На месцах баёў Першай усясветнай у Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці пачаліся здымкі мастацкага фільму рэжысёра Аляксея Туровіча з працоўнай назвай «У акопах Смаргоняў». Гэта першы зварот беларускіх кінематаграфістаў да тэмы ваенных падзеяў 1914–1918 гадоў. Рэпартаж Свабоды з месца здымак.
Артылерыйскія залпы, газавыя аблокі, санітарныя абозы, штыкавыя атакі і братанне ворагаў — усё як было цягам 1915–1918 гадоў, калі беларускія землі падзяліла лінія фронту. Каля Смаргоняў пазіцыйнае супрацьстаянне расійскага і германскага войскаў расцягнулася больш як на 800 дзён. Немцы будавалі доты, расійцы заглыбляліся ў траншэі, адны адных труцілі ды абстрэльвалі.
Прадаць дом, каб зняць кіно
Здымачны лагер раскватараваны ў Каранях — прыгараднай вёсцы пад Смаргонямі, побач з якой вырас мікрараён трактарабудаўнікоў. Навокал узбуджанае ажыўленне. Мужчына вядзе на пляцоўку свайго каня з высокай крытай кібіткай — гэта перасоўны шпіталь часоў Першай усясветнай. У аўтобусах падвезлі медсясцёр, яны грэюцца, чакаюць свайго выхаду. Каскадзёр Сяргей Катаржэнка навучае актораў прыёмам рукапашнага бою, піратэхнікі ўсталёўваюць выбухоўку, а ля вогнішча грэецца касцюмаваная масоўка, не задзейнічаная ў эпізодзе. Агулам на пляцоўцы блізу сотні чалавек.
Кіруе ўсім працэсам рэжысёр Аляксей Туровіч. Ён жа і сцэнарыст, бо ў аснове сюжэту — ягоная кніга «Забытая вайна». Асістэнт рэжысёра — Станіслаў Цыбінскі, музыку піша кампазітар, былы дырэктар Магілёўскай абласной філармоніі Уладзімір Браілоўскі.

Кіно робіцца за кошт асабістых сродкаў Туровіча і Цыбінскага: першы прадаў нерухомасць, другі — два аўтамабілі. Абодва задзейнічаныя ў ролях афіцэраў расійскай арміі.

Спробы Туровіча займець дзяржаўную падтрымку дзеля стварэння фільму пра Першую ўсясветную былі марнымі. Некалькі разоў ён сустракаўся з кіраўнікамі Міністэрства культуры Беларусі, прапаноўваў зняць карціну да 100-годдзя пачатку вайны, а пасля — да юбілею яе заканчэння. Ідэя чыноўнікаў не зацікавіла, сцэнар не дапусцілі да ўдзелу ў конкурсе.
«Дырэктар „Беларусьфільму“ Уладзімір Карачэўскі, калі я дамаўляўся пра рэквізіт, кінуў: ведаеш, што бюджэт такога кіно цягне на 5 мільёнаў долараў! Як будзеш здымаць на свае капейкі? — кажа Туровіч. — „Моўчкі,— кажу.— Вазьму і буду рабіць“. І здымаю. Дзяржава ні капейкі не дала, хоць грошы на гэты фільм ідуць немалыя. На мне ж усе выдаткі: арэнда абсталяваньня, міліцэйскае суправаджэнне, забеспячэнне піратэхнікай, абеды акторам. Працоўны матэрыял мы здымем, павінна хапіць. Але ж яшчэ звядзенне, мантаж, праца гукарэжысёра — таксама расходы».
За працэсам здымак у Смаргонях назіраюць прадстаўнікі мясцовых уладаў — начальнік міліцыі і ідэолаг. Аляксей Туровіч — адзін з актыўных абаронцаў Курапатаў, адбываў адміністрацыйнае пакаранне за пікеты супраць дзейнасці рэстарану «Поедем поедим».

Летась Аляксей Туровіч за ўласныя сродкі экранізаваў «Жоўты пясочак» паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава — пра сталінскія расстрэлы ў Курапатах. Пракат у Беларусі быў абмежаваны, бальшыня кінатэатраў адмаўляліся ад паказаў. У той жа час у YouTube стужка набрала амаль 4,5 мільёна праглядаў, гледачы пакінулі больш за 4,5 тысячы каментароў.
Пра што фільм?
Сюжэтная лінія стужкі грунтуецца на гісторыі артылерыста Генадзя Маркоўскага. У 1915-м ён вызваўся добраахвотнікам у расійскае войска і адразу трапіў у «пекла» — на лінію фронту ў Смаргонях. Адсюль ён піша лісты сваёй каханай дзяўчыне Ніне, у якіх расказвае пра жахі і бессэнсоўнасць вайны. Адрозна ад многіх таварышаў па службе, яму пашчасціла выжыць. На ягоныя ўспаміны падчас працы ў архівах і наткнуўся Аляксей Туровіч. А яшчэ кіно — пра тых беларусаў, якія вымушана ваявалі за чужыя інтарэсы, кажа Свабодзе рэжысёр.
Адной з гераінь уведзена графіня Аляксандра Талстая, дачка Льва Талстога. Яна загадвала палявым шпіталем у Залессі, які быў разгорнуты ў колішняй сядзібе кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага. Будуць і іншыя персанажы, правобразы якіх сталі потым знакамітымі пісьменнікамі, артыстамі, канструктарамі.
Да тэмы Першай усясветнай вайны ў Туровіча свой інтарэс. Ён рос у дзіцячым доме ў суседняй Ашмяне, часта яго прывозілі на сустрэчы і спартовыя спаборніцтвы ў такую ж установу ў Смаргонях. Калі ўжо пачаў рабіць кар’еру ў кіно, па старой памяці наведваў інтэрнаты, дапамагаў ім і шмат ездзіў па ваколіцах Смаргоняў, бачыў сляды забытай вайны. Тады і з’явілася ідэя паказаць смаргонскую старонку Першай усясветнай.

Здымкі ідуць на месцах былых баёў
Большую частку амуніцыі, артылерыйскай і табельнай зброі арандавалі на кінастудыі «Беларусьфільм». Як кажа Станіслаў Цыбінскі, там запатрабавалі за гэта каля 5 тысяч долараў — па ўдвая большых расцэнках, чым для расійскіх серыяльшчыкаў. У выніку лепшы рэквізіт забралі на здымкі ў Астрахань, Туровічу далі тое, што засталося.
На здымкі ў масоўцы прыехалі сябры клубаў вайскова-гістарычнай рэканструкцыі з розных месцаў — у іх свая амуніцыя.
«Кінастудыя ўзяла вялікія грошы, але паглядзіце, якое „шыла“ падсунулі, — паказвае мундзір асістэнт рэжысёра Цыбінскі. — Шынялі парваныя, без падкладкі, штаны паедзеныя моллю, шапкі без кукардаў, боты ўсе 44-га памеру. У нас здымаюцца 17—18-гадовыя хлопцы, дык вымушаныя ў тры слаі намотваць анучы, каб не згубіць абутак падчас здымкаў. Некаторыя сцэны складана ўзяць буйным планам: рэквізыт вычарпаў свой рэсурс і насамрэч яго трэба спісваць. А яны толькі пагражаюць штрафам, калі мы форму „сапсуем“. Але даводзіцца карыстацца тым, што ёсць».
Фільм здымаецца ў натуральных гістарычных дэкарацыях: на ўскрайку Смаргоняў у выдатным стане захавалася германская фартыфікацыя, сіламі энтузіястаў нядаўна былі ўпарадкаваныя і расійскія пазіцыі. Для здымак пасярод кустоўя пастаўлены зруб сялянскай хаты, адноўлены антураж нямецкага дота. Гэты зруб потым згарыць у канцы здымак. Цяпер здымаюцца сцэны артылерыйскага абстрэлу, рукапашны бой, а таксама вываз забітых, параненых і атручаных.
Аднавіць памяць, каб не было жадання «паўтарыць»
Акторамі кінапраекту «У акопах Смаргоняў» — удзельнікі аматарскіх тэатраў, навучэнцы мінскай студыі кінаактораў, рэканструктары-аматары з пошукавага аб’яднання «Смаргоні франтавыя», валанцёры з розных рэгіёнаў, якія адгукнуліся на прапанову зняцца ў кіно за інтарэс.

Здымаецца і афіцэр запасу Ігар Паўлаў — мясцовы прадпрымальнік, які за ўласныя сродкі аднаўляе месцы баёў, адшуквае і ўшаноўвае вайсковыя пахаванні. Высілкамі ягонага фонду «Смаргонь франтавая» адноўленая стратэгічная высотка «Залатая горка», якую за савецкім часам ператварылі ў сметнік. Акурат насупраць яе дзяржаўны даўгабуд — незавершаны мемарыял, які абяцалі здаць яшчэ ў 2014-м, да 100-годдзя пачатку той вайны.
«За савецкай уладай па незразумелых крытэрыях Першая ўсясветная вайна была выцертая з нашай гісторыі, — кажа Ігар Паўлаў. — Як вынік, многія аб’екты гістарычнай значнасці ператвораныя ў гарадскую звалку. Таму мы сваім аб’яднаннем вырашылі ўзяць іх пад абарону. Гэта і „Залатая горка“, і артылерыйскі нямецкі дот побач у полі. Сваімі сіламі расчысцілі яго ад бытавога, будаўнічага друзу, прывялі ў парадак. Галоўная задача — стварэнне музею пад адкрытым небам. Каб людзі прыходзілі, разумелі, які боль і пакуты нясе вайна: і першая, і другая, і, не дай бог, трэцяя».
Лінія расійска-германскага фронту праходзіла ўздоўж дарогі, якая і цяпер звязвае Смаргоні і старажытнае Крэва. Амаль тры гады тут лёталі артылерыйскія снарады, паўзлі клубы атрутнага газу, салдаты ішлі ў штыкавыя атакі.
Беларусь у Першай усясветнай вайне
На пачатку ХХ стагоддзя беларусы не мелі сваёй дзяржаўнасці, гэтыя землі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. А падчас Першай усясветнай вайны тэрыторыя Беларусі стала арэнай жорсткага змагання дзвюх варожых імперый. За тры гады з беларускіх губерняў было мабілізавана каля 700 тысяч мужчынаў: загінуў кожны дзясяты, шмат хто дадому так і не вярнуўся, застаўшыся на месцы службы. Страты мірнага насельніцтва ацэньваюцца больш як у 60 тысяч.
Агулам з найбольш заселеных заходніх рэгіёнаў Расійскай імпэрыі ў рамках прымусовага «бежанства» царскія ўлады эвакуавалі 2 мільёны жыхароў. Пасля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны назад вярнуліся менш за палову. Наступствы дэмаграфічных стратаў адчуваюцца дагэтуль.
Ад 1915 году былі эвакуаваныя вёскі Сялец, Наваспаск, Суцькава, Кунава, Бялкоўшчына, Аславяняты, Залессе, Зарудзічы, Готкавічы, Сапачы, Хатуцічы. У Смаргонях пасля 810 дзён пазіцыйнай вайны ацалела толькі некалькі хатаў.
Каментары