Дадаць навіну
Нядзеля, 25 лютага 2018, 05:46

Тамара Вяршыцкая павіншуе Трампа з перамогай праз ягонага свата і запросіць у Навагрудак

Сваякі новага амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа паходзяць з Навагрудка і Карэлічаў, піша Радыё Свабода. Дачка прэзідэнта Амерыкі Іванка Трамп замужам за Джарэдам Кушнерам, сынам амерыканскага мільярдэра Чарльза Кушнера. Маці Кушнера нарадзілася і жыла ў Навагрудку, а тата паходзіў з Карэлічаў. Пасля вайны ў 1945 годзе яны эмігравалі ў ЗША.

Чарльз Кушнер быў у Навагрудку ўжо некалькі разоў, а першы раз у 1989 годзе разам са сваёй маці, якая там нарадзілася. Менавіта яна апавяла яму гісторыю жыцця іх сямʼі, паказала, дзе быў іх дом, дзе гета, з якога ў вайну яна праз тунэль уцякла разам з маці і дзедам.

— З таго часу Чарльз Кушнер быў на радзіме сваіх бацькоў некалькі разоў і прывозіў сваіх унукаў. Ён бярэ сюды толькі тых унукаў, каму споўнілася 13 гадоў. Праўда, дагэтуль тут не былі Джарэд і Іванка, але яны маюць наведаць Навагрудак, — сказала Свабодзе Тамара Вяршыцкая, якая ў 2007 годзе стварыла «Музей габрэйскага супраціву» ў Навагрудку і падтрымлівае сувязь з сямʼёй Кушнераў.

Спадарыня Вяршыцкая кажа, што сёння не толькі павіншуе праз Чарльза Кушнера Дональда Трампа з абраннем на пасаду прэзідэнта, але і запросіць іх абодвух у госці.

— Летам, калі Кушнер быў з унукамі ў Навагрудку, я адмыслова не пыталася ў яго пра выбарчую кампанію, бо нам было пра што гаварыць. А цяпер я праз Кушнераў павіншую Трампа і перадам яму запрашэнне наведаць Навагрудак. Гэта важна і для нас, і для яго, бо «Музей габрэйскага супраціву» ствараўся на гранты, беларуская дзяржава не ўклала сюды ні капейкі. І калі Трампу важна, каб яго ведалі і падтрымлівалі на радзіме яго сваякоў, то і ён павінен будзе падтрымаць наш музей.

Спадарыня Вяршыцкая распавяла, што Чарльз Кушнер мае намер ахвяраваць грошы на тое, каб пашырыць «Музей габрэйскага супраціву».

— Наогул, Чарльз Кушнер робіць уражанне сучаснага бізнесмена, але ў Навагрудку адключае свой мабільны тэлефон і з вялікай пашанай водзіць унукаў па месцах сваіх продкаў, тым самым паказваючы, які шлях яму давялося прайсці ў Амерыцы, каб стаць мільярдэрам. Ён вельмі натуральна ўпісваецца і ў нашу культуру, і відавочна пачуваецца яе часткай. Я думаю, што сёння яны ўсе шчаслівыя. І мы тут таксама за іх радуемся.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: