Навіны

Памерла прафесар Святлана Мусіенка: яна стварыла ў Гродне кафедру польскай філалогіі і музей Зоф'і Налкоўскай

Прафесар Святлана Піліпаўна Мусіенка памерла 8 жніўня 2023. Ёй было 83 гады. Яна з 1967 года выкладала ў Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы (раней — Педагагічны інстытут), а ў 1989 стварыла ў ім кафедру польскай філалогіі. Пра смерць паведаміла ў сябе ў Facebook доктар Барбара Олех з Універсітэта ў Беластоку.

«Выбітная знаўца польскай літаратуры і культуры, сяброўка многіх паланістаў, арганізатарка шматлікіх канферэнцый у Гродне. […] Гадамі разам з супрацоўнікамі сваёй кафедры яна актыўна падтрымлівала Польскую Дыктоўку ў Беларусі, якую арганізоўвала Польска Мацеж Школьна. Удзельнічала ў нацыянальных чытаннях у генеральным консульстве Польшчы ў Гродне. […] Прафесар Мусіенка была бясспрэчным навуковы аўтарытэтам, а таксама надзвычай справядлівым, зычлівым і цёплым чалавекам», — напісала пра памерлую Барбара Олех.

Гродзенскі ўніверсітэт, якому Мусіенка прысвяціла дзесяцігоддзі жыцця, па стане на вечар 9 жніўня не напісаў на сваёй старонцы нічога. Затое пра яе ўзгадаў Гданьскі ўніверсітэт, з якім яна супрацоўнічала.

Нарадзілася ва Украіне, вывучала рускую літаратуру, стала знаўцам польскай

Святлана Мусіенка нарадзілася 30 жніўня 1939 у Данецкай вобласці Украіны. У 1963 скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Руская мова і літаратура» і паступіла ў аспірантуру. Стажыравалася ў Варшаўскім універсітэце. Кантактавала з прафесарам Віктарам Хоравым з Акадэміі навук СССР, які ў той час быў самым выбітным спецыялістам па польскай літаратуры ў Расіі. З 1967 працавала ў Гродне, у 1971 абараніла кандыдацкую дысертацыю ў АН СССР.

У 1989 Святлана Мусіенка выдала першую ў СССР манаграфію прысвечаную польскай пісьменніцы Зоф'і Налкоўскай, якая ў 1920-я гады жыла ў Гродне. Тады ж Мусіенка стварыла кафедру польскай мовы і літаратуры ў ГрДУ і правяла на ёй першую канферэнцыю, прысвечаную Налкоўскай. У час канферэнцыі ва ўніверсітэце адкрыўся музей пісьменніцы, а на доме па вуліцы Акадэмічнай, дзе жыла Налкоўская, адкрылі памятную шыльду.

Дом на Акадэмічнай, 15, дзе жыла пісьменніца Зоф’я Налкоўская

Кафедра пад кіраўніцтва Мусіенкі развівала міжнароднае супрацоўніцтва з першага году існавання. ГрДУ дзякуючы гэтаму супрацоўнічаў з Педагагічным універсітэтам у Кракаве, Гданьскім універсітэтам, Універсітэтам у Беластоку і іншымі ВНУ Польшчы.

У 1993 годзе Святлана Мусіенка абараніла ў Расійскай Акадэміі Навук доктарскую дысертацыю і неўзабаве стала першай у Беларусі прафесаркай паланістыкі. Апублікавала некалькі сотняў навуковых прац па польскай літаратуры, удзельнічала ў мностве навуковых канферэнцый у Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы, Швейцарыі і Славеніі. Пад кіраўніцтвам Мусіенкі кафедра выпусціла больш за 500 спецыялістаў па польскай мове, літаратуры і культуры.

Святлана Мусіенка. Фота: grsu.by

Мела аўтарытэт у Польшчы

«Цудоўная ўкраінка, грамадзянка Беларусі, выдатны навуковец, сябар Польшчы і польскай культуры», — пісаў пра Святлану Мусіенку прафесар Універсітэта ў Беластоку Яраслаў Лаўскі ў 2012 годзе.

У 2019 годзе Святлана Мусіенку адзначылі прэміяй Polonicum. Яе прысуджае замежнікам Варшаўскі ўніверсітэт за асаблівыя заслугі ў папулярызацыі польскай мовы, гісторыі і культуры.


Польская мова і культура больш непатрэбныя ў Гродне?

У 2022 годзе кафедра польскай мовы і літаратуры ГрДУ была ліквідаваная, як і цэнтр польскай мовы, культуры і літаратуры. Яны зніклі са структуры філалагічнага факультэта на сайце ўніверсітэта.

Польскія школы ў Гродне і Ваўкавыску з 2022 года сталі звычайнымі рускамоўнымі школамі, дзе польская мова выкладаецца проста як адзін з прадметаў.

У тым жа годзе ліквідавалі праз суд грамадскую арганізацыю «Польска Мацеж Школьна», якая займалася адукацыяй на польскай мове ў Беларусі. Яе маёмасць прадалі з аўкцыёна.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Нешта пайшло не так: у Гродне закрываюць бар VIP, які толькі адкрыўся

У Гродне закрываецца "VIP bar" на Дзяржынскага, 8А - не прапрацаваўшы і двух месяцаў. Ён…

9 мая 2024

Краму «АвтоЗапчасти» ў Гродне зноў хочуць збанкруціць. Гаспадар скардзіўся на АМАП

Фірму-уладальніка крамы "АвтоЗапчасти" ў Гродне, ТАА "Рукша", зноў хочуць збанкруціць. Банкруцтва хочуць прызнаць праз эканамічны…

8 мая 2024

На літоўска-беларускай мяжы затрымалі два Tesla Cybertruck: падазраюць, што іх везлі ў Расію

Два новенькія электрычныя пікапы Tesla Cybertruck 2023 года выпуску затрымалі літоўскія мытнікі 7 мая ў…

8 мая 2024

Пад Беняконямі можна набыць запраўку і гатэль. Прадавец нечаканы — «Беларускае марское параходства»

Будынак запраўкі “Газпрамнафты”, а таксама матэль і кафэ ля самай беларуска-літоўскай мяжы прадаюць з аўкцыёну.…

8 мая 2024

Пенсіянерка Аляксандра Ханевіч стала «экстрэмісткай». А з ёй — яшчэ тры гродзенкі

"Каманду Латушкі і Рух "За Свабоду" 8 траўня прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. У ліку адказных за…

8 мая 2024

Бондарава адшукала на дзяржаўным свяце «змагарку», а тая апынулася нявесткай Лукашэнкі

Праўладная актывістка Вольга Бондарава ў сваім допісе назвала нявестку Аляксандра Лукашэнкі “змагаркай”. Але пазней адрэдагавала…

8 мая 2024