Як Гродна выглядаў у час Другой сусветнай і як тыя ж месцы выглядаюць цяпер

Зазвычай фота беларускіх гарадоў часоў вайны паказваюць нам у кантэксце выпаленых руінаў або нямецкіх патрулёў на пустых вуліцах. Безумоўна, гэта ўсё праўда, але толькі палова праўды. А як выглядае поўная карціна? Паказаў belsat.eu.

Напярэдадні 9 траўня belsat вырашыў паказаць здымкі Гродна з 1941–1944 гадоў, якія збольшага захоўваюцца ў прыватных калекцыях, і тыя ж месцы ў іх сучасным выглядзе. Горад над Нёмнам пацярпеў падчас вайны не так моцна, як Ворша або Менск, таму большасць мясцінаў удалося вызначыць беспамылкова.

У матэрыяле не рабілі акцэнту на здымкі з тэхнікай або вайскоўцамі, а хутчэй спрабавалі паказаць будзённае жыццё гораду, якое працягвалася нават падчас вайны.

Панарама Замкавай вуліцы

За 75 гадоў тут мала што змянілася, апроч хіба рэканструкцыі Старога замку на перспектыве ды Музею гісторыі рэлігіі, які ў часы СССР адкрылі ў будынку з левага боку. У часы ж вайны акурат за будынкамі па правай руцэ пачыналася сумна вядомае габрэйскае гета.

Вуліца Маркса і Фарны касцёл

Нямецкі здымак зроблены ўлетку 1941-га, цэнтр гораду яшчэ не ачышчаны ад наступстваў бамбардзіровак. Усе будынкі захаваліся на сваіх месцах, хіба што брук схаваўся пад слаямі асфальту.

Дзяўчына ў парку Жылібэра ля Тэатру лялек

Гарадскі парк быў улюбёным месцам для шпацыру гарадзенцаў у 1930-я, у часы вайны і цяпер. А вось тэатр з драматычнага паспеў ператварыцца ў Тэатр лялек ды вырас угару на некалькі паверхаў. Звярніце ўвагу на элегантную дзяўчыну на фота, якая ў любое ліхалецце хоча выглядаць прыгожа.

«Дом пастара» і лютэранская кірха на Акадэмічнай

Гэты куточак гораду амаль не змяніўся, хоць пастар даўно ўжо не жыве ў збудаваным для яго доме, які за савецкім часам падзялілі на некалькі кватэраў. Цікава, што шпілю кірхі вярнулі гістарычны выгляд не так даўно. У 1944 годзе, паводле гарадской легенды, на вежы засеў нямецкі снайпер, і калі яго выбівалі, то шпіль моцна пашкодзілі. За часамі СССР у кірсе месціўся архіў.

Дзяўчаты ў дворыку ля турмы

Гарадзенская турма, фрагмент мура якой добра бачны на здымку, ці не адзіны аб’ект у горадзе, акрамя святыняў, які ніколі не змяняў свайго прызначэння. І пры цары, і пры Польшчы, і пры немцах, і пры Саюзе, і цяпер – за гэтымі сценамі трымаюць вязняў. Зрэшты, дзяўчат на здымку тое мала хвалюе.

Савецкая плошча і сквер на месцы Фары Вітаўта

Здымак выдатна ілюструе тую страту, якую панёс горад пасля знішчэння велічнага Гарнізоннага касцёлу, або Фары Вітаўта, у часы СССР: без яго галоўная плошча гораду падаецца пустой і незавершанай. У часы вайны касцёл выстаяў, а вось эпохі атэізму і сацыялізму не перажыў…

Стары мост праз Нёман

Як 75 гадоў таму, так і цяпер мост застаецца галоўнаю транспартнай артэрыяй гораду ды абʼядноўвае дзве яго часткі. Узарваць мост пры адступленні – заўжды было ўніверсальным крокам для кожнай арміі. Паводле ўжо паваеннай гарадской легенды, савецкія вайскоўцы ў часы халоднай вайны закладалі ў апоры мосту выбухоўку, разумеючы яго стратэгічнае значэнне.

Сквер Сакалоўскага на Савецкай

Сам сквер утварыўся яшчэ ў другой палове ХІХ ст.: Дамініканскі касцёл, які стаяў на гэтым месцы, разабралі ў адплату за паўстанне 1863 года. Пустку запоўнілі адно ў часы Саюзу – помнікам маршалу Сакалоўскаму. Старыя камяніцы насупраць знеслі, на іх месцы збудавалі кінатэатр «Гродна», сёння гэта Моладзевы цэнтр пад крылом БРСМ.

Плошча Тызэнгаўза

На здымку часоў вайны добра бачна, што на бліжэйшым будынку замацаваны сцяг вермахту, тут з 1941 да 1944 года месцілася камендатура. Цяпер у будынку музычная школа. За спінаю фатографа – парк Жылібэра, дзе сёння палае вечны агонь і стаіць помнік невядомаму салдату.

Банк на вуліцы Ажэшкі

Цудоўны будынак у стылі міжваеннага канструктывізму, што будаваўся акурат як банк, ператрываў і вайну, і Саветы. Сёння, як і шмат гадоў таму, там круцяцца грошы (філіял «Беларусбанку»), а па самой вуліцы кружляюць бесклапотныя турысты.

Як Гродна выглядаў у час Другой сусветнай і як тыя ж месцы выглядаюць цяпер

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: