Спадчына

Прыехалі на гастролі і прапалі: як у 1941-м трупа бранскага тэатра знікла ў Гродне

Трупа акцёраў з Бранскага тэатра ў чэрвені 1941 года была на гастролях у Гродне. Тут іх 22 чэрвеня заспела вайна. З 70 артыстаў дадому здолелі вярнуцца толькі 11. Некаторыя патрапілі ў канцлагеры і былі расстраляныя. Лёс астатніх да гэтага часу невядомы.

Акцёры бранскага тэатра драмы імя Маякоўскага паехалі на гастролі па Беларусі ў красавіку 1941 года. У чэрвені трупа апынулася ў Гродне і выступала ў драматычным тэатры. 19 чэрвеня яны паказвалі спектакль «Чалавек з ружжом», 20-га — «Атэла», а 21-га, за дзень да нападу на СССР, акцёры прадставілі гродзенцам прэм’ерны спектакль «Машанька» паводле п’есы Афінагенава. Ён быў заключным. Акцёры пасля невялікага адпачынку планавалі выязджаць з Гродна.

Адны ў чужым горадзе

«Яны былі ў Гродне на гастролях. Трупа складалася з 70 акцёраў, уключаючы аркестр. Ніхто з іх не мог падумаць, што пачнецца вайна, — распавядае вядучы менеджар Бранскага тэатра драмы Таццяна Анішына. — І вось уявіце сітуацыю: акцёры ў чужым горадзе засталіся адны, вакол паніка — ідуць немцы, ніхто ім не можа дапамагчы. Кіраўнікамі трупы было прынята рашэнне сыходзіць у бок Мінска, але немцы так хутка рухаліся, што нагналі акцёраў і іншых, хто адыходзіў».

Мала інфармацыі

Вядома, што трупа трапіла ў канцлагер пад Мінскам, кагосьці расстралялі, а кагосьці здолелі вызваліць. У Бранск дадому вярнуліся толькі 11 чалавек.

«Мы вырашылі аднавіць памяць пра загінуўшых у гады вайны акцёраў. Для нас важна знайсці інфармацыю пра гастролі ў Гродне трупы, якая патрапіла ў эпіцэнтр пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Будынак тэатра ў Бранску быў падарваны ў 1943 годзе, усе дакументы прапалі. У нашым архіве мы нічога не знайшлі», — дадала Таццяна Анишина.

У гродзенскіх архівах прадстаўнікі бранскага тэатра таксама не знайшлі нічога пра гастролі трупы. Атрымалася толькі па старых афішах высветліць прозвішчы акцёраў, якія маглі быць на гастролях у Гродне.

Апынуліся ў складанай сітуацыі

Ваенны гісторык з Гродна Аляксандр Сявенка лічыць, што трупа акцёраў магла распасціся вельмі хутка — як толькі Германія напала на СССР.

«У першы дзень вайны ўвесь транспарт у Гродне быў заняты пад больш важныя мэты, чым вываз акцёраў. Таму яны маглі адступаць пешшу або на фурманках. Да Мінска амаль 300 км, перасоўваліся акцёры дзесьці па 30 км у дзень пад абстрэламі авіяцыі. Пакуль яны дайшлі да сталіцы, яна была занята немцамі.

Недзе там тэатралы і патрапілі ў канцлагер, хтосьці мог і ў гета, бо сярод артыстаў у той час было шмат яўрэяў. Такіх маглі і адразу расстраляць. Яны апынуліся ў складанай сітуацыі. Не выключана, што нехта з трупы мог застацца ў Гродне і хавацца ў мясцовых жыхароў. Бо многія сем'і савецкіх салдат не паспелі эвакуявацца і засталіся ў горадзе».

Працяг будзе

Падзяліцца

Апошнія запісы

Якія адвэнт-календары можна купіць у Беларусі: сваіх мала, эксклюзіўныя толькі на Расію, еўрапейскія — праз баераў

Адвэнт-каляндар даўно стаў перадкаляднай традыцыяй: скрыначкі з сюрпрызамі прадаюцца амаль у кожнай еўрапейскай краме. У…

1 снежня 2025

Больш за 60 гадоў без Фары Вітаўта: гісторыя храма, які нямногія бачылі, але ўсё пра яго чулі

У ноч з 28 на 29 лістапада 1961 года ўзарвалі самы стары каталіцкі храм Гродна…

29 лістапада 2025

«Відэа адарваныя ад рэальнага жыцця». Што не так з прапагандай дзетараджэння ў Беларусі

У каналах дзяржаўнай прэсы з'яўляюцца відэа з заклікам не перарываць цяжарнасць. У іх паказваюць жанчыну…

26 лістапада 2025

Не карміць, а падкормліваць. 8 відаў кармушак і чэк-ліст па ежы для птушак ад арнітолагаў

Раней усе лічылі, што карміць птушак - вельмі карысна. Цяпер прафесійныя арнітолагі кажуць, што з…

25 лістапада 2025

«Без беларусаў цяжка». Як Кавалерыйскі рынак у Беластоку (не) ажывае пасля адкрыцця межаў

Нясмелая надзея на ажыўленне гандлю зацеплілася ў прадаўцоў на Кавалерыйскім рынку ў Беластоку. Найбуйнейшы рынак…

21 лістапада 2025

7 падарункаў з гродзенскім вайбам: на Новы год і іншыя святы

Шукаеце падарунак, звязаны з горадам? Журналіст Hrodna.life склаў спіс прэзентаў, якія будуць блізкімі кожнаму жыхару…

19 лістапада 2025