Васіль Сёмуха, перакладчык Бібліі. 10 выказванняў пра мовы, немцаў і парадоксы гісторыі

Таленавіты перакладчык Васіль Сёмуха памёр 3 лютага на 84-м годзе жыцця. Найвядомейшая яго праца – пераклад поўнага тэксту Бібліі на беларускую мову. Таксама ён перакладаў “Фаўста” Гётэ, творы Шылера, Гайнэ, Брэхта, Зюскінда, лібрэта оперы Антонія Генрыха Радзівіла «Фаўст» і многія іншыя кнігі. Дзякуючы яму па-беларуску загучалі многія творы польскіх і латышскіх аўтараў. Прапануем вам дзесяць выказванняў Васіля Сёмухі з Радыё Свабода“.

Пра любоў як крытэр выбару літаратуры

«Тое, што я люблю, падабаецца і другім людзям. Падабаецца мой «Фаўст«, падабаюцца мой Рыльке і мая Візма Бэлшавіца. Так што я не памыляўся ў сваім выбары, арыентуючыся толькі на сваю любоў, грунтуючыся на ёй».

Як адказаў на пытанне пра мовы ў перапісе

«Пыталіся – якая родная мова, якая засвоена першая, я ім адказаў, што заходнепалескі дыялект. Яны запісалі са здзіўленнем. Хто па нацыянальнасці – беларус, на якой мове размаўляем дома – на беларускай. Былі такія дзве дзяўчыны ня вельмі зубастыя, ціхія, але калі ўжо сыходзілі, то запыталіся: а праўда, што вы пераклалі Біблію?»

Якая карысць ад перакладаў

«У маім разуменні пераклад быў і ёсць высокім літаратурным майстэрствам. Я ніколі, колькі жыву, ня жыў за адныя пераклады. Ад перакладу я меў і маю да гэтага часу вялікую насалоду. Я пляваць хацеў на тое, заплацяць мне ганарар ці не, закажуць пераклад ці не закажуць. Калі мне кніга падабаецца, калі мне твор замежны падабаецца, я яго перакладаю, і маю ад гэтага вялікую насалоду. І гэта мяне заўсёды цешыла і цешыць».

Пра мову-пасярэдніцу ў перакладзе

«Мова-пасярэдніца для перакладу паэзіі не падыходзіць, таму што перакладчык павінен імправізаваць на тэму верша – інакш не перакладзеш. Прозу перакладаць можа і машына, а паэзію – не».

Пра «дзве вялікія мовы»

«Калі нам сёння ўбіваюць у галовы надта разумныя палітыкі, што ў свеце існуе толькі дзве вялікія мовы – ангельская і расейская, і толькі на іх можна выказаць нешта разумнае і мудрае, то я дазволю сабе ў гэта не паверыць. Таму што той, хто так гаворыць, ні па-расейску, ні па-ангельску ніводнай мудрай думкі пакуль ня выказаў. А перакладчыкі могуць даваць нам усе вялікія мудрасці свету. Можна выказаць разумныя думкі на нашай мове. І трэба. І чым больш будзе выказана разумных думак, у тым ліку замежных творцаў, тым большая ганьба будзе для тых, хто лічыць, што гэта немагчыма».

Чаму не перакладаў з рускай?

«Хай чытаюць людзі па-руску. Што ж я буду з яе перакладаць?»

Пра зацікаўленасць нямецкай мовай

«Калі гэтая трагедыя здарылася [расстрэл бацькоў перакладчыка немцамі ў 1942 г.], 6 гадоў мне было. І пасля вайны як раз гэтыя пытанні «Што?« «За што?« «Чаму?« паўставалі перад усімі дзецьмі, якія страцілі сваіх родных. Адказаць на гэтыя пытанні было немагчыма. А яны заселі, як кажуць, у свядомасці дзіцяці і далей перарасьлі ўжо ў цікавасць да мовы. Толькі, мабыць, праз нямецкую мову можна даведацца, што адбылося і чаму, за што забілі маіх бацькоў. Я ня ведаў гэтага. Зацікавіўся мовай, стаў яе вывучаць і адкрыў для сябе незвычайна вялікай прыгажосці скарб. Мова нікога не забівала. Мова – гэта носьбіт культуры цэлага народу, і калі я гэта зразумеў, то, натуральна, і прыкіпеў душою да нямецкай мовы».

Пра інтэрнэт

«Гэта вялікая дапамога для літаратуры. З таго часу, як я ўлез у гэты інтэрнэт і займеў свой кампутар, я зрабіў, можа, больш чым, да таго за ўвесь час. Гэта вялікая дапамога, цяпер, дарэчы, я маю яшчэ магчымасць выстаўляць свае пераклады ў інтэрнэт».

Пра пераклад Бібліі

«Усе чатырнаццаць гадоў, цягам якіх я перакладаў Біблію, прайшлі ў адзіным запале, калі я ня ведаў, дзе пачатак, дзе канец. Я меў надзвычайную асалоду ад гэтай працы й не задумваўся: многа ці мала прайшло часу. Мабыць, столькі, колькі было адпушчана Богам на гэтую справу. (…) Я звяртаўся ва ўсе беларускія канфесіі з прапановаю супрацоўніцтва, каб мне дапамаглі ў выданні Бібліі. Кожная з канфесіяў лічыць сябе адзіна правільнай, і кожная ставіла мне ўмовы, каб тэкст выдаваўся пад іх кантролем. Гэта ішло ўразрэз з маімі пажаданнямі. Я хацеў, каб беларуская Біблія была патрэбная і даступная для ўсіх, а ня толькі для той ці іншай канфесіі. Для мяне яны ўсе роўныя».

Пра Васіля Быкава і парадокс гісторыі

«Сёння нямецкі народ дае прыстанішча сусветна вядомаму пісьменніку, гонару і сумленню нашай нацыі Васілю Быкаву. Парадокс гісторыі – чалавек, які так шмат у сваёй сферы зрабіў для змагання з фашызмам, якога беларуская ўлада абвінавачвае ў фашысцкіх поглядах, – гэтаму чалавеку дае прыстанішча менавіта нямецкі народ. Гэта ганьба для нашай краіны, для нашай улады, для нас усіх, што Васіль Быкаў вымушаны шукаць даху над галавой у Нямеччыне. Але гэта гаворыць і за немцаў».

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: