Адно з двух найбуйнейшых інтэрнэт-медыя ў Беларусі, TUT.BY, з 18 траўня застаецца заблакаваным. Многія называюць тое, што адбылося, разгромам партала. Што збіраецца рабіць TUT.BY, і што адбываецца цяпер, на прэс-канферэнцыі распавёў Кірыл Валошын, намеснік гендырэктара TUT.BY па агульных пытаннях.

Цяпер па «справе TUT.BY» затрыманыя 15 чалавек. Сярод іх генеральная дырэктарка кампаніі Людміла Чэкіна, галоўная рэдактарка Марына Золатава, рэдактары, журналісты, па незразумелых для кампаніі прычынах — і праграміст партала. Не ўсе затрыманыя — супрацоўнікі TUT.BY: сярод іх і дырэктар звязанай з TUT.BY кампаніі hoster.by, і кіраўніца стартапа Rocketdata. io (раней яна кіравала праектам TAM.BY). Удава заснавальніка партала Юрыя Зісера Юлія Чарняўская знаходзіцца пад хатнім арыштам. У яе няма долі ў TUT.BY і яна не мае дачынення да гаспадарчай дзейнасці кампаніі, але з’яўляецца мажарытарным удзельнікам hoster.by. Поўны і актуальны спіс затрыманых апублікаваны тут (працуе праз VPN).

Мажарытарны ўдзельнік — уладальнік долі ў кампаніі, памер якой дазваляе граць вядучую ролю ў прыняцці рашэнняў. Мінарытарны ўдзельнік — уладальнік долі, памер якой не дазваляе яму наўпрост удзельнічаць у кіраванні кампаніяй.

TUT.BY — чалец Парку высокіх тэхналогій (ПВТ) з 2019 года. Перад уключэннем у парк кампанія, як і іншыя рэзідэнты, падавала бізнес-план, які правярала экспертная камісія. Яго неаднаразова перараблялі, пасля ўключэння ў ПВТ кампанія таксама рэгулярна праходзіла праверкі, распавёў Кірыл Валошын. Ніякіх прэтэнзій да іх праграмнага забеспячэння раней не паступала. Нягледзячы на гэта, 18 траўня кампанію «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» выключылі з ПВТ.

У чым вінавацяць TUT.BY

Службовых асобаў ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў: быццам кампанія беспадстаўна карысталася падатковымі ільготамі як рэзідэнт ПВТ. Парушэннем палічылі тое, што не ўсё праграмнае забеспячэнне распрацавана ўнутры кампаніі.

«Рашэнне паркам было прынята за адзін раз, без папярэджанняў і разглядаў, — распавёў Кірыл Валошын. — Нам не здаецца, што яно сапраўды звязана з праграмным забеспячэннем. Гэта з’яўляецца актам забойства ненавіснага ўладзе медыя, якое заўсёды шчыра, адкрыта і аператыўна публікавала інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне».

Чытайце таксама: Сборы на лечение, помощник экскурсоводов и бизнес-каталог. Что мы потеряли вместе с TUT.BY

Што будзе рабіць TUT.BY

Зараз рэдакцыя працягвае працу ў сацсетках і двух Telegram-каналах. Магчымасці аднавіць партал у выглядзе люстэрка пад іншым адрасам у дадзены момант няма, распавёў Валошын. «Гэта крыху падобна на рэйдэрскага захопу», — дадаў ён. Справа ў тым, што заблакаваны не толькі дамен партала. Серверы, праграмнае забеспячэнне, дыскавыя назапашвальнікі канфіскаваныя з пляцоўкі, дзе размяшчаліся серверы кампаніі. Да бэкапаў доступу цяпер няма.

«Міністэрства інфармацыі вынесла рашэнне аб блакаванні TUT.BY на тэрыторыі Беларусі, але замежныя карыстальнікі павінны мець магчымасць туды заходзіць, павінны мець магчымасць заходзіць супрацоўнікі кампаніі і ўладальнікі». Прычын такой сітуацыі ўлады не агучваюць.

Кірыл Валошын распавёў, што кампанія плануе рабіць для аднаўлення працы:

  • спрабаваць аднавіць працу дадаткаў TUT.BY на ўсіх платформах,
  • аднаўляць TUT.BY на іншым дамене,
  • звяртацца да Міністэрства інфармацыі па афіцыйны пералік навін, якія яно палічыла парушэннем заканадаўства,
  • дамаўляцца, каб была магчымасць выдаліць усе артыкулы і аднавіць працу партала на старым адрасе.

Апошняе ўдалося выданню «Наша Ніва». «Выдаліўшы, напрыклад, дзясятак артыкулаў, яна змагла аднавіць працаздольнасць у Беларусі, хоць ад праблем не пазбавілася», — прыгадаў Валошын.

Наўрад ці атрымаецца аднавіць працу ў поўным аб’ёме: на партале было некалькі дзясяткаў раздзелаў, у тым ліку забаўляльных, спартыўны. «Без рэкламадаўцаў мы не зможам дазволіць сабе іх утрымліваць», — распавёў Валошын.

"Журналістыка з заціснутымі ў дзверы пальцамі". Што будзе з TUT.BY і яго супрацоўнікамі далей
У офіс кампаніі па-ранейшаму няма доступу

У выпадку, калі не атрымаецца аднавіць сайт на ранейшым адрасе, прыйдзецца запускаць версію партала на новым дамене. З вялікай верагоднасцю улады таксама заблакуюць яго на тэрыторыі Беларусі, доступ будзе магчымы толькі праз VPN, лічыць Валошын.

Ці спатрэбіцца для гэтага рэлакацыя часткі супрацоўнікаў, пакуль складана сказаць. Яе таксама будуць разглядаць як варыянт, але не ўсе супрацоўнікі гатовыя да пераезду.

Хто ўладальнікі TUT.BY і што з імі адбываецца

Сярод тых, каму належаць долі ў кампаніі, — затрыманыя генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна і галоўная рэдактарка Марына Золатава (мінарытарная ўдзельніца).

Трое ўладальнікаў знаходзяцца за мяжой: Яўгенія Чарняўская (дачка Юрыя Зісера) — спадчынніца асноўны долі ў кампаніі, намеснік гендырэктара кампаніі Ксенія Іванова і Кірыл Валошын — адышоў ад аперацыйнай дзейнасці ў 2013 годзе, але плануе да яе вярнуцца.

Што будзе з супрацоўнікамі

Зараз банкаўскі рахунак кампаніі заблакаваны. Даверанасці, якія складала генеральная дырэктарка, магчыма, канфіскавалі з офіса кампаніі. Нават калі гэта не так, ён усё яшчэ заблакаваны. Магчымасці паўнавартасна ажыццяўляць кіраўніцкія рашэнні і наўпрост мець зносіны з ПВТ цяпер ні ў каго няма, распавёў Валошын. Уладальнікі плануюць абраць выконваючага абавязкі дырэктара.

Кампанія ўжо звярнулася ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў з просьбай разблакаваць яе рахунак на тую частку, якая патрэбна для выплаты супрацоўнікам заробкаў, прэмій, авансаў і дэкрэтных дапаможнікаў.

«Каманда для нас значна важнейшая, чым справа жыцця Юрыя Анатольевіча [Зісера]. Але цяпер асноўны ўпор — на прававую абарону, працу з адвакатамі, вызваленне, наколькі можам на гэта ўплываць, нашых калегаў», — распавёў Кірыл.

Праз гэта да абмеркавання таго, што рабіць з камандай, яшчэ не прыступалі. Ужо зразумела, што без рэкламадаўцаў і з той наведвальнасцю, якая можа быць у партала пры запуску люстэрка, утрымліваць каманду ў поўным аб’ёме TUT.BY не зможа. Частку супрацоўнікаў пакуль адпраўляюць у адпачынак. Валошын спадзяецца, што рахунак разблакуюць, і атрымаецца выплаціць ім адпускныя.

"Журналістыка з заціснутымі ў дзверы пальцамі". Што будзе з TUT.BY і яго супрацоўнікамі далей
Фота: TUT.BY

Пры чым тут hoster.by

Затрыманы зараз дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў пачынаў сваю працу ў TUT.BY больш за 10 гадоў таму. Цяпер Hoster.by — асобная кампанія, якая займаецца рэгістрацыяй і адміністраваннем даменаў беларускай зоны і размяшчэннем сайтаў. На Hoster.by знаходзіцца больш за 60% беларускіх сайтаў.

«На наш погляд, ніякай сувязі паміж справай TUT.BY і дырэктарам Hoster.by няма», — кажа Кірыл Валошын. На дадзены момант кампанія працягвае працаваць, сайты, размешчаныя на Hoster.by, не заблакаваныя. «Але ўсё можа быць», — дадае Валошын.

Чым дапамагчы TUT.BY і што чакае беларускую журналістыку

«Донаты, фандрайзінг не ратуюць становішча, не вяртаюць „у прамы эфір“ на той дамен, які нам належыць. Таму трэба казаць не пра дапамогу парталу канкрэтна, а пра дапамогу дэмакратыі ў краіне і распаўсюджванню сумленнай, аператыўнай інфармацыі», — лічыць Кірыл Валошын.

Ён заклікаў чытачоў не толькі TUT.BY, але і іншых беларускіх СМІ не адпісвацца, ставіць «падабайкі», падпісвацца на незалежныя каналы, расшарваць інфармацыю сябрам, рэпосціць ў сваіх сацсетках, паказваць сваякам і тым, хто верыць прапагандзе, сапраўдную карціну падзей.

«Ужо даўно беларуская журналістыка працуе з заціснутымі ў дзверы пальцамі - не толькі TUT.BY, але і ўсе незалежныя СМІ навучыліся ўсміхацца з гэтымі заціснутымі пальцамі. Але баюся, што часткі, якія заціснутыя, ужо больш інтымныя, чым пальцы, і ўсміхацца цяжка. З прапагандысцкай журналістыкай усё выдатна, — кажа Валошын. — Будучыня [журналістыкі] не бачыцца светлай і перспектыўнай да таго, як прыйдзе дэмакратыя ў краіну».

У канцы 2020 года ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» было пазбаўлена статусу СМІ, але са жніўня 2020 года ён нічога не даваў, адзначыў Валошын — журналістаў затрымлівалі ў час працы.

Да блакавання партал публікаваў у сярэднім больш за 100 матэрыялаў на дзень. Яго наведвала 63% карыстальнікаў беларускага інтэрнэту.