Горад

«Зламаў руку і выплюнуў два зубы». Як скончыць канфлікт веласіпедыстаў і пешаходаў у Пышках?

Дзмітрый — дасведчаны веласіпедыст. За рулём двухколавага транспарту ён ужо больш за 10 гадоў. Цяпер мужчына на бальнічным — у яго зламаная рука, выбітыя зубы і пашкоджаны твар. Ён упаў 11 траўня ў Пышках на веладарожцы, спрабуючы аб’ехаць пешаходаў.

Сваю гісторыю Дзмітрый вырашыў распавесці, каб гарадскія ўлады звярнулі ўвагу на праблему ў лесапарку, дзе на веладарожках пастаянна здараюцца канфлікты з пешаходамі.

«Зрабіў усё, каб не сутыкнуцца з дзіцём»

«Я ехаў у Пышках па веладарожцы, нічога не парушаў, — распавядае Дзмітрый. — На спуску, недалёка ад крытага манежа, я ўбачыў жанчыну з дзіцём — яны ішлі па веладарожцы. На сігнал не рэагавалі. Калі я быў ужо побач, мне проста прыйшлося ўсё магчымае зрабіць, каб не сутыкнуцца з дзіцём».

У выніку Дзмітрый зваліўся на асфальт — моцна стукнуўся галавой і рукамі. Пешаходы яму не дапамаглі, ён самастойна выклікаў медыкаў.

«Я ў апошні момант прыняў рашэнне з’ехаць убок — пацярпеў толькі сам. Удар быў вельмі моцным. Самае крыўднае, што ніхто з пешаходаў не аказаў мне дапамогу. У выніку мяне забралі ў бальніцу. Наклалі швы на нос, дыягнаставалі пералом рукі, ну і два пярэднія зубы я выплюнуў».

Мужчына абураны тым, што для пешаходаў у Пышках ёсць асобная шырокая сцежка, але яны чамусьці любяць шпацыраваць па веладарожцы. З-за гэтага і здараюцца канфлікты. Дзмітрый — не першы веласіпедыст, для якога катанне там скончылася пераломам.

На гэтай дарожцы Дзмітрый атрымаў траўму. Калі карэспандэнт Hrodna.life сам вырашыў праехаць па ёй, ён сустрэў на сваім шляху шмат пешаходаў.

Статус дарожкі ўводзіць у зман

Грамадскае аб’яднанне веласіпедыстаў «ВелаГродна» даўно ўздымае праблему веладарожкі ў Пышках. Гэтае пытанне неаднаразова абмяркоўвалася ў выканкаме, але ДАІ пакуль не дае перавагі веласіпедыстам, а ЖКГ не ставіць папераджальныя таблічкі.

«Канфліктныя сітуацыі былі там і раней, — кажа прадстаўнік „ВелаГродна“ Юлія Каляда. — Для Пышкоў я бачу два альтэрнатыўныя рашэнні: перастаць называць дарожку веладарожкай і даць ёй статус пешаходнай з правам ездзіць на ровары або, падтрымаўшы назву веладарожкі, забараніць, з дапамогай знакаў, хаджэнне па ёй пешшу, прагулкі і прабежкі. Бягучы статус уводзіць у зман усіх удзельнікаў руху».

Юлія прапануе зрабіць у Пышках наступнае:

  • веласіпедысты, якія трапілі на веладарожцы ў здарэнне з-за перашкоды пешаходаў, павінны неадкладна паведамляць у міліцыю;
  • на веладарожцы, а асабліва на спусках, павінны з’явіцца інфармацыйныя таблічкі: «Увага! Інтэнсіўны веласіпедны рух».

Частыя паведамленні ў міліцыю зробяць праблему бачнай — яна з’явіцца ў статыстыцы.

Пакаранні і заахвочванні

Бачаннем сітуацыі ў Пышках падзяліўся актыўны гродзенскі веласіпедыст Алег Крыушкін. Ён адзначае, што сёння веласіпедыст у Гродне — самы бяспраўны ўдзельнік дарожнага руху, на якога звяртаюць увагу па рэшткавым прынцыпе.

«У Пышках зробленая веладарожка, якая ідзе паралельна з пешаходнай. Дзеючыя Правілы дарожнага руху адназначна не рэгламентуюць гэтую сітуацыю, — кажа Алег. — Па сумленні - пешаход можа ісці па пешаходнай частцы, якая ў 30−50 метрах, побач. Па сутнасці гэта ўсё не рэгламентавана. Адказы з ДАІ: разбірайцеся самі, неяк паміж сабой дамаўляйцеся, тармозіце, але калі нешта здарыцца — гэта не ДТЗ. Калі хочаце — разбірайцеся самастойна паміж сабой у судах.

Праблему Алег прапануе вырашаць двума спосабамі. Кожны з іх асобна не спрацуе.

  • Пакаранні. Дадаць знакі, якія наўпрост забараняюць перамяшчэнне пешаходаў на тых участках, якія адзначаны цяпер не як змешаныя пешаходна-веласіпедныя, а менавіта як веладарожкі. Рэгулярна, асабліва па святах і выхадных, прыцягваць патрульно-паставую службу для масавага тлумачэнні грамадзянам на першым этапе (да месяца) і метадычнага пакарання ўсіх парушальнікаў на другім этапе.
  • Заахвочванні. Многія пешаходы не разумеюць, што яны робяць нешта не тое. Трэба нанесці ля кожнага выхаду з лесу разметку са значком ровара і закрэсліць пешахода, каб гэтая разметка была ў зоне прамой бачнасці кожнага, хто выйшаў на веласіпедную дарожку. Дарожка ў ідэале павінна быць аддзеленая ад пешаходнай: траўнікам, малымі архітэктурнымі формамі, невысокай агароджай. А на сумешчаных участках павінна выдзяляцца не проста разметкай.

Чытайце таксама: Чаго толькі не ўбачыш у Гродне: у Пышках шпацыруе сабака, які любіць гушкацца на арэлях

На думку Алега, толькі сумесная праца ДАІ, выканкамаў, пешаходаў і веласіпедыстаў можа зрабіць горад больш бяспечным.

«Трэба данесці кожнаму: ты выходзіш з вазком папярок любой дарожкі - а ці не перашкаджаеш ты камусьці, а ці не ствараеш ты небяспеку свайму дзіцяці, а ці не застанецца тваё дзіця праз пару хвілін сіратой? Едзеш на ровары — а ці зможаш ты спыніцца?»

Алег спадзяецца, што ўлады скарыстаюцца вопытам суседніх краін і рэгламентуюць канфліктныя сітуацыі. «Каб усе разумелі сітуацыю аднолькава, а не кожны па-свойму», — кажа ён.

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024