Людзі і справы

Украінцы не супраць рускіх, міліцыя напагатове і Саладуха-хэдлайнер. Як у Гродне праходзіць Фестываль нацыянальных культур

«Калі вы будзеце дарыць нам энергію, мы падарым вам яшчэ больш», — абяцаюць на армянскім падворку перад нацыянальным танцам. Армянін просіць даць прастору, адвесці дзяцей, і чорнавокія барадатыя мужчыны пачынаюць энергічна рухацца. 4 чэрвеня Гродна святкуе другі дзень XIII фестывалю нацыянальных культур, дзе рускіх размясцілі насупраць украінцаў, у цэнтры было каля 200 сілавікоў, а міністр культуры жадаў краіне мірнага неба.

За дзень да гэтага фестываль адкрыўся шэсцем нацыянальнасцяў. Нетыповыя для Гродна натоўпы гулялі па горадзе ўвечары. Людзі фатаграфаваліся, хадзілі з балонікамі і разглядалі хэндмэйд-бранзалеты ў дапазна працуючых майстроў. Аб фестывалі сведчылі і звыклыя атрыбуты: агароджаныя плотам плошчы, кантрольна-прапускныя пункты, перакрытыя дарогі ў цэнтры і цэны на таксі, якія з-за гэтага ўзляцелі ў чатыры разы. І чырвона-зялёныя сцягі - на іх выдаткавалі 30 000 рублёў.

Фестываль нацыянальных культур — рэспубліканскае свята, якое праводзяць раз у два гады ў Гродне з 1996 года. У рамках мерапрыемства праводзяць шэсце ўдзельнікаў па горадзе, конкурсы, канцэрты, выставы. Галоўная асаблівасць фестывалю — гэта падворкі. У кожнага нацыянальнага аб’яднання — свой падворак, куды можа зайсці любы госць мерапрыемства. Там можна пазнаёміцца з традыцыйнымі песнямі, танцамі, конкурсамі і нацыянальнай кухняй.

Яшчэ адзін тыповы аспект свята — засілле міліцыі ў форме і цывільным з рацыямі. Былі і вядомыя гродзенцам па пратэстах цёмныя мікрааўтобусы і аўтобусы, у якіх тады везлі затрыманых. Паводле інфармацыі Hrodna.life, службу ў горадзе неслі не менш за 200 сілавікоў. Паміж дзяжурствам АМАП паспеў патушыць аўтамабіль, які загарэўся на вул. Замкавай. Служба бяспекі фестывалю была з чырвона-зялёнымі бэйджамі.

«Добрае свята задавальняе ўсе варствы насельніцтва: жыхароў цэнтральных вуліцаў і спальных раёнаў, вытанчаных інтэлектуалаў і аматараў пазорнай папсы, нацыяналістаў і нэакамуністаў. <…> А сам паеду за Парэчча, на сядзібу, адпачываць» — пісаў бард і літаратар Віктар Шалкевіч перад святам у калонцы для Hrodna.life.

Паводле падлікаў уладаў, у першы дзень фестываль наведалі 60 000 чалавек, а ў другі - 80 000. Гэта «гараджане, людзі з розных абласцей краіны і раённых цэнтраў рэгіёну, замежныя госці», расказала «Гродзенская праўда». У 2018 годзе фестываль наведалі 270 000 чалавек. Двум дзяўчатам з фарбамі «холі» на твары запомнілася «разнастайнасць нацыянальнасцяў». Карэнны гродзенец Аляксандр, які прыехаў на фестываль з Менска, быў рады сустрэчам са знаёмымі, распавёў ён 4 чэрвеня Hrodna.life.

На Фестываль нацыянальных культур-2022 прыйшлі 80 000 чалавек. Фота: Hrodna.life

«Прыбыло шмат дэлегацый з блізкага і далёкага замежжа, якія ўражаныя маштабамі свята. Тут сабралася вялікая колькасць людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў», — расказаў «Гродзенскай праўдзе» Віктар Пранюк, намеснік старшыні аблвыканкама.

29 нацыянальнасцяў і 17 падворкаў

«Ручкі ўверх! Опа!" — клічуць наведвальнікаў на цыганскі падворак, і пачынаюць танцаваць. 29 нацыянальнасцяў прадставілі на фестывалі на 17 падворках. Сёлета не было латышоў. Свята заняло цэнтр горада ад вул. Замкавай да парку Жылібера. Акрамя падворкаў, былі мерапрыемствы для, хутчэй, аматараў: рэтраспектыўная выстава, прэзентацыя кніг, «Карагод сяброў» БРСМ і літаратурны фестываль.

Актыўнасці для наведвальнікаў падворку былі, у цэлым, аднолькавыя: песні і танцы. Габрэі спявалі вясёлыя песні і распавядалі гісторыі пра цягавітасць габрэйскага народа і габрэйскую магію. Карэйцы распавядалі легенды і паказвалі танец з нажамі. Дзе-нідзе можна было набыць сувеніры. Напрыклад, пяць «брэсцкіх матрошак» на расійскім падворку каштавалі 27 рублёў. Рускія прапаноўвалі размаляваць матрошку, італьянцы і немцы — зрабіць здымак у фотазоне, літоўцы паказалі традыцыйныя рамёствы. Што тычыцца кухні, габрэі прапаноўвалі салодкі локшын, башкірцы — эчпачмак і бэккэн, украінцы — нарэзку «селянська спакуса», рускія — свініну «Расіяначка».

Сушкі і самавар на рускім падворку. Фота: Hrodna.life

Беларускі падворак размясціўся на плошчы Леніна. На сцэне выступалі народныя ансамблі. На іх выступы ля сцэны глядзелі няшмат людзей — большасць размясціліся ў «арт-рэстаране пад адкрытым небам», як было заяўлена ў праграме. Можна было прадэгуставаць самагон у «падворку палешука», паглядзець на бліны з прыпекам ад «Дуброўскіх прысмакаў», згуляць у бяспройгрышную латарэю і купіць прадукцыю Аршанскага льнокамбіната. Дзеці гулялі ў шахматы велічынёй у іх рост, хлопцы прымяралі рыцарскія даспехі і біліся на гумовых мячах.

 — Мне спадабалася! — сказаў хлопец пасля «бою».

 — Прыходзьце да нас, — кліча чалавек у даспехах і дыктуе адрас арганізацыі.

Пляценне з саломы на беларускім падворку фестывалю нацыянальных культур-2022. Фота: Hrodna.life

«Мы ўсе адна нацыя — рускія!»

Пляцоўка рускіх традыцыйна знаходзілася насупраць пляцоўкі украінцаў. Па словах арганізатараў, удзельнікі фестывалю былі не супраць, каб падворкі былі насупраць адзін аднаго — і паабяцалі хадзіць у госці адны да адных. Украінскую дыяспару прадставіла грамадскае аб’яднанне «Ватра», рускую — грамадскае аб’яднанне «Русь». Украінцаў на шэсці 3 чэрвеня сустракалі асабліва цёпла і ціхенька казалі «Слава Украіне!», распавялі Hrodna.life відавочцы. Не ўсе ўкраінцы рэагавалі на гэта станоўча. Па назіраннях удзельнікаў, каля ўкраінцаў і расійцаў было асабліва шмат сілавікоў з рэгістратарамі.

Некалькі чалавек 4 чэрвеня прыйшлі паслухаць «Червону руту» на ўкраінскім падворку ў вышыванках. Адзін наведвальнік — у жоўта-сіняй куртцы работнікаў ЖЭС. Пасля заканчэння працы падворку тут усё яшчэ было людна. Гуляў «Акіян Эльзы», пары танцавалі.

Украінцы на падворку. Фота: Hrodna.life

 — Хацелася выказаць вам спачуванне ў сувязі з тым, што адбываецца.

 — Дзякуй, — усміхнуўся малады ўкраінец у вышыванцы. — Наогул, мы з Мінска, але…

 — Не крыўдзіць вас такое суседства з расійцамі?

 — Ды не, — паціскае ён плячыма і скручвае ручнік з традыцыйнай вышыўкай, падпяваючы Вакарчуку «Я не здамся без бою».

У гэты час у рускім падворку спявае ансамбль песні «Бойница» — песню пра хлопца, які збіраецца ў ваенны паход абараняць гонар, а яго чакае жонка і сястра.

На шэсці 3 чэрвеня да рускіх далучыліся вядомая ў Гродне актывістка Вольга Бондарава і яе паплечніца. «Мы ўсе адна нацыя — рускія!», — крычала яна.

 — Дружба людзей розных нацыянальнасцяў, якія жывуць у адной краіне, — гэта выдатна. Асабліва ў наш час, калі толькі і чуеш пра нацыяналізм. А ў нас — столькі людзей розных нацыянальнасцяў сабраліся разам і зладзілі грандыёзны свята. Прыемна бачыць, калі абдымаюцца і разам ідуць рука аб руку армяне і азербайджанцы, рускія і ўкраінцы, палякі і беларусы… І верыш, што добрых людзей — большасць, а тых, хто спрабуе нацкаваць кагосьці на іншага, — меншасць, — выказаўся раней у «Гродзенскай праўдзе» Юрый Караеў, памочнік Прэзідэнта-інспектар па Гродзенскай вобласці.

Шашлык за 5 рублёў і Аляксандр Саладуха

Чым большы падворак, тым больш людзей было ў чарзе да пунктаў грамадскага харчавання — да 20 чалавек. Піва каштавала 3,5 рубля, квас — каля 2. Кропкі выставіў камбінат школьнага харчавання, Гроднахлебпрам, кафэ «Верас». Традыцыйна можна было з’есці шашлык за 5 рублёў за 100 грамаў, каўбаскі і скварку — 4 рублі, дранікі і плоў. Для жадаючых шыкануць былі, напрыклад, кураняты па-польску за 42 рублі.

«Арт-рэстаран пад адкрытым небам» на Фестывалі нацыянальных культур-2022. Фота: Hrodna.life

Уздоўж Савецкай размясціліся майстры з сувенірамі, хэнд-мэйдам, мылам, біжутэрыяй, кропкі з марозівам, мёдам. Па іх прызнанні, фестываль у плане продажаў быў удалы, але магло б быць і лепш. Яны лічаць, што ў людзей няма грошай, а матэрыялы пры гэтым даражэюць.

Майстры на Фестывалі нацыянальных культур-2022. Фота: Hrodna.life

 — Ды так, — адказвае на пытанне аб продажах ўладальнік кропкі па продажы мыла і сувеніраў. — Людзі больш гуляюць.

 — Ці грошай няма?

 — Не здзіўлюся, калі гэта сапраўды так.

Са сцэны, на якую сёлета выдаткавалі ў восем разоў больш, чым звычайна, выступіў міністр культуры Анатоль Маркевіч. Ён падзякаваў гродзенцам за тое, што «кожны з нас адчуваў сябе як дома», выказаў упэўненасць, што «творчыя межы фестывалю будуць толькі пашырацца» і пажадаў, каб «любімая краіна жыла пад чыстым мірным небам». У 18.30 на Савецкай плошчы пачаў выступаць стаўшы мемам Аляксандр Саладуха. Апошні дзень фестывалю 5 чэрвеня перамесціцца на Аўгустоўскі канал.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024

Кінуў амерыканскі футбол, каб займацца рэслінгам. Гродзенец Мікалай пачаў у Швецыі выступаць на рынгу і нават «змяніў імя»

Гродзенца Мікалая Лапкоўскага на вуліцах Стакгольма могуць назваць Дзімам - і ён адгукнецца. Менавіта пад…

12 красавіка 2024

Топ-7 касмічных вуліц Гродна: куды пайсці на шпацыр у Дзень Касманаўтыкі

Сусветны дзень касманаўтыкі адзначаюць 12 красавіка. У Гродне пра яго нагадваюць касмічныя тапонімы - турфірма…

12 красавіка 2024

«Адвакат мяне заблакаваў». За што завочна судзяць беларускіх актывістаў і чым гэта пагражае

У Telegram-канале беларускага Следчага камітэта "Спецпроизводство", акрамя публічных дзеячаў, пачалі з'яўляцца актывісты з рэгіёнаў і…

11 красавіка 2024