Днямі гродзенскі гісторык Генадзь Семянчук адшукаў у архіве план капліцы ў Падароску, у якой хавалі апошніх уладальнікаў маёнтка — сям’ю Бохвіцаў. Дзякуючы знаходцы магчымасць аднавіць гэтую важную частку сядзібы стала рэальнай. Адбудоўваць яе плануюць новым для Беларусі спосабам.
Сядзібу Чачотаў-Бохвіцаў у Падароску, гісторыя якой вядзецца ад XVI стагоддзя, яшчэ ў 2013 годзе выкупіў расійскі бізнесмен беларускага паходжання Павел Падкарытаў. З таго часу тут займаюцца аднаўленнем маёнтка і рыхтуюцца да адкрыцця музея беларускай шляхты і турыстычна-рэкрэацыйнага цэнтра. Рэшткі фамільнай капліцы месцяцца метрах у 400−500 ад будынка сядзібы.
— Пра гэтую каплічку я ведаў ад пачатку працы ў Падароску, мы расчышчалі яе разам з валанцёрамі з Таварыства аховы помнікаў ад зараснікаў і смецця, — расказаў Андрэй Колас, гісторык і дырэктар комплексу Падароск.
Цяпер цяжка вызначыць дакладную дату пабудовы капліцы. Як мяркуе Андрэй Колас, гэта можа быць 2-я чвэрць XIX стагоддзя. Каплічка была мураваная, таму лагічна меркаваць, што яна паўстала разам з мураваным маёнткам у 1830-х гадах, ці крыху пазней (1835 ці 1850 гг.). Другая верагодная дата — 1872 год: у 1870-х маёнтак перабудоўваўся, і, верагодна, цэглу выкарыстоўвалі і для іншых аб’ектаў.
«Зараз яна амаль разбураная, але, дзякуй Богу — месца захавалася: мясцовы СПК не заараў яго, пры пабудове трансфарматарнай падстанцыі (на задах катакомбы) яе не зачапілі таксама» — напісана на старонцы маёнтка Падароск у facebook.
Зямля, на якой знаходзяцца рэшткі капліцы, цяпер належыць калгасу, і ўласнікі адноўленага маёнтка не маюць права на ёй нешта рабіць. Больш за тое, паводле дакументаў землеўпарадкавальнай службы, на афіцыйных планах капліцы наогул няма. Гэта ўскладняе пераафармлення гэтага лапіку зямлі.
Але ў планах гаспадароў - звяртацца да дзяржавы, каб гэты ўчастак выдаткавалі для арганізацыі турыстычнага пункта.
Гэтую капліцу, ці, дакладней, склеп, разрабавалі саветы яшчэ ў 1939 годзе, а парэшткі ўладальнікаў маёнтка выкінулі вонкі. У 1950-я гады былі знятыя пліты з даху на каўгасныя патрэбы, а смецце, якое скаплівалася ў ёй, ніхто тады не прыбіраў.
Як расказаў Андрэй Колас, да цяперашняга часу ўжо былі створаны эскізы і распрацоўкі для аднаўлення капліцы. Але апошняя знаходка ў архіве — план капліцы — мусіць цалкам змяніць праект, хаця першапачатковая ідэя аўтарскай рэканструкцыі захаваецца. Яна палягае ў тым, каб закансерваваць захаваныя парэшткі, а страчаныя часткі капліцы ўзвесці са шкла і металу. Сэнс такога дызайну ў тым, каб паказаць, якой формы была капліца, не хаваючы аўтэнтычных частак і таго, што яна была страчана.
Са шкла мяркуюць зрабіць дзверы, сцяну і дах. Памяшканне не будзе замкнёным, каб не ствараць унутры ўласную атмасферу, якая можа разбурыць захаваныя рэшткі. На адшуканых планах няма памераў, таму аднавіць так, як было дакладна, немагчыма.
«Зробім надбудову празрыстай, і калі даць падсветку ў цёмны час, мусіць выглядаць вельмі цікава. Гэта будзе першая ў Беларусі спроба аднавіць усыпальніцу такім чынам. Будзем старацца інтэрпрэтаваць нашую спадчыну новымі формамі і новай падачай», — паабяцаў Андрэй Колас.
Сёлета на міжнародную акцыю Ноч музеяў у Лідзе рыхтуюць вогненны вечар, а ў сядзібе-музеі Агінскіх…
Калі ў вас добры запас яйцаклетак для апладнення, вы можаце дапамагчы зацяжарыць іншым дзяўчатам, якім…
Доступ да прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека можа выратаваць многіх жанчын ад анкалогіі. У Беларусі…
Калі ў 2021 годзе некаторыя плакалі ад горычы паразы ці збіралі з аскепкаў разбітага “я”…
Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты…
Паслухаць класіку ці джаз у замкавым двары, патусавацца з байкерамі на беразе возера, адзначыць Купалле…