Дадаць навіну
Субота, 22 верасня 2018, 23:57

Уласнік пабудовы побач з сядзібай 18 стагоддзя ў Шчорсах: «Я аказаўся закладнікам сітуацыі»

Актывісты звярнулі ўвагу на спрэчную будоўлю побач з сядзібай Храптовічаў XVIII стагоддзя. Уласнік пабудовы Дзмітры Шаўня прадставіў Свабодзе сваю пазіцыю. Ён кажа, што ўсё робіць па законе, але будоўлю пакуль прыпыніў.

Будоўля драўлянага аднапавярховага аб’екта вядзецца на тэрыторыі аграсядзібы «Шчорсы» ў пасёлку Шчорсы Навагрудскага раёну.

Што ўваходзіць у аграсядзібу «Шчорсы»?

Аграсядзіба цяпер складаецца з чатырох аб’ектаў. Гэта жылы дом (адноўлены «настаўніцкі дом»), лазня (былая адрына), адрына, адкрытая альтанка (нядаўна пабудаваная). Пяты ставіцца, гэта летняя кухня. Яе будуюць са старога драўлянага дома з суседняй вёскі, які разабралі і перавезлі сюды.

Аградсядзіба «Шчорсы» на плане
Апрача комплексу пабудоваў, да сядзібы належыць 25 сотак зямельнага надзелу. Тэрыторыя абгароджаная плотам.

Аграсядзіба прымае турыстаў на начлег, адкрытая для наведнікаў, якія жадаюць агледзець калекцыю карцін і прадметаў шляхецкага побыту, там ладзяцца культурныя імпрэзы. У доме рэканструяваныя пакоі Адама Міцкевіча, Яна Чачота, напалеонаўскай гвардыі з сапраўднымі гравюрамі і мапамі таго часу, на сценах вісяць літаграфіі з замкамі Беларусі.

Адзін з пакояў аграсядзібы «Шчорсы»

Што парушыў уласнік?

Дзмітры Шаўня кажа, што нічога не парушаў, і здзіўляецца, што мусіць апраўдвацца ў гэтай сітуацыі. «Настаўніцкі дом» (там раней жылі вясковыя настаўнікі) разам з гаспадарчымі пабудовамі і тэрыторыяй, якая да яго належыць, ён купіў улетку 2015 году ў фізічных асобаў. Дом не быў гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Праект ягонай рэканструкцыі зацвердзілі ў Навагрудскім райвыканкаме ўлетку 2016 году.

Праект рэканструкцыі жылога дома
Сёлета ў маі райвыканкам узгадніў праект новай пабудовы — летняй кухні, у якой плануецца экспанаваць прадметы народнай культуры.
Праект летняй кухні
Уласнік сядзібы кажа, што ніхто не патрабаваў ад яго ўзгаднення праектаў з Мінкультам або іншымі ўстановамі. Інакш бы ён усё выканаў.

Чаму тады абурыліся актывісты?

Бо новая будоўля вядзецца побач са знакамітай бібліятэкай Храптовічаў, якая ўваходзіць у палацава-паркавы комплекс графаў Храптовічаў XVIII стагоддзя — гісторыка-культурную каштоўнасць. Адлегласць ад бібліятэкі — метраў дзесяць.

Аграсядзіба — блізкі сусед палацава-паркавага комплексу
Тэрыторыя вакол старадаўняга комплексу павінна ахоўвацца дзяржавай. Але дзе праходзяць яе межы, дакладна не вядома, бо зоны аховы чамусьці пакуль не вызначаныя. Гэта частая сітуацыя ў Беларусі, калі існуюць толькі часовыя, прыблізныя зоны аховы. Цяпер ідзе працэдура іх распрацоўкі і ўзгаднення.

Як раней казаў Свабодзе архітэктар-рэстаўратар Раман Забела, будаваць або праектаваць пабудовы, якія ствараюць пагрозу захаванню нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, без вызначэння зон аховы забараняецца (артыкул 105 Кодэксу аб культуры).

Дык як тады пагадзіць пабудову і зоны аховы?

Дзмітры Шаўня мяркуе, што такая сітуацыя склалася з прычыны розных інтэрпрэтацый новага Кодэксу аб культуры.

«Ніякіх пытанняў да мяне з боку Міністэрства культуры не было. Наколькі я зразумеў, новы закон аб культуры настолькі размыты і настолькі па-рознаму трактуецца, што мясцовыя органы ўлады кажуць, што ўсё нармальна, журналісты пішуць, што, магчыма, парушаецца закон. Магчыма, але не дакладна. Але яшчэ ніхто не падаў на мяне ў суд. Я стаў закладнікам сітуацыі», — кажа гаспадар аграсядзібы.

Будоўлю пакуль прыпынілі
Уласнік па вуснай просьбе мясцовых уладаў прыпыніў пабудову летняй кухні «да высвятлення абставінаў і да высвятлення адносін Мінкульту і Навагрудскага райвыканкаму паміж сабой».

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: