Выстава «Радуйся, райскае дрэва!»

Да XVII Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў «Каложскі Благавест»
Да 1030-годдзя Хрышчэння Русі
Хрышчэнне Русі - гістарычная падзея, якая мела выключнае значэнне для народаў, якія засялялі старажытнарускія землі, і была звязана з імем вялікага князя Уладзіміра, праслаўленнага Праваслаўнай Царквой у ліку святых.
Амаль адразу пасля Хрышчэння на землях Старажытнай Русі з’явіліся мясцовыя Святыя: дабраверныя князі Барыс і Глеб, прападобныя Феадосій і Антоній Пячэрскія, Аўраамій Смаленскі, Еўфрасіння Полацкая, Сергій Раданежскі, свяціцелі Сімяон Полацкі, Кірыла Тураўскі і інш. Цэнтрамі рэлігійнага і культурнага жыцця сталі шматлікія цэрквы і манастыры, у якіх праславіліся многія падзвіжнікі хрысціянскай веры. Усё гэта стала плёнам той дзейнасці, якую распачала Праваслаўная Царква на старажытнарускіх землях пасля ўвядзення хрысціянства. Невыпадкова ў акафісце, прысвечаным Святому князю Уладзіміру, яна называе яго «райскім дрэвам», бо ад яго бярэ свой пачатак тысячагадовая гісторыя праваслаўнай святасці, якая працягваецца дагэтуль: «Радуйся, райское древо, произрастившее две пречудныя отрасли, святых страстотерпцев Бориса и Глеба, радуйся, первостоятелю святых Русския Церкве…».
У 2008 г. у дзень памяці Святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра было ўстаноўлена агульнацаркоўнае свята — Дзень Хрышчэння Русі. На выставе, створанай да XVII Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў «Каложскі Благавест» і прымеркаванай да 1030-годдзя Хрышчэння Русі, прадстаўлены прадметы XVII — пачатку XXI ст.: абразы святых Рускай Праваслаўнай Царквы, кнігі з жыціямі святых угоднікаў Божых, царкоўнымі службамі і акафістамі ў іх гонар, а таксама друкаваныя выданні, памятныя медалі, значкі і сувеніры, прысвечаныя юбілейным датам Праваслаўнай Царквы ў Расіі і Беларусі.
Кошт:
- Школьнікі - 1,6 руб.;
- Студэнты — 1,8 руб.;
- Дарослыя — 2 руб.;
- Экскурсія — 8 руб. (група да 25 чал.).
Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.