Як беларусам выжыць без візаў «на закупы»?

З 2 студзеня 2019 году Польшча адмяніла папулярныя сярод беларусаў візы «на закупы». Свабода разбіралася, што ж змянілася.

Навошта ехалі?

Віза «на закупы» з’явілася каля васьмі гадоў таму і стала папулярнай у беларусаў, бо давала магчымасць досыць лёгка трапіць у Еўрасаюз. Як сведчаць супрацоўнікі гродзенскіх турфірмаў, да 80% замоваў тычыліся гэтага тыпу візаў.

Папраўдзе карысталіся ёю не толькі для таго, каб набыць танную каву, пральны парашок, адзенне на зніжках або бытавую тэхніку з вяртаннем «ватаў» (падатку на даданую вартасць).

Прадпрымальнікі з такой візай прывозілі оптам тавар на беларускія рынкі. «Перакідчыкі» зараблялі грошы, правозячы для некага з Польшчы тавары, якія не ўпісваліся паводле мытных нормаў на аднаго чалавека або не пасавалі яму з прычыны занадта частых паездак. Кантрабандай туды везлі цыгарэты і паліва. Нехта ехаў сустрэцца на выходных з сябрамі і з’есці польскі кебаб. А некаторыя падарожнічалі з ёй у іншыя краіны Шэнгенскай зоны.

Чаму выбіралі яе?

Ня трэба было мець іншую мэту, апроч звычайнага шопінгу. У адрозьненне ад турыстычнай візы, не трэба было рэзерваваць гатэль; у адрозненне ад працоўнай, не патрэбны былі дакументы, датычныя працы ў Польшчы, і запрашэнне польскага боку. Да таго ж віза «на закупы» каштавала танней за іншыя пры афармленні ў турфірмах. З ейных асаблівасцяў – пры паўторным звароце трэба было пацвердзіць чэкамі папярэднія пакупкі ў Польшчы.

Віза «на закупы» дазваляла езьдзіць у краіны Шэнгенскай зоны з рознымі мэтамі
Віза «на закупы» дазваляла ездзіць у краіны Шэнгенскай зоны з рознымі мэтамі

Чым яе замяніць?

Цяпер замест візы «на закупы» прапануюць афармляць турыстычную.

Шэнгенская віза, фота:Shutterstock

Дырэктар гродзенскага агенцтва візавай падтрымкі kolybri.by Віктар Дучак патлумачыў, што гэта проста вымагае падачы шэрагу дадатковых дакументаў:

  • бронь гатэля ў Польшчы на любы тэрмін;
  • пацверджанне на сродак перасоўвання: дакументы на аўтамабіль або зваротныя квіткі з Польшчы;
  • копіі ўсіх старонак пашпарта са штампамі ўезду/выезду ў/з Шэнгенскай зоны;
  • пацверджанне, што чалавек працуе, і даведка пра даходы за апошнія тры месяцы, для ІП — апошняя дэкларацыя з падатковай;
  • для беспрацоўных — дакументы, якія пацвярджаюць сувязь з Беларуссю: пасведчанне аб шлюбе, нараджэнні дзяцей, аб смерці крэўных.

З адменай візы «на закупы» знікла неабходнасць падаваць у консульства чэкі, якія пацвярджаюць папярэднія пакупкі ў Польшчы.

«Лепей перачакаць»

Не ўсе задаволеныя такімі зменамі. Польскія палітыкі занепакоіліся, што яны негатыўна паўплываюць на эканоміку Падляшша. Летась беларусы набылі тавараў у польскіх крамах і на рынках на 618 мільёнаў злотых (164,6 мільёна долараў).

Беларусы ж хвалююцца, што атрымаць візу цяпер будзе ня так проста, як раней. Сярод тых, у каго скончылася віза «на закупы», апынуўся старшыня рады прадпрымальнікаў Паўднёвага рынку Гродна Андрэй Шасцерыкоў.

Ён меўся падаваць дакументы праз турыстычную фірму ў студзені, але адмовіўся.

«Я чалавек біты ў гэтых пытаннях. У такіх незразумелых сітуацыях лепей перачакаць. Няхай яно ўсё ўладкуецца, каб былі зразумелыя правілы гульні», – кажа прадпрымальнік.

Шэраг фірмаў дапамагае гарадзенцам афармляць візы
Шэраг фірмаў дапамагае гродзенцам афармляць візы

Шасцерыкоў мяркуе, што нават у турфірмах пакуль не разумеюць, як лепш дзейнічаць у новай сітуацыі. Ён хвалюецца, што наступную візу яму могуць выдаць толькі на кароткі тэрмін або аднаразовую.

«У турфірме мне сказалі, што ўсё будзе залежаць ад рашэння консула. Калі я рэзервую гатэль на тры дні, натуральна, што я магу атрымаць візу толькі на тры дні. Імавернасць таго, што ты патраціш грошы і не атрымаеш тое, за што заплаціў, высокая», — турбуецца ён.

Па ягоных падліках, на новую візу трэба аддаць каля 75 эўра з усімі выдаткамі. Да таго ж змарнаваць больш часу на збор дакументаў, чым раней.

Прадпрымальнік прыгадвае, як пяць гадоў таму для атрымання візы патрэбна была даведка з падатковай, якую можна было чакаць цягам месяца. А адмоваў з консульства тады было шмат.

Адмена візаў «на закупы» можа адбіцца на прадпрымальніках
Адмена візаў «на закупы» можа адбіцца на прадпрымальніках

Пераарыентавацца на Расею будзе складана

Шасцерыкоў працуе прадпрымальнікам ужо амаль 20 гадоў. Ён мяркуе, што змены ў візавым заканадаўстве паўплываюць на працу іншых ІП, якія возяць тавар з Польшчы. Пакуль працягваюць дзейнічаць старыя візы, таму многія адчуюць змены пазней — праз год-два.

На думку Шасцерыкова, прадпрымальнікам, магчыма, давядзецца пераарыентавацца на Расею, але такі пераход будзе вельмі цяжкім.

Пачаць вазіць тавар з Расеі замест Польшчы «іпэшнікам» будзе складана
Пачаць вазіць тавар з Расеі замест Польшчы «іпэшнікам» будзе складана

«Гэта бізнес, які будуецца гадамі. Гэта не проста ты паехаў, закупіўся і, нікога ня ведаючы, з’ехаў. Там наладжаныя партнёрскія кантакты з гандлярамі. Сазвоньваюцца, дамаўляюцца, якія тавары, колеры, памеры. Узаемны давер з абодвух бакоў», — разважае прадпрымальнік.

Паводле яго, немагчыма адказаць, адкуль вазіць тавар больш выгадна: польскі больш якасны і даражэйшы, а расейскі таннейшы, яго хутчэй разбіраюць у Беларусі.

Бронь гатэля і зваротныя квіткі — умоўнасць

У турыстычных фірмах кажуць, што ў зменах нічога страшнага няма — проста пабольшала бюракратыі.

Віктар Дучак патлумачыў асаблівасці рэгістрацыі.

Бронь гатэля ён называе ўмоўнасцю. Звычайна гатэль рэзервуюць, раздрукоўваюць пацверджанне і адразу ж здымаюць бронь. Пакуль польскіх гатэляў, якія дазваляюць зрабіць гэта бясплатна, дастаткова шмат. Магчыма, праз нейкі час, калі ўласнікі гатэляў убачаць тэндэнцыю з боку беларусаў рэзерваваць і адразу адмаўляцца, увядуць плату за бронь.

Аднак, на думку гарадзенца Сяргея, які раней займаўся афармленнем візаў, і гэта не стане перашкодай. Некаторыя польскія гатэлі могуць наладзіць нелегальны бізнес і выдаваць беларусам фальшывыя пацверджанні аплаты.

У месцах падачы візаў шмат спадарожных бізнэсаў
У месцах падачы візаў шмат спадарожных бізнэсаў

Тое самае датычыць і зваротных квіткоў, якія можна здаць, страціўшы невялікую суму. Цікава, што правілы дазваляюць паказаць квіткі на самалёт, хоць наўрад ці хто з Горадні паляціць у Беласток. Да таго ж дастаткова знайсці знаёмага ўласніка машыны, які ўжо мае візу, і сказаць, што паедзеш за мяжу з гэтым чалавекам. Потым ніхто ня будзе правяраць, як ты паедзеш насамрэч.

Віктар Дучак сцвярджае, што і дэкларацыю з падатковай зрабіць няцяжка. Цяпер яе ня трэба завяраць у інспектара падатковай, дастаткова электроннага подпісу.

Што датычыць даведкі аб даходах, то яе цяпер трэба падаваць амаль для ўсіх відаў візаў, а ня толькі для турыстычнай.

Па словах Дучака, на падставе папярэдняй практыкі можна прыкладна ацаніць свае шанцы на новую візу. Калі дагэтуль у чалавека была турыстычная віза на два гады, то і наступную ён можа атрымаць на 2-3 гады. Калі папярэдняя была на год, то і наступная можа быць на год. Важны момант – ці чалавек ездзіў з ранейшай візай згодна з мэтай. Калі не, то ў новай візе яму могуць адмовіць або скараціць ейны тэрмін.

Ён адзначыў, што нешта перыядычна змяняецца ў візавай палітыцы Польшчы і ў шэнгенскім кодэксе, цяперашняя сітуацыя – адна з іх.

Віза «на закупы» ад пачатку была дзіўнай

Прадстаўнік іншай гродзенскай турфірмы Віктар расказаў, што першыя два тыдні году людзі чакалі і не ішлі падаваць дакументы. Аднак урэшце адважыліся. Першыя кліенты сёлета ўжо атрымалі турыстычныя візы. Людзям, якія перад гэтым мелі двухгадовую візу «на закупы», далі двухгадовыя турыстычныя візы. Гатэль яны рэзервавалі толькі на тры дні.

На ягоную думку, у візах змянілася толькі назва, ды яшчэ павялічылася колькасць папераў.

Візавы цэнтар адкрыўся ў Горадні тры гады таму. Ён дапамагае атрымаць візу паводле прынцыпу «аднаго акна»
Візавы цэнтар адкрыўся ў Гродне тры гады таму. Ён дапамагае атрымаць візу паводле прынцыпу «аднаго акна»

Віктар кажа, што многія ягоныя кліенты ўспрынялі навіну з палёгкай, бо за мінулы год ня мелі пакупак «на ваты», а значыць маглі разлічваць толькі на аднаразовую наступную візу паводле старых правілаў. Цяпер ім могуць даць шматразовую на два-тры гады.

«Страху няма. Няма ніякіх цяжкасцяў. Я зусім не разумею гэтага: “Вой, ратуйце, што нарабілася!”», – кажа ён.

У шоп-турах кліентаў меней не стала

Некалькі турыстычных фірмаў Горадні, якія ладзяць паездкі ў Беласток на шопінг, расказалі, што ў іх з новага году няма зменаў. Яны не мянялі расклад рэйсаў, захавалі назву паездкі «шоп-тур». Колькасць пасажыраў у студзені таксама ня зменшылася.

«Адзінае, спачатку было шмат пытанняў, ці дзейнічаюць старыя візы «на закупы«. Дзейнічаюць. Мне здаецца, што адмена візаў «на закупы« на колькасць зваротаў да нас не паўплывае. Цяпер вельмі шмат картаў паляка, да нас шмат звяртаюцца з імі», – адзначыла супрацоўніца фірмы «Экспрэс-Люкс».

Каля 100 тысяч беларусаў маюць карты паляка. Пра гэта ўлетку 2017 году паведаміў “Свабодзе” пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: