На прадпрыемствах за прышчэпку ад каранавіруса заплацяць прэміі, студэнты-медыкі атрымалі выхадны, а медыкам і настаўнікам прыгразілі памяншэннем прэміі і звальненнем. Рэдакцыя Hrodna.life сабрала факты «матывацыі» гродзенцаў да вакцынацыі ад COVID-19.

Ад 50 да 400 рублёў

Па 250 рублёў атрымаюць супрацоўнікі «Гродна Азот», якія пройдуць вакцынацыю да 3 снежня — дня 58-годдзя прадпрыемства. Аб гэтым на аператыўнай нарадзе распавёў намеснік генеральнага дырэктара па сацыяльных пытаннях і ідэалагічнай рабоце Рамуальд Барсук, піша карпаратыўнае выданне прадпрыемства «Гродзенскі хімік». Чытач Hrodna.life выказаў здагадку, што прэміі выплацяць усім, а такім чынам спрабуюць матываваць тых, хто яшчэ не прышчапіўся. Ён адзначыў, што на прадпрыемстве вакцынавана мала супрацоўнікаў.

200 рублёў заплацяць на Гродзенскім мясакамбінаце, напісаў чытач Hrodna.life. 150 атрымаюць супрацоўнікі «Молочного мира», паведаміла наша чытачка.

Пабольш атрымаюць супрацоўнікі Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман» — 400 рублёў. Чытач Hrodna.life падзяліўся інструкцыяй. Для атрымання грошай трэба напісаць заяву аб выплаце матэрыяльнай дапамогі, прадаставіць копію сертыфіката аб вакцынацыі супраць COVID-19 і копію выніку аналізу на наяўнасць антыцелаў да антыгенам COVID-19. Па словах чытача, скарысталіся гэтым нямногія.

(Дэ)прэміраванне, выхадныя і пагрозы. Як гродзенцаў матывуюць вакцынавацца ад COVID-19
Так можна атрымаць прэмію за вакцынацыю на Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман». Фота: чытачы Hrodna.life

«Поўны курс вакцынацыі будзе ўзнагароджвацца выплатай 50 рублёў без абмежавання па часе», — напісалі ў Telegram-канале «Белкард» яшчэ 21 верасня. Прывівачныя дні там арганізуюць раз у месяц.

«Ніякіх прывілеяў для вакцынаваных студэнтаў у ВНУ не існуе. Адзінае, што ўвялі, так гэта магчымасць не наведваць заняткі ў дзень прышчэпкі без адпрацоўкі», — напісала «Гродзенская праўда» аб вакцынацыі ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.

Па дадзеных Hrodna.life, даплата за вакцынацыю ў сферы культуры таксама ёсць — 30−40 рублёў.

Некаторыя прадпрыемствы на сваіх сайтах заклікалі вакцынавацца. Але публічна аб прэміях і бонусах не паведамлялі. Сярод іх — «Гранітэкс», Гродзенская абутковая фабрыка «Нёман», Гродзенскі механічны завод.

Пагражалі звольніць нават медыкаў

На Гродзенскай тытунёвай фабрыцы «Нёман» вакцынаваныя супрацоўнікі могуць атрымаць прэмію, а невакцынаваных пагражаюць не дапусціць да працы, напісаў чытач Hrodna.life.

Адну з выкладчыц Каледжа бытавога абслугоўвання пазбавілі прэміі за адмову вакцынавацца, распавяла крыніца Hrodna.life.

Паводле інфармацыі Hrodna.life, у сферы культуры вакцынавана менш за ўсё работнікаў - каля 25%. У медыцыне і адукацыі значна больш — 60−80%.

Да 15 лістапада ёсць загад ад мясцовых уладаў вакцынаваць 60% супрацоўнікаў культуры. Інакш, напрыклад, бібліятэкі будуць зачыняць, а невакцынаваных супрацоўнікаў адправяць у прымусовыя адпачынкі.

Невакцынаваных педагогаў у Астравецкім раёне просяць даць даведку ад тэрапеўта аб адводзе па вакцынацыі. Інакш іх пазбавяць прэміі на 20%. «Калі паступіць адпаведны загад з аддзела адукацыі, будзем значыць звальняць», — напісана ў скрыншоце, які чытачы даслалі Hrodna.life. «І, што цікава, медадвод не даюць. Нават калі супрацьпаказанні. І пасля „кавіда“ паўгода не даюць. Патрабуюць прышчапіцца. У іх статыстыка!», — напісала чытачка. Загадаў аб дэпрэміраванні яшчэ не было — іх аформяць да 5 лістапада. «Але папярэдзілі, што на надбаўкі і прэміі непрышчэпленыя могуць не разлічваць».

(Дэ)прэміраванне, выхадныя і пагрозы. Як гродзенцаў матывуюць вакцынавацца ад COVID-19
Так матывуюць педагогаў у Астравецкім раёне. Фота: чытачы Hrodna.life

У адной з медустаноў дзіцячай паліклінікі № 2 лабаранта спрабавалі прымусіць да вакцынацыі. Ёй пагражалі звальненнем. Пра гэта ў рэдакцыю напісала яе дачка.

«Цяпер ціск фактычна сыйшоў, але пару месяцаў таму быў вельмі актыўны. Ціск быў ад таго, што ў медустановах павінен быў зрабіць прышчэпку пэўны працэнт работнікаў. Ніхто асабліва не хацеў прышчапляцца, таму што ад вакцыны («Спутник V») былі не самыя станоўчыя водгукі і цяжкія наступствы пераносу, асабліва ў людзей пасля 50. Таму начальства, бачачы, што народ не прышчапляецца, пачало актыўны ціск.

Мама перажывае, што ад вакцыны могуць быць цяжкія наступствы, у яе ўжо ўзрост, большы за 50 і некаторыя праблемы са здароўем. Невядома, як яна можа перанесці вакцыну, акрамя «Спутник V» пакуль больш якасных аналагаў няма, таму яна адмаўляецца. Калі якісьці працэнт работнікаў прышчапіўся, ціск аслаб, фактычна сыйшоў", — напісала чытачка.

Да чаго прыводзіць ціск

Ціск на супрацоўнікаў можа прыводзіць да куплі сертыфікатаў і фэйкавай вакцынацыі, распавялі нам раней чытачы. Улады робяць акцэнт пры вакцынацыі на некалькі груп: работнікаў сістэмы аховы здароўя, сацыяльнай сферы і сферы паслуг, педагогаў. Верагодна, таму іх так актыўна заклікаюць вакцынавацца.

Па апошніх дадзеных, каля траціны жыхароў вобласці ўжо прышчэплены першым кампанентам вакцыны. Сярод тых, хто захварэў - 1,47% вакцынавана двума дозамі. З іх 64% перахварэлі ў лёгкай форме, 36% перанеслі ў сярэдняй ступені цяжкасці, 0,1% спатрэбілася шпіталізацыя.

Большасць тых, хто не гатовы вакцынавацца, асцерагаюцца пабочных эфектаў (61%). Далей у рэйтынгу прычын адмовы ідуць недавер да вакцыны як такой (39%), няздольнасць вакцыны абараніць ад новых штамаў (38%), адсутнаць даверу даступных вакцынам (38%), адсутнасць даверу да ўлады (31%). Гэта вынікае з даследавання «Медыяспажыванне ў перыяд пандэміі COVID-19», праведзенага Baltic Internet Policy Initiative (BIPI), піша thinktanks.by.

Чытайце таксама: