«За матывацыю — дзякуй „фэйспалмам“». Каманда «Цудоўні» разам з гродзенскай культурніцкай супольнасцю запусцілі відэапраект пра беларускую культуру

У Гродне запусцілі навукова-папулярны відэапраект пра беларускую культуру. Пілотны ролік прывечаны святу Купалля. Відэа будуць з’яўляцца раз на месяц ці два. Асноўная мэта — расказаць пра рэчы, з якімі беларусы сутыкаюцца штодня, але мала што пра іх ведаюць.

Ідэя нарадзілася ў сценах этнакрамы «Цудоўня», але лічыць краму адзіным аўтарам не зусім правільна. Ініцыятыва — сумесная з іншымі прадстаўнікамі мясцовай культурніцкай супольнасці. Каманда «Цудоўні» і раней рабіла відэакантэнт на тэму беларускай культуры ў розных фарматах: ад ролікаў у TikTok да кніжных аглядаў на YouTube. Некаторы час таму яны задумаліся аб тым, што добра было б зняць навукова-папулярныя відэа на тэму беларускіх традыцый, святаў і рамёстваў. Ідэю падтрымалі іншыя гродзенскія «культурнікі» — і праца распачалася.

«Цудоўня» — крама беларускіх рамесных выбараў. Тут можна набыць рэчы з натуральных экалагічных матэрыялаў, у традыцыйных беларускіх тэхніках, стылёвыя і практычныя ва ўжытку. Таксама ў краме можна выбраць беларускія кнігі для дзетак і дарослых. На прасторы «Цудоўні» ладзяць імпрэзы, прысвечаныя беларускай культуры — лекцыі, прэзентацыі, музычныя выступы, майстар-класы.

Першы ролік — пра Купалле. У ім расказваецца пра «атрыбуты, рытуалы, варожбы ды цікавыя адметнасці, пра ўсякіх нячысцікаў, ад якіх купальскае ноччу ў вачох мігціць», а таксама пра некаторыя заблуджэнні, звязаныя са святам. Згодна з планам, гэта будзе першы ролік з цыклу. Выпускаць іх плануюць раз на месяц-два. Стваральнікі лічаць, што відэа могуць збіраць і па 200 тысяч праглядаў, бо кантэнт фактычна не мае аналагаў у беларускім медыяполі.

Выхад ролікаў будзе залежаць ад магчымасцяў каманды, у тым ліку — фінансавых. Першае відэа рабілі «на каленцы» месяц. Сышло шмат часу, сіл і грошай — на выезды і дакупку неабходнай тэхнікі. Шмат часу адабрала «капаніна ў інфармацыі» — відэапраект хочуць зрабіць навукова дакладным.

Развянчанне міфаў

— Праект ці ініцыятыва заключаецца ў тым, каб з пэўнай рэгулярнасцю выпускаць «навукпоп"-ролікі на тэму беларускай культуры і традыцый з прыгожым візуалам і цікавым падыходам. Каб гэта прыгожа глядзелася і класна слухалася, каб хацелася гэтым дзяліцца. Сектар агляду шырачэзны: і арнаментыка, і міфалогія, і моўныя асаблівасці, і значэнні рэчаў, да якіх мы ўсе звыклі, але ў значэннях якіх мала хто і цяміць. Адна з фішак таго, што аб’ядноўвае ўсё ў канцэпцыю — развенчванне ўсякіх міфаў і распаўсюджаных памылковых меркаванняў пра тое, what is what, — расказаў Hrodna.life гаспадар «Цудоўні» Андрэй Несцяровіч.

Андрэй Несцяровіч. Скрыншот Hrodna.life

Таму відэа пра Купалле пачалі з таго, што такое наогул «свята», і ў чым сэнс паміж яго «перажываннем» і «ладжаннем».

«У нас большасць рэчаў проста „ладзіцца“, то бок, усё ўпіраецца ў знешні выгляд, абалонку. А элементы традыцыі, святы — яны ж нашмат глыбейшыя. Яны — падмурак таго свету, у якім мы жывем. І іх трэба разумець, прачуваць, перажываць. Хацелася б, каб людзі разумелі, з чым яны маюць справу кожны дзень. Напрыклад, беларускі ручнік — гэта не проста „палаценца“, рэч для выцірання. Слуцкі паяс — не тканы з воўны ці лёну штодзённы паяс звычайнага чалавека, а шляхецкі спосаб дэманстрацыі статуса і багацця. Русалка — не вадзяная дзеўка, а вегетатыўны дух прыроды. А пакуль жа людзі могуць адзначыць двойчы Каляды, тройчы — Купалле, але не зразумець сэнс перажытага. Поле тут непаханае, а пахаць трэба, бо пустазеллем зарастае», — лічыць Андрэй.

Традыцыйныя гулянні на Купалле. Скрыншот Hrodna.life

Яшчэ адна рэч, якая зматывавала на стварэнне кантэнта — тое, як народныя святы ладзяцца на дзяржаўным узроўні. «Так скажаць не толькі сэнсы, але нават і формы — не можна ні ў якім выпадку. І гэтым вобразам варта даць хоць якую альтэрнатыву», — лічыць Андрэй. Па той жа прычыне, прызнаецца ён, у свой час з’явілася «Цудоўня» — як адказ на меркаванні, што беларусы «нічога не маюць і не ўмеюць», а беларускае рамяство — гэта выраб саламяных лялек з «крыповымі» тварамі і какошнікамі з сінтэтычных стужак.

«Гэта будуць ролікі пра розныя, у першую чаргу ўсеагульна вядомыя прыкметы і прадметы беларускай культуры, але сэнс каторых людзі, на маё бачанне, разумеюць няправільна ці не разумеюць наогул», — тлумачыць Андрэй.

Дакладная інфармацыя і прыгожы відэашэраг

Інфармацыю, якая з’яўляецца ў відэа, аўтары стараюцца максімальна спраўджваць. Пры падрыхтоўцы праграмы яны звярталіся да знаёмых навукоўцаў і навуковых артыкулаў. Спраўджаная інфармацыя — гэта пытанне рэпутацыі, лічыць Андрэй. У першым роліку таксама зняліся акторы з гродзенскага фрык-тэатру.

 — Сутнасць задумы — зацікавіць тых, хто патэнцыйна можа мець цікавасць да беларускай культуры, каб даць ім той кантэнт, якім захочацца падзяліцца, які захочацца прасунуць, пры тым — максімальна спраўджаны. Каб чалавеку 21-га стагоддзя, сярэдняму гледачу «ютубчыка» было цікава глядзець кожную хвіліну роліка, трэба даць яму прыгожую карцінку, прыгожы і якасны аўдыёшэраг. Мы імкнемся выдаваць максімальна годны з усіх бакоў кантэнт.

Ён дадае, што лекцыі даследчыкаў набіраюць мала праглядаў, а навуковыя кнігі мала хто чытае. Таму для сябе яны ўзялі ролю пасярэднікаў, каб данесці інфармацыю да людзей у той форме, якой яны будуць карыстацца. А прасуне відэа, на думку ініцыятараў праекта, сама аўдыторыя. Прынамсі, менавіта на гэта яны разлічваюць.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Кіберпартызаны атакавалі «Гродна Азот». Яны выдаляюць дадзеныя, пакуль не вызваляць палітвязняў

На “Гродна Азот” 2 траўня 2024 года адбылася атака кіберпартызанаў. З сістэмы выдалілі дадзеныя сотняў…

3 мая 2024

Супраць гродзенскага актывіста пачалі спецвытворчасць. У чым яго абвінавачваюць?

Гродзенец Ежы Грыгенча патрапіў пад спецвытворчасць. Працэс супраць мужчыны пачалі 2 траўня 2024 года. Ежы…

3 мая 2024

Цана сэрвіснага збору ў візавых цэнтрах Гродзенскай вобласці вырасла. Колькі зараз трэба заплаціць?

Польскія візавыя цэнтры ў Гродне і Лідзе паднялі цэну сэрвіснага збору. Зараз пры падачы на…

3 мая 2024

У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?

Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…

2 мая 2024

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…

2 мая 2024

У цэнтры Гродна заканчваюць будаваць буйны офіс для айцішнікаў

У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…

2 мая 2024