачэўскай пачалася ад таго часу, як яна стала мамай. Тады ўпершыню блізка сутыкнулася і з праблемай сіроцтва. «Пры мне аднаго з малых пакінулі ў радзільні», — узгадвае яна. Так абставіны падштурхнулі дапамаць пакінутым немаўлятам і прывялі ў дабрачынную арганізацыю «Хто, калі не я?».

Усведамленне, што старэйшым дзецям дапамога патрэбна не менш чым немаўлятам, прыйшло з выхаваннем уласнага дзіцяці. Тады Ірэна арганізавала для падлеткаў з дзіцячага дома курс па знаёмству з прафесіямі. Пачала са сваёй — распавяла і паказала, як працаваць цырульнікам.

Дапамагала як магла

Пакуль была ў дэкрэце са сваім малым, дапамагала як магла — перадавала ў дзіцячы дом памперсы і гігіенічныя прыналежнасці, дзялілася дзіцячымі адзёжкамі. У нашай арганізацыі шмат сяброў, якія гатовы ахвяраваць час і душэўнае цяпло дзецям, што засталіся без бацькоў. Шмат дзяўчат-валанцёрак ходзяць у дзіцячую бальніцу ці ў радзільню, каб дапамагчы медыкам даглядаць малых. Што да мяне, то з тым, як расло ўласнае дзіця, прыходзіла і разуменне — не толькі немаўлятам патрэбна падтрымка. Памперсы гэта, канечне, класна, толькі чалавечых зносін імі не заменіш.

Тады і вырашыла паспрабаваць сябе ў працы з падлеткамі і ўзялася весці прафарыентацыйны накірунак работы арганізацыі. Першым выкладчыкам стала сама — каб пазнаёміць дзяўчат з дзіцячага дома з асаблівасцямі ўласнай прафесіі - парыкмахера.

Першая спроба

«Я ж выдатна разумею, што не магу для іх аплаціць навучанне ва ўніверсітэце ці, скажам, купіць мэблю ў кватэру. Але я магу навучыць іх карысным навыкам, скіраваць у жыцці, распавесці аб прафесіях і магчымасцях сацыялізацыі. Гэта таксама дапамога, у 15 гадоў не кожны можа самастойна вызначыцца з выбарам спецыяльнасці».

У сваім нефармальным навучальным курсе Ірэна збіралася распавядаць аб простых рэчах, што мімаходзь засвойвае любая дзяўчынка, якая жыве ў добрай ў сям'і. Яна бачыць, як мама раніцай робіць прычоску, ці змывае макіяж увечары і пераймае досвед жаночай штодзённасці.

«Я ж сама памятаю, як была падлеткам — як вучылася бровы „шчыпаць“, як хацелася мамінай памадай вусны фарбаваць ці ўпотайкі пазногці красіць». Падлеткі, што жывуць у інтэрнаце, такой магчымасці і прыкладу не маюць.

Ірэна Лабачэўская, валанцёрка дабрачыннай арганізацыі «Хто, калі не я?», праводзіць занятак для падлеткаў з дзіцячага дома.
Для першага знаёмства Ірэна запрасіла групу дзяўчат з дзіцячага дому разам з выхавацелькай наведаць цырульню, дзе працуе.

«Гэта самая звычайная цырульня, у якую ходзяць звычайныя людзі. Чаму я хацела яе паказаць? Магчыма, каб разбурыць стэрэатыпы і папярэдзіць завышаныя чаканні „крутога“ салона. Як правіла, дзяцей з дзіцячага дома стыгуць на месцы. Мы дамаўляемся з адміністрацыяй, запрашаем валанцёраў-цырульнікаў, ставім у спартыўнай зале крэслы і стрыжом усіх ахвотных. Гэта добра, але ў самастойным жыцці да цырульніка трэба будзе хадзіць самім, не чакаючы запрашэння. Ды і майстар пачынае кар’еру са звычайнай цырульні. Да крутога салона трэба дарасці».

Толькі для ахвотных

«З адміністрацыяй дзіцячага дома мы дамовіліся, што не будзем нікога прымушаць наведваць гэтыя сустрэчы. І для сябе я вырашыла, што колькі б дзяцей ні прышло, буду праводзіць заняткі». На першую сутрэчу прыйшла толькі адна дзяўчынка. Выхавацелькі пабачылі, што Ірэна растроілася, пайшлі клікаць астатніх. Дзяўчаты прыйшлі, сталі моўчкі - позы закрытыя, не падыйсці. Але і прымушаць Ірэне нікога не хацелася — разумела, што ад навучання праз сілу карысці будзе не шмат. Сказала яшчэ раз, што могуць застацца толькі ахвотныя. Гэтым разам засталося чацвёра дзяўчат.

Удзельніцы навучальнага курса вучацца правільна падстрыгаць валасы і раўняць грыўкі. Нават калі ў парыкмахеры не пойдуць, такімі ўменнямі напэўна будуць карыстацца
З імі і распачалі першы навучальны курс. Распавядаць, кажа Ірэна, прышлося «без вады», толькі па справе. І не лезці ў душу, бо яны вось так адразу не пускаюць чужога. «Ужо пасля дзяўчаты раскрыліся і мы пасябравалі. Дзве з іх, Яна і Маша, пасля дзявятага класа пайшлі вучыцца на парыкмахераў».

Веды ад лекара і візажыста таксама патрэбны

Каб падчас навучання прадставіць не толькі ўласную прафесію, Ірэна запрашала на некаторыя тэмы адмыслоўцаў з той ці іншай галіны. «Пра санітарыю і гігіену працы распавяла лекар Оля Нікіціна. Ад медыка парады пра здароўе пазваночніка ці папярэджанне прафзахворванняў гучалі больш пераканаўча. Ды і пра інфекцыі, якія можна «падхапіць» у цырульніка, які няправільна апрацоўвае інструмент, яна расказвала з усёй сур’ёзнасцю.

Яна Алістратава (на першым здымку злева) у межах гэтага навучальнага курса праводзіць заняткі па візажы. На яе парады ў дзяўчат заўжды ёсць попыт
Занятак па макіяжы правяла візажыстка Яна Алістратава. Мадэлямі сталі самі дзяўчаты. Колькі радасці было, калі пад прафесійнымі пэндзлямі змяняліся іх тварыкі - не перадаць.

Грыўкі, косы, каласкі

На сваіх занятках Ірэна старалася падзяліцца ўменнямі, што прыгадзяцца ў жыцці кожнай дзяўчынцы. Распавядала і паказвала, як правільна падраўняць грыўку, як падабраць стрыжку пад свой тып твару і знешнасці. Таксама разам вучыліся заплятаць рознага кшталту каласкі і косы і нават фарбаваць валасы — кожнай па пару пасмачак. На гэтыя заняткі дзяўчаты прыводзілі ў якасці мадэляў сваіх сясцёр ці сябровак. А некаторыя прафесныя прыёмчыкі адпрацоўвалі нават на прычосках выхавацельніц.

Косы і ўкладкі - тое, чаму больш удзяляецца ўвагі ў сёлетняй, другой групе Ірэны Лабачэўскай. Гэтым разам сабраліся не толькі вучаніцы выпускных класаў, але і малодшыя дзяўчаты
«Дзяўчаты, што займаліся са мной увесь гэты час — проста класныя. Хоць курс даўно скончыўся, адносіны падтрымліваем дагэтуль. Яны заўжды прысылаюць віншаванні і вітанні праз сацыяльныя сеткі, дзеляцца здымкамі сваіх прац».

Сямейная гісторыя ў падтрымку валанцёрства

Жаданне Ірэны дапамагаць дзецям-сіротам падтрымлівае муж. Ён юрыст і таксама па-валанцёрску дапамагае арганізацыі «Хто, калі не я?». Зараз распрацоўвае памятку для выпускнікоў дзіцячых дамоў. Са словаў Ірэны, у складаных сітуацыях былыя дзетдомаўцы могуць разгубіцца і часам не ведаюць сваіх правоў. Дапаможнік мае быць ім карыснай падказкай.

Што да сваёй бацькоўскай сям'і, то напачатку да валанцёрства Ірэны тут ставіліся насцярожана. Дапамагла прымірыць усіх з яе рашэннем даўняя сямейная гісторыя. «Мне ўдалося высветліць, што мой прадзядуля быў усынаўлённым дзіцем. Яго ўзялі ў сям’ю зусім чужыя людзі, выхавалі і вырасцілі - ён стаў добрым сем’янінам. То, калі мама заводзіла размовы на тэму майго валанцёрства, я проста казала — некалі з нашай сям'і дзіця не пакінулі, то зараз мы мусім іншым дапамагчы».

Паступова і родныя, і сябры таксама падключыліся да дабрачыннасці - нехта грошы ахвяруе, нешта перадае неабходныя рэчы ці інакш дапамагае. «Праз гэта свет вакол выглядае дабрэйшым. Прынамсі - вакол мяне», — робіць выснову Ірэна.

Працяг — ёсць

Сёлета Ірэна Лабачэўская таксама праводзіла профарыентацыйны курс для выхаванцаў дзічячага дома. «Гэтым разам прыйшло больш цікаўных, зацікавіліся і малодшыя, каторым па 12−14 гадоў. Некалькі разоў заглядвалі нават хлопчыкі», — распавядае яна. У выніку гэтага курса адзінаццацікласніца Аня зацікавілася візажам, а Ангеліна, што зараз заканчвае дзявяты клас, вырашыла, услед за Машай і Янай, паступаць у коледж бытавога абслугоўвання, каб вучыцца на цырульніка. Астатніх удзельніц і ўдзельнікаў навучання Ірэна запрасіла на заняткі і ў наступным годзе.

На занятках у Ірэны дзяўчаты з дзіцячага дома вучыліся нават фарбаваць валасы. Да заняткаў групы некалькі разоў далучаліся і хлопчыкі
У далейшых прафарыентацыйных планах арганіацыі «Хто, калі не я?» — пашырэнне шэрагу прафесій, з каторымі можна пазнаёміць дзяцей. Таму Ірэна запрашае ахвотных прафесіяналаў далучацца да валанцёрскай каманды.

«Кожная прафесія па-свойму цікавая і мае свае магчымасці для самарэалізацыі. Падзяліўшыся досведам, кожны можна дапамагчы падлеткам зрабіць жыццёвы выбар».

Падзяліцца

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024