Кажуць пра надзвычай таленавітае савецкае кіно для масавага гледача. І праўда, серыял пра Шэрлака Холмса ці пра прыгоды Шурыка з задавальненнем глядзеў некалькі разоў. Праўда, паказвалі іх даволі часта. Не так шмат было тых фільмаў для масаў, што даводзілася іх паўтараць, ці што? Мо з таго і нарадзілася савецкая завядзёнка — штогод паказваць «З лёгкім парам».

Але адзін выпадак памятаю, калі ў савецкім Гродне немагчыма было набыць квіток на фільм. Квіткі масава выкуплялі на ўсе сеансы.

Памятаеце? Стаялі натоўпы дарослых дзядзечак і цётухнаў, ажно на вуліцы, ля цяпер ужо былога кінатэатра «Гродна» на Савецкай.

У нас, у дзяцей, не было ані шанцу каб здабыць квіток, а хацелася.

Памятаеце, што гэта быў за фільм? Яшчэ песня з тых часоў засталася. Я дагэтуль некалькі словаў памятаю: «Джымі, Джымі, Джымі! Ачу! Ачу! Ачу!» Так, гэта быў «Танцор дыска»! Што ў ім прыцягвала гледача — вялікая таямніца…

Чаргі на савецкі масавы фільм не памятаю ніколі.

150 словаў пра эСэСэСэР. Кіно