Дадаць навіну
Пятніца, 24 лістапада 2017, 17:18

«Я напісаў на помніку Леніну «сатана». Інтэрв’ю з невядомым пратэстоўцам з Ліды

28-гадовы Мікалай Мякшыла з Ліды — пратэстант, прадпрымальнік, і крымінальнік паводле беларускіх законаў. Два месяцы турмы ў нялюдскіх умовах і год абмежавання волі па крымінальным артыкуле — так ацаніла беларуская дзяржава ягонае самавыказванне. Піша “Свабода”.

Мікалай — хлапец з вышэйшай адукацыяй і разважлівай гутаркай. Калі мы ўпершыню сустракаемся з ім у Лідзе, цяжка паверыць, што ён прынцыпова пакінуў надпіс на помніку Леніну.

Паверыць у тое, што адбывалася з ім пасьля, нашмат лягчэй.

«Сядзець будзеш, паскуда»

Справа не ў помніку — у труне я бачыў гэтага Леніна. Справа ва ўсёй сітуацыі. Пераломным пунктам стала, калі яны вырашылі паставіць яму чарговы помнік у Мінску. І ў канцы сакавіка я ўзяў аэразольны балончык з фарбай і вырашыў перайменаваць помнік, напісаў на ім «сатана». Напісаў — і ўсё. Далей мне нават не было цікава. Праз тыдзень-два падышоў, гляджу, аператыўна яны ўсё зафарбавалі. Гэта я пасля ўжо даведаўся, што была заведзеная крымінальная справа па ч.1 арт. 339 КК РБ.

Я падумаў, што, напэўна, мала, раз яны так адрэагавалі. Трэба паўтарыць. Прайшоў прыкладна месяц. Так атрымалася, што быў дзень народзінаў гэтага Леніна. Я дату дакладна не памятаю, але памятаю, што ў дваццатых днях. Так проста супала. Другі раз я ўжо спантанна падышоў. Гэта быў пачатак пятай раніцы. Толькі я пачаў маляваць, 2–3 літары паспеў напісаць, і тут падбягаюць ззаду двое, выкручваюць рукі, б’юць па нырках і цягнуць на газон. Яны мяне збілі рэзкім ударам з ног, так схапілі, што адзенне парвалі і гузікі паадляталі. Яшчэ чалавекі 3–5 набеглі, сталі мяне мясіць нагамі без разбору. Куды папала — па галаве, па шыі, па нырках, па нагах.

Яны яго вартавалі. І, я так разумею, не толькі ў Лідзе. А паспрабуй паставіць 4–6 жарабцоў аховы да кожнага ідала, гэта ж які расход бюджэтных грошай. Калі ў падаткаплатнікаў спытаць, ці яны згодныя з такім расходаваннем сродкаў, не думаю, што яны скажуць, што гатовыя гэта аплачваць.

Пасля адзін наступіў мне на патыліцу, каб я нічога не бачыў. Я нейкі час не мог дыхаць, і яны скруцілі рукі за спінай і сталі надзяваць наручнікі.

Вы б чулі, як яны трыюмфавалі: прэміі, падвышэнне, пагоны, «ты малайчына». Так і казалі. Я кажу: «Дайце ўстаць, хлопцы, холадна ж». А яны мне: «Не, ляжы, пан, сядзець будзеш, паскуда».

Трапіў я ў Следчы камітэт. Там пасыпаліся пытанні, якія мяне ўводзілі ў ступар: «Чаму вы так часта ездзіце за мяжу?» «Як вы ставіцеся да палякаў?» «Чым вам Ленін нашкодзіў?». Кажуць: «Прызнавай першы эпізод, тады мы да цябе ляяльна і ўвогуле зараз адпусцім». Я кажу: «Ну, так, першы эпізод я, чаму не».

«З запясцяў кроў цякла ад наручнікаў»

У мяне пытаюцца пра ўмовы, але ўмоваў там проста няма. Пацукі, мышы, тараканы, блохі, клапы — усё ёсць. Камера — гэта хутчэй сховішча для гародніны. Першыя трое сутак я нічога не еў. Было невыносна холадна. Я там у позе эмбрыёна ўвесь час быў, дзве шконкі верхнія былі вольныя, дык мы з сукамернікам накрываліся тымі матрацамі, што нікатынам прасякнутыя.

Там сталі мне наносіць візіты ўсялякія оперы, прыязджаў з Гродна супрацоўнік спецыяльнага аддзелу, які пытаўся: «Дзе рэпартаж? Дзе матэрыялы па тваёй справе? Хто табе заплаціў? Колькі табе заплацілі?» У мяне гэтыя пытанні выклікалі смех, таму такія ж і адказы былі. Пытаўся, ці не арганізатар я нейкага руху. Па-мойму, у гэты ж час яшчэ недзе ў Беларусі такое адбывалася.

Настрой першы час быў не вельмі. Мяне перавялі ў камеру з віч-інфікаваным. Натуральна, пра такое ніхто не папярэджвае. Аднаго з сукамернікаў «прынялі» проста з вакзалу, і што такое душ, ён апошні раз бачыў на тым жа вакзале па тэлевізары. Усе чацвёра сукамернікаў курылі. Курылі ўсё, што было пад рукамі. Напрыклад, гарбату. Няма гарбаты — з матраца валокны дастаюць і кураць. Няма матраца — бярэш даміно і пачынаеш стругаць, і гэтае пілавінне можна курыць.

У Лідзе я прабыў тыдзень. Праз трое сутак я ўжо зразумеў, што мяне не адпускаюць. З «кармушкі» працягнулі дакументы — абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства.

Пасля мяне этапавалі ў турму ў Гродна. Я калі ў войску служыў, зампаліт, незразумела з якой мэтай, ладзіў туды экскурсіі. Мае таварышы па службе казалі: «Давай паехалі, у нарад не пойдзем». А я кажу: «Не, не паеду, мне ў гэтай турме няма чаго рабіць». А тут я ў гэтую турму трапіў. І так, што сам цяпер магу па ёй экскурсіі вадзіць.

За ўвесь час у турмах я пабываў у 8 камерах, калі не лічыць карантын. На першы погляд, што такога: узяў рэчы і пайшоў. Але я зразумеў, што ў звычайным жыцці ніколі б такіх людзей не сустрэў. Толькі што розных рас не было. А так — розныя краіны, розныя культуры, розныя рэлігіі, наркаманы, забойцы, бандыты, махляры. Былі і карупцыянеры.

Сустрэў чалавека, які не ўмее чытаць і пісаць. Бачыў паганца, ён пакланяўся Вялесу. Бачыў рэлігійнага фанатыка, які сказаў: «Вось гэты кут намолены, сюды не смеціць, не хадзіць, не ступаць». У яго з гэтым рэжым быў стражэйшы, чым сам турэмны. На мяне адзін рапарт напісалі за ляжанне на шконцы. Я калі ў Лідзе на марозе пабыў, у мяне пасля пераводу ў Гродна на 8–9 суткі арганізм не вытрымаў і паднялася тэмпература.

Медыка я не дабіўся, яны баяліся, напэўна, што я буду пабоі здымаць. У мяне былі сляды, бо з запясцяў кроў цякла ад наручнікаў. Люстэрка там не было, але сукамернікі казалі, што на спіне былі відаць сляды ад ног. Пабоі я не здымаў. Мне казалі, каб я пісаў заяву ў пракуратуру на дзеянні міліцыянтаў. Спачатку ў мяне была такая думка, але пасля я зразумеў, што гэта бессэнсоўна, толькі час губляць.

Я дайшоў да начальніка турмы, пісаў, што гэта вашае наўмыснае бяздзеянне. Аднойчы ўжо лёг на праверцы, яны зайшлі, кажуць: «Давайце падымайце гэтае цела». А сукамернікі: «Не, ён ужо не ўстае». Тады яны моцна замітусіліся. Прыйшоў доктар, сказаў, што «ў нас ёсць трыпутнік і вугаль, а іншых медыкаментаў няма, і ўвогуле ў нас тут не хуткая дапамога і ляжаць табе нельга». Ратаваўся тады кіпнем, а хтосьці з сукамернікаў даў мне анальгін.

«Нас вывелі на вуліцу, паставілі на калені і прывязалі на ланцуг»

У нас была кутняя камера, з краю. Сырая, плесня чорная звісае проста са столі. Сядзіш у гэтым усім, думаеш, колькі тут за 200 гадоў лёсаў знявечылі. Святло праз краты цмянае, лямпачка ўвесь час гарыць. Чытаць не будзеш, бо зрок сядае.

У Гродне цікавая канструкцыя шконкі. З вугалка звараны каркас і з палосаў металу жардзіны. І калі ты кладзешся на матрац, які за доўгія гады целамі зэкаў пралежаны, то ляжыш на гэтай шконцы, як на грылі. Усё ў рэбры ўпіваецца, ані выспацца, нічога.

Калі баландзёры разносяць ежу, то чуваць, як ім з кармушак крычаць: «Каб табе жонка ўсё жыццё так гатавала». Не ведаю, што прасцей, чым зварыць бульбу ў супе да гатовасці, але ў турме яна на зубах хрумсціць. Калі б не перадачкі, то ногі можна працягнуць.

Лісты да мяне не даходзілі, адзін толькі перад судом ужо атрымаў. І мае таксама не дайшлі. У мяне сувязі са знешнім светам не было аніякай. Я знік імгненна. Топ-3 версіі майго знікнення ад знаёмых: 1. Эміграваў у Амерыку; 2. Эміграваў у Еўропу; 3. Памёр. Кажуць: мы даведаліся, што ты ў турме, і вельмі ўзрадаваліся, бо думалі, што ты памёр.

Этапавалі мяне некалькі разоў з Гродна ў Ліду і назад. Этап — гэта на выжыванне. Могуць 3–4 разы распрануць дагала, паглядзець, што ты мог там у якіх месцах пранесці. Прыніжэнні, здзекі, хамскае стаўленне. Але ў мяне да гэтага выпрацаваўся імунітэт, таму я не вельмі наконт гэтага заганяўся.

У Лідзе на вакзале «сталыпінскі» вагон стаў у нязручным месцы. Нас вывелі на вуліцу, паставілі на калені і прывязалі на ланцуг. І мы доўгі час у такой позе прабылі. А мне добра — чыстае паветра, родны горад, людзі вакол ходзяць цывільныя, цікава. Адна дзяўчына, бачу, у шокавым стане ад гэтага ўсяго, на мосце людзі сталі, глядзяць на нас. Пасля мы на каленях гуском падышлі да варанка, а туды пакуюць, як стосы паперы, каб не паварушыцца, і з сірэнамі завезлі ў лідскую КПЗ. Там ізноў распрананні, праверкі.

Я гэтай сістэмы не разумею. Ці яны не давяраюць адзін аднаму, ці хочуць рапарты пісаць адзін на аднаго.

Былі і нахабныя людзі, былі і нармальныя, якія разумелі, што я найперш чалавек. Але гэта працэнтаў пяць.

Некаторыя падыходзілі і казалі: «Слухай, хлапец, ты, канечне, правільна зрабіў, але мала, трэба было інакш».

Апроч уласна злачынства, выставілі пазоў, што трэба гэты кавалак бетону за мае грошы прывесці ў парадак. Таксама смяяліся ў турме, што нарэшце за твае бабкі адгальвануюць яго, выйдзеш, а ён ужо ўвесь бліскучы, цешыць людское вока.

Я не думаў, што мне дадуць рэальны тэрмін. У мяне крыштальная гісторыя, я не прыцягваўся, не судзімы. Цяпер праваабаронцы кажуць, што тут востра стаіць пытанне кваліфікацыі і артыкула. Ёсць асобны артыкул, які прадугледжвае дакладна ўсе дзеянні, якія я зрабіў. Але паводле яго мяне нельга браць пад варту. Суддзя мяне на судзе стаў апытваць, ці я належу да палітычных партый. І чырвонай ніткай ішло слова «апазіцыя». Я не магу гэтага зразумець. Чаму аўтаматычна, калі ў мяне ёсць свая думка, я адразу апазіцыя?

Пракурор запатрабаваў адзін год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову закрытага тыпу. Суддзя задаволіў. І мяне ў залі суду адпусцілі. Два месяцы агулам я там правёў. Але адчуванне было, што паўтара года ці два. І ўжо нібыта прызвычаіўся да гэтага ўсяго. Калі выходжу адтуль, то першае адчуванне — чыстае паветра. Гэта проста не перадаць. Яшчэ дождж прайшоў, я выйшаў бліжэй да лесу, думаю: трэба ў слоік набраць і чайнай лыжкай паветра есці. Гэта нерэальна, ты сядзіш, там такі кумар, людзей не відаць. Гэта моцна ціснула.

Я нікуды выехаць не магу, не магу нармальна працаваць, пастаянны кантроль. Могуць выклікаць на «паласканне мазгоў», два разы на месяц трэба хадзіць адзначацца.

Я вернік пратэстанцкай царквы. Для мяне важна быць у кантакце з Богам і мець магчымасьць прыйсці і пакланіцца Яму, калі ты можаш. Цяпер я не магу, бо ў выходныя мне нельга з кватэры выходзіць.

У цэнтры Еўропы — параша

Не магу зразумець, чаму ў 2017 годзе ў Беларусі культывуюць гэтую сумнеўную фігуру. Нам яна ў выглядзе такіх пастаментаў не асабліва патрэбная. Можна паставіць помнік іншым годным беларусам. Я разумеў, што іх гэта зачэпіць, і яны будуць глядзець на гэта не ў кантэксце майго стаўлення да ідала, а да пазіцыі ўладаў. Я так і казаў, што гэта маё стаўленне да сітуацыі ў краіне. Але моцна не разгортваў сваё бачанне, як гэта павінна быць.

Чаму сатана? Я асабліва не раздумваў, часу не было. Палічыў, што гэта кароткае, ёмістае, дакладнае слова. Для мяне Ленін — сімвал. Я не тое каб антыкамуніст, але я бачу ў гэтым праяву дзеянняў цяперашніх уладаў. Гэта з камунізмам не звязана. Калі ты хочаш нешта новае і пры гэтым папулярызаваць гэтую фігуру, то я з гэтым нязгодны.

Я пытаюся ў сяброў, якія з’ехалі з краіны: «І як там табе?». Адказ: «Ты ведаеш, мне на ўсё хапае, я ем, што хачу, адзенне купляю, у мяне ўсё ёсць». І кожны мне кажа — я магу паесці, я магу апрануцца. Гэта «чарка і скварка». Як мала беларусу трэба для шчасця. А тут яны не могуць паесці і апрануцца? І гэта краіна ў цэнтры Еўропы?

Я пра «цэнтр Еўропы» згадаў, калі ў турме былі з санвузлом праблемы. Стаў абурацца, а мне там кажуць: «Ды супакойся ты, два гады таму тут яго ўвогуле не было, а была параша». Значыць, у краіне ў цэнтры Еўропы параша — гэта нармальна.

Што з ленінымі рабіць? Тое, як іх ва Украіне валілі, гэта сімвалічна. Ён валіцца, ламаецца, гэта значыць, эпоха прайшла, людзі бачаць, што ўсё, канец. Ну, два [леніны. — РС] хай стаяць у музеі. А астатнія трэба прыбраць, каб пра іх ніхто не згадваў і ведалі толькі з падручнікаў гісторыі. І каб там было напісана пра чырвоны тэрор, забойствы, чалавекабойню ў Кіеве, дзе на некалькі цаляў кроў стаяла. Каб людзі разумелі, каму вы помнік паставілі і каму вы гваздзікі носіце на дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Ці варта гэта было? Гэта не толькі вашае пытанне. Некаторыя нават адразу на яго адказваюць, калі са мной размаўляюць. Канечне, гэта не было варта нерваў родных і блізкіх, слёз іх. Бо самым спакойным у гэтай сітуацыі заставаўся я, і больш перажываў, каб нічога з блізкімі не здарылася.

Але я не думаю, што беларусам проста так скажуць: «Вось вам свабода, трымайце». Павінна быць заплачаная цана. Калі за гэта трэба сядзець у турме, то я пасяджу. Мяне цяжка чымсьці ўжо здзівіць, я, як таракан, выжыву ў любых умовах. Я у акцыях не ўдзельнічаў. Першы раз нешта зрабіў і за гэта атрымаў. Я глядзеў фільм, хто выходзіць на акцыях. Ідзе дзяўчына маладая, гадоў 19 на выгляд. Я не ведаю, ці яна разумее, чым гэта можа скончыцца. І я злавіў сябе на думцы, што шмат хто не разумее. Тыя, хто ўдзень выйшаў і ведае, што ўвечары можа дахаты не вярнуцца, — я думаю, нацыянальныя героі ўсе па прозвішчах. Яны ведаюць, куды яны ідуць.

Я не ведаю, што можа ў краіне адбыцца, каб людзі зразумелі, што «ўсё, хопіць». Тут ужо ўсё адбылося. Але яны чагосьці чакаюць. Ну, хай чакаюць.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments
0

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: