Людзі і справы

Калі самім вырашаць, на што пойдуць падаткі: беларусы ствараюць для сябе бібліятэку ў Вільні

У Вільні з’явіцца бібліятэка беларускіх кніг — у тым ліку сучасных аўтараў і дзіцячай літаратуры. Арганізаваць яе стала магчыма дзякуючы пілотнаму праекту па лічбавым самакіраванні ад платформы «Новая Беларусь». Пра бібліятэку, рэальнасць і прынцыпы самакіравання для беларусаў і пабудову лічбавай краіны Hrodna.life расказалі стваральнікі праекта.

Дзе браць кнігі, калі ты беларус

Шмат беларусаў і беларусак, якія з’ехалі з краіны, але хочуць захаваць сваю мову і культуру, сутыкнуліся з недахопам беларускіх кніг. Большасць не змагла забраць у эміграцыю хатнія бібліятэкі. Каб чытаць беларускія кнігі, іх трэба купляць наноў: замаўляць дастаўку з іншых краін або чакаць выпадку — прэзентацыі ці літаратурнага фэсту.

З’явілася патрэба ў фізічных бібліятэках, дзе кожны ахвотны мог бы ўзяць пачытаць кнігі на беларускай мове, беларускіх аўтараў або кнігі пра Беларусь. Такое месца вырашылі стварыць беларусы ў Літве. Бібліятэка з’явіцца на базе «Беларускага дома» ў Вільні (Vilniaus g., 20), расказала аўтарка праекта. Там ужо ёсць свой кніжны збор з некалькіх перададзеных раней прыватных бібліятэк. Але не хапала дзіцячай і сучаснай літаратуры, ёсць нязручнасці ў атрыманні кніг.

Існую бібліятэку «Беларускага дома» вырашылі ўдасканаліць і дакупіць выданні, якіх не стае, знайшлі бібліятэкара. Акрамя працы з чытачамі, ён будзе сістэматызаваць кнігі і рабіць каталог. На аснове каталога створаць сайт, каб чытачы маглі сачыць за наяўнасцю кніг і замаўляць іх анлайн. Бібліятэкару будуць дапамагаць супрацоўнікі «Беларускага дома» і валанцёры.

Такім чынам беларусы і беларускі ў Вільні з любым дастаткам змогуць чытаць кнігі для дзяцей і дарослых, якія выйшлі ў апошні час. Бібліятэка стане месцам збору людзей, якія любяць чытаць, і падтрымкай беларускім выдавецтвам і аўтарам. Карыстацца абноўленай бібліятэкай можна будзе ўжо ў бліжэйшы час.

Дзе знайшлі сродкі

Сродкі на стварэнне бібліятэкі ўдалося сабраць дзякуючы платформе «Новая Беларусь». Цягам году на ёй праходзіў пілотны праект па лічбавым самакіраванні: кожны карыстальнік, які плаціць падаткі ў Літве ці Польшчы, мог далучыцца і перадаць частку сваіх падаткаў у гэтай краіне на добрую беларускую справу.

Праект не загіне

На рэалізацыю праекта вылучылі год. Але і па заканчэнні гэтага часу бібліятэка не знікне і працягне працу. Каб яна заставалася прывабнай для чытачоў і пашырала фонд, стваральнікі шукаюць варыянты дадатковай падтрымкі. Таксама бібліятэку хочуць зрабіць больш digital, каб не было такой моцнай залежнасці ад чалавечага рэсурсу.

Гэта не першая беларуская бібліятэка за мяжой. Прыклад для стваральнікаў - беларуская бібліятэка і музей Францішка Скарыны ў Лондане, якая працуе больш за 50 гадоў; нядаўна адкрылася падобная бібліятэка ў Кракаве. Акрамя таго ёсць ініцыятывы абмену ўласнымі кнігамі. Мінскі праект кніжнага абмену «Мне не шкада» займеў свае «філіялы» ў Вільні і Варшаве.

Так бывае? Калі сам вырашаеш, на што ідуць твае падаткі

Паводле заканадаўства Літвы можна добраахвотна скіраваць 1,2% ад сваіх падаткаў нейкай дабрачыннай арганізацыі на выбар. Гэта прыкладна € 25−35 паводле сярэдняга заробку. Падатковыя дэкларацыі запаўняюць штогод вясной, а ўжо ўвосень сродкі на дабрачыннасць даходзяць да адрасата. Падобны механізм дзейнічае ў Польшчы — там можна перадаць на дабрачыннасць 1,5% падатка.

«Новая Беларусь» прапанавала, каб беларусы-падаткаплацельшчыкі змаглі не проста ахвяраваць грошы дабрачынным арганізацыям, але і самастойна абраць, якія беларускія праблемы вырашаць за гэты кошт, і паўдзельнічаць у іх вырашэнні.

«У дзяржаве ўлада ідзе ад грамадзянскай супольнасці. Менавіта людзі вырашаюць, хто будзе іх прадстаўляць і на што маюць ісці іхныя агульныя грошы, — падкрэслівае Глеб Герман, кіраўнік па маркетынгу і камунікацыі праекта „Новая Беларусь“. — Мэта нашага праекту — акумуляваць гэты рэсурс і самастойна вырашыць, куды пойдуць гэтыя грошы, і рэалізаваць новы праект на карысць беларускай супольнасці».

Да размеркавання супольных грошай можна было далучыцца і тым, хто не плаціць падаткі ў Літве ці Польшчы — за ўнёскі ў € 35.

Як абіралі праект для рэалізацыі

Сярод беларусаў і беларусак, якія ахвяравалі працэнт з падаткаў ці зрабілі ўнёскі ў Літве і ў Польшчы зладзілі збор ідэй і галасаванне за найлепшыя. Для гэтага на платформе «Новая Беларусь» стварылі закрытыя суполкі для ўдзельнікаў праекта. Літоўская суполка разглядала ідэі стварыць лічбавую беларускую школу або бібліятэку з беларускай літаратурай. Абралі бібліятэку.

У Літве пілотны праект па лічбавым самакіраванні праз падаткі і ўнёскі сабраў € 14 449. Агульная колькасць удзельнікаў у Літве і Польшчы — 264 чалавек.

«Асноўнай мэтай было паказаць, што нават невялікая група людзей можа самастойна вырашаць свой лёс. Далей можна ісці і працаваць з усей краінай!», — кажа Глеб.

Што такое «Новая Беларусь»

Ініцыятыва «Новая Беларусь» — гэта экасістэма прадуктаў і платформ, скіраваных на аб’яднанне беларусаў незалежна ад іх месцазнаходжання, і вырашэнне іх праблем. Зараз у экасістэме прыкладна 55−58 тысяч карыстальнікаў. Каля 52% людзей знаходзяцца ў Беларусі.

Год таму з’явіўся дадатак «Новая Беларусь», які стваральнікі называюць лічбавай версіяй дэмакратычнай Беларусі ў смартфоне. За год праект пашырыўся па функцыянальнасці і аўдыторыі і сёння ўпэўнена рухаецца ў бок ідэі, калі лічбавая супольнасць можа стаць лічбавай краінай, мяркуе Павал Лібер, сузаснавальнік платформ «Новая Беларусь» і вядомай беларусам пасля выбараў 2020 года «Голас».

Планы «Новай Беларусі» амбітныя — аж да магчымасці ў будучыні праводзіць дэмакратычныя электаральныя івэнты. Для гэтага карыстальнікам будуць прапаноўваць выпусціць Digital ID (спецыяльны акаўнт на аснове беларускага пашпарта), але карыстальнікі будуць захоўваць дадзеныя ў сябе і ніякага цэнтральнага рэестра дадзеных не будзе. «Мы зараз як раз на этапе закрытага тэставання гэтай тэхналогіі», — расказаў Павал Лібер для Hrodna.life. Пакуль жа ўсе карыстальнікі платформы ананімныя для іх бяспекі.

Ад здароўя і юрыстаў да падкастаў і знаёмстваў

Зараз платформа «Новая Беларусь» аб’ядноўвае:

  • платформу «еЗдароўе», дзе можна атрымаць кансультацыю лекара-адмыслоўца;
  • LegalHub — бяспечнае і бясплатнае кансультаванне юрыстаў;
  • карысную інфармацыю па некалькіх краінах, куды найчасцей эмігруюць беларусы;
  • карту зніжак і пералік бізнесаў, заснаваных беларусамі ў розных гарадах;
  • афішу беларускіх падзей у розных гарадах замежжа;
  • карту з беларускімі мясцінамі за мяжой (інтэграцыя з праектам kultmapka.me);
  • дадатак Digital Solidarity, дзе месцяцца фонды, зборы і ініцыятывы, якія працуюць для пераменаў у Беларусі;
  • «Усё будзе легальна» — праект для беларусаў і беларусак у эміграцыі пра легалізацыю;
  • беларускія падкасты, адукацыйныя праграмы і праекты, рэсурсы для вывучэння беларускай мовы і беларускіх традыцый і гісторыі, сэрвісы з дзіцячымі забавамі, ды іншае.

Да канца года выйдуць модуль падтрымкі рэгістрацый на івэнты, набор палітычных модуляў, вялікае абнаўленне для модуля супольнасцяў і поўнае абнаўленне раздзела «Знаёмства». Апошняе будзе з магчымасцю мець неананімны профіль, пра што прасілі карыстальнікі гэтай часткі.

Платформа «Новая Беларусь». Скрыншот Hrodna.life

Над напаўненнем платформы стала працуюць трое — кантэнт-крэатаркі з фул-тайм загрузкай. Частка інфармацыі прыходзіць праз партнёрства з рознымі арганізацыямі.

Платформа не звязаная з аднайменнай палітычнай канферэнцыяй. Як і было задумана ад пачатку, платформа захоўвае палітычную нейтральнасць. «Мы радыя ўсім, хто супраць Лукашэнкі і за дэмакратычныя каштоўнасці», — падкрэслівае Лібер.

Як захоўваць бяспеку

Амаль адразу пасля прэзентацыі ў Беларусі дадатак прызналі экстрэміскай інфармацыяй.

«Мы чакалі адтоку аўдыторыі, але яго не адбылося, збольшага таму, што ўсё, што можна, ужо прызналі экстрэмісткім, і гэта не выклікае нейкіх рэакцый, — патлумачыў Павал Лібер. — Частка модуляў, такіх, як афіша ці супольнасці ў нас ужо даступныя ў вэбе і хутка ўся функцыянальнасць будзе даступная праз гэты канал, калі чалавек не хоча ставіць дадатак. А рэкамендацыі застаюцца тыя ж — выкарыстоўвайце VPN і пазбягайце паведамляць недзе свае персанальныя дадзеныя».

Апошнія запісы

Шматразовыя лампадкі і шалупіна замест фарбавальніка. Тры спосабы скараціць экаслед на Радаўніцу

Штучныя кветкі на магілах доўга раскладаюцца і вылучаюць таксіны. Іх лепш замяніць жывымі кветкамі. Яйкі…

8 мая 2024

«Усё, што заўгодна, каб выратаваць чалавечыя жыцці». Музыкі гурта Irdorath далі першае інтэрв'ю пасля вызвалення

Музыкі гурта Irdorath Уладзімір і Надзея Калач далі першае інтэрв'ю пасля свайго вызвалення вясной 2023…

7 мая 2024

Штраф за сцяг, спекуляцыі малаком і сарваны канцэрт — што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з…

5 мая 2024

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024