У Гродне і вобласці на гэтым тыдні вынеслі шэсць прысудаў, большую частку — за абразу службовых асоб. На палітвязняў у СІЗА працягваюць ціснуць: іх змяшчаюць у карцэр, прызнаюць схільнымі да экстрэмізму, іх сваякі не атрымліваюць лістоў. У турме № 1 Гродна на гэтым тыдні пабывала і рэдактар спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік, пасля чаго распавяла пра ўмовы ўтрымання.
1 чэрвеня гродзенскі суд разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да 51-гадовага жыхара Гродна, які ў лістападзе мінулага года ў суполцы ў Facebook публічна абразіў супрацоўніка Ленінскага РАУС Магілёва, паведамляе mogilev.mvd.gov.by.
Раней судзімага за крадзеж і нявыплату аліментаў мужчыну прызналі вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады. Яго асудзілі на абмежаванне волі тэрмінам на 1,5 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама за маральную шкоду з абвінавачанага будзе спагнана 1500 рублёў.
1 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна прайшоў чарговы працэс па крымінальнай справе па арт.369 за абразу службовай асобы. Судзілі 63-гадовую пенсіянерку з Мазыра Таццяну Тарун. Суддзя — Маргарыта Ланцэвіч, дзяржабвінаваўца — Кароль. Пацярпелы па справе Павел Калмагораў на працэс не з’явіўся, паведамляе «Гарадзенская вясна».
Крымінальную справу распачалі за пост жанчыны 7 снежня 2020 года ў адным з Telegram-каналаў. Следчы камітэт палічыў той каментар абразай службовай асобы — супрацоўніка Гродзенскага АУС Паўла Колмогорова.
На працэсе Таццяна Тарун прызнала, што сама пісала каментар, сказала, што ён быў празмерна эмацыйны, таму што яна не магла абыякава назіраць за пераследам людзей. У Таццяны дыябет і маленькая пенсія — яна прасіла гэта ўлічыць. Суддзя прызнала Тарун вінаватай і пакарала яе годам «хатняй хіміі». Сістэмны блок яе кампутара канфіскавалі.
Абвінавачаныя па «справе Ціханоўскага» 31 траўня сказалі апошняе слова ў судзе. Ніхто з іх не прызнаў віны. 2 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёна аб’явілі прысуд і пакаралі:
Рашэнне вынесла суддзя Вольга Бекушава. Менавіта столькі запатрабаваў пракурор Мікіта Мыслівец. Абвінавачаных пакінулі пад вартай.
Жыхару Ваўкавыска Аляксандру Патаповічу змянілі прысуд — замест 2,5 гадоў «хіміі» мужчыну прызначылі 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Крымінальная справа Аляксандра Патаповіча стала адной з першых «палітычных» спраў. Мужчыну абвінавачвалі ў тым, што ён паспрабаваў наехаць на двух супрацоўнікаў ваўкавыскай міліцыі. Аляксандра асудзілі на 2,5 года «хіміі», аднак пракуратура палічыла прысуд занадта мяккім.
2 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёна разглядалі скаргу Дзяніса Івашына на пастанову, якая падоўжыла тэрмін яго ўтрымання пад арыштам. Скаргу не задаволілі, паведамляе «Гарадзенская вясна».
Вольга Івашына здолела перадаць мужу перадачу з прысмакамі і каўбасой у гродзенскую турму. Па яе дадзеных, ніякіх следчых дзеянняў з Дзянісам не вядуць, паведамляе «Беларускае Радыё Рацыя». Месяц Вольга не атрымлівала лістоў ад Дзяніса.
6 чэрвеня Дзяніс адзначыў свой дзень нараджэння ў СІЗА.
Палітвязню Дзмітрыю Фурманаву працягнулі тэрмін утрымання ў карцэры да 8 чэрвеня. Усяго Дзмітрый правядзе ў ім 21 дзень. Блізкія непакояцца аб яго стане.
За заклікі да гвалту над міліцыянтамі ў Telegram-канале затрыманы 43-гадовы жыхар Смаргоні - намеснік дырэктара фірмы вытворчасці, пераабсталявання і абслугоўвання спецтранспарту, у тым ліку для праваахоўных органаў.
Следчыя прызналі яго падазраваным па крымінальнай справе за распальванне сацыяльнай варожасці або варожасці (арт. 130 КК). Раней яго затрымлівалі па адміністрацыйных справах за ўдзел у акцыях.
Гэта грамадскі актывіст Аляксандр Нагела, паведамляе «Гарадзенская вясна». Па месцы жыхарства Нагелы правялі ператрус, наклалі арышт на кампутар і сродкі сувязі.
Таксама раней 26 траўня пенсіянера Алега Слабодкіна прызналі падазраваным па арт. 369 КК. Мяркуецца, што Алег Слабодкін у мясцовым чаце сваім каментаром абразіў прадстаўніка ўлады — пракурора Смаргонскага раёна Андрэя Клышэвіча, паведамляе «Гарадзенская вясна».
Раніцай 1 чэрвеня рэдактарку спецпраектаў Hrodna.life Ірыну Новік выклікаў на апытанне ўчастковы. Пасля гэтага муж Ірыны паведаміў пра затрыманне і пра тое, што ў іх дома неўзабаве правядуць агляд. Пазней Ірыну Новік змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання да суда.
3 чэрвеня прайшоў суд — Ірыну аштрафавалі на 25 базавых велічынь (725 рублёў) па адміністрацыйнай справе нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Яна таксама распавяла пра ўмовы ўтрымання ў ІЧУ на Кірава, 1.
Уладальніка сайта gs.by («Газета Слонімская») Яўгена Валадашчука аштрафавалі на 90 базавых велічынь (2610 рублёў) за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Рашэнне вынеслі 1 чэрвеня ў Слонімскім раённым судзе. Па той жа артыкуле Hrodna.life асудзілі ў сакавіку.
Трох з пяці грамадзян Беларусі, затрыманых у рамках «польскай справы», вывезлі ў Польшчу. Гэта Ірэна Бернацкая, Марына Цішкоўская і Ганна Панішава. Пазней яны расказалі, як гэта было. У няволі застаюцца Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс.
3 чэрвеня ў ІЧУ змясцілі Вольгу Верамеенку з крамы «Адметнасць». 6 чэрвеня яна выйшла на волю.
Супрацоўнікі АМАП прыйшлі на вул. Кірава, 3 каля 17.00 3 чэрвеня. Неўзабаве прыехалі супрацоўнікі Ленінскага РАУС. У дачыненні да Вольгі Верамеенка з крамы «Адметнасць» пачалі адміністрацыйны працэс па арт. 24.23 КаАП за «пікетаванне». У краме правялі агляд.
У Ашмянах двое мужчын пашкодзілі інсталяцыі са сцягамі. Распачатая крымінальная справа, паведамляе БЕЛТА.
Раніцай 31 траўня ў гарадскім парку мінакі ўбачылі раскіданыя чырвоныя і зялёныя сцягі з паламанымі дрэўкамі - усяго каля 50 штук. Па факце хуліганства следчыя распачалі крымінальную справу. Датычных да інцыдэнту аператыўнікі за некалькі дзён знайшлі.
Выяўлена, што двое жыхароў Ашмянаў 28 і 32 гадоў напярэдадні выпівалі, пасля накіраваліся ў парк. Там яны ўбачылі дэкаратыўныя канструкцыі, з якіх сталі выдзіраць сцягі, ламаць і кідаць іх на зямлю. Затым мужчыны працягнулі распіццё алкаголю. Іх прызналі падазраванымі па крымінальнай справе. Адзін з фігурантаў судзімы за крадзеж, другі злоўжывае спіртным. Нанесены ўрон склаў больш як Br370.
Беларускія друкарні адмовіліся друкаваць незалежную «Газету Слонімскую», паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Штотыднёвік не выходзіў паўгода — з восені 2020-га. У пачатку траўня рэдакцыя апавясціла Мінінфарм аб аднаўленні выхаду, яе ўнеслі ў рэестр друкаваных выданняў. Аднак гродзенская друкарня, дзе раней друкавалася «ГС», даслала ліст з адмовай. Не ўзяліся друкаваць наклад таксама ў Пінску і Брэсце.
Пакуль друкаванай версіі не будзе, паведамляе газета, — толькі анлайн.
За кратамі Алесь ужо больш за два месяцы: сядзеў у СІЗА Гродна, Мінску і Жодзіна. Яго абвінавачваюць у тым, што дэманстрацыяй партрэта антысавецкага дзеяча Яўгена Жыхара ён «рэабілітуе нацызм». Мастаку пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення. Пушкін сябе вінаватым не прызнае.
У сакавіку 20-гадовы хлопец сарваў дзяржаўны сцяг з фасадаў будынкаў Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу і рэдакцыі газеты «Іўеўскі край». Такім чынам, па матэрыялах справы, ён вырашыў прадэманстраваць сваё абразлівае і блюзнерскае стаўленне да сцяга.
Судова-псіхіятрычная экспертыза пастанавіла, што мужчына мае патрэбу ў прымусовым лячэнні з ізаляцыяй у псіхіятрычным стацыянары. Пракуратура Іўеўскага раёна накіравала ў суд крымінальную справу для прымянення прымусовых мер бяспекі і лячэння ў дачыненні да хлопца. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў службе інфармацыі пракуратуры Гродзенскай вобласці.
Пракуратура Гродзенскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 29-гадовага мясцовага жыхара. Маладому чалавеку інкрымінаваныя публічныя заклікі да здзяйснення акту тэрарызму. Ён размясціў іх у кастрычніку-лістападзе 2020 года ў адным з публічных Telegram-чатаў. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў службе інфармацыі пракуратуры Гродзенскай вобласці.
Абвінавачаны заключаны пад варту. На яго маёмасць накладзены арышт. Санкцыя артыкула, паводле якога абвінавачваецца малады чалавек, прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў.
У судзе Мастоўскага раёна 4 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Сяргея Бурака, якога абвінавачваюць у абразе прэзідэнта (арт. 368 КК) і здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК). Справу вядзе суддзя Віталь Сініла, бок дзяржабвінавачання падтрымлівае Міхаіл Разуваеў, паведамляе «Гарадзенская вясна».
Паводле абвінавачання, Сяргей Бурак у перыяд часу з 10 верасня па 8 снежня 2020 года размяшчаў у Telegram-канале «Мосты для жизни чат» пад псеўданімам «Сергей» створаныя іншымі карыстальнікамі паведамленні з выявай Лукашэнкі і тэкстам, які змяшчае яго абразу. Сяргей віну не прызнаў. Прысуд яму вынесуць 7 чэрвеня ў 15.30.
Каля сотні беларусаў сабраліся 5 чэрвеня на польска-беларускай мяжы ля памежнага пераходу «Баброўнікі». Там пачаўся намётавы мітынг, ініцыяваны камандай Народнага антыкрызіснага кіравання на чале з палітыкам Паўлам Латушкам. Акцыя была ўзгодненая з польскімі ўладамі.
Жыхароў Брэста (21 і 27 гадоў) затрымалі на ўчастку мяжы «Рудзеўшчына» ў кірунку Літвы (1,5 км ад дзяржаўнай мяжы Беларусі). Яны знаходзіліся ў міжнародным вышуку за ўдзел у масавых беспарадках. Паводле інфармацыі ГУБАЗіК, фігуранты хаваліся ў Маскве, а 2 чэрвеня прыбылі ў Мінск, каб адтуль перабрацца ў Еўрасаюз.
На затрыманых склалі адміністрацыйныя пратаколы за незаконнае перасячэнне мяжы.
Жонка палітвязня Анджэя Пачобута Аксана Пачобут паведаміла, што яе мужа ў турме паставілі на ўлік як экстрэміста, схільнага да дэструктыўных дзеянняў, паведамляе «Гарадзенская вясна». Раней жонка паведамляла, што Анджэю не перадаюць лекі, хоць у яго хворае сэрца.
Лекар-неўролаг Аляксандр Цялега, які знаходзіцца ў турме № 1 Гродна, перадае вялікі дзякуй усім, хто піша і пісаў яму лісты, хто падтрымлівае яго. Настрой у доктара нармальны, у лістах час ад часу бачны гумар, паведамляе Telegram-канал «Белые халаты». Раней мы распавядалі падрабязнасьці затрымання.
У калоніі «Віцьба 3» палітвязняў просяць напісаць прашэнне на вызваленне на імя Лукашэнкі.
Маці аднаго з палітвязняў паведаміла каналу, прызнаным экстрэмістскім, што ў канцы траўня ў Віцебскую калонію прыязджаў пракурор з Мінска і прасіў вязняў падпісаць такое прашэнне. «Больш за палову вязняў адмовіліся гэта рабіць, але былі тыя, хто пагадзіўся».
Чытайце таксама:
На “Гродна Азот” 2 траўня 2024 года адбылася атака кіберпартызанаў. З сістэмы выдалілі дадзеныя сотняў…
Гродзенец Ежы Грыгенча патрапіў пад спецвытворчасць. Працэс супраць мужчыны пачалі 2 траўня 2024 года. Ежы…
Польскія візавыя цэнтры ў Гродне і Лідзе паднялі цэну сэрвіснага збору. Зараз пры падачы на…
Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…
Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…
У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…