Людзі і справы

Могілкі ці крэматорый? Як Гродна будзе хаваць сваіх памерлых

hrodna.life
Могілкі ці крэматорый? Як Гродна будзе хаваць сваіх памерлых
Пытанне, як пахаваць блізкага чалавека, штогод вырашаюць каля 3 000 гродзенцаў з 373 547 жыхароў горада. Большасць зараз хаваюць сваіх блізкіх у Аўльсе. Ад 1997 года тут месцяцца адзіныя адкрытыя для пахаванняў гродзенскія могілкі. Зараз іх плошча складае 39,99 гектараў. Агулам на тэрыторыі Гродна існуе 15 могілак. Яны займаюць 382 гектары – прыкладна як 500 футбольных палёў ці 5 Румлёўскіх паркаў.
"Назад у Гродна я свайго бацьку цягнуў у заплечніку, ехаў аўтаспынам. Нават крыху забаўна: я іду з невялікім заплечнікам, у заплечніку вязу бацьку", – узгадвае гродзенец Андрэй Несцяровіч пра досвед крэмацыі блізкага чалавека. "Калісьці даўно, у паўжартоўнай форме, ці на поўным сур'ёзе, бацька казаў, каб яго спалілі і развеялі па ветру. Казаў, не хоча, каб яго елі чэрві, каб ён займаў месца. Тады я не моцна пра гэта задумваўся, бо не было падобна, што бацька хутка памрэ. Калі ж ён абсалютна нечакана сканаў, то ўспрыняў ягоныя словы за прамую інструкцыю. Спаліць можна ў крэматорыі. Крэматорый у Мінску. Добра, павязём у Мінск".
Як працуе адзіны ў Беларусі крэматорый
Адзіны ў Беларусі крэматорый знаходзіцца за кальцавой дарогай беларускай сталіцы, на Паўночных могілках. Чатыры ўстаноўкі для крэмацыі могуць працаваць пастаянна, па 24 гадзіны на суткі. У адной з пячэй спальваюць так званыя хірургічныя адходы, якія перадаюць медустановы. У астатніх крэміруюць памерлых. Адзіны выхадны ў крэматорыі – на Новы год.
Мінскі крэматорый пабудавалі ў 1986. За першы год працы тут крэміравалі 1000 чалавек. У 2018 годзе – 7000. Гэта – каля паловы ад агульнай колькасці памерлых летась у Мінску. Па словах кіраўніка ўстановы Валерыя Цвяцінскага, штодня паступае па 17–18 заявак на крэмацыю. Год таму іх было каля 10.

З іншых населеных пунктаў прывозяць нябожчыкаў не часта. На тыдзень можа быць ад 2 да 5 такіх крэмацый. Супрацоўнікі кажуць, што звяртаюцца не толькі з Беларусі, але і са Смаленска ці Калінінграду - праз розніцу ў коштах. З Гродна сюды прывозяць 50–70 памерлых на год.
Кіраўнік крэматорыя працуе на сваёй пасадзе 15 гадоў. Кажа – патрапіў амаль выпадкова, а раней быў трэнерам па плаванні: "Калі я нарадзіўся, вучыўся, адслужыў у войску, я ніколі не думаў, што буду працаваць у крэматорыі. Але гэта – звычайная праца, такая ж, як усе. Людзі працуюць патолагаанатамамі, зубнымі дактарамі, практолагамі..."
Апошні агонь мае быць экалагічным
Печы мінскага крэматорыя апошні раз мянялі у 2007 годзе. Зараз тут стаіць абсталяванне чэшскай фірмы ТАБО-CS, што працуе на прыродным газе. На адну крэмацыю патрэбна 70 мінут часу і 30 кубічных метраў газу. Печы складаюцца з дзвюх камер. У першай памяшчаецца труна з целам. Пры гарэнні ўсе цвёрдыя рэчывы ў камеры ператвараюцца ў газы. Гэтыя газы патрапляюць у другую камеру, дзе згараюць канчаткова. Колькасць шкодных выкідаў пры спальванні целаў не перавышае ўсталяваныя нормы. За ўвесь час працы крэматорыя прэтэнзій ад эколагаў не было.
Працэс крэмацыі аўтаматызаваны, умяшальніцтва чалавека мінімальнае. Праграма аўтаматычна задае неабходную тэмпературу каля 700 градусаў. Па словах супрацоўнікаў, калі труна пакрытая лакам, тэмпература можа падскочыць і да 1000 градусаў.

У камеры змяшчаецца толькі адна труна. Адкрыць дзверы немагчыма, пакуль працэс спальвання цалкам не завершыцца.
Апошні дакумент – "рэгістр"
На працягу ўсіх працэсаў крэмацыі побач з целам, а пасля прахам, знаходзіцца "рэгістр" – цыдулка з унікальным рэгістрацыйным нумарам, пад якім праводзіцца крэмацыя. Кантроль вельмі строгі: рэгістр ляжыць на веку труны да змяшчэння яе ў печ, пасля мацуецца на вонкавым боку дзвярэй пячы, у якой крэміруецца цела.

Зольныя парэшткі пасля крэмацыі складаюцца з косткавых фрагментаў

і незгарэлых металічных дэталяў труны – ручак і цвікоў. Іх аддзяляюць ад попелу магнітам. Астатняе здрабняюць у крэмулятары з дапамогай 4-5 металічных шароў. Здробнены попел прасейваецца, каб аддзяліць каштоўныя металы тыпу золата ці плаціны, бо іх не бярэ магніт. Пасля попел змяшчаюць у тэкстыльны мяшэчак. Сюды ж укладаюць і "рэгістр". "Памерлы – крэмацыя – прах: гэта ўсё адно, адна лінія", – тлумачыць Валерый Цвяцінскі.
Праца як праца
Крэмацыя здзяйсняецца з 8:00 да 16:00. Чэргаў, па словах дырэктара, няма. Па заяўцы для іншагародніх выдаць прах могуць на працягу 24 гадзін. У астатніх выпадках прызначаецца пэўная дата, калі можна забраць урну. Калі не паспелі забраць у тэрмін, то прыйдзецца аплаціць далейшае захоўванне.

"Паток спальванняў пастаянны, у чарзе ніхто не чакае. Канешне, калі заяўка прыйшла ў канцы працоўнага дня, то цела змяшчаецца ў халадзільную камеру да раніцы. То бок у нас халадзільнік практычна заўжды пусты, толькі можа быць ноччу працуе".
Печы абслугоўваюць пяць машыністаў рытуальнага абсталявання. Адзіная прафесійная падрыхтоўка, якую яны праходзяць – навучанне на курсах па абслугоўванні газавага абсталявання. Яшчэ адна асаблівасць прафесіі – штогадовая медкамісія. У дадатак да звычайнага набора дактароў супрацоўнікі крэматорыя праходзяць яшчэ псіхатэрапеўта і нарколага. Агулам тут працуе 46 чалавек.
Цякучкі кадраў, па словах дырэктара, няма. Да абавязкаў супрацоўнікі ставяцца спакойна – праца ёсць праца. Але прызнаюць – псіхалагічна не вельмі проста: "Бывае, кажа некаторы – у мяне маці памерла. Маці! Гэта першы раз, і вы павінны мне тут усё. І нікога не хвалюе, што ў нас такіх, дапусцім, трыццаць штодня. І што ў кожнага гэта здараецца ў першы раз", – расказвае адзін з супрацоўнікаў крэматорыя. Часам на рытуалах развітання людзі страчваюць прытомнасць. Таму валяр'янка і нашатыр – самыя запатрабаваныя лекі ў аптэчках галоўнага корпуса і развітальнай залы.
Што рабіць з урнай пасля
Праз два гады пасля смерці бацькі Андрэй узгадвае пра ўражанні аб крэмацыі амаль спакойна. Кажа, забіраць урну з попелам прызначылі праз два тыдні, дадому вяртаўся на папутках.
"Чорная іронія: чалавек, да якога падсядаеш у машыну, не ведае, што ты вязеш, а ты – ведаеш. Ты вязеш не проста парэшткі чалавека. Ты вязеш кавалак свайго жыцця, сваіх няздзейсненых спадзёваў, чаканняў, купіну крыўдаў і расчараванняў, куды дамяшана ўдзячнасць, успаміны, і гэтае ўсё месіва вельмі спецыфічнае, і ва ўнутраным стане намяшана ўсяго, яго нельга ахарактарызаваць нейкім словам".
Урну з попелам бацькі вырашылі "падхаваць" да магілаў блізкіх сваякоў. "У нас у сям'і раней ніхто нікога не спальваў. Нюанс яшчэ ў тым, што Капліцкія могілкі [за вёскай Вялікая Капліца на мяжы Гродна, у бок "Азота"], дзе хавалі ўсіх Несцяровічаў – старыя і маленькія, хаваць там няма дзе асабліва. Як інакш было пахаваць бацьку побач з ягонымі бацькамі, на маленькі кавалачак зямлі? Куды ўсунуць яшчэ труну? Думак пакінуць у мінскім калумбарыі не было: Несцяровічы – гродзенцы ў пяці пакаленнях, а то і больш. Усе, хто тут жыў – пахаваныя тут, для мяне гэта важна. Думаю, дастаткова добра ведаў бацьку, каб лічыць яго згодным з гэтым рашэннем. Калі ўжо нельга развеяць попел, то ён бы хацеў быць пахаваным сярод сваіх".
Па словах кіраўніка мінскага крэматорыя, забіраюць урны з попелам каля паловы замоўцаў крэмацыі. Досыць часта вывозяць прах і за мяжу: у Ізраіль, Амерыку, Украіну. Найчасцей так адбываецца ў сітуацыі, калі дзеці памерлага з'ехалі туды жыць і забіраюць прах з сабой. Для вывазу за мяжу урну апячатываюць і выдаюць даведку мінскага крэматорыя, што ўнутры няма пабочных укладанняў, каб на мяжы яе не ўскрывалі.

Мінчукі ўсё часцей пакідаюць урны ў калумбарыях – сценах смутку. Гэта працэдура прасцейшая ў афармленні, чым "падхоўванне" да існых магіл. Замоўцам пры крэмацыі і змяшчэнні урны ў калумбарый можа быць хоць сябар, хоць сусед, які ведае апошнюю волю нябожчыка.
Калумбарыі на мінскіх могілках дабудоўваюць пастаянна. Каля крэматорыя – штогод, на іншых могілках – па меры патрэбы. У калумбарыі можна забраніраваць да трох нішаў у дадатак да той, дзе хаваюць урну, каб быць пэўным, што ўсе родныя будуць побач.

Частку урнаў пасля крэмацыі не забіраюць, расказвае кіраўнік крэматорыя. "Зараз іх трэба захоўваць тры гады, а пасля пісьмова папярэджваць замоўцу, што ў выпадку няяўкі урна будзе пахавана ў агульнай магіле. Не забіраюць прах, як правіла, людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця".
Незапатрабаваныя урны хаваюць па 60–70 разам. Апошняе такое пахаванне адбылося ў 2017 годзе на Заходніх могілках Мінска. Звесткі пра агульныя пахаванні застаюцца і на саміх могілках, і ў крэматорыі. Калі знойдзецца ці адумаецца хтосьці з родных, яны будуць ведаць, куды прыйсці.
Дзе хаваюць у Гродне
На кожнага жыхара горада на могілках рэзервуецца 0,24 гектары плошчы. Для традыцыйных пахаванняў, з улікам росту насельніцтва, да 2030 года спатрэбіцца каля 97 гектараў зямлі. Дапускаюцца і "падхоўванні" да існых магілаў, калі ад моманту апошняга пахавання мінула больш за 20 гадоў.
"Падазраю, у Гродне вельмі шмат каго крэміруюць, хоць крэматорый толькі адзін на ўсю краіну, – разважае Андрэй Несцяровіч. – [Cтарыя існыя] могілкі маленькія. Каб пахаваць яшчэ кагосьці, табе трэба фактычна варушыць чужыя косткі. Улічваючы яшчэ дзве вайны сусветныя, якія прайшліся тут, тое, колькі надмагілляў знесена, колькі людзей памерла без сваякоў і іх магілы не даглядаюць… Кожны лапік зямлі на гэтых маленькіх могілках мной успрымаецца як месца, дзе найверагодней ужо нехта ляжыць. І чым меншую ямку ты капаеш, каб апусціць туды яшчэ адно цела, тым менш ты паварушыш тых, хто ўжо там. Для мяне бацькава крэмацыя была яшчэ пытаннем своеасаблівай этыкі да іх".
Летась пры разглядзе генеральнага плана забудовы горада ізноў паднялі пытанне аб мэтазгоднасці пабудовы ў Гродне крэматорыя і калумбарыя. Распрацоўшчыкі генплана мяркуюць, што ў такім выпадку спатрэбіцца ад 35 да 70 гектараў на пашырэнне могілак – у залежнасці ад прапорцыі традыцыйных пахаванняў і крэмацый.

Калі размясціць крэматорый на адзіных адкрытых для новых пахаванняў могілках "Аўльс", плошча санітарна-ахоўнай зоны для яго супадзе з межамі мінімальнай адлегласці да забудовы ад дзейных могілак.
Крэматорый: паміж эканомікай, экалогіяй і культурай
Аляксандр Шэйтэр, намеснік дырэктара гродзенскага Пахавальнага дома мяркуе, што пабудову ў Гродне крэматорыя стрымлівае дарагавізна. "Крэматорый – месца свайго роду рытуальнае, адпаведна і будынак мусіць быць манументальным, а гэта нятанна для горада ці для інвестара. Нават светлафоры не ставяць, калі гэта эканамічна неабгрунтавана".

Вырашальным, яго меркаваннем, будзе ўсё ж не экалогія і нават не эканоміка, а чалавечы фактар. З аднаго боку, традыцыі і кансерватызм тутэйшых людзей граюць супраць крэмацыі. З іншага боку – праз тыя ж традыцыі вымушаны на крэмацыю згаджацца. "Людзі імкнуцца, каб іх пахавалі побач з блізкімі, а існыя могілкі з кожным годам усё больш загружаныя. "Падхаваць" урну ў такой сітуацыі лягчэй, чым труну".
"Гэта вельмі няпростае для распрацоўкі пытанне, – разважае аб мэтазгоднасці крэматорыя ў Гродне Аляксандр Шэйтэр. – Важна, каб яно не ўспрынялася людзьмі як нейкі ціск. Крэмацыя мусіць з'явіцца эвалюцыйна, і экалогія ў гэтым пытанні – не самая важная справа. Месца для могілак знойдуць. Напрыклад, каля горада-спадарожніка Гродна – Скідзеля, у 30 ці ў 40 кіламетрах ад Гродна, ці "Аўльс" могуць пашырыць. Ніхто і ніколі не пакіне горад без могілак".

У Гродне, мяркуе Аляксандр Шэйтэр, варта спачатку будаваць калумбарый. Найбольш прыдатным месцам для яго спецыяліст лічыць могілкі "Сакрэт" на праспекце Касманаўтаў. Гэта вырашыла б пытанне эстэтыкі плоту і месца для захавання урнаў.
"З майго гледзішча, калумбарый значна больш першасны. Іначай чалавек папросту не будзе бачыць, для чаго патрэбна крэмацыя, калі яго, напрыклад, няма да каго падхоўваць. Наяўнасць калумбарыяў памяняла б падыход да пахавання. Тады можна было б пачынаць абмяркоўваць неабходнасць крэматорыя. Таксама наяўнасць калумбарыя дазволіць людзям значна эканоміць на ўсталёўцы будучага помніка".

Гэту тэзу падцвярджаюць кошты ў рытуальнай краме пры мінскім крэматорыі. Урны для праху тут каштуюць ад 16 рублёў. Плітка на калумбарную нішу ў залежнасці ад матэрыялу і афармлення – ад 10 да 120 рублёў.
Генеральны дырэктар Пахавальнага дома, Юрый Талевіч, распавёў, што гадоў 15 таму тут разглядалі варыянт пабудовы крэматорыя. "Нам было вылучана 2 гектары зямлі. Планавалі збудаваць вялікую памінальную кавярню, калумбарый і крэматорый. Мэта была, каб тут быў комплекс – у крэматорыі спалілі, тут жа ў калумбарыі пахавалі, у кавярні памянулі. Усё было б прыгожа. Але "матэматыкі" ў гэтым не было. Прышлі да высновы, што крэматорый рэнтабельны ў горадзе з насельніцтвам ад мільёна. Да таго ж, гэта павінна быць у традыцыі".

Мясцовыя жыхары, яго меркаваннем, пакуль да крэмацыі не схільныя: "Спачатку людзі кажуць, што хочуць, каб іх крэміравалі, каб не было ніякіх праблем. Але калі даходзіць да справы, то ўсе хочуць, каб было па-хрысціянску, каб было развітанне, каб адпеў бацюшка. А ці будзе бацюшка адпяваць перад крэмацыяй? У кожным прыходзе сваё бачанне", – разважае Юрый Талевіч.
Як ставіцца рэлігія
Першы ў Беларусі крэматорый будавалі за савецкім часам, калі пытанні рэлігіі ўвогуле не бралі да разгляду. Зараз на выбар спосабу пахавання часта ўплываюць і пытанні веры.
"З родных ніхто не зразумеў [намеру крэміраваць памерлага бацьку]. Ягоная жонка на той момант, сталая каталічка, распачала фактычна вайну на тэму спосабу пахавання. Яна была катэгарычна супраць. Кшатлту, так не робіцца і касцёл не дазволіць, і імшу па ім спраўляць не будуць. Калі пайшлі на кансультацыю ў касцёл, праблема ўзнікала не з тым, спаліць ці не спаліць. Там растлумачылі, што гэта нармальная з'ява і касцёлам крэмацыя не забараняецца. Бяда стала ў тым, што бацька не спавядаўся перад смерцю і вёў няправедны лад жыцця. Менавіта праз гэта ўзнікла праблема з адпяваннем. У выніку ксёндз усё ж прысутнічаў пры развітанні".

"Мала мне было стрэсу ад таго, што ў мяне памёр бацька ў 52 гады, калі ён яшчэ быў мне патрэбны, і патрэбна была ягоная падтрымка. Мне давялося яшчэ, каб пахаваць яго, як ён хацеў, "ваяваць" з ягонымі суродзічамі. Перажываць смерць бацькі было б нашмат прасцей, калі б была ўзаемападтрымка", – расказвае Андрэй Несцяровіч.
Насамрэч, царква і касцёл рабілі афіцыйныя выказванні наконт крэмацыі. У 1963 годзе каталіцкая царква падчас Другога ватыканскага сабору дазволіла крэмацыю, забараніўшы развейванне попелу.

"Каталіцкая царква ставіцца да крэмацыі пазітыўна, калі гэта не робіцца з нейкіх ідэалагічных прычын, – кажа святар гродзенскай грэка-

каталіцкай парафіі Андрэй Крот. – Калі прычыны практычныя – гэта не асуджаецца. У маёй практыцы быў выпадак, калі хавалі чалавека, што самотны жыў у Мінску, а яго радня – тут, у Гродне, яго хацелі падхаваць да блізкіх. Яго крэміравалі, недзе месяц узгаднялі фармальнасці і толькі праз месяц я яго пахаваў".

Меркаваннем святара, у выпадку пабудовы ў горадзе крэматорыя больш людзей будзе звяртацца да крэмацыі менавіта з практычных мэтаў. Ён распавядае, што на ранейшых вясковых могілках, напрыклад, на Дзевятоўцы, бачыў помнікі, на якіх напісана ўжо з дзясятак прозвішчаў, бо пакаленнямі хавалі ў адным і тым самым месцы. Цяпер такое ўжо немагчыма, але крэмацыя вырашыла б сітуацыю.

"Калі ж чалавек праз крэмацыю дэманструе сваё нявер'е, канешне, для каталіцкай царквы гэта непрымальна".

У маі 2015 года архірэйскі сабор, вышэйшы орган кіравання Рускай праваслаўнай царквы, да якой належыць і беларуская, таксама прызнаў крэміраванне дапушчальным. Было пастаноўлена, што крэміраваныя нябожчыкі, як і пахаваныя традыцыйным спосабам, маюць права на адпяванне і паніхіду па праваслаўным звычаі.
Гродзенскі святар Георгій Рой, протаіерэй, настаяцель
Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора, крэмацыю
не падтрымлівае. Ён тлумачыць, што гэта супярэчыць хрысціянскай традыцыі. У прыклад святар прыводзіць Ізраіль, невялікую краіну ў 22 072 квадратных кіламетры, дзе няма лішняй зямлі, але пры тым няма і крэматорыяў. "Мы не можам навязваць сваё меркаванне людзям, якія не падзяляюць хрысціянскіх каштоўнасцяў, але для хрысціян гэта недапушчальна".
Практычным выйсцем з праблемы нястачы плошчы пад могілкі айцец Георгій бачыць спробу іншай іх арганізацыі.

У адпяванні айцец Георгій не адмовіць у выпадку, калі нябожчыка вырашылі крэміраваць без яго волі, але кажа, што як святар пастараецца пераканаць сваякоў памерлага ў памылковасці такога рашэння.

У крэматорыі па пытаннях рэлігіі трымаюць нейтралітэт. "Кожны мае сваё меркаванне. Адзін забараняе, другі дазваляе. Гэта іх канон, мы аніяк у яго не ўмешваемся. Хочаце – прыходзьце, мы не супярэчым. Не хочаце – не прыходзьце, – тлумачыць сваё стаўленне начальнік мінскага крэматорыя.
– Былі ў нас і крышнаіты, у іх свае рытуалы, у будыстаў – свае". Калі нехта пажадае дадаць элементы цырымоніі звыш стандартнага пратаколу, усё можна абмеркаваць і падрыхтаваць. Напрыклад, калі крэміруюць супрацоўнікаў спецслужбаў ці вайсковых ветэранаў, замаўляюць залп і гімн.
Пасля пахавання
Паводле звестак "Спецаўтагаспадаркі", што апякуецца ўсімі могікамі Гродна, штомесяц тут хаваюць блізу 200300 чалавек. Падхаванняў да існых магіл каля 500 на год. Капанне магіл адбываецца толькі з дазволу САГ, па заяве і з занясеннем у базу Міністэрства ўнутраных спраў.

"Аўльс" – ўжо цэлы горад, і хутка не будзе, дзе хаваць", – кажа кіраўнік участка грамадзянскага абслугоўвання САГа Аляксандр Ясюкевіч. Выйсцем, на яго думку, можа стаць уніфікацыя пахаванняў, прывядзенне іх да адзінага стандарту і плошчы.

Гэта аблегчыць і працу супрацоўнікаў, што абслугоўваюць могілкі. Зараз усе 382 гектары 15 гарадскіх могілак абслугоўвае ўсяго 12 чалавек. У іх абавязкі ўваходзіць падтрыманне парадку, уборка, збіванне наледзі ўзімку і пакос улетку, рамонт смеццевых бакаў і вываз бытавых адходаў.
Пра магчымасць крэмацыі ў спецыялістаў з могілак пытае прыкладна кожны дзясяты з тых, што звяртаецца з нагоды пахавання. Далейшы попыт на крэмацыю будзе залежаць ад кошту, мяркуе Ясюкевіч. Зараз для гродзенцаў цану значна падвышае замова спецтранспарту, каб давезці памерлага да Мінска і назад.

Паводле звестак аднаго з гродзенскіх пахавальных агенцтваў, кошт спецтранспарта з Гродна складае каля 400 рублёў. Крэмацыя ў сталічным крэматорыі "пад ключ" абыдзецца гродзенцам прыблізна ў 600 рублёў і зойме адзін дзень. Каля 9:30 машына даставіць цела ў крэматорый, каля 12:00 забярэ урну з прахам і да канца працоўнага дня вернецца ў Гродна. Развітанне ў крэматорыі ў такім выпадку не арганізоўваюць. Паслугу крэмацыі ў агенцтве замаўляюць 3-5 разоў на месяц.
"Калі хочаш пайсці на неба – агонь зробіць гэта хутчэй, – разважае з нагоды крэмацыі Андрэй Несцяровіч. – Нябожчыкаў апранаюць, расфуфырываюць, але агонь раўняе ўсіх нават больш, чым сама смерць.

Адносна сябе: я хачу, каб мяне спалілі. І прах пахавалі ці там, дзе ляжаць усе мае, ці можа быць у нейкай сямейнай усыпальніцы на маёй асабістай зямлі. І каб замест надмагілля пасадзілі дрэва, без ніякіх надпісаў. Калі я годна выхаваю сваіх нашчадкаў, яны і так будуць ведаць, дзе я пахаваны і што гэта за дрэва".
Як у суседзяў
Самы блізкі да Гродна замежны крэматорый месціцца ў Беластоку. Агулам у Польшчы на канец 2018 года налічваўся 61 крэматорый. Большасць з іх прыватныя. Крэмацыя дарослага чалавека ў Беластоку каштуе 650 злотых (каля 362 бел. руб.), прысутнасць сям'і пры крэмацыі, у пакоі развітання – 50 злотых, крэмацыя дзіцяці ва ўзросце да 6 гадоў – 350 злотых, крэмацыя пасля эксгумацыі – 850 злотых.

Паводле дадзеных Польскага пахавальнага аб'яднання (Polskie Stowarzyszenie Pogrzebowe), у Варшаве ў 2016 годзе крэміравалі 32–35% памерлых, ва Уроцлаве, Познані і Шчэціне – 38–40%.

Агулам па Еўропе найбольш крэмацый праводзіцца ў Чэшскай Рэспубліцы (72,5%), Велікабрытаніі (70,07%) і Даніі (69,38%). Далей ідуць Швейцарыя (65,26%), Швецыя (64,74%) і Нідэрланды (46,61%). Найменшая колькасць крэмацый была зафіксаваныя ў Італіі (2,94%), Іспаніі (5,25%), Партугаліі (6,95%), Ісландыі – 8,9% і Люксембургу – 9,03%. У іншых еўрапейскіх краінах адсотак крэмацыі складае трохі больш за 10% ад агульнай колькасці пахаванняў.
Над праектам працавалі
Тэкст: Надзея Вішнеўская і Ірына Новік
Графічны дызайн і вэб-вёрстка: Воля Новік
Фота і відэа: Анатоль Новік і Ірына Новік
Падзяліцца
Меткі: спецпраект

Апошнія запісы

Не паскардзішся — не паедзеш. Як у Гродне можна вырашыць транспартныя праблемы

У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…

23 снежня 2024

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024