Людзі і справы

«Экскурсіі па бамжатніках». Чым гродзенскіх сталкераў прыцягваюць закінутыя будынкі

Пакуль адныя захапляюцца прыгожымі касцёламі і палацамі, іншыя даследуюць менш прывабную спадчыну — закінутыя будынкі. Такі рух называецца сталкерствам. Сталкеры не спрабуюць здабыць нешта карыснае на аб’ектах, а даследуюць іх дзеля задавальнення. Гэта не заўсёды легальна, але заўсёды захапляльна.

Тры правілы «клубу сталкераў»

Сталкеры — гэта людзі, якія займаюцца даследаваннем закінутых збудаванняў, тэрыторый і аб’ектаў вытворчага або спецыяльнага прызначэння. Робяць яны гэта каб атрымаць эстэтычнае задавальненне або задаволіць даследчыцкую цікавасць. Асобныя адгалінаванні сталкерства — руферства і дыгерства, якія маюць на мэце вывучэнне дахаў і падземных збудаванняў.

Гродзенскія сталкеры вынікі сваіх пошукаў размяшчаюць у пабліку «Закінутыя будынкі горада Гродна». У пабліку не паказваюць дакладнае месцазнаходжанне аб’екта, каб туды не прыйшлі людзі, якія могуць вынесці каштоўныя рэчы і потым прадаць іх на блышыным рынку ці здаць на метал. Такіх «сталкераў» у горадзе найбольш, такім спосабам жыве цэлая праслойка людзей.

У «сапраўдных» сталкераў ёсць правілы даследавання будынкаў. Трэба паглядзець, ці вядзецца там гаспадарчая дзейнасць. Многія дамы могуць выглядаць закінутымі, але насамрэч такімі не з’яўляюцца. Другое правіла — ні браць нічога ў прыватных дамах. Трэцяе — не парушаць парадак.

Таксама трэба захоўваць правілы бяспекі - не хадзіць па гнілых і небяспечных дзялянках і ацэньваць стан канструкцый. Мабыць, гэты экстрым і прываблівае людзей. Што датычыцца «легальнасці» наведвання закінутых будынкаў, то, калі ўваходы і выхады свабодныя, то пакарання не можа быць, калі не будзе ўстаноўлены факт крадзяжу.

30 закінутых будынкаў у цэнтры і столькі ж яшчэ па горадзе

— Мы пранікаем у закінутыя дамы і фатаграфуем іх. Гэта проста форма забавы, каб захаваць выгляд горада на гэтым гістарычным этапе. Закінутыя дамы — найбольш зручны аб’ект, каб рабіць высновы пра архітэктуру і інжынерныя рашэнні ў забудове старога горада, — расказвае гродзенскі сталкер, які называе сябе Нікічам.

Нікіч кажа, што закінутасць — гэта элемент натуральнага жыццёвага цыклу будынкаў. Зараз у Гродне паводле падлікаў сталкераў каля 30 закінутых будынкаў у цэнтры і каля 30−40 у іншых раёнах. Гэтая колькасць змяняецца — будынкі то закідваюцца, то перабудоўваюцца. Найбольш цікавяць сталкераў дамы ў цэнтры.

«Экскурсіі» на вайсковыя і прамысловыя аб’екты

Калі казаць пра прамысловыя будынкі, у Гродне ёсць закінуты піўзавод ды недабудаваны завод макаронных вырабаў. У Гродзенскай вобласці знаходзіцца Запасны камандны пункт краін Варшаўскай Дамовы — адно з самых буйных падземных збудаванняў Беларусі, якое будавалася як схованка для партыйнай вярхушкі СССР. Падобныя ёсць у Малдове і Арменіі.

Таксама цікавы «Аб'ект 1161» пад Гродна — ваенная падземная база глыбынёй на дзевяць паверхаў. І рэшткі закрытага ўжо Краснасельскага камбінату побач з сучасным заводам. У гэтых месцаў асаблівая атмасфера. Сталкеры часам праводзяць там бясплатныя экскурсіі «для сваіх».

Аб’ект 1161 у Гродзенскай вобласці
У закінутых будынках могуць трапляцца цікавыя артэфакты першай паловы або сярэдзіны ХХ стагоддзя. Гэта прадметы побыту і інтэр'еру, з іх сёння можна рабіць дызайнерскія аб’екты або паказваць на тэматычных выставах. Незвычайнай знаходкай сталкераў стала яўрэйская мацэва ў адным з падвалаў. Хто ведае, якія знаходкі яшчэ хаваюць падзямеллі?

Што рабіць з закінутымі будынкамі?

Гродзенскія сталкеры выступаюць за захаванне закінутых дамоў, іх рэканструкцыю і рэнавацыю. На Захадзе існуе з’ява сквотэрства, калі людзі займаюць пустыя будынкі і жывуць там. Дзяржава іх не высяляе, а людзі падтрымліваюць прымальны стан будынкаў. У Беларусі закінутыя будынкі займаюць пакуль толькі крымінальныя элементы і бяздомныя, або падлеткі збіраюцца там выпіць.

У Гродне можна было б нават развіваць напрамак урбан-турызму, які спецыялізуецца на наведванні закінутых дамоў. Канструкцыі варта ўзмацніць, будынак абсталяваць пандусамі, лесвіцамі і поручнямі, каб выключыць траўмы. Гэта магло б зацікавіць многіх нават на лакальным узроўні.

Будынак на вул. Урыцкага, 12 — удалы прыклад рэканструкцыі
Гістарычныя будынкі ў цэнтры можа выратаваць удалая рэканструкцыя з захаваннем гістарычнага аблічча фасаду і выкарыстаннем даўніх або набліжаных да такіх матэрыялаў. А таксама вялікія льготы для арэндатараў, якія вырашылі б укласціся ў «праблемны» будынак. Гродзенскія падвалы ці іншыя збудаванні можна было б выкарыстоўваць пад забаўляльныя месцы — бары ці клубы. Удалым выкарыстаннем закінутых будынкаў можна лічыць рэйв «Аб'ект» у старых казармах на Фолюшы.

[irp posts="42 773″ name="Бар Бочка" на Урыцкага ўжо не адкрыецца. Але ёсць праект новага паба"]

У старых будынках ёсць свая атмасфера. Але пакуль што бізнесменам прасцей укласціся ў хуткае, сучаснае і таннае. Як кажа Нікіч, эканамічны складнік дыктуе знішчаць гісторыю. Таму такой колькасці закінутых будынкаў у горадзе сталкеры зусім не радыя — кажуць, лепш бы іх не было.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024