«Запрещается». Шэсць забаронаў савецкай цэнзуры ў публікацыях пра Другую сусветную вайну

У 2017 годзе ўлады Украіны рассакрэцілі савецкую мэтадычку пра пасляваенную цэнзуру. Свабода нагадвае асноўныя тэзісы дакумэнта, піша www.svaboda.org.

Сьцісла:

Забаранялася публікаваць –

  • зьвесткі ў абсалютных лічбах і ў адсотках пра колькасьць мабілізаваных
  • лічбавыя дадзеныя пра людзкія страты
  • інфармацыю пра колькасьць партызанаў, якія дзейнічалі на часова акупаванай тэрыторыі
  • зьвесткі і высновы адносна апэрацый замежных войскаў, якія бралі ўдзел у Другой усясьветнай вайне

Сапраўдная інфармацыя цэнзуравалася і засакрэчвалася

У 2017 годзе ва Ўкраіне зьнялі грыф сакрэтнасьці з выдадзенай у 1949 годзе ў Маскве мэтадычкі, у якой сабраны пералік забароненай для публікацыі інфармацыі ў адкрытым друку і на радыё.

Мэтадычка была выдадзеная ў колькасьці 2942 экзэмпляры і разасланая ў тэрытарыяльныя органы Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі СССР ва ўсе рэспублікі. Асобны разьдзел у ёй прысьвечаны асьвятленьню Другой усясьветнай вайны.

«Прапагандысцкі міт пра „Вялікую Айчынную“ паўстаў дзякуючы таму, што сапраўдная інфармацыя цэнзуравалася і засакрэчвалася. У той час, калі расейская прапаганда працягвае выкарыстоўваць гэтыя міты, архівы асабліва павінны працаваць над тым, каб паказваць і адкрываць таямніцы камуністычнай цэнзуры», — перакананы дырэктар архіву Службы бясьпекі Ўкраіны Андрэй Когут.

Свабода сабрала асноўныя інфармацыйныя забароны савецкіх часоў пра Другую ўсясьветную вайну.

«Запрещается». Шэсць забаронаў савецкай цэнзуры ў публікацыях пра Другую сусветную вайну

Пра мабілізацыю

«Забараняецца публікаваць зьвесткі ў абсалютных лічбах і ў адсотках пра колькасьць мабілізаванага ва Ўзброеныя сілы насельніцтва па СССР цалкам, рэспубліках, краях, абласьцях, гарадах і раёнах».

Асобная забарона тычылася колькасьці мабілізаваных жанчын.

Савецкая ўлада лічыла, што закрытай для распаўсюджаньня мае быць і інфармацыя пра колькасьць мэханізаванага і жывога транспарту, які забіраўся ня толькі ў цывільных міністэрстваў, але і ў людзей на карысьць Узброеных сілаў, яго стратах і вяртаньне гаспадарам.

Пра страты тэхнікі і жывой сілы

«Забараняецца публікаваць лічбавыя дадзеныя пра людзкія страты цалкам па СССР, Узброеных сілах, па асобных апэрацыях, па рэспубліках, краях, абласьцях, гарадах і раёнах».

Пад грыф «сакрэтна» таксама трапіла інфармацыя пра колькасьць інвалідаў вайны, стратах узбраеньня цалкам, па асобных апэрацыях і франтах, а таксама пра страты саюзьнікаў.

«Запрещается». Шэсць забаронаў савецкай цэнзуры ў публікацыях пра Другую сусветную вайну

Пра трафеі

«Забараняецца публікаваць агульныя зьвесткі пра захопленыя Узброенымі сіламі СССР трафэі».

Асобная забарона тычылася зьвестак пра захопленыя дакумэнты генэральных штабоў, вайсковага камандаваньня і дзяржаўных органаў краінаў, якія ваявалі супраць СССР.

«Забараняецца публікаваць зьвесткі пра ўвоз і выкарыстаньне ў СССР захопленага на тэрыторыі праціўніка прамысловага і сельскагаспадарчага абсталяваньня, транспарту, прадметаў мастацтва, а таксама ўсю інфармацыю пра караблі і плаўсродкі, атрыманыя Савецкім Саюзам у выніку разьдзелу флёту дзяржаў, якія ваявалі супраць СССР».

Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі СССР закрыла ўсю інфармацыю, што тычылася колькасьці вайсковай тэхнікі, атрыманай савецкай армій ад саюзьнікаў.

«Запрещается». Шэсць забаронаў савецкай цэнзуры ў публікацыях пра Другую сусветную вайну

Пра партызанаў

Нягледзячы на тое, што партызанская барацьба ў савецкай прапагандзе гераізавалася практычна ва ўсіх савецкіх рэспубліках, забарона закранула і яе. У прыватнасьці, да дзяржаўнай таямніцы была аднесеная інфармацыя пра колькасьць партызанаў, якія дзейнічалі на часова акупаванай тэрыторыі, а таксама мэтады іхнай кансьпірацыі, маскіроўкі і дэталі абсталяваньня партызанскіх лягераў.

У той жа час менавіта ў дачыненьні да партызанаў, у адрозьненьне ад вайсковых выведнікаў, дазвалялася публікаваць зьвесткі пра тое, як яны пераапраналіся ў форму праціўніка.

Пра саюзьнікаў

«Забараняецца публікаваць абагульненыя зьвесткі і высновы адносна апэрацый замежных войскаў, якія бралі ўдзел у Другой усясьветнай вайне, за выключэньнем апублікаваных у адкрытым замежным друку».

«Забараняецца публікаваць зьведзеныя зьвесткі пра страты саюзьнікаў і праціўніка ў жывой сіле і тэхніцы па асобных франтах, флётах, злучэньнях і флятыліях».

«Запрещается». Шэсць забаронаў савецкай цэнзуры ў публікацыях пра Другую сусветную вайну

Пра эпідэміі і захворваньні

Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі СССР забараняла публікаваць абагульненыя зьвесткі пра ўплыў вайны на здароўе працоўных. У прыватнасьці, пра эпідэміі, зьніжэньне нараджальнасьці, харчовы рацыён і яго ўплыў на здароўе насельніцтва і жыльлёвыя ўмовы.

Пад забарону трапілі і зьвесткі, нават адзінкавыя, пра выпадкі захворваньня жывёлы і грызуноў на чуму, а таксама пра масавыя інфэкцыйныя захворваньні скаціны.

«Забараняецца публікаваць зьведзеныя дадзеныя ў абсалютных лічбах і адсотках пра маштабы падзяжу жывёлы цалкам па СССР, рэспубліках, краях і абласьцях, а таксама пра масавы падзеж жывёлы па раёнах і жывёлагадоўчых саўгасах».

«Запрещается». Шэсць забаронаў савецкай цэнзуры ў публікацыях пра Другую сусветную вайну
«Запрещается». Шэсць забаронаў савецкай цэнзуры ў публікацыях пра Другую сусветную вайну

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: