Аўтабізнэс памёр, дом на цыгарэтах не пабудуеш. Як мяжа з Польшчай змяніла жыццё беларусаў

З пачатку году нормы ўвозу ў Беларусь тавараў для ўласнага карыстання з-за мяжы зменшыліся. Што цягам апошняга дзесяцігоддзя рабілі з гродзенскім рэгіёнам змены мытнага і памежнага рэжымаў, высвятляла “Радыё Свадоба”.

Аўтабізнэс памёр, дом на цыгарэтах не пабудуеш. Як мяжа з Польшчай змяніла жыццё беларусаў

Пацярпяць найперш «звычайныя беларусы»​

З 1 студзеня 2019 году бязмытна можна ўвозіць тавары для ўласнага карыстання на суму не больш за 500 еўра і вагой не больш за 25 кілаграмаў. Для тых, хто ездзіць часцей, чым раз на тры месяцы, абмежаванне складае 300 еўра і 20 кілаграмаў. Дагэтуль дзейнічала абмежаванне ў 1500 еўра і 500 кілаграмаў, часцей за тры месяцы — таксама 300 еўра і 20 кілаграмаў. Як гэта паўплывае на жыццё беларусаў?

На думку жыхара Гродна Ежы Грыгенча, які часам робіць у Польшчы «закупы», ад зменаў нормаў найперш пацярпяць «звычайныя беларусы», якія ездзілі, каб набыць тавары для ўласнага карыстання.

Гарадзенец Ежы Грыгенча
Гродзенец Ежы Грыгенча

«Газавыя пліты, лядоўні, пральныя машыны не пройдуць цяпер па вазе», — адзначае мужчына.

Па ягоных падліках, з Польшчы выгадна вазіць у сям’ю ўсё, пачынаючы ад туалетнай паперы. Нават цукар там у два разы таннейшы, чым у Беларусі.

Росквіт для рыначнікаў прыпаў на канец 1990-х

Змена нормаў істотная для прадпрымальнікаў, упэўнены старшыня Рады прадпрымальнікаў Паўднёвага рынку Гродна Андрэй Шасцерыкоў. Ад іх залежыць, колькі тавару можна будзе правезці праз мяжу і, адпаведна, частата паездак у Варшаву, Лодзь або Беласток.

Прадпрымальнік успамінае, што росквіт для перавозу тавараў з-за мяжы прыпаў на канец 1990-х — пачатак 2000-х.

«Вазілі будматэрыялы, мэблю. Не было праблем пры мытным афармленні матэрыялу. Усё было прасцей, танней… Потым суцэльнае ўзмацненне кантролю», — кажа Шасцерыкоў.

«Цяпер суцэльнае ўзмацненьне жорсткасьці на мяжы»
«Цяпер суцэльнае ўзмацненне жорсткасці на мяжы»

Аднак, на думку суразмоўцы, сыход прадпрымальнікаў з рынкаў і гандлёвых цэнтраў у асноўным не звязаны з абмежаваннямі на мяжы. На гэта ўплываюць пераважна змены ў беларускім заканадаўстве, напрыклад абавязковая сертыфікацыя тавараў лёгкай прамысловасці, павышэнне аплаты за арэнду гандлёвых месцаў.

Па словах прадпрымальнікаў, цяпер з Польшчы возяць тавар усяго каля 20% ІП, аднак, як і раней, не ўсе легальна. Рэчы правозяць як для ўласнага карыстання. Мыта павысіць цану тавару на 20-30%.

Прадпрымальніца Алена планавала вазіць тавар з Польшчы, але прыйшла да высновы, што з увядзеннем сэртыфікацыі ў 2016 годзе гэта зусім не выгадна.

«Спачатку трэба набыць 3-4 курткі, прывезці ў Беларусь, зрабіць у санстанцыі сертыфікат. Яны ж парэжуць адну куртку падчас праверкі. Потым зноў ехаць па вялікую партыю, плаціць мыта на мяжы, плаціць за склад часовага захоўвання (СЧЗ)», — кажа жанчына.

Яна падлічыла, што афармленне дакументаў на партыю з 50 куртак, кожная па 30-40$, абыдзецца прыкладна ў 350 даляраў. У Маскве тыя ж сертыфікаты на курткі выдаюць бясплатна.

Мінулі часы, калі на цыгарэтах будавалі катэджы

Крыніца з Гродна ананімна расказала Свабодзе, што раней найлепш можна было зарабіць на нелегальна правезеных у Польшчу цыгарэтах. У легкавік кантрабандыста змяшчалася 700 блокаў цыгарэт, у мікрааўтобус — 2 тысячы. За адну паездку ў Кузьніцу на легкавіку можна было зарабіць 2-3 тысячы еўра.

На цыгарэтах можна было зарабіць 2-3 тысячы эўра за раз
На цыгарэтах можна было зарабіць 2-3 тысячы еўра за раз

Але, кажа суразмоўца, гэтыя часы мінулі паўтара года таму, калі палякі пачалі штрафаваць па 400 даляраў за адзін блок цыгарэт, канфіскоўваць аўтамабілі. Людзі страчвалі за дзень па 3-4 «бусы» разам з таварам.

«Сёння бабуля на ровары вязе туды два блокі. Гэта ейныя 20 даляраў. Яна выйграе ў чатыры разы ў параўнанні з беларускімі цэнамі на цыгарэты. Заробіць каля 80 даляраў, купіць мяса, іншых харчоў, прывязе дадому», — тлумачыць крыніца.

Супрацоўнікі польскай мытні знайшлі каля 18500 пачкаў кантрабандных цыгарэт у мікрааўтобусе грамадзяніна Беларусі. 19 ліпеня 2017 году
Супрацоўнікі польскай мытні знайшлі каля 18500 пачкаў кантрабандных цыгарэт у мікрааўтобусе грамадзяніна Беларусі. 19 ліпеня 2017 году

Пратэст на мяжы пасля абмежаванняў для «бензавозаў»

Яшчэ адзін сродак даходу — паліва, злітае палякам. Раней з аднаго бака можна было зарабіць сто даляраў, цяпер — каля 15, толькі каб акупілася дарога.

У 2011 годзе беларусам абмежавалі выезд за межы Мытнага саюзу на аўтамабілі спачатку да аднаго разу за 5 дзён, а пазней — да аднаго разу за восем дзён. Тым, хто ехаў часцей, трэба было заплаціць мыта на паліва.

Абурэнне беларусаў вылілася ў стыхійны пратэст некалькіх соцень кіроўцаў з перакрыццём памежнага пераходу Брузгі 12 чэрвеня 2011 года. На перамовы з пратэстоўцамі прыехаў тагачасны кіраўнік Гродзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра. Пасля няўдалай спробы дыялогу ён загадаў АМАПу разагнаць пратэст. 22 чалавекі затрымалі, 14 з іх атрымалі штрафы.

У 2016 годзе беларускія ўлады адмянілі абмежаванні на вываз паліва, а вось польскія ўвялі свае — сталі прапускаць не болей за 600 літраў паліва на месяц, раней можна было правезці 900. Ехаць з поўным бакам можна толькі раз на 72 гадзіны; калі часцей, то дазволена не болей за 20 літраў.

На падзенне заробку «бензавозаў» паўплывала і павышэнне курсу даляра да злотага амаль у два разы за 10 гадоў: улетку 2008-га ён быў каля 2 злотых, сёння 3,7 злотага.

«Поле цудаў» пры самай мяжы амаль знікла

З Польшчы ў Беларусь «перакідчыкі», або «таварнікі», вязуць бытавую тэхніку для гаспадароў беларускіх крамаў тэхнікі. За адну рэч цяпер можна зарабіць 50-80 даляраў. Месцы, дзе сустракаюцца бізнэсоўцы (якія набылі тавар для продажу ў Беларусі) і «перакідчыкі» (якія дапамагаюць ім перавезці тавар праз мяжу, які не праходзіць паводле нормаў на аднаго чалавека), трэба шукаць на беластоцкім рынку. Аналагічнае месца — славутае «поле цудаў» у Кузніцы пры самай мяжы — ужо амаль знікла.

На польска-беларускай мяжы
На польска-беларускай мяжы

Па словах суразмоўцы, калі раней на памежным гандлі зараблялі на машыны і катэджы, то цяпер толькі на жыццё. За паездку максімум сто даляраў, за месяц — да 400-500.

«Ездзяць 4-5 разоў на месяц пад „свае“ змены на мытні. Як нашыя паставілі сканеры, то забіраюць усё, машыны канфіскуюць. Мінулі тыя часы, калі можна было зарабіць», — кажа суразмоўца.

На думку крыніцы, найлепшы час для гандляроў быў 1-2 гады пасля таго, як толькі ўвялі «шэнген» (з 21 снежня 2007 году). Цяпер жа, лічыць суразмоўца, 80-90% тых, хто зарабляў на мяжы, з’ехаў некуды на сталае жыццё або на заробкі — у Польшчу, ЗША, іншыя краіны. Асноўны адток людзей адбыўся год-два гады таму.

Аўтамабільны бізнэс памёр

Гродзенец Андрэй (імя змененае на просьбу суразмоўцы), які раней прыганяў з Еўразвязу аўтамабілі, расказаў, як змяніліся ўмовы заробку на гэтым.

Апошні непрыемны сюрпрыз, паводле яго, — утылізацыйны збор, які ўвялі на пачатку 2017 году. Каб паставіць у Беларусі на ўлік аўтамабіль з-за мяжы, трэба заплаціць падатак 250-370 даляраў у залежнасці ад году выпуску, аб’ёму і вагі машыны.

Мыта за ўвоз аўта значна вырасла ў 2011 годзе
Мыта за ўвоз аўта значна вырасла ў 2011 годзе

Галоўнае ж абмежаванне за апошнія 10 гадоў прыйшло 1 ліпеня 2011 года. Ад таго, што Беларусь уступіла ў Мытны саюз еўразійскай эканамічнай прасторы (з Расіяй і Казахстанам), тут выраслі цэны мытнага афармлення аўтамабіля з-за мяжы.

Машыны тады адразу падаражэлі мінімум на 3-4 тысячы даляраў. Раней за мытнае афармленне аўтамабіля, не старэйшага за 10 гадоў, плацілі 600-800 даляраў. Пасля зменаў мыта на аўта, не маладзейшае за 3 гады і не старэйшае за 5 гадоў, з рухавіком, не большым за 1,5 літра, складала 3150-3200 даляраў.

Іншыя варыянты былі яшчэ даражэйшыя. За 10-гадовую машыну, якая каштавала 1000 еўра ў Літве, мыта магло скласці каля 8000 тысяч еўра.

Некаторыя працягвалі прыганяць аўтамабілі з Еўропы пад высокае мыта. Але большасць пераключылася на ўнутраны рынак: набыць танную машыну з дэфектам, трошкі яе падрамантаваць, асвяжыць ды прадаць даражэй. З 2014 году ў Расіі пачалі падаць цэны на машыны. Тады шмат хто пераключыўся на гэты напрамак.

Андрэй перакананы, што найлепей было займацца аўтамабільным бізнэсам менавіта да 1 ліпеня 2011 году. Найбольш папулярнымі тады былі машыны, не старэйшыя за 10 гадоў, бо на іх распаўсюджвалася самае выгаднае мыта.

Часьцей ганялі машыны з Эўропы ў кепскім стане
Часцей ганялі машыны з Еўропы ў кепскім стане

«Ганялі ўсё! Куплялі ў асноўным „шрот“ (аўта ў кепскім стане), на якім еўрапейцы ўжо не ездзілі. На скорую руку зрабіўшы танны рамонт, хутка прадавалі. Часам прыцягвалі пабітыя ўшчэнт машыны, рамантавалі іх, наводзілі вонкавы бляск і „ўпіхвалі“ неразборлівым пакупнікам», — дзеліцца ён сакрэтамі аўтамабільнага бізнэсу.

Калі рухавік трашчаў, залівалі адмысловую «прысадку», — і мелі два тыдні ідэальнай работы. З хітрыкаў таксама адмотвалі прабегі, перашывалі салон і стырно. Прадавалі аўтамабілі толькі дажджом, каб не было відаць, што кепска пафарбаваны.

Праўда, часам гэтаксама маглі падмануць і саміх перакупшчыкаў у Польшчы або Літве. Тады чалавек уваходзіў у вялікі мінус, каб давесці аўта да ладу.

«Былі выпадкі, калі такія пачаткоўцы куплялі „тапельцаў“ — машыны пасля паводак з ЗША або Заходняй Еўропы. Звонку ён добры, але ў ім нічога не працуе. Літовец, які прадае машыны, прывезеныя паромам, пераконвае, што згарэў засцерагальнік, які каштуе 5 даляраў. А там капец усёй праводцы і электроніцы. Бывала, здымае перагоншчык-дылетант абшыўку салона, а там маркерам напісана карава па-руску: „Каунас, 2009 год. Машина сварена из 3 частей. Привет от Виргиса“», — пераказвае выпадкі гродзенец.

Некаторыя спецыялізаваліся на аўтамабілях «як для сябе»: амаль без праблем, але дарагіх. Такія людзі звычайна працавалі пад замову для «сваіх».

Цяпер аўтамабільны бізнэс на памежжы памёр
Цяпер аўтамабільны бізнэс на памежжы памёр

Цяпер аўтамабільны бізнэс, на думку Андрэя, памёр. Засталіся адзінкі, што прывозяць машыны з Еўропы пад вялікае мыта. Працуюць на замову, бо інакш можна прадаваць і паўгода.

Пасля зменаў 2011 году, на думку гродзенца, горш стала ўсім, у тым ліку мытні, страхавым фірмам і ДАІ, бо менш афармляюць машын.

«Былі часы, калі ў гродзенскі аддзел ДАІ стаялі ў чарзе па тыдні. Чаргу прадавалі па 50-100 даляраў, а часам за яе біліся, каб паставіць ці зняць аўтамабіль з уліку. Аднойчы аўтамабілісты былі настолькі злыя, што выбілі раніцай дзверы ў ДАІ, калі супрацоўнікі на дзве хвіліны спазніліся з адкрыццём», — апавядае Андрэй.

Аўтабізнэс памёр, дом на цыгарэтах не пабудуеш. Як мяжа з Польшчай змяніла жыццё беларусаў

Да таго ж перасталі зарабляць людзі, на якіх афармлялі аўтамабілі. На сябе можна было аформіць толькі адно аўта за год, астатнія «вешалі» на знаёмых за грошы. Плацілі за паслугу па 150-200 даляраў.

За тры гады (2009–2012) хлопец разам з бацькам зарабілі 35 тысяч даляраў, прыганяючы аўтамабілі. Максімальны заробак за месяц дасягаў 2 тысяч. Пры гэтым, падлічыў суразмоўца, за гэты час яны заплацілі мытных падаткаў прыблізна на 300 тысяч даляраў (іх кампенсавалі пакупнікі аўтамабіляў у Беларусі).

Андрэй кажа, што аўтарыначнікі пасля змены ўмоваў на мяжы набылі або стварылі свае аўтасервісы, перайшлі ў іншы бізнэс, уладкаваліся на легальную працу ў Беларусі.

Як мяняліся правілы на беларуска-польскай мяжы

  • 21 снежня 2007 — увялі шэнгенскія візы на мяжы з Польшчай. Надгляд стаў больш жорсткі.
  • 1 ліпеня 2011 — у Мытным саюзе рэзка падаражэла мытнае афармленне імпартных аўтамабіляў з Еўразьвязу (да паловы цаны машыны).
  • 21 лістапада 2011 — каб зменшыць вываз аўтапаліва, Беларусь абмежавала (1 раз на 8 дзён) бязмытны выезд на ўласным аўта за межы Мытнага саюзу.
  • 1 студзеня 2016 — набыў сілу прэзідэнцкі ўказ № 222 аб абавязковай сертыфікацыі прадпрымальнікамі тавараў лёгкай прамысловасці.
  • 14 лістапада 2016 — Польшча ўвяла абмежаванне на ўвоз паліва да 600 літраў на 30 дзён. Поўны бак можна везьці раз на 72 гадзіны, часцей — не болей за 20 літраў.
  • 1 студзеня 2019 — змяншэнне нормаў бязмытнага ўвозу тавараў для ўласнага карыстання да 500 еўра і 25 кілаграмаў, пры паездках часцей за тры месяцы — да 300 еўра і 20 кілаграмаў.
  • 2 студзеня 2019 — Польшча адмяніла папулярныя сярод беларусаў візы «на закупы».

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: