Дадаць навіну
Нядзеля, 25 лютага 2018, 05:45
Усе мерапрыемствы

Вернісаж выставы Жанны Капуснікавай «Dажынкі»

«…модныя даяркі ў хустках і цёмных акулярах, статныя камбайнеры — быццам з рэкламнага буклета нейкай уяўнай ідэальнай вёскі, дзе існуе толькі сакавітая прыгажосць ва ўсім — у хрусценні агурка, у прыемнай шурпатасці мазалёў, у п’яным водары сунічнай паляны…»

Жанна Капуснікава
21.08−2017 — 18.09.2017
Адкрыццё — 21.08.2017 / 18.30
Месца: Гродна, вул. Савецкая, 3

«Дажынкі» — адна з найбольш распаўсюджаных назваў свята ўраджаю ў Беларусі. Менавіта так называецца і адно з важнейшых афіцыйных святаў - з 1996 года яно адзначаецца на ўсебеларускім узроўні. Але, як вядома, любую добрую ідэю можна апашліць, калі безгустоўна і крывадушна яе эксплуатаваць. Выглядае, што так атрымалася і з Дажынкамі. За 20 гадоў гэтае слова страціла сваю вартасць і часта выклікае агіду ў многіх жыхароў, асабліва маладых, а таксама сярод тых, хто, уласна, і збірае ўраджай.

Дэманстрацыя першай часткі арт-праекту Жанны Капуснікавай «ДАЖЫНКІ» адбылася ўвосень 2013 года. Творца паспрабавала збіць фальшывы пафас са свята, тым самым вярнуць яму хаця б частку сапраўднага значэння і «рэабілітаваць» яго назву. Таму і назвала праект менавіта так, рызыкуючы, што выстава, у лепшым выпадку, не будзе прынятая ні гледачом, ні калегамі, ні «дзяржаўнымі інстытутамі». Бо ў тыя часы, у 2013-м годзе, тэма нацыянальнай самаідэнтыфікацыі яшчэ не настолькі захапіла нашае грамадства і дзяржава яшчэ не спрабавала прыўлашчыць моду на мову, вышыванкі ды вышымайкі. Любоў, форма падачы, іронія, самаіронія — на думку мастака мусілі «скараціць шлях» на выставу самаму разнастайнаму гледачу, у першую чаргу, маладому. Тая выстава атрымалася яркай, радаснай і светлай. Арт-крытыкі і журналісты называлі яе ўтопіяй, з чым Жанна не зусім згаджалася і гатовая была з запалам працягваць «культываваць» гэтую тэму…

…Але вельмі хутка свет змяніўся, і на традыцыйны папрок: «Вы занадта адрываецеся ад жыцця!», захацелася адказаць: «Хутчэй, усе мы занадта адрываемся ад смерці». І сапраўды — мы звыкліся жыць так, быццам бы ніколі не памрэм. Мы сталі неасцярожныя ва ўчынках, словах, думках — і не задумваемся, што наўпрост ці ўскосна можам уплываць не толькі на жыццё, якое точыцца вакол нас, але і на смерць навокал нас. Мы да іх прызвычаіліся: і да жыцця, і да смерці. Мы не цэнім ні жыцця, ні смерці. Ні сваёй, ні чужой…

Адкрыццё другой часткі арт-праекта пад назвай «Другія Дажынкі» адбылося ў лістападзе 2015 года. На выставу былі адабраныя працы з папярэдняга праекта і 10 новых, створаных у 2014−2015 гг. Выяўленчая мова засталася той самай, але «Другія Дажынкі» атрымаліся іншымі і пераўтварыліся ў антыўтопію. А аб’яднанне ў адной экспазіцыі двух полюсных канцэпцый дазволіла найбольш ярка сфармуляваць пасыл: незалежна ад поглядаў і прыхільнасцяў усіх жывых людзей аб’ядноўвае тое, што яны пакуль жывыя. Гэтая ж драматургія захаваная і ў цяперашняй выставе ў Гродне.
Мы адабралі на суд гарадзенцаў тры работы з першай серыі «аграрамантычнага серыяла Дажынкі», пяць работ «антыўтопіі» і адну работу з серыі «Марсіянскі лапiк» — трэцяй часткі праекта.

Жанна Капуснікава нарадзілася ў 1965 годзе ў Мінску. Закончыла ў 1984 годзе жывапісна-педагагічнае аддзяленне Мінскай мастацкай вучэльні імя Глебава, у 1993 годзе Беларускую Акадэмію мастацтваў. Сябра Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў з 2000 года.


Уваход на выставу вольны. Выстава працуе штодзённа, акрамя нядзеляў, ад 10 да 19 гадзіны.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

comments powered by HyperComments


Дата

21.08.2017 - 18.09.2017

Час

18:30
Цэнтр гарадскога жыцця #uCentry

Месца правядзення

Цэнтр гарадскога жыцця #uCentry
вул. Савецкая, 3, у дворыку (галерэя "Крыга")

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: