Іншыя падзеі
Краязнаўчая гульня "Кузня гарадзенскіх славутасцяў"

Краязнаўчая гульня “Кузня гарадзенскіх славутасцяў”

Шаноўныя гарадзенцы і госці горада! Маем гонар запрасіць Вас на краязнаўчую гульню “Кузня гарадзенскіх славутасцяў” у межах адкрытага інтэлектуальнага клуба “Паходня ісціны” гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А.Макаёнка, якая адбудзецца 17 красавіка а 16-й гадзіне. Імпрэза прымеркавана да 185-годдзя Гродзенскай губернскай мужчынскай гімназіі, буйнейшай сярэдняй навучальнай установы XIX- пач. XX стст. у рэгіёне.
Гродзенская губернская мужчынская гімназія была адкрыта 6 красавіка 1834 года. Пазней атрымала імя генерала А.П. Тармасава. Гімназія была ўсесаслоўнай, і правам паступлення ў яе маглі скарыстацца ўсе жадаючыя, без адрознення званняў і веравызнанняў. У гімназіі выкладалі Закон Божы, рускую мову і славеснасць, царкоўна-славянскую, лацінскую, грэчаскую, нямецкую, французскую мовы, матэматыку, фізіку, геаграфію, натуральную гісторыю, чыстапісанне, чарчэнне, маляванне. Сямігадовы гімназічны курс даваў навучэнцам сярэднюю адукацыю і рыхтаваў да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Гродзенская гімназія славілася ўнікальнай бібліятэкай, калекцыяй мінералаў, нумізматыкі і ўласнай хімічнай лабараторыяй, была не толькі адукацыйным, але і навукова-метадычным цэнтрам горада. У 1876 г. настаўнік гімназіі І. С. Свідзерскі выдаў працу «Некалькі слоў пра рашэнне геаметрычных задач без дапамогі лінейкі». Амаль трыццаць гадоў выкладаў у гімназіі гісторыю, геаграфію і грэчаскую мову беларускі гісторык, краязнаўца, адзін з заснавальнікаў Гродзенскага педагагічнага таварыства, аўтар больш 20 навуковых прац Яўстафій Арлоўскі. Сярод вядомых выпускнікоў гімназіі браты Урублеўскія: Зыгмунт – прафесар фізікі Ягелонскага ўніверсітэта, Эдвард – прафесар хіміі Санкт-Пецярбургскага практычнага тэхналагічнага інстытута, Станіслаў – дырэктар Цэнтральных упраўленняў ваеннай прамысловасці Польшчы і Вітаўт –прафесар Вышэйшай Тэхнічнай школы ў Варшаве.
Будынак па вул. Віленскай (Савецкай), дзе знаходзілася гімназія, упершыню перабудоўваўся ў 1836 годзе. У 60-70-я гг. ХIХ ст. зноў быў зроблены рамонт, падчас якога на фасадзе зніклі цэнтральныя пілястры, якія з’явіліся ў бакавых частках. Замест атыка цэнтр фасада ўпрыгожыў франтон. Чарговы рамонт у 80-я гг. ХIХ ст. зноў змяніў фасад гімназіі. Аўтарам новага праекта стаў архітэктар «Санкт-Пецярбургскага страхавога ад агню таварыства» К. Гейне. Дзякуючы яго праекту на фасадзе з’явілася ляпніна. На франтоне быў размешчаны вялікі арол, а яго профілі былі заменены сандрыкамі.
Даведкі патэлефоне: 69-68-73

Дадаць навіну

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *