«На ўласнай скуры» адчулі жаночую гісторыю і расказалі праз фота

Сукенку трэба было выбраць адну. «Значыць вазьму дзве» — ведаючы ўласную цягу да прыгожага адзення, уздыхнула сама сабе. Сукенкі нагадалі дзяцінства. У мамы і цёткі былі падобныя строі. Яшчэ прыгадаліся дзіцячыя ўяўленні аб прыгожым. «Прыгожа» — гэта калі да пят і каб блішчала. І вось — трымаю у руках дзве бліскучыя ў поўным сэнсе слова сукенкі.


Тры гады таму, у 2014, студэнткі, выкладчыцы і валанцёркі праграмы «Універсітэт Залатога Веку» і фатограф Уладзіслаў Мігдалёнак зладзілі фотапраект «Рэтра-сукенка». Сёлета ад 1 кастрычніка гэтыя здымкі дэманструюцца ў Цэнтры гарадскога жыцця на выставе УЗВ, прымеркаванай да Сусветнага Дня сталых.


Бела-зялёна-залаты строй нагадаў маму. У яе была такая выхадная парчовая сукенка, толькі ў срэбна-попельна-бэзавай колеравай гаме.

Другая, сіняя — хоць зараз на подыум. Хаця Раіса Цітаўна Малыхіна, яе ўладальніца, расказвае, што пашыла ўбор пад новы, ці то 1974, ці то 1975 год.

«Мо толькі два разы яе надзела. Першы раз — на новы год. Раяна агранізавала святкаванне для педагогаў у тэатры. Парамі запрашалі, я з мужам пайшла. Дзед Мароз там быў і Снягурачка. Нам больш чым па сорак было, усе настаўнікі, а паводзілі сябе, як дзеці. Хараводы вадзілі, смяяліся. Шкада, што тады не было фотаапаратаў і тэлефонаў, як зараз, каб усё гэта зняць на памяць. От так мне запомніўся першы раз, калі я гэту сукенку надзела».

Раісе Цітаўне зараз 85. Амаль напалову больш чым мне. Але за апошнія гады яна была мне і «Раісай Цітаўнай» і «Раечкай, коцікам». Чатыры гады яна наведвала мой курс па стылі і прыгажосці ва УЗВ. Мы рабілі кветкі і пацеркі, знаёміліся з народнымі лялькамі і традыцыйнымі строямі, перакройвалі старыя рэчы на новы лад і рыхтвалі модныя паказы. Жаночы свет — ён па-за часам. Мода — яна вяртаецца. Жыццёвы досвед сталых жанчын раіць памятаць мінулае. Яны захоўваюць пажоўклыя здымкі і берагуць старыя сукенкі, каб праз іх расказаць пра жыццё свайго пакалення.

Стаю ў сіняй сукенцы на вуліцы. Вясна. І нават не май месяц. Адчуваю сябе напружана. Сукенка колецца неймаверна. Падобна, што срэбныя ніткі парчы — гэта сапраўдныя металічныя драты. Час мяккіх сінтэтычных «люрэксаў» яшчэ не прышоў. Да таго ж сесці і ўстаць — значыць пакамячыць сукенку непапраўна. Як жа Раіса Цітаўна у ёй танцала і весялілася цэлы вечар? Гэта ж колькі трэба мець душэўных сіл, якое моцнае жаданне быць прыгожай і шчаслівай, каб захаваць радасны ўспамін пра той навагодні вечар. Як жа многа расказала мне бліскучая сукенка пра тое, пра што Раіса Цітаўна прамаўчала.

«Быць удзельніцай праекта мне вельмі спадабалася, — дзеліцца ўражаннямі Оля Астроўская. — На той момант, калі рабілі праект, можа і не адчувала нічога асаблівага.

Цікава было прымяраць сукенку, адзначаць, як добра яна захавалася. А калі прыйшла сёння на выставу — адчула, наколькі гэта феерычна, наколькі падымае. Гэта — каштоўна.

Нават шкада, што не маю зараз той сукенкі, я б зноў яе апранула. У нашай сям'і не захавалася адзення маёй бабулі ці прабабулі і адзення дзядуль — таксама. То прымераць сукенку, прынесеную студэнткамі УЗВ, для мяне было гонарам. Адзець і паказаць сувязь пакаленняў».

Оля расказвае, што падчас фотасесіі адчувала сябе тагачаснай жанчынай, якае чакае мужа з працы, выглядаючы з вакна.

«Такое ўражанне, што пабыла ў тых гадах. Нібы ведала, што ён прыдзе стомлены, а я хацела чакаць яго прыгожа апранутай, каб гэта падымала настрой».

«Фатаграфавацца ў рэтра-сукенках было вельмі цікава, — расказвае Варвара Злобіна. — Гэтыя сукенкі знайшлі мае бацькі на гарышчы хаты, якую яны набылі.

Сукенкі не належалі нашым сваякам і невядома дакладна, колькі ім гадоў. Я ведаю, што жанчына, у якой купілі хату, нядаўна памерла, ёй было каля 90. Яна шыла тыя сукенкі для сябе ў маладосці.

Строі не маюць сучасных „маланак“, гузікаў і машыннага шытва. Але, калі я іх апранала, думала, што гэтыя сукенкі былі святочнымі для жанчыны, што яна апранала іх вельмі рэдка. Незважаючы на гады, строі былі ў ідэальным стане. Потым я іх апранала нават проста так, у горад. Столькі гадоў яны ляжалі і былі толькі святам, а я цяпер маю магчымасць насіць іх кожны дзень, бо ў мяне не такое цяжкае жыццё, як было калісці ў той жанчыны. Гэта думка мяне чамусці вельмі ўразіла. Прашло толькі 50 год, а мы жывём значна лепш, зусім не так, як тое пакаленне».

Настальгія, аднак, не самае галоўнае ў выставе, мяркуе Варвара. «Я вельмі рада, што гэта выстава выйшла ў горад. Ва Універсітэце Залатога Веку мы робім шмат цікавых праектаў - і фатаграфічных, і паэтычных. Але раней яны так і заставаліся ўнутры. Зараз мы вышлі ў горад. Мне падаеца — гэта вельмі крута. Свята атрымалася вельмі прыгожае. Я шчаслівая».


Выстава Універсітэту Залатога Веку дэманструецца ў Цэнтры гарадскога жыцця ад 1 да 14 кастрычніка. Разам з праектам «Рэтра-сукенка» там можна пабачыць і другі фотапраект, прысвечаны сталым людзям — «Анатомія цела» Яўгена Ацтэцкага з Мінска.

[irp posts="35 447″ name=" Анатомію цела" і «Рэтра-сукенку» пакажуць на выставе да Дня сталых людзей"]

Уваход на выставу — вольны.

Праграма «Універсітэт Залатога Веку» была заснавана ў Гродне ў красавіку 2010 г. Яе ініцыятарамі сталі сябры грамадскага аб’яднання «Цэнтр «Трэці сектар». З 2015 г. праграма рэалізуецца сумесна з прыватнай установай «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024