Навіны

«Да цела нельга было дакранацца». Што вядома пра трэцюю смерць беларускі з каранавірусам

Жыхарка Віцебску Аляксандра Чэпік памерла раніцай 30 сакавіка ў віцебскай лякарні. У пасведчанні аб смерці жанчыны напісана «іншая вірусная пнеўманія (COVID-19)». На пахаванне пабаяліся прыйсці нават блізкія сябры, піша «Радыё С**бода».

«Які фрагмэнт? Гэта каранавірус!»

Аляксандры Чэпік было 73 гады. Яна жыла ў Віцебску. Жанчына памерла раней за артыста віцебскага тэатру Віктара Дашкевіча, які афіцыйна лічыцца першым выпадкам сьмерці пацыента з каранавірусам у Беларусі.

Як расказала дачка нябожчыцы Натальля Чэпік, прыкладна ў сярэдзіне сакавіка яна сама захварэла. Мела моцны кашаль і высокую тэмпэратуру. Ляжала ў віцебскім тубдыспансэры. Аднак ёй ня ставілі дыягназ «пнэўманія». Па ейнай просьбе ёй зрабілі тэст на каранавірус, але той даў адмоўны вынік.

Натальля Чэпік

Неўзабаве, каля двух тыдняў таму, захварэла ейная маці Аляксандра Чэпік. Па словах дачкі, у жанчыны была высокая тэмпэратура, да 40 градусаў. Празь нейкі час яе паклалі ў віцебскі скурвэндыспансэр, а празь некалькі дзён перавялі ў Віцебскі абласны клінічны спэцыялізаваны цэнтар (былы чыгуначны шпіталь). Як расказала ейная дачка, у жанчыны дыягназавалі пнэўманію, а потым знайшлі і каранавірус.

Станоўчы тэст на каранавірус


«Дзён 5−6 таму мне сказалі, што ў яе знайшлі [каранавірус. — РС]. Эпідэміёляг мне пазваніла і сказала, што ў яе знайшлі фрагмэнт каранавірусу. Потым я перазваніла ў шпіталь, у рэанімацыю, дзе мая мама ляжала, і там мне сказалі: «Які фрагмэнт? Гэта каранавірус!» — пераказвае размову Натальля.

Апошнія 5−6 дзён маці знаходзілася на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Да таго ж, у яе яшчэ ў сьнежні выявілі бранхіяльную астму.

Валеры Дзенісенка

Галоўны лекар Віцебскага абласнога клінічнага спэцыялізаванага шпіталя Валеры Дзенісенка пацьвердзіў, што Аляксандра Чэпік сапраўды знаходзілася ў іх на лячэньні і памерла.

«Яна цяпер знаходзіцца ў экспэртызе. Уся інфармацыя ў нас закрытая, не даём. Так, ляжала. Лекары нашыя гераічна змагаліся за жыцьцё, гэта я магу сказаць. У нас прафэсіяналы высокай клясы. Мы змагаліся за ейнае жыцьцё і зрабілі ўсё магчымае. Забесьпячэньне ў нас вельмі добрае. Ці быў у яе каранавірус, экспэртыза дасьць заключэньне, мы ня можам даць», — сказаў БелаПАН Валеры Дзенісенка.

«Яны ставяць нават не пнэўманію, а ВРЗ, ВРВІ. Замоўчваюць»

Дзе маці магла падхапіць каранавірус, Натальля ня ведае, — за мяжу ні сама яна, ні маці апошнім часам не выяжджалі.

«На жаль, выратаваць яе не змаглі, як ні стараліся. Яна павінна была жыць, жыць, жыць. Яна ў мяне маладая, энэргічная. Каранавірус так скасіў. Гэта настолькі крыўдна, крыўдней не бывае. Хай бы сэрца спынілася. Яна мучылася пад дыхальным апаратам. Вельмі шкада. Я цяпер ад адзіноты сумую, не магу. Гэта мой самы блізкі чалавек на ўсёй зямлі», — плача Натальля.

Пасьведчаньне аб сьмерці, дзе ў прычынах сьмерці ўказваецца COVID-19

На думку Натальлі, сапраўдныя лічбы хворых на каранавірус у Беларусі хаваюць.

«Замыльваюць яны. Яны ставяць нават не пнэўманію, а ВРЗ, ВРВІ. Замоўчваюць… Яны кажуць: такія-сякія людзі, якія кажуць, што ў нас каранавірус, і нібы паніку [разводзяць]… Я ў лекара пытаюся: „Гэта эпідэмія?“ — „Не, у нас няма эпідэміі“. Ужо потым не хапала [месцаў], то клалі і ў наш шпіталь, у скурвэн, і ў чыгуначную. Уяўляеце, колькі людзей з пнэўманіяй ляжаць», — кажа Натальля Чэпік.

Да труны і цела нельга было дакранацца

1 красавіка Натальля пахавала маці. На пахаваньне прыйшлі толькі яна, праваслаўны сьвятар і «людзі, якія капалі» дол. Дачка была ў масцы і пальчатках.

«Выдалі цела, прыадчынілі вечка труны, каб убачыць. А так закрытая труна была. Да труны і цела нельга было дакранацца. Я, натуральна, ня здолела пацалаваць яе, дакрануцца. Тое, што я зрабіла: адзеньне, якое несла ёй, у якім яна была некалі на сьвяты, прыгожая сукенка… Я проста пацалавала гэтае адзеньне, бо па-іншаму ніяк», — расказвае Натальля пра разьвітаньне.

Больш ніхто не прыйшоў разьвітацца, хоць Аляксандра, нягледзячы на пэнсію, вяла актыўнае сацыяльнае жыцьцё.

Дачка не магла дакрануцца да цела маці, пацалаваць на разьвітаньне

«Выйдзі прэч, выйдзі адсюль, з маршруткі»

Сяброўкі нябожчыцы званілі Натальлі і казалі, што баяцца.

«Сяброўка маці расказала ў сябе на працы, што сяброўка памерла ад каранавірусу. Ёй сказалі: „Калі ты пойдзеш туды [на пахаваньне], то больш не прыходзь“. Яе маральна падавілі, і яна са сваім мужам не прыйшла», — кажа Натальля.

Саму Натальлю ледзь ня выгналі з гарадзкой маршруткі, калі яна гаварыла зь лекарам праз тэлефон пра ейны дыягназ.

«Людзі баяцца нават размоваў. Сказалі мне: „Выйдзі прэч, выйдзі адсюль, з маршруткі“, хоць я ў масцы ехала. Цяпер маўчаць трэба і ў масцы хадзіць, бо людзі ўсе ў паніцы», — кажа суразмоўніца.

Матчыны рэчы, якія былі ў шпіталі, ёй аддалі. Жанчына спачатку думала іх спаліць. Аднак лекары запэўнілі, што баяцца няма чаго, бо праводзіцца іх хімічная апрацоўка.
Падзяліцца

Апошнія запісы

У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?

Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…

2 мая 2024

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…

2 мая 2024

У цэнтры Гродна заканчваюць будаваць буйны офіс для айцішнікаў

У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…

2 мая 2024

ІП везла праз мяжу б/у рэчы для дабрачыннай арганізацыі - вось за што яе аштрафавалі

Атрымаць тавары з-за мяжы павінна была рэлігійная місія Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі. Памежнікі…

1 мая 2024

У гістарычным цэнтры Гродна прадаюць вялізную кватэру з вінным склепам — за $ 266 500

На вуліцы 17 верасня, 59/3 можна набыць кватэру ў цалкам адрэстаўраваным будынку 1925 года пабудовы.…

1 мая 2024

Цэны на арэнду кватэр у Гродне пайшлі ўгору перад доўгімі выхаднымі - чакаецца лавіна турыстаў

У Гродне пачаўся рост цэн за арэнду кватэры на майскія святы. Гэта звязваюць з плынню…

1 мая 2024