Спадчына

Палац французаў, школа трактарыстаў і касцёл з прывідам: што пабачыць турысту ў Бераставіцкім раёне

Хутка ў Гродзенскую вобласць хлынуць турысты — бязвіз пашыраецца. Прынамсі, жыхары Бераставіцкага, Ваўкавыскага, Воранаўскага, Лідскага і Шчучынскага раёнаў сапраўды чакаюць замежнікаў. Але ці ёсць тут месцы, якія гасцям будзе цікава пабачыць? Піша Каця Бухцінава наўпрост з Вялікай Бераставіцы.

«Дзіўным вандроўнікам з-за мяжы, можа, што і спадабаецца. Але, упэўнена, ніхто ніколі не збярэцца ў трып выключна па Бераставіцкім раёне. Гэты матэрыял — падборка трох цікавых кропак на мапе рэгіёна, у якія можна заскочыць па дарозе. Дарэчы, не толькі замежнікам», — піша аўтарка.

Першы погляд: няма дзеля чаго ехаць

Спатрэбілася ажно 2 тыдні, каб абкатаць усе «славутасці» Бераставіцкага раёна, убачыць усе цэрквы «пад капірку» і «пацалаваць» парогі зачыненых будынкаў. Чым больш наведвала, тым больш расчароўвалася ў анансаваных у сеціве «таямнічых куточках». Таямнічае ў іх толькі тое, што інфу знайсці можна дзесьці пасля чацвёртай старонкі ў гугле.

Больш за пяць сядзібаў, з дзясятак храмаў, шэраг гаспадарчых будынкаў і нават горы. Паверце, практычна нічога з гэтага вам не патрэбна. З былых велічных палацаў зрабілі хлявы ці дзяржаўныя ўстановы, цэрквы і касцёлы ў вёсках часта адкрываюць толькі падчас службаў, а каб падняцца на гару трэба прайсці некалькі км па лесе без сцежак. У выніку — убачыце жалезны слуп і павярнеце ў адваротны бок.

Нават экскурсаводы ўключаюць у маршрут толькі два храмы і Музей вавёркі (з адзінай жывой істотай, якая заўжды хаваецца). Але калі вы ўжо ў раёне, памятайце пра нашыя тры кропкі. Гэта тыя месты, якія захоўваюць гісторыю, атмасферу і крутыя дэкарацыі для фота.

Сядзіба дэ Вірыёнаў у Лішках

Каардынаты: 53°17′50.48″N 23°50′18.83″E

Пра гэтую сядзібу было шмат шуму ў 2009 годзе. Магчыма, вы не памятаеце, але многія СМІ пісалі пра спрэчкі паміж нашчадкамі: палякамі з падобным да шляхцічаў прозвішчам і беларусам з архіўным дакументам куплі-продажу. Справа цікавая, але бессэнсоўная. У 1939 годзе сядзібу нацыяналізавалі. Каб атрымаць яе назад, трэба заплаціць. А сума зусім не нізкая.

Сёння палац стаіць закінуты: столь абвалілася, шкло з вокнаў выбіта, паўсюль смецце. Але, здаецца, дух французскага роду да гэтага часу застаўся ў сценах сядзібы.

Палацык аб’ядноўвае два стылі: нэарэнесансную вілу і традыцыйную шляхецкую сядзібу. Абедзве часткі ў аднолькава кепскім стане.
Вірыёны, а дакладней адзін з іх — Караль Юзаф Вірыён — з’явіўся ў Беларусі ў другой палове 18 стагоддзя. Караль пазнаёміўся з Радзівіламі, тыя запрасілі яго ў Беларусь. З таго часу ён і не з’язджаў нікуды. Кар’ера доктара ішла ў гару: праца ва ўніверсітэце, пасада прыдворнага лекара ў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, пасля — дабрачыннасць і прыватныя практыкі. Дзесьці ў гэты час ён і набывае Лішкі, якія раней належылі мясцовым шляхцічам Юндзілам.

Так і перадаваўся маёнтак у сям'і з пакалення ў пакаленне. Апошні ўласнік з гэтай сям'і - Юрый Вірыён — цалкам аднавіў сядзібу пасля разрухі першай сусветнай і польска-савецкай войнаў (у апошняй ён сам удзельнічаў). Праўда, у 1936 годзе быў вымушаны яго прадаць і пераехаць у Варшаву. Але гэта дзякуючы Юрыю палацык дайшоў да нашых дзён, але стан яго жахліва ўражлівае.

Палацык ляжыць ля самай мяжы: ад яго да Польшчы — усяго 3 км. Ён павінен стаць вельмі папулярны сярод патрыятычных польскіх турыстаў, бо Юрый Вірыён быў героем антыфашыстоўскага супраціву ў гады Другой сусветнай і загінуў у канцлагеры Аўшвіц.
У палац (а дакладней у тое, што ад яго засталося) можна залезці: трэба толькі абыйсці дом навокал, каб знайсці вокны без шкла і дзіры ў дзверах. Але канструкцыя небяспечная. Па вінтавой лесвіцы на вежу забярэцца толькі экстрэмал. Таму эксперыменты ў паўразбуранай сядзібе не раім, а завітаць ў гэта месца — абавязкова.

Сядзіба Солтанаў у Мураване

Каардынаты: 53°17′33.19″N 23°54′02.99″E

Да гэтага часу не разумею, як у палацы маглі размясціць школу трактарыстаў, але гэта рэальная гісторыя сядзібы Солтанаў у вёсцы Муравана у пасляваенны час. Раней такога не дапускалі, але можа справа і ў тым, што да прыходу саветаў трактарыстаў было значна менш.

Гэтым маёнткам ад пачатку ўладарыў канцлер ВКЛ Астафей Валовіч (той, што забараніў замежнікам набываць землі на тэрыторыі княства — глядзі Статут 1566 г.). У 18 ст. яго набылі ўжо згаданыя Юндзілы, а ў сярэдзіне 19 ст. — Солтаны. Ёсць меркаванне, што адзін з прадстаўнікоў роду ўзяў у жонку дачку Тадэвуша Юндзіла, за што і атрымаў маёнтак).

Юндзілы і Солтаны збудавалі на тэрыторыі маёнтка цэлы палацава-паркавы комплекс. Ён уключаў некалькі гектараў парку з алеямі і сажалкамі, гаспадарчыя пабудовы, флігелі і саму сядзібу. Гэта быў цагляны двухпавярховы дом — сапраўдны палац, які мог бы, пры лепшым раскладзе, быць калі не ў адным спісе з Мірскім і Нясвіжскім замкамі, дык дакладна з палацам Агінскіх у Залессі. Але штосьці пайшло не так.

Цяпер там знаходзіцца толькі каркас сядзібы і парк. Дарэчы, апошні «захапіў» і сам палац. Дрэвы прараслі там, дзе раней праходзілі балы і вечарыны, тоўсты насціл глебы пакрыў памяшканні былога падвалу. Ад солтанаўскай спадчыны засталіся толькі руіны і невялікае азярцо ў парку за палацам. У цёплы час там можна зрабіць невялікі пікнічок.

Яшчэ некалькі гадоў таму дадатковай атракцыяй для турыстаў маглі быць страўсы, якіх трымалі ля самага палаца, але сельскагаспадарчая школа з’ехала, а з ёй зніклі і экзатычныя птушкі.


Цікавостка: будынак з дакладна такім дэкорам на фасадзе ёсць у Гродне — гэта сучасны Музей гісторыі рэлігіі. А яшчэ ў Мураване доўгі час у сям'і Солтанаў захоўвалася рэліквія з Новага замку — гербавы картуш часоў караля Аўгуста ІІІ. Сёння ён зноў у Гродне, стаіць ля ўваходу ў замак. Захаваўся ён толькі дзякуючы патрыятызму сям'і Солтанаў.

Касцёл кармелітаў у Вялікай Бераставіцы

Каардынаты: 53°11′33.7″N 24°01′09.54″E

Ходзяць чуткі, што кожны год у адну ноч над касцёлам з’яўляецца прывід. Той, хто ўбачыць яго, атрымае адразу і шчасце, і поспех, і каханне. Здаецца, сярод мясцовых ніхто ўжо нават не спрабуе разгледзець там штосьці. Але касцёлам ганарацца. І заўжды расказываюць пра яго заблукаўшым вандроўнікам (дарэчы, толькі пра яго ў мястэчку і расказваюць).

Касцёл пабудавалі ў пачатку 17 ст. на сродкі Іераніма Хадкевіча. Але не гэты, а драўляны. Улюбёны беларусамі стыль мураванага барока з’явіўся тут на стагоддзе пазней, недзе ў 1740-х.

Сёння ў храм зайсці не ўдасца. Да і няма чаго там шукаць. Касцёл, які выцерпеў шведаў, французаў, немцаў, на жаль, не змог перанесці некалькі дзесяцігоддзяў нашага часу. Гадоў 20 таму згарэў дах. Мясцовыя жыхары кажуць, што ў той дзень здавалася, гарэла ўсё мястэчка. З-за дажджоў і марозаў абваліліся зводы. Дрэвы пачалі прарастаць усярэдзіне. Усё, што знаходзілася ў падвальных памяшканнях, разрабавалі яшчэ раней, падчас хрушчоўскай адлігі.

Цікава, што такі выгляд — адкрыты дах і пашарпаныя жыццём сцены - якраз найбольш прываблівае турыстаў. Магчыма, таму касцёл і не рэстаўруюць? Тым больш, у Бераставіцы ўжо даўно функцыянуе «новы» храм. Канешне, без пахаванага ў ім сэрца гетмана Яна Хадкевіча і друкарні, дзе выходзіла «Мужыцкая праўда» (ёсць меркаванне, што менавіта ў касцёле захоўвалася сэрца гетмана і там жа Каліноўскі друкаваў сваю газету). Але вернікам існуючага касцёла хапае.

Далёка не ўсе жыхары Бераставіцкага раёна ведаюць пра гэтыя месцы. Таму і знаходзяцца яны па-за вачыма вандроўнікаў і мінакоў. Мясцовыя жыхары вёсак кожны дзень праходзяць міма і нават не паварочваюць галаву ў бок выдатнасцяў. На чарзе — яшчэ чатыры «бязвізавых» раёна. Чым яны змогуць здзівіць?

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродна ў чамадане: мастак Яраслаў Кірвель стварыў макет горада з 200 вінных коркаў

Калі б давялося здабываць 200 вінных коркаў уласнымі высілкамі, то ні часу, ні грошай не хапіла…

17 мая 2024

Першая сусветная ў Крэўскім замку, вогненны фэст у Лідзе. Што будзе на Ноч музеяў 2024 у Гродзенскай вобласці: праграма

Сёлета на міжнародную акцыю Ноч музеяў у Лідзе рыхтуюць вогненны вечар, а ў сядзібе-музеі Агінскіх…

15 мая 2024

«Разумею, што магу камусьці дапамагчы». Як у Польшчы ўладкавана донарства яйцаклетак

Калі ў вас добры запас яйцаклетак для апладнення, вы можаце дапамагчы зацяжарыць іншым дзяўчатам, якім…

15 мая 2024

«Стаім у чарзе з вясны 2023 года». Беларусы спрабуюць прышчапіцца ад ВПЧ, але вакцыны няма

Доступ да прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека можа выратаваць многіх жанчын ад анкалогіі. У Беларусі…

14 мая 2024

Як атрымаць задавальненне і папулярызаваць беларускую мову размовамі пра гісторыю і сэкс — расказала журналістка з Гродна

Калі ў 2021 годзе некаторыя плакалі ад горычы паразы ці збіралі з аскепкаў разбітага “я”…

14 мая 2024

Хворы выкінуўся праз акно, скарга на асенізатараў, гадавіна смерці Ажэшкі: чым жыў Гродна 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты…

12 мая 2024