Выстаўка “Велікодны падарунак”

Выстаўка “Велікодны падарунак”

Выстаўка-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Велікодны падарунак” адкрылася 20 сакавіка 2020 года ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці па адраву вул. Савецкая, 8.

У выстаўцы-конкурсе прымаюць удзел каля 80 майстроў народнай творчасці з усіх рэгіёнаў Гродзенскай вобласці, сярод якіх – носьбіты элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: майстар па традыцыйным роспісе велікодных яек Ларыса Касіцкая з г.п. Сапоцкін Гродзенскага раёна, майстар па вырабе велікодных вербаў Дамініка Кавалёнак з г. Гродна. Усяго экспазіцыя налічвае больш за 300 выкананых у розных тэхніках экспанатаў: салома- і лозапляценне, вышыўка, выцінанка, батык, кераміка, карункапляценне, лапікавае шыццё, ткацтва, пісанка, роспіс па дрэве і інш.

Усе работы на велікодную тэматыку прадстаўлены ў наступных конкурсных намінацыях: “лепшая калекцыя велікодных яек”; “лепшая калекцыя велікодных паштовак”; “лепшыя велікодныя кошыкі”; “лепшае дэкаратыўнае пано”; “лепшая калекцыя велікодных вербаў”. Вынікі выстаўкі-конкурсу падвядзе кампетэнтнае журы 3 красавіка 2020 года.

Выстаўка-конкурс “Велікодны падарунак” – гэта яскравае пацвярджэнне таго, што дэкаратыўна-прыкладное мастацтва з’яўляецца паўнавартасным складнікам традыцыйнай культуры Гродзеншчыны, захоўвае архаічныя ўяўленні народа пра Сусвет, навакольнае асяроддзе і яго ўпарадкаванне, вылучаецца яркай самабытнасцю і непаўторнасцю.

Дата

20.03.2020 - 04.04.2020