Спадчына

Дом купца Мураўёва: рамонт даўжынёю ў 20 гадоў

У Гродне вырасла цэлае пакаленне жыхароў, для якіх так званы дом купца Мураўёва на Савецкай плошчы — не больш чым дэкарацыя для цэнтра Гродна. Асабліва з улікам таго, што цэлых шэсць гадоў фасад будынка быў наогул завешаны прасцінай з надпісам «Муравьёфф Отэль».

Між тым на працягу 40 гадоў дом гэты выконваў грамадскую функцыю — быў абласной бібліятэкай імя Яўхіма Карскага. Шыкоўныя кафляныя печы, ляпніна на столі, фрэскі на сценах — чым не храм ведаў. Сёння ад усёй гэтай прыгажосці застаўся толькі фасад.

Ужо неаднаразова пісалі пра тое, як у сярэдзіне 1990-х будынак стаў ахвярай хітрай карупцыйнай схемы, за якую, аднак, ніхто так і не трапіў у турму. Мы ж раскажам пра гісторыю будынка.

Што тут было раней

Шчыльная забудова паўночнай часткі гродзенскага Рынку існавала ўжо ў 16 стагоддзі. Пачынаючы з 16 стагоддзя і да сярэдзіны 17 стагоддзя пляцамі, на якіх пасля з’явіўся дом Мураўёва, валодалі мяшчане Цвіклічы.

[irp posts="74 167″ name="Смотрите, как выглядят старые подвалы дома купца Муравьева в Гродно"]

У 1783 годзе пляцам валодаў маршалак Гродзенскага павета Казімір Вольмер, які пабудаваў тут невялікую камяніцу і адчыніў краму каланіяльных тавараў. Адзіная выява гэтага будынка — бакавы яго фасад на малюнку Напалеона Орды 1860-х гг. Ён таксама бачны на карце Гродна 1866 — 1867 гг.

Дом Вольмера перад Фарай Вітаўта. 1860-я гг.

Дом Мураўёвых старэйшы чым мы думаем?

Можна меркаваць, што дом Мураўёвых быў пабудаваны на месцы гэтага дома пасля пажару 1885 года або перабудаваны з раней існаваўшага дома.

Дом Мураўёва на фота 1890-х гг.
Гэтаму ёсць пацверджанні:

— з высокаякаснай жоўтай цэглы зроблена толькі знешняя, дэкарацыйная, частка фасада будынка, а таксама трэці і часткова другі паверх будынка. Рэшта будынка (першы і часткова другі паверх) вымураваны з жоўта-чырвонай цэглы, зробленай як мінімум у першай палове 19 стагоддзя.

— існуюць аконныя і дзвярныя праёмы-аркі, закладзеныя ва ўнутранай сценцы фасада і ўнутраных сценках, якія не супадаюць з цяпершнімі вокнамі і дзвярнымі праёмамі, прабітымі пад час перабудовы дома ў 1880-х — 1890-х гг.

— падмуркі і падвалы дома не зусім супадаюць з нясучымі канструкцыямі сучаснага будынка.

Такім чынам існуе вялікая верагоднасць таго, што будынак не толькі стаіць на больш ранніх падмурках і мае падвалы, ацалелыя ад ранейшай забудовы, але і сам з’яўляецца моцна перабудаваным у канцы 1880-х — пачатку 1890-х гг. домам, узведзеным найпазней у першай палове 19 ст. або нават у другой палове 18 ст.

1919 г.

Той самы архітэктар, што ў сінагогі?

У сучасным выглядзе дом купца Мураўёва ўпершыню зафіксаваны на паштоўцы Мілакоўскага, зробленай паміж 1892 і 1897 гг.

Даціроўка ўзвядзення фасада дома 1890-мі гадамі дазваляе з вялікай верагоднасцю сцвярджаць, што будынак праектаваўся тым самым архітэктарам, які аднаўляў пасля пажара вялікую харальную сінагогу на Вялікай Траецкай.

Будынак быў багата аздоблены як звонку, так і знутры. На вежачках знаходзіліся гербавыя шчыты (па ўсёй бачнасці, гіпсавыя). Адзін з гербавых шчытоў перажыў Другую сусветную вайну і быў знішчаны недзе на мяжы 1950-х і 1960-х гг. Па даху будынка ішоў разны, магчыма драўляны, карніз, які можна ўбачыць яшчэ на здымках сярэдзіны 1960-х гг.

1952 г.
1965 г.

Малявалі цэглу чырвоным

2003
Будынак, пачынаючы ад таго моманту, як набыў сучасны выгляд, фарбаваўся ў чырвоны колер. Можна дапусціць, што ўласнікі хацелі надаць будынку больш традыцыйны для іх мясцін чырвоны колер, што было сімвалам заможнасці (мураваны будынак) і адпавядала традыцыйнаму чырвонаму колеру гліны ў большасці мясцовасцей Расійскай Імперыі. У любым выпадку будынак цягам 100 гадоў фарбаваўся як мінімум чатыры разы.

Хто такія Мураўёвы і чым яны валодалі

Домам і пляцам, на якім ён размяшчаўся, на канец 19 ст. валодалі купцы Мураўёвы (у 1886 г. — купец Іван Іванавіч Мураўёў, 1910 г. — купец Васіль Іванавіч і купец, калежскі асэсар Мікалай Іванавіч Мураўёвы). Купецкі род Мураўёвых быў звязаны з Брэстам-Літоўскім і яго прадстаўнікі займалі ў тагачасным Гродне досыць важныя пасады, напрыклад уваходзілі ў праўленне Гродзенскага сафійскага праваслаўнага брацтва.

Паводле адшуканых дакументаў, яшчэ ў 1875 годзе купец Іван Іванавіч Мураўёў застрахаваў на 18 000 рублёў медны, каланіяльны, пушны і іншы тавар і віна, якія захоўваліся ў каменным крытым дахоўкай доме Кацэнэленбогена на Саборнай плошчы. Хутчэй за ўсё пасля пажара 1885 г. або да яго дом перайшоў ва ўласнасць Івана Мураўёва.

Па апісанні 1886 г., нерухомая маёмасць Івана Мураўёва ацэньвалася ў 1400 руб. і складалася з мураванага трохпавярховага дома, унізе якога быў свіран, наверсе — жылое памяшканне і крама. У 1910 г. нерухомасць братоў Мураўёвых складалі мураваны трохпавярховы дом, тры флігелі (адзін трохпавярховы і два двухпавярховыя), якія каштавалі 24 000 руб. і прыносілі даход 3300 руб. У доме Мураўёвых мясціліся Гродзенскае аддзяленне Беластоцкага камерцыйнага банка і магазін змешаных мануфактурных тавараў (пад фірмай «Франк Ш. А., удава і сын»). Самі ж браты Мураўёвы ў суседнім доме Левінсона і Тарлоўскай здымалі памяшканні для магазіна («Ренсковый погреб» з продажам бакалеі і каланіяльных тавараў), тры склады і два хлявы.

Інтэр'еры дома купца Мураўёва. 1980-я гг

«Варварская» архітэктура?

Паводле звестак 1923 года дом працягваў належаць Мураўёвым — дакладней, Мікалаю Мураўёву, які толькі тады вярнуўся з Расіі з бежанства (у гады Першай Сусветнай вайны ў доме жылі нямецкія салдаты). Гэта быў самы высокі дом на плошчы Баторыя: 3-павярховы, крыты бляхай. Акрамя сям'і ўладальніка ў будынку пражывала 13 чалавек, сярод іх было сем католікаў і пяць яўрэяў.

На 1928 г. у доме працавала пякарня Залуцкага. Дарэчы сказаць, будынак не выклікаў захаплення ў гродзенскіх краязнаўцаў міжваеннага часу, напрыклад, Юзафа Ядкоўскага. Ён лічыў дом купца Мураўёва прыкладам «варварскай архітэктуры», вычварным прыкладам расійскага імперскага глабалізму.

У 1940 годзе ў нацыяналізаваным будынку была створана гродзенская фабрыка індпашыву «Атэлье мод». У красавіку 1945 г. у доме працягвала працаваць гэтая самая фабрыка. У студзені 1951 г. памяшканні, якія займала фабрыка, былі перададзены ў веданне гарадской (пазней — абласная імя Карскага) бібліятэкі, якая працавала тут аж да пачатку 1990-х гг.

Як знікла ўсё багацце

Сумны лёс будынка ў 90-х апісаў у газеце «Пагоня» гродзенскі журналіст Зміцер Кісель. У 1994 г. рашэннем аблвыканкама было арганізавана «прыцягненне грашовых сродкаў на рэканструкцыю будынка абласной бібліятэкі». На гэты час фонды бібліятэкі ўжо былі перавезены ў памяшканне былога абкама КПБ.

Адначасова горад прадаў два будынкі - дзіцячы садок (вул. Замкавая № 21) і былы філіял музея Славы (пр. Касманаўтаў № 83), каб накіраваць атрыманыя грошы на рэканструкцыю бібліятэкі. У конкурсе прымалі ўдзел дзве фірмы: ААА «Пульс» і «Канцэпт-93». Выйграла фірма «Пульс», пералічыўшы ў сакавіку 1995 г. у бюджэт 300 млн руб., якія былі прадугледжаны для мэтавага выкарыстання на рэканструкцыю бібліятэкі.

Ацалелыя рэшткі фрэсак

Рамонтна-будаўнічыя працы ў бібліятэцы пачаліся ў маі 1995 г., пры гэтым субпадрадчыкам выступіла прадпрыемства «Канцэпт-93». Да кастрычніка рамонт адбываўся выключна за кошт грошай субпадрадчыка. Пазней фірма «Пульс» атрымала крэдыт у памеры 200 млн руб. у філіяле «Беларусбанка», з якіх на рамонт было асвоена крыху больш за палову — 138,4 млн.

Нягледзячы на гэта, тагачаснае кіраўніцтва ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама працягвае дзейнасць дамовы з «Пульсам» да 1 красавіка 1996 г. Усяго на 1997 г. было накіравана 300 млн руб., з якіх фактычна было выканана падрадных работ на сумму 102,7 млн руб. Рамонт будынка фармальна быў завершаны, аднак бібліятэка ў яго не вярнулася. Паколькі ў дома не было належнай аховы, большая частка інтэр'ераў - печы, фрэскі і іншае — была страчана.

Ацалелыя рэшткі фрэсак
З 2006 года будынкам валодаў «Беларускі народны страхавы пенсійны фонд». У лістападзе 2012 года скончана рэстаўрацыя фасадаў. Неўзабаве «Беларускі народны страхавы пенсійны фонд» перастаў існаваць і цяпер домамі валодаюць спадкаемцы гэтай арганізацыі.

Нерэалізаваны праект рэканструкцыі

Паводле існуючай інфармацыі гарадскія і абласныя ўлады ініцыююць працэс вяртання будынка ў дзяржаўную ўласнасць.

Ад рэдакцыі

Дасюль не адноўлены важны элемент знешняга дэкора будынка — арыгінальная сталярка вокнаў і дзверы. Яны павінны вярнуцца! Гэтым, відаць, будзе займацца новы ўласнік. Таксама трэба будзе прасачыць, каб не зніклі ўнікальныя каваныя краты з увахода ў будынак, знятыя яшчэ ў 2006 годзе.

Сталярка вокнаў у неагатычным стылі. 2006 г.
Куды зніклі краты з дзвераў - невядома. Фота 2006 г.
Падзяліцца

Апошнія запісы

«Усё, што заўгодна, каб выратаваць чалавечыя жыцці». Музыкі гурта Irdorath далі першае інтэрв'ю пасля вызвалення

Музыкі гурта Irdorath Уладзімір і Надзея Калач далі першае інтэрв'ю пасля свайго вызвалення вясной 2023…

7 мая 2024

Штраф за сцяг, спекуляцыі малаком і сарваны канцэрт — што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з…

5 мая 2024

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024