Вёска чатырох Станкевічаў. Як жыве вёска, якая калісьці была самай “свядомай”

Вёска Арляняты ў Смаргонскім раёне згубілася сярод векавых дубоў на мяжы з Літвой. Месца з віду падобна да дзясяткаў такіх жа маленькіх беларускіх населеных пунктаў. Усё тыя ж драўляныя хаты, «буслянка» на дрэвах і прасёлачныя дарогі. Але адрозненне гэтай вёсачкі ў тым, што тут некалі нарадзіліся чатыры бачныя дзеячы беларускага Адраджэння. Яны ўсе насілі адно прозвішча – Станкевіч. У 20-я гады тут віравала жыццё і па запэўненнях тагачаснай прэсы жылі «найбольш сведамыя беларусы». Піша TUT.BY.

Вёска чатырох Станкевічаў. Як жыве вёска, якая калісьці была самай "свядомай"

Арляняты, татары і чацвёра Станкевічаў

Самы вядомы сярод Станкевічаў – святар Адам Станкевіч, якога называюць адным з лідараў беларускага Адраджэння. Яго брат Ян Станкевіч быў вядомым філолагам, палітыкам і доктарам славянскай філалогіі. Яго дзейнасць была звязана з адраджэннем беларускай мовы.

У 1944 годзе ён трапіў у Нямеччыну з адступаўшымі немцамі, а потым эміграваў у ЗША, дзе і памёр у 1976 годзе. Яго пляменнік Станіслаў Станкевіч быў літаратуразнаўцам, публіцыстам і грамадскім дзеячам. У эміграцыі разам з Мікалаем Абрамчыкам аднавіў дзейнасць Рады БНР. У гэтай жа вёсцы нарадзіўся і яго поўны цёзка, але не сваяк, выдавец і паэт Станіслаў Станкевіч.

Вёска чатырох Станкевічаў. Як жыве вёска, якая калісьці была самай "свядомай"

Назва Арляняты – пайшла зусім не ад ганарлівых птушак, а, як кажуць навукоўцы, ад татарскага слова «Вурля».

— Мясцовае насельніцтва тут мае татара-мангольскія рысы, але ўжо не ведаюць, чаму і як так атрымалася. Уявіце сітуацыю — некалькі сотняў тысяч татараў прыйшлі сюды з Вітаўтам. Ім трэба было даць працу. Татары будавалі замак у Лідзе, у Крэве і, хутчэй за ўсё, і ў Міры. Тым, хто прымаў хрысціянтва, князь даваў тут зямлю. Шмат прозвішчаў тут маюць татарскае паходжанне. Напрыклад, Александровіч, Багдановіч. Ян Станкевіч даказваў, што і яго прозвішча мае тое ж паходжанне. Стан — людзі якія працавалі на стане, у татарскім стане. Дарэчы, тут казалі не млечны шлях, а птушыны стан, — распавядае дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Іван Трацяк, пакуль мы шпацыруем па вёсцы.

Вёска чатырох Станкевічаў. Як жыве вёска, якая калісьці была самай "свядомай"

Засталося ўсяго 9 чалавек і адна карова

Некалі вялікае сяло цяпер паступова памірае. А вось у 20-я гады жыццё тут віравала. Пра гэта пісала газета «Крыніца», якую выдаваў Адам Станкевіч. Напрыклад, у № 11 за 1920 год быў апісаны такі пацешны выпадак:

«Вёска Арленяты, Ашмянскаго павету. Тут блізу усе сьвядомыя беларусы і ўжо бяруцца да працы дзеля лепшай долі і лепшаго жыцця сяляніна беларуса, але ў гэтым ім вельмі шкодзіць вёска Пятровічы; гэта вёска такая самая, як і ўсе вёскі, гаворыць па беларуску, але яны сябе лічаць важнейшымі і беларускаго ўсяго ня любяць. Ажно 6 мая атправіўся адзін з іх у вёску Арленята, і пачаў трэсці хаты, шукаючы газэт і беларускіх кніжак, а найбольш прычапіўся да С. Станкевіча, у якога знайшоў беларускія газэты і многа кніжак. Ходзячы па хатах усё сьмяяўся з беларускай мовы, кажучы, што ў нашай мове толькі са скацінай гавораць. Цікава, ці мы калі дачакаімся свабоды, ці не, бо мы толькі аб её чыталі і чулі гаворачы, але відзець ішчэ не прышлося».

– А зараз засталося нас усяго 9 чалавек, – мясцовая жыхарка Алена Іванаўна вядзе да вясковага могілак. Зараз у Арлянятах аб сваіх знакамітых земляках не памятаюць, у памяці старажылаў захаваўся толькі вобраз Адама Станкевіча, якога тут называюць «наш ксёндз».

Ён нарадзіўся ў доме на ўскраіне вёскі ў 1892 годзе. Хата, дзе рос будучы ксёндз і вядомы грамадскі дзеяч, захавалася да гэтага часу. Зараз тут жывуць яго далёкія сваякі. Сам святар памёр у зняволенні ў 1949 годзе і пахаваны ў Іркуцкай вобласці.

Вёска чатырох Станкевічаў. Як жыве вёска, якая калісьці была самай "свядомай"

— Адныя бабы засталіся і пачтавік. І адна карова на ўсю вёску, — працягвае жанчына і спачатку распавядае, вядома, пра сваё жыццё. Пра тое, што два месяцы таму пахавала мужа, а яшчэ раней – сына. Вясковы пагост – на пагорку, адсюль бачная ўся вёска.

— Некалі сыну казала — будзем тут хараніцца, калі памрэм — блізка каля хаты, усё відаць, а прышлося яго першага хаваць.

Жанчына перажывае, што многія магілы зарастаюць, а могілкі не дагледжаны. Кажа, што прасіла мясцовыя ўлады паспрыяць упарадкаванню сельскага пахавання, але тыя прапанавалі мясцовым самастойна вырашыць гэтую праблему.

Вёска чатырох Станкевічаў. Як жыве вёска, якая калісьці была самай "свядомай"

— Кажу, Леанідавіч, трэба неяк могілкі ў дбайны стан прывесці, а ён кажа, што нічым дапамагчы не можа. Калі сын быў жывы, дык пассякаў гэныя дрэвы, бэз, а зараз яго няма, і нікому нічога не патрэбна. А мы ўсе старыя засталіся тут, хто гэтым будзе займацца? Вось і магіла гэнага ксяндза. Прыязджалі сюды людзі, лентачкі павязалі, — паказвае на бел-чырвона-белыя стужкі жанчына, — Прыгожа стала, але ж лентачкі гэтыя з часам сталі бруднымі. Але што ж паробіш. Дарэчы, Станкевічаў у нас — палова вёскі. І не ўсе сваякі.

У адказ на пытанне, ці ведае яна, чым праславіўся зямляк, жанчына паціскае плячыма. Але гарадскія, кажа, сюды прыязджаюць часта.

— Я іх усіх сюды ваджу, але распавесці нічога асаблівага не магу, бо мне толькі 73 рокі, я яго не памятаю. Можа, вунь суседка ведае.

Вёска чатырох Станкевічаў. Як жыве вёска, якая калісьці была самай "свядомай"

Лідар беларускага Адраджэння, святар, мецэнат

Адам Станкевіч пасля заканчэння царкоўна-прыходскай школы ў Барунах, народнай школы ў Гальшанах і гарадскога вучылішча ў Ашмянах у 1910 годзе паступіў у Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, дзе арганізаваў беларускі гурток. Потым вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі.

У 1914 годзе быў прысвечаны ў ксяндзы. З таго часу актыўна займаўся не толькі духоўнай працай, але і грамадска-палітычнай. Свае пропаведзі, а першая прайшла ў Крэва, чытаў на беларускай мове. Актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці БХД. У 1922 г. атрымаў пасольскі мандат і пачаў працаваць у польскім сойме, адстойваў інтарэсы беларусаў.

Святар быў адным са стваральнікаў Віленскай беларускай гімназіі, старшынёй Таварыства беларускай школы і адным з кіраўнікоў Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Таксама займаўся дабрачыннасцю – дапамагаў абяздоленым і сіротам, узначальваў Камітэт дапамогі ахвярам вайны.

Вёска чатырох Станкевічаў. Як жыве вёска, якая калісьці была самай "свядомай"
Іван Трацяк

— Адама Станкевіча без перабольшвання можна назваць лідарам адраджэнскага руху 20-х гадоў мінулага стагоддзя і паставіць у адзін шэраг з такім вядомым дзеячом, як Антон Луцкевіч. Параўноўваць іх нельгя, бо адзін прытрымліваўся сацыялістычных поглядаў, а другі — хрысціянска-дэмакратычных, але тое, што яны абодва вельмі шмат зрабілі для Беларушчынны — гэта безумоўна. Гэта былі два сапраўдныя лідары беларускага Адраджэння, — кажа Іван Трацяк.

У 1919 году газета «Крыніца» пісала аб гэтай вёсцы. Тады ў мястэчку працавала школа. Згадваўся і ксёндз:

«Вёска наша, як кажуць: „хоць маленькая, але ўдаленькая“. Удаленькая яна ня толькі дзеля таго, што прыгожа памясцілася над рэчкай, за якой падымаіцца даволі высокая „лысая“ гара, але ўдаленькая яна прадусім сваімі людцамі. Людзі, якія жывуць у нашай вёсцы — гэта ўсё найбольш сведамыя беларусы. Яны ўжо добра ведаюць, што як каталікі, так і праваслаўныя — дзеці аднэй Маці Беларусі. (…) Што датычыць прасьветы, дык наша вёска, стаіць даволі высока. Праўда, ёсьць у нас неграматныя, але гэта са старэйшых, а маладыя блізу ўсе граматныя. З нашай вёскі некалькі чалавек, як кажуць, вушлі ў людзі, між якімі ёсьць адзін ксёндз, гэтыя нашы вучоныя, як мы іх называім, асталіся вернымі сынамі Беларусі і аб нашай вёсцы не забываюцца, каб нам расказаць, што дзеіцца на свеці, і як маіцца наша Маці Беларусь. Агулам трэба сказаць, што нашы сяляне-беларусы гоняцца за навукай. Вот хоць бы цяпер ўжо маім у сваей вёсцы вучыцяльку і школу, да якой ходзяць дзеці з суседніх вёскаў».

Вёска чатырох Станкевічаў. Як жыве вёска, якая калісьці была самай "свядомай"

Вёска чатырох Станкевічаў. Як жыве вёска, якая калісьці была самай "свядомай"

Мы ідзем на ўскраіну вёскі да дыхтоўнага драўлянага дома, дзе нарадзіўся Адам Станкевіч. Патрапіць унутр не ўдаецца. На дзвярах – аршынны замок. Вакол – зарослы яблыневы сад, каля хаты – пакрывіўся плот. Іван Трацяк лічыць, што было б нядрэнна тут арганізаваць музей Адама Станкевіча, які мог бы ўдыхнуць у паміраючае мястэчка другое жыццё.

«Добры быў — канфеты мне падарыў»

— Фэля, хадзі сюды! — голас Алены Іванаўны на імгненне ўрываецца ў паўдзённую цішыню. — Карэспандэнты прыехалі, пагавары з імі!

Фэле за 80. Яна адзіная ў вёсцы, хто памятае Адама Станкевіча.

Вёска чатырох Станкевічаў. Як жыве вёска, якая калісьці была самай "свядомай"

—  Помню яго, як у сне, бо надта была малая — гадоў шэсць мне было, калі пайшла з маці да хрэсьбін малой дзяўчынкі. Праходзіла гэта ўсё ў яго хаце, што пры дарозе стаіць. Зараз там, канешне, развал, а тады быў дагледжаны дом. Дык вось, пахрысціў ён гэтую дзевачку, і дае мне канфеты. Вось гэта помніцца. А болей я нічога і не памятаю, толькі чула ад дарослых, што забралі яго на катаргу, а тут засталася яго племянніца, — успамінае жанчына.

Вёска чатырох Станкевічаў. Як жыве вёска, якая калісьці была самай "свядомай"

У 1938 годзе Адам Станкевіч быў высланы польскімі ўладамі ў Слонім на пяць гадоў.

Аднак праз год вярнуўся ў Вільню, дзе працаваў дырэктарам Беларускай дзяржаўнай прагімназіі. Пасля таго як горад быў аддадзены Літве, узначаліў Беларускі цэнтр і стаў зноў выпускаць газету «Крыніца». Падчас вайны выконваў свой абавязак – прапаведаваў у касцёле.

У 1944 годзе першы раз арыштаваны НКВД, але быў адпушчаны. Праз пяць гадоў яго зноў арыштавалі і прысудзілі да 25 гадоў пазбаўлення волі з высылкай ў Озерлаг, які знаходзіўся ў Іркуцкай вобласці. Там 31 студзеня 1949 года ён памёр.

– Я, як прачытала, Што нацярпеўся наш ксёндз, дык плакала, – кажа мясцовая жыхарка.

І хоць святар не быў пахаваны ў сваёй роднай вёсцы, як хацеў, у памяці мясцовых жыхароў рэпрэсаваны ксёндз застаўся знакавай фігурай.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: