На летнія канікулы бацькі куплялі мне сандалі. Такія з перамычкаю на пальцах і з цвёрдым заднікам.

Я сандалі не любіў, бо хлопцы ў вёсцы зазвычай хадзілі босыя. Я таксама ўсё лета — і ў спёку, калі пясок апякаў пяты, і ў грыбы, калі сасновыя голкі калолі ногі - цягаўся як усе. Босым.

У гэтым я бачыў нейкую рамантыку і загартоўку характару. Аднойчы, пад канец канікулаў, мой сябар «Мурын» убачыў на мне навюткія сандалі, якія змусіла абуць бабуля, бо ў жніўні было ўжо прахалодна.

— Во гэта абутак! — зайздросна прахрыпеў Мурын.

Я аддаў яму тыя сандалі, бо, па шчырасці, крыху саромеўся ў іх хадзіць.

Праз год я вярнуўся і ўбачыў Мурына ў маіх зношаных, зашмальцаваных сандалях. Нага яго вырасла і бацька адрэзаў цвёрдую пятку, каб застаўся толькі пасак, што трымаў сандаль на назе, а пята вісела і мала не дакраналася зямлі.

Толькі тады я зразумеў, чаму вясковыя хлопцы хадзілі басяка.

150 словаў пра эСэСэСэР. Сандалі