Спадчына

Нават квашаніну і дранікі тут рыхтуюць па-асабліваму. У Адэльску прайшло «Свята млынароў»

«Печ павінна быць не гарачай і не халоднай, гатаваць трэба мінімум чатыры гадзіны», — дзеліцца сакрэтамі падрыхтоўкі бульбяной бабкі 73-гадовая Караліна Будрэвіч. У Адэльску, яе родным мястэчку, бабка — страва папулярная, гатаваць яе смачна ўмеюць ці не ўсе гаспадыні. Яны ў адзін голас сцвярджаюць, што для гэтага трэба толькі печ і добры настрой. Сакрэту з рэцэпту не робяць, хоць больш за два дзясяткі рэгіянальных страў з Адэльска ўнесены ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Паспрабаваць знакамітыя пончыкі, хвораст, бабку, кішку і даведацца, як гэта ўсё гатуецца, у памежны аграгарадок Гродзенскага раёна дзясяткі людзей прыехалі падчас традыцыйнага «Свята млынароў», піша Белта.

І месца правядзення абласнога свята, і назва не выпадковыя. У свой час у Адэльску дзейнічалі больш за паўтара дзясятка вадзяных млыноў і ветракоў, а млынары былі паважанымі людзьмі. Свой млын быў і ў бацькі Караліны Будрэвіч.

«Тады ніхто не ведаў, што такое хлеб з крамы. Смак хлеба з печы з тым прадуктам, што робіцца фабрычным спосабам, проста нельга параўноўваць. Мука, дарэчы, таксама выходзіла рознай: людзі багацейшыя малолі на тонкі памол (адходаў было больш), яны маглі сабе гэта дазволіць. Людзі бяднейшыя наладжвалі жорны па-іншаму: мука атрымлівалася „грубай“, але і выходзіла яе больш», — распавядае пенсіянерка. Яна згадвае, як «лавілі» вецер, паварочваючы вятрак у патрэбны бок, у залежнасці ад надвор’я маглі малоць і ўначы. Цяпер хлеб у вёсцы амаль не пякуць, аднак сакрэты яго падрыхтоўкі не забываюць.

«Мы вам распавядзем, што есці, каб не таўсцець!», — зазываюць гасцей свята каларытныя вядучыя. Кажуць, што спакон веку з млынаром за памол разлічваліся гусаком і бутэлькай маладога віна. «Чаму маладога? Таму што ў майго Васiля яно нiколi старым не стане, проста не паспее!», — жартуе вядучая і прапануе паспрабаваць сапраўднага жытняга хлеба з печы.

«Жытні хлеб — адна з тых адэльскіх страў, што ўключаны ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Адрозніваецца ён не толькі інгрэдыентамі і складам, але і асаблівасцямі гатавання. Нават цеста трэба ставіць у вызначаны час і па пэўных правілах. Настрой, што вельмі важна, таксама павінна быць адпаведным: хлеб любіць добрых, пазітыўных людзей», — распавядае супрацоўніца Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Вольга Пракопчык падчас прэзентацыі кнігі «Каля печы». Кнігу разам з гаспадынямі з Адэльска складалі спецыялісты цэнтра: тут два дзясяткі рэцэптаў унікальных страў. Апісаны не толькі працэс гатавання, але і некаторыя абрады, нават замовы. Гаспадыні кажуць, што інакш усё можа не атрымацца.

Нават квашаніна і дранікі па-адэльску тут рыхтуюць па-асабліваму. Ёсць свае рэцэпты каўбас і пірагоў, клінкавога сыру і масла, якое ўзбіваюць па-старому, у ручной драўлянай маслабойцы. Гарадскія жыхары, магчыма, не спрабавалі, а хто калі і спрабаваў, той мог забыць смак тых жа пыз або бульбяных кішкі і бабкі. Не спяшаецеся адмаўляцца ад печы ў прыватным доме: сапраўдныя кулінарныя вынаходствы атрымліваюцца толькі з яе дапамогай. Апісваць усе складана: гэта трэба бачыць і, вядома, спрабаваць!

«Калі ёсць печ, то ўсё проста. Начысціце бульбачкі, натрыце, пасаліце, дадайце саланіны (чым больш, тым смачней) і гатуйце», — дэманструе працэс падрыхтоўкі бабкі Караліна Будрэвіч. Дапамагае ёй ўнучка Эвеліна, якая любіць стравы з печы. Тым больш, што ў сям'і іх рыхтуюць пастаянна.

«Ды ніякая мульціварка з сапраўднай печчу не параўнаецца! Ні па смаку ежы, ні па прастаце падрыхтоўкі: не трэба ніякіх кнопак націскаць, праграмы выбіраць. У дасведчанай гаспадыні печ — галоўная памочніца», — кажа Ірына Асянава, адна з удзельніц конкурсу на лепшы каравай. Вядома ж, пяклі караваі мясцовыя гаспадыні ў печы: ні газавыя, ні электрычныя духоўкі ў гэтым не дапамогуць.

«Конкурс караваяў (як і конкурс побытавых танцаў) стала ўключаны ў праграму свята, якое праводзіцца ў чацвёрты раз. Яно атрымала статус абласнога, аднак я ўпэўненая, што можам замахнуцца на большае, бо Адэльску ёсць што паказаць, ёсць чым пачаставаць», — адзначае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама Наталля Рамановіч. Тут з аптымізмам глядзяць у будучыню, разлічваючы зрабіць свята калі не міжнародным па статусе, то прывабным для замежных турыстаў. Тым больш, што Адэльск увайшоў у так званую бязвізавую зону: з 26 кастрычніка частка Гродзенскага раёна, у тым ліку і Гродна, замежныя турысты на тэрмін да пяці сутак могуць наведваць без віз.

«І гэта адкрывае шырокія перспектывы. Бо турысты бываюць розныя: многіх цікавяць аўтэнтычныя, рэгіянальныя асаблівасці, абрады, стравы. І часам нават самі тураператары не ведаюць, колькі ўнікальных месцаў і людзей ёсць у ваколіцах Гродна», — распавядае намесніца начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева. Паводле яе слоў, спецыяльна для гэтых мэтаў для вядучых тураператараў рэгіёну, якія былі задзейнічаныя ў працы з бязвізавымі турыстамі, арганізавалі прэс-тур з наведваннем найважнейшых аб’ектаў рэгіёну. Гастранамічны тур у Адэльск — адна з разыначак мерапрыемства.

«Першыя тыдні дзеяння бязвізавага рэжыму паказваюць цікавасць замежнікаў да нашага рэгіёна. Тое, што мы сёння ўбачылі, можа быць цікава і гасцям з-за мяжы, Адэльск можа стаць яшчэ адной кропкай прыцягнення замежных турыстаў», — адзначыў начальнік Гродзенскага аддзела турызму Рэспубліканскага прадпрыемства «Цэнтркурорт» Сяргей Піскун. Ён падкрэсліў, што прывабным можа стаць не толькі так званы падзейны турызм: пры належным развіцці інфраструктуры мястэчкі накшталт Адэльска будуць цікавыя розным катэгорыям турыстаў.

І ў самым мястэчку гатовыя сустракаць гасцей не толькі па святах. Запрашаюць, напрыклад, у музей народнага майстра Мар’яна Скрамблевіча. Адкрыты ён кожны дзень, пабываць тут, напэўна, варта кожнаму: такой колькасці незвычайных музычных інструментаў ручной работы больш нідзе не ўбачыш. Як бонус — зносіны з самім майстрам, міні-канцэрт ад чалавека-аркестра, магчымасць набыцця якога-небудзь унікальнага тварэння ад маэстра з Адэльска.

На свята, дарэчы, разгарнулі яшчэ адзін музей — пад адкрытым небам. Метад збору экспанатаў незвычайны: хто чым багаты, шукалі па скляпах і гарышчах. У аматараў антыкварыяту вочы б разбегліся: шалі, якім па 150 гадоў, стогадовая шкатулка майстра з Гродна з захаванай таблічкай з яго адрасам і нават нумарам тэлефона. А скураная жаночая сумачка і стыльныя гумовыя боцікі на абцасе родам з 20-х гадоў мінулага стагоддзя падышлі б і сённяшнім модніцам.

І ў гэтым таксама каларыт беларускіх мястэчак, кожнае з якіх багата на гісторыю і асаблівасці і кожнае з якіх унікальнае. Пры чым, паказваць іх трэба не толькі замежным турыстам. Нам самім, каб не страціць штосьці важнае, варта зазіраць у такія месцы часцей.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Загадчыцу інтэрната ў Гродне аштрафавалі за нямытыя пліты

Загадчыца аднаго з інтэрнатаў у Гродне не ўсачыла за тым, каб паддоны электраплітаў на кухні…

7 мая 2024

Колькасць пасажыраў зменшылася на 99%, страты больш за 8,5 млн. Што зараз з гродзенскім аэрапортам у Абухаве?

За чатыры гады колькасць пасажыраў гродзенскага аэрапорта знізілася за 99% – з 10 000 да…

7 мая 2024

Магічны відэарэгістратар. Збітаму ДАІшнікамі рабочаму не паверыў мясцовы суд — але ў яго ёсць шанец іх пакараць

Рабочага Белспажыўтаварыства збілі двое ДАІшнікаў - у іх аўтамабілі і кабінеце РАУС. Пра гэта ён…

7 мая 2024

«Вольнае валоданне літоўскай, англійскай, польскай, нямецкай». ТОП-5 самых аплочваемых вакансій Гродзенскай вобласці

У пяцёрцы самых прыбытковых вакансій – дырэктар, кіраўнікі зменаў і аддзелаў, а таксама маркетолаг. Hrodna.life…

7 мая 2024

На «Гродна Азот» забароняць карыстацца смартфонамі і выходзіць у інтэрнэт

На «Гродна Азот» і прадпрыемствах, у якіх ён выступае заснавальнікам, супрацоўнікам забароняць карыстацца смартфонамі і…

6 мая 2024

Вайскоўцы кампенсавалі шкоду пацярпеламу гродзенцу — а цяпер забіраюць грошы ў вінаватых

Двух адказчыкаў прызналі вінаватымі ў нядбалым стаўленні да службы, якое прывяло да цяжкіх цялесных пашкоджанняў…

6 мая 2024