Ці прасыпаўся бязвіз залатым дажджом над Горадняй? Ці гатовы быў горад прыняць такую колькасць турыстаў? Чаго ім, турыстам, не хапае? У цэнтры адчыняюцца дзясяткі новых кавярняў ды бараў, але ці ўсё задавальняе ўласнікаў? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказу карэспандэнты Belsat.eu.

На вуліцах Гродна. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
У выхадныя дні ў Гродне ўсё часцей чуваць польскую, літоўскую ды англійскую мову, асабліва ў цэнтры гораду. У 2017 годзе ў Гродне налічылі 53 тысячы бязвізавых турыстаў, у 2018 — 80 тысяч. Сёлета ў сярэдзіне чэрвеня ўжо сустрэлі 50-тысячнага турыста, канчатковая лічба з’явіцца бліжэй каталіцкіх калядаў.

З 10 лістапада бязвізавыя тэрыторыі Гродна і Брэста аб’яднаюць у адну, дадаўшы яшчэ некалькі раёнаў, а сам тэрмін перабывання для замежнікаў падоўжаць з 10-ці да 15-ці сутак.


12 месцаў, якія варта наведаць у пашыранай зоне бязвізу Гродзенскай і Брэсцкай абласцей


танцы гарадзенскіх дворыкаў
Этнатанцы праходзяць у дворыках у выхадныя дні, пакуль цёпла. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Да нас заходзяць па каву па-паўстанцку, то бок — з самагонам»

Паток турыстаў спрыяе зменам у Гродне: ледзьве не кожны тыдзень тут адчыняюцца новыя кавярні ды рэстараны. З апошняга — рэстаран «Беласток» з традыцыйнай беларускай кухняй ды фірмовымі настойкамі, які, паводле экскурсаводаў, вельмі любяць палякі. Іншыя ўстановы, створаныя яшчэ перад масавым прыходам замежнікаў, спрабуюць не адставаць, прапануючы турыстам свае «фішачкі» або друкуючы польска- ды англамоўныя меню.

На вуліцах Гродна. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
«Да нас водзяць на экскурсію па каву па-паўстанцку, то бок — з самагонам, — распавядае Зміцер Захарка, уладальнік кавярняў „Наша Кава“ ды „Справа“. — Палякі ўжо і без экскурсавода сюды прыходзяць. Ёсць, прыкладам, гастранамічная экскурсія — да нас па каву па-паўстанцку, у іншае месца — па марозіва з грыбамі, дзесьці яшчэ на абед. Я бачу сэнс у гэтым: рабіць нешта эксклюзіўнае, а не бязлікае. Тады і людзі будуць вяртацца штораз».

Паводле Змітра, бязвіз не стаў для яго вырашальным штуршком, а новыя праекты (бар «Справа» адчыніўся сёлета ўлетку) — гэта хутчэй плён развіцця бізнесу ды больш лагоднае заканадаўства ў параўнанні з тым, што было некалькі год таму.

На вуліцах Гродна. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Калі адчынялі першую кавярню — прайшлі сем колаў пекла…»

«Зараз нашмат прасцей адкрыць невялічкую кавярню, — працягвае Зміцер. — Бярэш выведзеную з жылога фонду кватэру на першым паверсе і робіш. Калі ж мы адчынялі „Нашу Каву“, першую кавярню, то прайшлі ўсе колы пекла… Падрастае маладое пакаленне, мабыць, гатовае рызыкаваць. І гэта добра. Можа, нехта і на нас паглядзеў, думаючы, што мы грошы рыдлёўкай грабем (смяецца)».

Дзяўчына робіць каву ў кавярні на Савецкай плошчы, што адчынілася сёлета. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
На думку Змітра, турыстам найперш цікавыя месцы, дзе можна добра паесці, асабліва калі гэта вялікая група з аўтобуса на 50 месцаў. Увечары цікава добра адпачыць з півам і танцамі. Ягоны ж профіль — кава, гарбата, віно, таму і арыентаваны ён больш на мясцовых ці турыстаў-самотнікаў. Разам з тым, у ягоных планах адчыніць з часам і піўны бар.
Кавярняў ды піцэрыяў шмат, але дзе пакаштаваць аўтэнтычнай кухні? Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Шоты «Ня быць скотам» ды «Маладая Беларусь» прапануюць… расейцы

Прагучыць дзіўна, але турыстаў кавярні часцяком цікавяць зусім не ў плане напояў, але… з-за прыбіральняў. У старым горадзе катастрафічна не хапае грамадскіх прыбіральняў, а ў бары ці кавярні паводле закону персанал наўпрост не можа адмовіць чалавеку з вуліцы. Таму часам можна назіраць дзіўную карціну: спыняецца каля кавярні вялікі аўтобус, а гід вядзе дзясяткі людзей у прыбіральню бліжэйшай кавярні. Гаспадары не радыя, але што яны могуць зрабіць?

Кактэйлі паводле твораў нашых класікаў: Міцкевіч, Колас, Быкаў, Ажэшка. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
Уладальнікі кавярняў - гэта як мясцовыя дробныя камерсанты, якія толькі спрабуюць сябе ў гэтай справе, так і вопытныя гульцы з замежжа. Напрыклад, некалькі ўстановаў, што знаходзяцца ў Гандлёвым доме «Нёман» і побач («Большой буфет», «Крыша мира») належаць расейцам. Іншыя папулярныя ўстановы ў раёне Савецкай плошчы («Werden», «Svaboda») стваралі бізнесоўцы з Пецярбурга. Можа падацца дзіўным, але менавіта там можна сустрэць шоты «Ня быць скотам» ды «Маладая Беларусь», паспрабаваць кактэйлі паводле твораў нашых аўтараў: Міцкевіча, Танка або Коласа.
На пешаходнай Савецкай вуліцы ўлетку няспынна чуваць польскую, літоўскую ды англійскую мовы. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Кніга скаргаў з падзякамі па-польску

«Турысты — гэта вельмі крутая тэма, — усміхаецца Тамаш Анікеіч, карэнны гродзенец, уладальнік бару „Корица“. — Могуць зайсці кампаніяй у 15−20 чалавек, добра пасядзець да закрыцця ўстановы. Палякаў заходзіць шмат. У мяне ўжо кніга скаргаў і прапановаў сканчаецца — столькі запісаў з падзякамі, шмат таксама і па-польску. Пытанне мовы не стаіць: яны спытаюць па-польску, мы адкажам — усе адзін аднаго разумеюць».

Начное жыццё гораду. Культавы бар «Корица» пасля рамонту. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
Часам у барах старога гораду ўзнікаюць праблемы з уласнікамі кватэраў, якія месцяцца ў тых жа камяніцах. Калі, скажам, бар працуе да 2-ой ці 4-ай ночы, жыхары скардзяцца на гучную музыку ці шум. У выніку, улады змушаныя абмяжоўваць час працы ўстановы да 23.00, а гэта фактычна «забівае» бізнес: у гэты час, асабліва ў выходныя, толькі пачынаецца наплыў гасцей.



Атрымліваецца парадаксальная сітуацыя: вялікая колькасць жылых кватэраў у старых камяніцах стрымлівае развіццё рэстараннага бізнесу, часцяком пазбаўляе ўласніка — прыбытку, супрацоўнікаў - працы, а дзяржаву — падаткаў.

«Надпісам „Гродна“ на талерцы турыста не зацягнеш»

Што вязуць бязвізавыя турысты дадому? Літоўцы і латышы — лён, лекі, абутак (шануюць «Марка» і «Белвест»), касметыку ад «Беліта», бялізну, слодычы. Элітнага алкаголю Беларусь ім фактычна прапанаваць не можа: наша старка ў параўнанне з іхнымі адпаведнікамі не ідзе. Палякі ж часцяком купляюць звычайную гарэлку, спрабуюць правезці таксама сыркі ў шакаладзе ды сала (хоць гэта і забаронена). Паводле экскурсаводаў, як не дзіўна, палякі шукаюць у Гродне матрошкі.

андляр сувенірамі на вуліцы Савецкай. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
Паводле Андрэя Несцяровіча, уласніка этнакрамы «Цудоўня», заходзіць багата палякаў ды расейцаў, менш — літоўцаў, бываюць таксама і немцы, і французы, і госці з ЗША. Калі заходзіць група, то людзі, зазвычай, нават часу не маюць паглядзець асартымент — хіба набыць пару магнітаў. Таму разлік ідзе найперш на індывідуальных турыстаў, якія нікуды не спяшаюцца і не баяцца адстаць ад экскурсавода.

«Калі да мяне заходзяць 15 палякаў, з імі сыходзіць 5 магнітаў, — распавядае Андрэй. — Калі ж прыйдзе адзін разважлівы немец, то пойдзе некалькі саколак, скураны заплечнік, нешта з керамікі, страла з крамянёвым наканечнікам… Бываюць турысты-меламаны, з якімі можна доўга гутарыць, слухаць музыку, а пасля яны забяруць палову дыскаграфіі Кірчука з этнаспевамі».

Этнакрама «Цудоўня» — сюды турысты ідуць за сувенірамі, кнігамі ды аўтэнтыкай. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
Паводле Андрэя, зусім не надпісам «Гродна» ці выявай Каложскай царквы на пластыкавым магніціку варта прыцягваць турыстаў, але атмасфернымі мясцовымі рэчамі: чорнай керамікай, літымі ўпрыгожаннямі паводле археалагічных знаходак, аўтэнтычнымі вырабамі са скуры і шкла.

Пафасны гатэль Сямашкі, а побач — пустая камяніца з пабітым шклом

Напрыканцы мы вырашылі пагутарыць з экскурсаводам Уладзем, які папрасіў не называць ягонага прозвішча, бо экскурсіі ён водзіць без ліцэнзіі. Гэта, дарэчы, таксама знак часу: каб не губляць часу на афіцыйнае афармленне праз здачу экзамену ды не плаціць падаткаў, шмат хто з гродзенцаў водзіць замежнікаў па горадзе «пад чорным сцягам».

Фарны касцёл са старадаўнім гадзіннікам — сімвалам гораду. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
«Шмат адчыняецца кавярняў і гэта добра, — кажа Уладзь. — Але дзе рэстарацыі, каб паесці? Іх вобмаль. Традыцыйная беларуская кухня найчасцей зводзіцца да… бульбы. А дзе сала? Дзе свой фірмовы алкаголь? Ну і кошты ў нас еўрапейскія — варшаўскія. Бачаць, што турысты едуць, і думаюць, што тыя сюды мяхі грошаў вязуць, будуць гуляць на шырокую нагу. А прагматычны еўрапеец глядзіць на кошты, пералічвае і яго жах бярэ. У тым жа Львове ўсё танней нашмат, а сэрвіс лепшы».

Уладзь кажа, што адзін з плюсаў бязвізу — гэта разбурэнне стэрэатыпаў пра Беларусь як «апошнюю дыктатуру». Людзі, здараецца, прыязджаюць з лёгкай бояззю, але пазней супакойваюцца.

Палякі не могуць зразумець, як «Дом Мураўёва» можа пуставаць на галоўнай плошчы ўжо 30 год. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
«Ангелец неяк запытаўся, маўляў, а ў вас наагул інтэрнэт ёсць? — працягвае Уладзь. — Шмат хто думае, што мы тут дагэтуль у зямлянках жывем сярод лесу, але гэта ж не так. Адначасна, ёсць рэчы, якія вельмі здзіўляюць замежнікаў. Напрыклад, на галоўнай плошчы ў нас стаіць гатэль Сямашкі, побач будуецца яшчэ адзін ягоны корпус, а перад імі - вялізны Дом купца Мураўёва пачатку ХХ ст. Будынак пусты ўжо амаль 30 год, шкло выбітае… Яны не вераць, што так бывае».
Гатэль алігарха Сямашкі ўжо працуе, а за ім будуецца чарговы корпус. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
Агулам Уладзь лічыць, што горад не быў падрыхтаваны да бязвізу і ў плане інфраструктуры, і ў плане брэндынгу. Тое, што варта было рабіць загадзя, робіцца толькі зараз, наўздагон. А яшчэ бракуе атракцыяў, за якімі турыстам хацелася б вярнуцца ў горад над Нёмнам яшчэ раз. Агледзець гістарычны цэнтр, выпіць кавы, зірнуць на касцёлы ды магілу Ажэшкі можна і за адзін дзень. А што далей? У наступным жа годзе, калі наплыў турыстаў стане яшчэ большым, усе гэтыя ж пытанні стануць яшчэ больш востра.