Дадаць навіну
Чацвер, 19 ліпеня 2018, 10:07

100 ГОД БНР - ТУРЫСТЫЧНАЯ КАРТА ГРОДНА

alen vitaje

Прывітанне! Я – Лявон, нашчадак таго самага легендарнага аленя з крыжам паміж рагоў, намаляванага на гербе горада Гродна.

Да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі Hrodna.life разам з Цэнтрам гарадскога жыцця падрыхтаваў спецыяльнае святочнае выданне нашай турыстычай карты "Зроблена тутэйшымі". На ёй - месцы, звязаныя з беларускім рухам і дзейнасцю ўрада БНР у Гродне.

Месцы БНР

bernardyny

Манастыр бернардынаў

Цяпер Пабернардынскі касцёл на Маставой вуліцы. Напярэдадні Першай сусветнай вайны тут адбываліся паседжанні Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. Гродзенскі гурток беларускай моладзі быў утвораны вучнямі гродзенскіх гімназій пад апекай ксяндза Францішка Грынкевіча. Гурток займаўся тэатральнымі пастаноўкамі на беларускай мове, трымаў бібліятэку, выдаў некалькі нумароў часопіса “Колас беларускай нівы”. Нейкі час гуртком фактычна кіравала Людвіка Сівіцкая, будучая паэтка Зоська Верас.


вул. Парыжскай камуны, 1

Каардынаты: 53.67519052,23.83065474

школа

Беларуская школа

цяпер корпус аграрнага ўніверсітэта на вуліцы Валковіча. Тут было апошняе месцазнаходжанне беларускай школы пад кіраўніцтвам Уладзімера Федарука. Беларуская школа ў Гродне паўстала ў 1916 г. у будынках былога Барысаглебскага манастыра і знаходзілася на вул. Паўночнай (цяпер Валковіча) да канца 1920-х гг.


вул. Валковіча, 1

Каардынаты: 53.686112, 23.843047

хатка

Беларуская хатка

вядомая гродзенцам як былая мастацкая школа. Цяпер у гэтым шэрым будынку на скрыжаванні вуліц Тэлеграфнай і Карбышава месціцца разлікова-касавы цэнтр. Тут размяшчалася Грамада беларускай моладзі, адбываліся сустрэчы беларускіх актывістаў. Менавіта тут пазнаёміліся Тамаш Грыб і Паўліна Мядзёлка. Адсюль пачалася гісторыя іхнага кахання.


вул. Карбышава, 10

Каардынаты: 53.681431, 23.836457

каледж

Міністэрства беларускіх спраў

цяпер Гуманітарны каледж на вуліцы Леніна. Тут адбываліся сустрэчы Міністэрства беларускіх спраў на чале з Язэпам Варонкам. Міністэрства беларускіх спраў было ўтворана пры ўрадзе Літоўскай рэспублікі, якт разлічваў на тое, што ўдасца ўключыць Гродзеншчыну ў склад літоўскай дзяржавы на правах шырокай палітчнай і культурнай аўтаноміі.


вул. Леніна, 4

Каардынаты: 53.677945, 23.840850

багдановіч

Дом Багдановіча

Цяпер музей Максіма Багдановіча. Тут у 1890-х гадах жыла сям’я Адама Ягоравіча Багдановіча, бацькі Максіма. Непасрэднага дачынення да стагоддзя БНР дом не мае. Але, паводле аўтараў мапы, для беларускай дзяржаўнасці і культуры гэта знакавы будынак.


вул. 1 мая, 10

Каардынаты: 53.687298, 23.837814

Сайт: bagdanovichmuseum.by

гатэль расія

Гатэль "Расія"

таксама раней называўся гатэль «Маскоўскі» — цяпер камітэт прыродааховы і Орхускі цэнтар. На пачатку 1919 году тут адбываліся сустрэчы ўраду БНР. Фактычна – апошняе месца паседжанняў ураду БНР на тэрыторыі Беларусі.


вул. Савецкая, 23

Каардынаты: 53.681354, 23.831414

гатэль еўропа

Гатэль "Еўропа"

Ад яго нічога не засталося, цяпер на гэтым месцы стаіць універмаг «Нёман». У канцы 1918 — на пачатку 1919 гадоў тут жыў старшыня ўраду БНР Антон Луцкевіч. Малюнак будынка на мапе зроблены паводле алоўкавай рэканструкцыі гатэлю. У 1941 г. у гатэль трапіла нямецкая бомба. Пасля вайны будынак планавалі аднавіць але ў канцы канцоў зруйнавалі.


вул. Савецкая, 18

Каардынаты: 53.682113, 23.831645

гатэль раяль

Гатэль "Раяль"

Цяпер зачынены ружовы будынак на Гараднічанскай вуліцы, у працэсе зацягнутай рэканструкцыі. Тут адбываліся сустрэчы беларускіх і польскіх актывістаў у 1919 годзе, а таксама жылі сябры вайскова-дыпламатычнай місіі Антанты, якая павінна была вырашыць будучую дзяржаўную прыналежнасць Гродзеншчыны. Паміж іншымі тут жыў маёр амерыканскай арміі Дуайт Эйзенхауэр - будучы прэзідэнт ЗША.


вул. Гараднічанская, 20

Каардынаты: 53.681305, 23.834611

камендатура

Беларуская камендатура

Сучасная рэзідэнцыя праваслаўнага япіскапа, побач з архірэйскім падворкам. Тут размяшчалася Беларуская вайсковая камендатура і цэнтр вайсковых частак у Гродне на пачатку 1919 года. Адсюль паходзіць большасць здымкаў з беларускімі вайскоўцамі таго часу. У Гродне ў пачатку 1919 г. быў створаны беларускі полк, кавалерыйскі эксадрон, камендатура і іншыя аддзелы.


вул. Горкага, 2

Каардынаты: 53.684882, 23.830590

бернардыны

Былы Барысаглебскі манастыр

Яго не засталося, на ягоным месцы пабудаваны драмтэатар. З 1916 году ў будынках манастыра дзейнічалі беларускі прытулак і беларуская школа. Кіравалі школай Аляксандар Грыкоўскі і Тэкля Станішэўская. Рэканструявалі выяву па некалькіх фатаграфіях з розных ракурсаў.


вул. Маставая, 35

Каардынаты: 53.675456, 23.827720

могілкі

Старыя гарадскія могілкі на вуліцы Антонава

Тут пахаваны адзін з заснавальнікаў Гродзенскага гуртка беларускай моладзі ксёндз Францішак Грынкевіч і першы настаўнік Гродзенскай беларускай школы Аляксандар Грыкоўскі. На могілках таксама пахаваныя многія людзі датычныя да беларускай культуры – паэт Міхась Васілёк, маці Максіма Багдановіча.


вул. Антонава, вул. Прыгарадная

Каардынаты: 53.672206, 23.841614

турма

Турма

Цяпер таксама турма № 1 на вуліцы Кірава. Тут у міжваенныя часы ўтрымлівалі беларускіх патрыётаў, у тым ліку, Браніслава Тарашкевіча і Пятра Сяўрука. Тут таксама сядзелі паэты-камуністы Піліп Пястрак і Валянцін Таўлай.


вул. Кірава, 1

Каардынаты: 53.679339, 23.831628