Людзі і справы

Гродзенскія акторкі ў Вільні сыгралі спектакль пра Марыупальскі тэатр

На канец лютага ў Рускім тэатры Марыупаля планавалі прэм’еру. Аднак пачалася вайна. Тэатр стаў сховішчам для жыхароў горада, а потым быў разбомблены. Пра тое, якія жыццёвыя драмы прайшлі праз тэатр замест запланаванай прэм’еры, паказалі ў пастаноўцы «Спектакль, які не адбыўся» акторкі «Тэатра Жніўня» Наталля Лявонава, Натэла Бялугіна і Ганна Іванова. Паставіў спектакль рэжысёр Андрус Дарала. Яго паказалі ў Рускім тэатры Літвы ў Вільні 17 — 19 чэрвеня ў час паэтычнага фестывалю «Жывое слова».

Гісторыя не скончана — п’еса толькі пішацца

Увесь спектакль базуецца на тэкстах журналісткі з Марыупаля Надзеі Сухарукавай. Яна была адной з тых, хто ратаваўся ў сутарэннях тэатра.

«Усё пачалося з тэлефоннага званка, — расказала акторка Наталля Лявонава. — Патэлефанаваў знаёмы рэжысер з Марыупаля і папрасіў запісаць відэаводгук на пост у сацсетках журналісткі Надзеі Сухарукавай».

Калі пра гэта даведаліся калегі калегі, то прапанавалі і сваю падтрымку — так нарадзілася ідэя спектакля. Спачатку артысты меркавалі, што паставяць п’есу, якую рыхтавалі да прэм’еры ў Марыупалі. Потым вырашылі больш працаваць з тэкстамі Сухарукавай.

«Гэта пакуль эскізная работа, — тлумачыць Наталля Лявонава. — Гісторыя не скончана і п’еса толькі пішацца».

Сцена са спектакля. Акторкі на фоне афішы «Маруся», прэм’ера якой рыхтавалася ў Марыупальскім Рускім тэатры напярэдадні вайны

Зараз вы ведаеце…

На сцэне большасць часу толькі тры акторкі. Але ў іх расповядах паўстаюць іншыя героі: хлопчык, што вядзе дзённік, стары, які чакае, каб на абед далі «другое», а не толькі суп і ваду, дзяўчынка, што крычыць, бо баіцца цемры. Паступова гэтыя героі запаўняюць прастору — тут робіцца цесна ад роспачы і эмоцый. «Зараз вы ведаеце, як мог выглядаць і той падвал», — казаў рэжысёр Андрус Дарала.

Пасля эвакуацыі з Марыупаля Надзея Сухарукава прыехала ў Літву і зараз жыве ў Клайпедзе. Наталля Лявонава распавяла, што яны наведалі журналістку і пазнаёміліся. На яе думку, гэта дапамагло ў працы над вобразамі ў спектаклі.

«Была вялікая адказнасць ад таго, што асабіста ведаю гэтага чалавека. Цікава працаваць па тэкстах і перажываннях знаёмай асобы. Я ж ніколі не была на вайне і не ведаю, што адчувалі марыупальцы, чакаючы смерці ў падвале тэатра. Я ніколі гэтага не адчувала, але павінна была расказаць правільна».

Спектакль па хэштэгах

Тэхнічна спектакль пабудаваны на сістэме хэштэгаў. #Самалёт, #Аўтобус, #Асцярожна ды іншыя перамяшчаюць гледачоў у розныя моманты трагічных падзеяў. Акторкі ўвесь час трымаюць у руках лісты з тэкстамі роляў прэм’еры, што так і не адбылася.

Сцена са спектакля. На фоне — старонка з дзіцячага дзённіка, дзе хлопчык піша пра жыццё ў Марыупалі і смерць блізкіх

«П'еса, як і вайна, пакуль не скончана, — кажа акторка Натэла Бялугіна. — Працаваць у такім фармаце нязвыкла, гэта новы для мяне досвед. Усе гісторыі, якія прагучалі у спектаклі, напісаныя Надзеяй [Сухарукавай]. Усе мы былі ў спектаклі ёй, толькі ў розных іпастасях».

Цягам фестывалю гродзенцы паказалі віленчукам яшчэ адзін свой спектакль — «За што». Ён прысвечаны падзеям Ночы (не)растраляных паэтаў і ўпершыню быў прадстаўлены летась у кастрычніку.

Усе спектаклі фестывалю «Жывое слова», прадстаўленыя «Тэатрам Жніўня», прайшлі з аншлагам.

Чытайце таксама: Гродненские актёры создали в Вильнюсе «Театр Августа». Премьеру посвятили «Ночи (не)расстрелянной поэзии»

«За што» — першы спектакль «Тэатра Жніўня». Фота з прэм’ернага паказа ў Вільні, 29 кастрычніка

Чытайце таксама: «Сістэма вучыць не чуць, а прыгнятаць». Звольненыя акцёры з Гродна паказалі ў Вільні «Трэцюю змену»

Апошнія запісы

Да двух сутак. Як беларусы стаяць у чэргах на мяжы 9 траўня

У пачатку вялікіх выхадных у Беларусі чэргі на мяжы зноў выраслі - на гэты раз…

9 мая 2024

Нешта пайшло не так: у Гродне закрываюць бар VIP, які толькі адкрыўся

У Гродне закрываецца "VIP bar" на Дзяржынскага, 8А - не прапрацаваўшы і двух месяцаў. Ён…

9 мая 2024

Краму «АвтоЗапчасти» ў Гродне зноў хочуць збанкруціць. Гаспадар скардзіўся на АМАП

Фірму-уладальніка крамы "АвтоЗапчасти" ў Гродне, ТАА "Рукша", зноў хочуць збанкруціць. Банкруцтва хочуць прызнаць праз эканамічны…

8 мая 2024

На літоўска-беларускай мяжы затрымалі два Tesla Cybertruck: падазраюць, што іх везлі ў Расію

Два новенькія электрычныя пікапы Tesla Cybertruck 2023 года выпуску затрымалі літоўскія мытнікі 7 траўня ў…

8 мая 2024

Пад Беняконямі можна набыць запраўку і гатэль. Прадавец нечаканы — «Беларускае марское параходства»

Будынак запраўкі “Газпрамнафты”, а таксама матэль і кафэ ля самай беларуска-літоўскай мяжы прадаюць з аўкцыёну.…

8 мая 2024

Пенсіянерка Аляксандра Ханевіч стала «экстрэмісткай». А з ёй — яшчэ тры гродзенкі

"Каманду Латушкі і Рух "За Свабоду" 8 траўня прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. У ліку адказных за…

8 мая 2024