Навіны

Патанчыць на карысць дзяцей запрашае Friendship Session

Спалучыць адпачынак пад добрую музыку з дабрачыннасцю прапануюць моладзі гродзенскія музыкі. У бары «Крэйзі дог» яны арганізуюць сяброўскую вечарынку, а сродкі за ўваходныя білеты цалкам перададуць дзіцячаму хоспісу. Грошы патрэбны, каб набыць апарат для экспрэс-аналізаў крыві дома ў пацыэнтаў.

«Мы вырашылі сабраць сяброў у вялікай залі, каб разам „адарвацца“ пад добрую музыку. Мы — гэта Эдгар Кашэўнік, Марыя Макар і Віктар Пракопаў», — расказвае пра сваю каманду адзін з арганізатараў вечарынкі, Эдгар. Сам ён займаецца электроннай музыкай і прадзюсіраваннем артыстаў ужо больш за 10 гадоў. «Мы чакаем моладзь на вечарынку і прапануем спалучыць карыснае з прыемным».

Friendship Session з канцэртам

«Такой музыкі, як мы будзем іграць, у горадзе амаль нідзе няма, — расказвае Эдгар. — Шмат хто з гродзенцаў ездзіць на падобныя вечарынкі ў Мінск і нават за мяжу. Раней мы праводзілі ў Гродне падобныя імпрэзы, а потым быў перапынак на пару гадоў. Зараз вырашылі іх аднавіць і вярнуць на сцэну у абноўленым, дабрачынным фармаце. Чакаем на канцэрце спецыяльнага госця SMOKY D — LIVE, JUNGLE DJ SET. З лакальнай падтрымкі будуць COOPER — Drum & Bass, DE’LAUT — Tech House, VLAD HARDY — Bass House, SYNTHFUNKERS — Synthfunk Special Set, SHIFU aka FLASHMAN — Bass \ Future House».

«Думаю, што многіх зацікавіць добрая музыка, бо часта ва ўстановах горада гучыць адно і тое ж, — мяркуе Марыя Макар, — Любімыя трэкі застаецца слухаць толькі ў навушніках, сам-насам з сабою. Але мы вырашылі змяніць сітуацыю. Хочацца ад душы падзяліцца любімай музыкай і пры гэтым заахвоціць людзей да дабрачыннасці. Гэта ж так проста — прыйсці адпачыць, патанчыць і пры гэтым дапамагчы дзецям».


У Гродне адкрыўся бар Crazy Dog: глядзі фота з першай паці


Сродкі, сабраныя на вечарынцы, будуць перададзены ў дзіцячы хоспіс, каб набыць апарат для экспрэс-аналізаў крыві. «Такі апарат дазваляе зрабіць аналіз і атрымаць вынік адразу дома ў пацыента, пры планавым візіце лекара», — расказвае кіраўнічка дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка.

Лабараторыя для экспрэс-аналізаў патрэбна іх падапечным кожны дзень. «Зараз у нас няма такога абсталявання і даводзіцца замаўляць аналізы ў паліклініцы». Гэта значыць, што лекар перад наведваннем хворага дзіцяці павінен скіраваць туды запыт. Далей паперы пойдуць у лабараторыю. Адсюль накіруюць лабаранта, каб паехаў да дзіцяці і зрабіў аналіз. Вынікі аналізаў будуць рухацца да лекара па тым жа ланцужку ў зваротным накірунку. На гэта губляецца шмат часу, якога ў паліятыўных дзяцей можа не быць у запасе. З партатыўным апаратам лекар змог бы сам, на месцы ўзяць аналіз крыві і аператыўна прызначыць ці скарэктаваць лячэнне.


Вольга Вялічка: «За 10 гадоў кіравання хоспісам я навучылася ўсяму»


Апарат для экспрэс аналізу крыві каштуе каля трох тысяч еўра. «Мы разумеем, што гэта вялікія грошы і цяжка столькі сабраць за адзін раз. Але любая сума — гэта больш за нуль, — кажа Вольга Вялічка. — Кожны ахвяраваны рубель наблізіць нас да таго, каб зрабіць дапамогу дзецям з хоспіса больш эфектыўнай».

Арганізатары вечарынкі кажуць, што найперш хочуць «проста сабраць сяброў» - расказаць гродзенскай моладзі пра новы цікавы адпачынак. Для іх магчымасць прадставіць сваю музыку разам з дабрачыннасцю — гэта эксперымент. «Мы робім вечарынку, таму што нам гэта ў кайф, нам цікава. Чакаем каля 1000 чалавек. Прыходзьце і упэўніцеся самі, як проста зрабіць добрую справу і як з маленькіх асабістых унёскаў збіраецца вялікі вынік».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Супраць гродзенскага актывіста пачалі спецвытворчасць. У чым яго абвінавачваюць?

Гродзенец Ежы Грыгенча патрапіў пад спецвытворчасць. Працэс супраць мужчыны пачалі 2 траўня 2024 года. Ежы…

3 мая 2024

Цана сэрвіснага збору ў візавых цэнтрах Гродзенскай вобласці вырасла. Колькі зараз трэба заплаціць?

Польскія візавыя цэнтры ў Гродне і Лідзе паднялі цэну сэрвіснага збору. Зараз пры падачы на…

3 мая 2024

У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?

Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…

2 мая 2024

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…

2 мая 2024

У цэнтры Гродна заканчваюць будаваць буйны офіс для айцішнікаў

У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…

2 мая 2024

ІП везла праз мяжу б/у рэчы для дабрачыннай арганізацыі - вось за што яе аштрафавалі

Атрымаць тавары з-за мяжы павінна была рэлігійная місія Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі. Памежнікі…

1 мая 2024