Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях 11 і 12 снежня 39 разоў выязджалі па дапамогу людзям. Прычына — ападкі. За гадзіну колькасць снегу павялічвалася на адзін сантыметр.
Ратаўнікі бралі на буксір транспарт, які засеў у снегавых заносах. Чатыры разы супрацоўнікі МНС буксіравалі аўтамабілі хуткай. Паводле ведамства, найменш падрыхтаваныя былі кіроўцы велікагрузных аўтамабіляў. Іх ратаўнікі буксіравалі 15 разоў.
Асноўныя гарадскія магістралі расчысцілі ноччу з 11 на 12 снежня. Для гэтага задзейнічалі 44 адзінкі тэхнікі і сфармавалі шэсць калон. На вуліцы працавалі 139 прыбіральнікаў тэрыторый.
«Прэвентыўную ўборку цэнтральных вуліц Гродна мы пачалі ў ноч з суботы на нядзелю [з 10 на 11 снежня — Hrodna.life]: выйшла каля 15 пескараскідвальных машын і 12 трактароў. Днём у нядзелю на вуліцах абласнога цэнтра працавалі 24 пескараскідвача, 18 трактароў, а таксама 7 самазвалаў для развозкі пяскова-солевай сумесі. Да 15−16 гадзін былі сфармаваныя калоны з тэхнікі, якія ў суправаджэнні ДАІ расчышчалі вуліцы ад снегу», — расказаў першы намеснік дырэктара «Спецаўтагаспадаркі» Андрэй Лісіца.
Днём 12 снежня тэхніка будзе чысціць двары і пешаходныя сцежкі. У горадзе працуюць 24 пескараскідвальныя машыны. Акрамя гэтага, больш за 20 адзінак трактарнай тэхнікі расчышчае кішэні прыпынкаў і ходнікі.
Па сканчэнні снегападу ў горадзе пачалі апрацоўваць дарогі супрацьгалалёднымі сумесямі. Удзень 11 снежня выкарысталі 370 тон сумесяў, ноччу з 11 на 12 снежня сышло яшчэ 430 тон.
«Спецаўтагаспадарка» падрыхтавала 20 тысяч тон супрацьгалалёдных матэрыялаў. Пры неабходнасці ёй дапамогуць і іншыя арганізацыі: заключана каля 30 дамоваў.
11 і 12 снежня супрацоўнікі энергасістэмы аднавілі электрычнасць у 410 населеных пунктах Беларусі. На працах задзейнічалі 342 чалавекі і 133 адзінкі тэхнікі.
Дарожныя здарэнні на вуліцах Гродна пачаліся 12 снежня пасля 14:00. Адзін аўтамабіль развярнула на вуліцы Гарнавых, праз дзве гадзіны на тым жа месцы развярнула яшчэ адну машыну.
На вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў сутыкнуліся два аўтамабілі. Адзін кіроўца не змог павярнуць на з’ездзе з Парыжскай Камуны і заехаў на газон каля танка, паведаміў «АвтоГродно». На дарозе паміж Індурскай шашой і Альшанкай аўтамабіль вылецеў у кювет.
Праз снегапад у Нацыянальным аэрапорце Мінск затрымалі рэйсы. Са спазненнем у некалькі гадзін 12 снежня выляталі самалёты з Мінска ў Тбілісі, Ерэван, Кутаісі, Дубай, а таксама маскоўскі аэрапорт «Шарамецьева». Таксама са спазненнем адбыліся пасадкі на самалёты ў Санкт-Пецярбург, Стамбул і ў Маскву.
Рэйсы прылётаў таксама спазняюцца. Напрыклад, самалёт «Аэрафлота» прыляцеў з «Шарамецьева» у Мінск, спазніўшыся на пяць гадзін. Рэйс з Астаны спазніўся на гадзіну, а з Ерэвана — на паўтары.
Падчас снегападу МНС раіць па магчымасці ўтрымацца ад паездак па горадзе на прыватным аўто. На вуліцы варта абыходзіць хісткія пабудовы і дамы з няўстойлівым дахам. Перасоўвацца лепш не спяшаючыся, і наступаць на ўсю падэшву.
Акрамя таго, варта асцерагацца частак канструкцый і прадметаў, якія навіслі на пабудовах, абарваных правадоў ліній электраперадач, разбітага шкла.
У перыяд з 12 па 18 снежня ў Беларусі будзе ветранае і вільготнае надвор’е са снегам і завірухай, паведаміў метэаролаг Дзмітрый Рабаў у эфіры тэлеканала «АНТ».
У Беларусі будуць дзейнічаць атлантычныя цыклоны і звязаныя з ім атмасферныя франты. Моцных маразоў пакуль не будзе, але ў першую палову тыдня чакае вільготнае, сырое і ветранае надвор’е.
Сезон працы гарадскіх фантанаў у Гродне адкрыюць 30 красавіка. З 20:00 у парку Жылібера запланавана…
Пра тое, за што Вольга Бондарава судзілася з гродзенскім сайтам Grodno.in, яна напісала сама. Прычынай…
Электразваршчык аднаго з прадпрыемстваў Дзятлаўскага раёна будаваў кароўнік без сродкаў абароны - фірма не ўкладвалася…
Гродзенцы патрабуюць ад чыноўнікаў растлумачыць, куды знік памятны знак, прысвечаны побыту ў Гродне нацыянальнага героя…
Таварыства з абмежаванай адказнасцю "Гроднаін", уладальнік партала Grodno.in, падало іск аб абароне дзелавой рэпутацыі да…
Каб атрымаць карту паляка, некаторыя грамадзяне Беларусі звяртаюцца ў суд. Там яны просяць памяняць нацыянальнасць…