Горад

«Не толькі дзеля кавы». Хутка адкрыецца кавярня, дзе барыста будуць размаўляць па-англійску, па-польску і па-кітайску

Кавярня Ава-Кава мае адкрыцца для наведвальнікаў 13 ліпеня на Кірава, 3. Адзін з яе заснавальнікаў, Ягор Доля, кажа, што яна дасць магчымасць не толькі папіць кавы. Тут будуць праходзіць моўныя клубы, кінапрагляды, выставы ды іншыя цікавыя імпрэзы.

Адну са сцен стваральнікі кавярні плануюць аддаць для роспісу маладым мастакам. «Кожныя паўгода роспіс будзе змяняцца, каб кожны ахвотны мог паспрабаваць сябе», - кажа Ягор.

Іншыя сцены таксама не будуць пуставаць. На іх будуць дэманстравацца працы мастакоў і фатографаў. «Найперш запрашаем гродзенскіх майстроў, але і замежным, калі будзе цікавасць, не адмовім». Падчас адкрыцця тут будзе дэманстравацца выстава фатографкі Наталлі Салама «Медытацыя».

Выстава, якую трэба глядзець пад гіпнозам

Адной з фішак новай кавярні мае стаць мультылінгвальнасць прасторы. Гаспадары спадзяюцца арганізаваць тут сустрэчы клубаў па вывучэнні замежнай мовы, а супрацоўнікаў падбіраюць такіх, што могуць размаўляць як мінімум па англійску і па-польску.

«Спадзяёмся знайсці таксама барыста з кітайскай мовай. Увогуле, падбіраем персанал з улікам таго, што Гродна — турыстычнае месца».

Пакуль у кавярні поўным ходам ідзе рамонт. Але дызайнерскія ідэі ўжо ёсць. Іх аўтаркі - мастачкі Ніка Доля і Ніна Паўлоўская. «Будзе шмат зеляніны, шкла і люстэркаў. Для ўтульнасці - зручныя канапы з падушкамі, каб можна было пасядзець і разняволіцца. Частка посуду будзе класічнай, іншая — ад мясцовых рамеснікаў», — распавяла Ніна Паўлоўская.

Што да кавы, то тут збіраюцца заахвочваць барыста да эксперыментаў:

«Адным падабаецца кава з гарчынкай, іншым з кіслінкай, адным з малаком, другім без малака. Будзем эксперыментаваць з гатункамі, відамі абсмажвання і рэцэптамі. Маем надзею абзавесціся ўласнымі дэгустатарамі з ліку пастаянных наведвальнікаў, бо для нас вельмі важна мець зваротную сувязь. Канечне, для іх будзе працаваць сістэма зніжак і бонусаў».

Смакоткі да кавы абяцаюць замаўляць ад мясцовых кандытараў. «Ніякай замарозкі і паўфабрыкатаў. Будзе толькі свежая выпечка. Усё будзе распрадавацца цягам аднаго дня. Калі не паспеем, то вечарам будзем аддаваць з вялікімі зніжкамі».

Назва кавярні «Ава-Кава», па словах стваральнікаў, нарадзілася з меркаванай раней назвы «Авакада», пад уплывам месца з выразнай беларускай тэматыкай. Побач у будынку месцяцца этнакрама «Цудоўня», крама гульняў «Кубік», магазін з беларускімі сувенірамі «Адметнасць», «Цэнтр гарадскога жыцця» і рэдакцыя беларускамоўнага медыя Hrodna.life.

«У назве ёсць і адгалоскі „авакада“, і адсылкі да персанальнай „аватаркі“, і канечне, „кава“. Усё намяшалася, то вырашылі - чаму б і не змяшаць», — жартуюць стваральнікі, — Спадзяёмся, што такі мікс спадабаецца гродзенцам і яны будуць з задавальненнем сюды прыходзіць".

Падзяліцца

Апошнія запісы

Загадчыцу інтэрната ў Гродне аштрафавалі за нямытыя пліты

Загадчыца аднаго з інтэрнатаў у Гродне не ўсачыла за тым, каб паддоны электраплітаў на кухні…

7 мая 2024

Колькасць пасажыраў зменшылася на 99%, страты больш за 8,5 млн. Што зараз з гродзенскім аэрапортам у Абухаве?

За чатыры гады колькасць пасажыраў гродзенскага аэрапорта знізілася за 99% – з 10 000 да…

7 мая 2024

Магічны відэарэгістратар. Збітаму ДАІшнікамі рабочаму не паверыў мясцовы суд — але ў яго ёсць шанец іх пакараць

Рабочага Белспажыўтаварыства збілі двое ДАІшнікаў - у іх аўтамабілі і кабінеце РАУС. Пра гэта ён…

7 мая 2024

«Вольнае валоданне літоўскай, англійскай, польскай, нямецкай». ТОП-5 самых аплочваемых вакансій Гродзенскай вобласці

У пяцёрцы самых прыбытковых вакансій – дырэктар, кіраўнікі зменаў і аддзелаў, а таксама маркетолаг. Hrodna.life…

7 мая 2024

На «Гродна Азот» забароняць карыстацца смартфонамі і выходзіць у інтэрнэт

На «Гродна Азот» і прадпрыемствах, у якіх ён выступае заснавальнікам, супрацоўнікам забароняць карыстацца смартфонамі і…

6 мая 2024

Вайскоўцы кампенсавалі шкоду пацярпеламу гродзенцу — а цяпер забіраюць грошы ў вінаватых

Двух адказчыкаў прызналі вінаватымі ў нядбалым стаўленні да службы, якое прывяло да цяжкіх цялесных пашкоджанняў…

6 мая 2024